Народ — не парасон, iм не прыкрыешся
Сымон СВIСТУНОВIЧ
ДЫЯЛОГ Давялося пачуць, што старшыня Ляхавiцкага раённага Савета дэпутатаў Яўген Юрлевiч адстойвае пазiцыi Саветаў не толькi ў сваiм раёне, але i на больш высокiм узроўнi. Маўляў, Саветы павiнны быць эфектыўнай структурай улады. З гэтай нагоды захацелася задаць Яўгену Нiкадзiмавiчу некалькi пытанняў. — Гэта ўлада, якая сочыць за выкананнем Канстытуцыi. У адпаведнасцi з Законам аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ўсе арганiзацыi i прадпрыемствы, размешчаныя на тэрыторыi раёна, падсправаздачныя раённаму Савету. — Ну, гэта зразумела. А каб вам кудысьцi выехаць, трэба бензiн прасiць у райвыканкама? I ўвогуле, колькi грошай на рахунку райсавета? — У гэтым плане сiтуацыя такая: усё тэхнiчнае абслугоўванне выконваецца службай райвыканкама, i на гэта выдзелены адпаведныя сродкi. Так што аўтамашына ў спраўнасцi i бензiн ёсць. На нашым рахунку грошы таксама ёсць — не шмат, але пяць мiльёнаў маем. Хоць, безумоўна, у Саветаў павiнна быць свая матэрыяльная база, каб яны маглi больш актыўна працаваць. — У раёне 11 сельсаветаў. Якiм, на ваш погляд, павiнен быць кiраўнiк сельскага Савета? — Чалавек павiнен глядзець наперад, мыслiць па-новаму, праяўляць iнiцыятыву, быць адукаваным, прыстойным i прынцыповым. — Дзе ж знайсцi такога старшыню сельскага Савета? I дзе павiнна заканчвацца прынцыповасць? Магчыма, у кабiнеце старшынi райвыканкама? — Давайце, найперш, аддзелiм зерне ад шалупiння. Можна быць прынцыповым па нейкаму другараднаму пытанню i стаяць на сваiм. Але гэта азначае не прынцыповасць праявiць, а як у народзе кажуць, «набычыцца». А ў кабiнет старшынi райвыканкама я заходжу, каб вырашыць нейкiя сур’ёзныя праблемы i прыемна, што ён да маёй думкi прыслухоўваецца. I, як мне здаецца, у нас ёсць паразуменне. — Давайце, Яўген Нiкадзiмавiч, вернемся да старшынь сельскiх Саветаў, тым больш што ў перспектыве павiнны адбыцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Ёсць на вёсцы з каго выбiраць кiраўнiка сельскага Савета? — Людзi ёсць, але многiя праблемы звязаны з зарплатай. Калi чалавек адпрацаваў у гаспадарцы 15 гадоў, напрыклад, галоўным спецыялiстам, то iсцi працаваць у сельскi Савет яму нявыгадна. Калi ж чалавек яшчэ малады, то iншая справа — дзяржаўная служба мае свае плюсы, хоць i мiнусаў хапае — на старшыню Савета ўсе «шышкi» ляцяць. — Вядома, што на вёсцы заробкi невысокiя, а колькi атрымлiвае кiраўнiк сельскага Савета? — Ад 530 да 700 тысяч — зарплата залежыць ад стажу i колькасцi насельнiцтва. Але калi той жа галоўны спецыялiст мае ў гаспадарцы пад мiльён, то заняць крэсла кiраўнiка сельскага Савета ён не спяшаецца. Хоць на тэрыторыi кожнага сельсавета патэнцыяльныя кандыдаты на гэтую пасаду ёсць. Тым больш што Саветы забяспечаны сёння транспартам i мабiльнымi тэлефонамi. — Мiльёны атрымлiваюць толькi ў лепшых гаспадарках, а для большасцi вяскоўцаў 500 тысяч — вялiкiя грошы. Напэўна, для многiх трапiць на работу ў сельскi Савет — не толькi шанцаванне, але i стымул для актыўнай дзейнасцi... — Безумоўна, жадаючыя ёсць. Але, як кажуць, жадаючых многа, ды выбраных мала. Ёсць выпадкi, калi старшыня сельскага Савета прыкрываецца народам, як парасонам. Маўляў, мяне выбралi людзi i толькi перад iмi я адказваю. Падбiрае сабе дэпутатаў, якiя яго адстойваюць, i да такога кiраўнiка цяжка падступiцца... I ўсё ж гэта хутчэй выключэнне. Калi дэпутаты мясцовых Саветаў, галоўным чынам, маюць сярэднюю адукацыю, то ў раённым Савеце — амаль усе з вышэйшай. Яны маюць свой погляд i займаюць пэўную пазiцыю. Дэпутаты Сяргей Бяляеў, Уладзiмiр Пятроўскi, ды i многiя iншыя заўсёды могуць выступiць з крытычнымi заўвагамi. Адкрытасць, на маю думку, вельмi важная для работы Саветаў. — Ад актыўнасцi народа многае залежыць, але чамусьцi ад выбараў да выбараў мы бачым адных i тых жа дэпутатаў. Якi працэнт абнаўлення дэпутацкага корпуса ў раёне? — У раённых Саветах абнаўленне адбываецца прыкладна на 35 працэнтаў. Адсейваюцца неактыўныя, адыходзяць па ўзросту, з’яўляюцца новыя людзi, а вось у сельскiх Саветах сiтуацыя, сапраўды, мала мяняецца. Там звычайна з’яўляецца толькi працэнтаў пятнаццаць новых дэпутатаў. На вёсцы i на самай справе выбар невялiкi. — Яўген Нiкадзiмавiч, а ў насельнiцтва ёсць хоць нейкi давер да Саветаў? Напэўна, людзi, каб вырашыць праблему, найперш iдуць у кабiнет старшынi райвыканкама? — Я не магу гаварыць пра Саветы ў цэлым, скажу толькi за сваю «парафiю». Людзi актыўна iдуць i ў райсавет, i тут ва ўсё, што датычыцца iх праблем, даводзiцца ўнiкаць. Але я паўтаруся — каб Саветы сапраўды былi эфектыўнымi, iм патрэбна фiнансавая падтрымка. Матэрыяльныя сродкi неабходныя i для таго, каб падтрымлiваць iнфраструктуру ў вёсцы ў належным парадку, а не стаяць з працягнутай рукой. Гэта гаворыць аб тым, што бюджэт неабходна фармiраваць знiзу. — А хiба грошы ў раёне дзелiць не райсавет? Раённы бюджэт зацвярджаюць дэпутаты — дык i выдзялялi б сельсаветам патрэбную суму. Стварыце прэцэдэнт i, магчыма, за вамi пойдуць iншыя райсаветы. — Стварыць можна многае, але тут неабходна падыходзiць сур’ёзна i ўзважана. Не будзем забываць, што раённы Савет — гэта толькi адно звяно ў структуры ўлады, i каб нешта мяняць, патрэбны адпаведныя законы. Таму, найперш, неабходна прыняць iх, але гэта маё асабiстае меркаванне. Ляхавiцкi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Давялося пачуць, што старшыня Ляхавiцкага раённага Савета дэпутатаў Яўген Юрлевiч адстойвае пазiцыi Саветаў не толькi ў сваiм раёне, але i на больш вы
|
|