Пчолы-вандроўнiцы
Iлона IВАНОВА. Фота Мікалая ЦІТОВА
Як выбраць добры мёд i як правiльна яго спажываць — парады магiлёўскага пчаляра У вёсцы Малая Бароўка, што пад Магiлёвам, месцiцца гаспадарка пчаляра-аматара Анатоля Мiнiна. I складаецца яна не з традыцыйных сада на вулляў, а з прычэпаў i трэйлераў, у якiх пчолы вандруюць па мёд у экалагiчна чыстыя мясцiны. — Мы з пчоламi качуем па ўсёй Расii, — расказвае Анатоль. — На акацыю выязджаем у Краснадарскi край. Потым едзiм на грэчку i сланечнiк у Валгаградскую вобласць, у шолахаўскiя мясцiны. Там пчолы i збiраюць мёд. Анатоль Мiнiн — ураджэнец Магiлёўскага раёна. Ён працаваў апаратчыкам на вытворчым аб’яднаннi «Магiлёўхiмвалакно», потым шафёрам. Але ўсё жыццё ў дадатак да асноўнай прафесii займаўся цiкавымi для сябе справамi, якiя разам з тым абяцалi прыбыткi: то нутрый разводзiў, то жывёлу трымаў. А потым у суседняй вёсцы жанчына, якая з’язджала, прадавала некалькi сем’яў пчол. Так гадоў 25 таму ў Анатоля з’явiлiся пчолы. — Трымаць пчол падалося мне лягчэй, чым жывёлу — кароў, свiней i курэй, — тлумачыць Мiнiн. — Таму што да жывёлiны трэба штодня падысцi i пакарамiць. З пчоламi ў цёплы сезон працы не менш, чым з хатняй жывёлай, затое ўзiмку можна амаль што адпачываць. Захапленне перарасло ў прафесiю, i апошнiя 15 гадоў Анатоль займаецца толькi пчоламi. Цяпер у Мiнiна — 80 сем’яў i ён лiчыць, што гэта дастаткова для сваёй справы. За савецкiм часам для прыстойнай калгаснай пасекi была норма — сто пчалiных сем’яў. У сярэднiм з адной пчалiнай сям’i Мiнiн атрымлiвае 50-кiлаграмовую бiклагу мёду. Агульная прадукцыйнасць яго гаспадаркi — 4—5 тон мёду за сезон. Анатоль з самага пачатку стаў качаваць з пчоламi. Ну праўда, куды каля Магiлёва ляцець пчолам i дзе збiраць мёд? Таму даводзiцца везцi iх у чужыя краi. Менавiта такiм прагрэсiўным метадам можна здабыць экалагiчна чыстую прадукцыю. Раней Мiнiн часта едзiў ва Украiну, але цяпер перасекчы мяжу з Расiяй прасцей, менш фармальнасцяў. У паўднёвых расiйскiх абласцях расце шмат меданосных раслiн, там цёпла i пчала можа працаваць больш часу, чым у нашых шыротах. Дамовы з мясцовымi аграномамi, каб спынiцца каля iх палёў, вялiкiх грошай не каштуюць. А пчолы з аднаго гектара раслiн могуць сабраць некалькi цэнтнераў мёду. Любы дылетант спытаўся б у Анатоля Мiнiна, цi не збягаюць ад яго пчолы ў цёплых краях i як яны вяртаюцца ў свае вуллi? Мы таксама не сталi выключэннем. А пчаляр адказваў з некаторым здзiўленнем: маўляў, ну як вы не разуееце, што пчолы — гэта разумныя iстоты? — Куды ж яны паляцяць ад свайго дому? — перапытвае Анатоль. — Пчолы не «збягаюць», а свой вулей знаходзяць нават на вялiкiх адлегласцях. Яны арыентуюцца ў прасторы па сонцу, адрознiваюць колеры. I ўвогуле ў некаторых сэнсах пчолы нават больш дасканалыя iстоты, чым людзi. Чалавек, напрыклад, можа папаўнець i потым пакутаваць ад лiшняй вагi. А пчала — не. У яе стаiць клапан, яна папрацавала i мёд атрымала. Яна не атрымае мёду больш, чым выдаткуе энергii на працу. Пчолы, канешне, сёлета джаляцца. У Анатоля, як i любога пчаляра, ёсць вялiкi вопыт, каб пазбегнуць укусаў. Пчол можна супакоiць дымам, i самому варта быць больш асцярожным у халоднае i ветранае надвор’е, калi пчолы злыя. — Пчолы становяцца агрэсiўнымi, калi абараняюць свае гнёзды, — дадае Мiнiн. — Як людзi! Так: пчолы, як людзi. У iх вельмi арганiзаванае грамадства: ёсць будаўнiкi, ёсць прыбiральшчыкi, а ёсць выхавацелi. Усё як у чалавека. Раней Мiнiн спрабаваў наладзiць збыт прадукцыi праз крамы, але ў вынiку нацэнак мёд каштаваў шмат. А, з iншага боку, атрымаць грошы ад гандлёвай сiстэмы было няпроста. Цяпер ён прадае мёд прыватным чынам: мае каля сотнi пастаянных клiентаў, кола якiх пашыраецца. Летась кiлаграм мёду ўсяго каштаваў 14 тысяч рублёў i цана наўрад цi iстотна зменiцца ў гэтым сезоне. Гады тры таму магiлёўскага пчаляра папрасiлi пастаўляць свой мёд у Мiнск для харчавання спартсменаў. Мiнiн лiчыць, што гэта i ёсць доказ якасцi i надзейнасцi яго прадукцыi. ЯК СПАЖЫВАЦЬ МЁД Мёд — гэта, канешне, не прадукт першай неабходнасцi, i людзi не будуць трацiць на яго апошнiя грошы. Аднак карысць для здароўя гэтага прадукту проста неацэнная. — Я сам спажываю мёд пастаянна, таму што ведаю яго карысць, — гаворыць Анатоль. — Гэта высокакаларыйная дыетычная ежа, ён дае вялiкую энергiю чалавеку. У мёдзе, як у марской вадзе, ёсць усе мiкраэлементы. Камар сядзе не на каўбасу, а на мёд. Уся сям’я Мiнiных спажывае мёд. Толькi што самы малы ўнук, якому яшчэ некалькi тыдняў, не пазнаёмiўся з гэтым прадуктам, але ў немаўляцi яшчэ ўсё наперадзе. Сам Анатоль з’ядае каля паўсотнi кiлаграмаў мёду за год. — Медыцынская норма: 50—60 грамаў мёду на дзень, да 100 грамаў, — паведамiў Мiнiн. — Трэба есцi мёд невялiкiмi дозамi i смактаць яго, нiбыта валiдол. Тады мёд зацягвае слiзiстую абалонку, i гэта лепей, чым кiнуць мёду ў стрававод i запiць вадой. Хоць нельга лiчыць мёд панацэяй, але ўсё ж кожны ведае, што ён дапамагае ад прастуды, асаблiва ў спалучэннi з зёлкамi. Часта мацi лечаць хворае горла сваiх дзяцей гарачым малаком або гарбатай, раствараючы ў iх мёд. Гэта няправiльна: пасля 50—60 градусаў мёд часткова страчвае свае карысныя ўласцiвасцi, таму лепей есцi мёд ды запiваць яго цёплай вадкасцю. Таксама Мiнiн раiць есцi мёд на ноч: ён аднаўляе сон. У лазнi можна нацiраць цела мёдам, рабiць мядовы масаж — гэта выцягвае шлакi i ачышчае скуру. ЯК ВЫБРАЦЬ МЁД — Па-першае, дрэнны мёд ад добрага можна адрознiць паводле смакавых якасцяў: мёд павiнен быць смачным i яшчэ мець выразны пах, — тлумачыць Анатоль Мiнiн. — Па-другое, вельмi важная вiльготнасць мёду. У мёдзе, якi прадаецца на рынку, вiльготнасць вызначае лабараторыя. Я не раю набываць мёд з вiльготнасцю вышэй 21 працэнта. Бо чым нiжэйшая вiльготнасць, тым больш спелы мёд, тым лепей пчолы пераапрацавалi нектар. Мёд павiнен класцiся горачкай, а не цекчы, як вадкасць. Праўда, трэба ўлiчваць тэмпературу: чым цяплей — тым больш вадкiм будзе мёд. А ў «сухiм» мёдзе не будзе пiсаць хiмiчны аловак, бо ён рэагуе на вiльгаць... Што значыць несумленнасць пчаляра? Гэта калi пчол падхарчоўваюць цукрам у час медазбору, каб мець большую колькасць прадукцыi. Сам Мiнiн праблему большых аб’ёмаў мёду вырашыў якраз вандроўкамi на поўдзень за некалькi тысяч кiламетраў ад Магiлёва. — Але я хачу крышку суцешыць людзей, якiя набылi мёд, зроблены на падкормцы пчол цукрам, — зазначыў Анатоль. — Нават цукар, якi пераапрацаваны пчоламi, ужо нядрэнны. Ён расшчэплены, у яго дададзены ферменты, i ён карысны для арганiзма. Хоць i не так, як сапраўдны мёд. Калi мёд стаў цвёрдым, закрышталiзаваўся — гэта зусiм не азначае, што ён дрэнны або з цукрам. Напрыклад, мёд з акацыi нiколi не крышталiзуецца, а мёд з рапсу цi сланечнiку крышталiзуецца вельмi хутка. Калi набываеце мёд у паўднёвых краях, то памятайце, што нельга браць той слоiк, якi стаiць на сонцы: у вынiку ўздзеяння промняў у мёдзе знiшчаюцца вiтамiны, акрамя толькi прыемнага паху ў iм нiчога не застаецца. Увогуле зрабiць правiльныя высновы наконт якасцi мёду можа толькi спецыялiст. А для спажыўцоў, якiя не разбiраюцца ў мёдзе, самае галоўнае — проста добра ведаць пчаляра, якi прадае сваю прадукцыю. Што датычыцца Анатоля Мiнiна, дык ён прапануе сваiм клiентам прыйсцi да яго i паглядзець, як ён робiць адкатку. — Калi сумленна працуеш, то не страшна паказаць, — тлумачыць пчаляр. — Лепей людзям упэўнiцца ў якасцi мёду на свае вочы. Для мяне вельмi важная рэпутацыя, а яна грунтуецца на добрай якасцi прадукцыi. * * * Анатоль Мiнiн адпраўляецца ў вандроўку напрыканцы красавiка, а вяртаецца к верасню. Паўжыцця ён праводзiць у дарозе. Аднак за дом ён заўсёды спакойны: жонка — надзейны тыл, а дзецi — памочнiкi. Хто працягне пчалярскую справу Мiнiных — яшчэ невядома. Дочкi Анатоля абралi iншыя прафесii ў жыццi. Але бацька за iх спакойны: навыкi пчаляроў яны атрымалi, i, калi будзе патрэбна, пчолы стануць для маладых жанчын крынiцай заробку. А вялiкую надзею пчаляр ускладае на сваiх унукаў: праўда, яны яшчэ малыя, але мёд любяць! Магiлёўскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як выбраць добры мёд i як правiльна яго спажываць — парады магiлёўскага пчаляра
|
|