«Калi ўрач хоча жыць багата, то хворыя будуць жыць бедна?»
Сымон СВIСТУНОВIЧ
Сітуацыя На выязной сесii Баранавiцкага райсавета прагучала, што ў раёне ўзрасла колькасць скаргаў, якiя паступаюць у Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта ад насельнiцтва. Людзi найперш скардзяцца на медыцыну i праблемы з жыллём. Кiраўнiк раёна Мiкалай Язубец падкрэслiў, што многiя пытаннi маглi б «закрыць» на месцы, калi б чыноўнiкi былi больш уважлiвыя да праблем людзей.I гэта так, хоць трэба сказаць, што Баранавiцкi раён — не выключэнне i ў многiх iншых раёнах аналагiчная сiтуацыя — давер да чыноўнiкаў нярэдка мiнiмальны. А звязана гэта з тым, што чыноўнiк часта рэагуе толькi на голас зверху, а да простых людзей з iх скаргамi многiя адносяцца спакойна. У «Звяздзе» (29.10.2005 г.) быў надрукаваны артыкул «Вось такая манука з канукай». Размова iшла пра ўчастковага ўрача П. з палiклiнiкi №2, што ў Баранавiчах, які назначала хворым касметычныя прэпараты i г.д.. У цэнтральнай газеце з’явiўся крытычны артыкул, i, здавалася б, аддзел аховы здароўя павiнен быў на яго адрэагаваць. Магчыма, нават апратэставаць, калi аўтар без усякiх падстаў абразiў урача. А тут усё цiха. Успомнiм, што за савецкiм часам падобныя артыкулы ў мясцовых чыноўнiкаў выклiкалi iмгненную рэакцыю, бо тады можна было застацца не толькi без пасады, але i без партбiлета. Мiнуў тыдзень, другi i трэцi, а рэдакцыя не атрымала адказу, i тады прыйшлося зайсцi ў кабiнет да галоўнага ўрача УЗ «Баранавiцкае ТМА» Аляксандра Сцяцко, якi адказвае за стан медыцыны ў горадзе i раёне. Пасля кароткай размовы я папрасiў, каб мне далi адказ на артыкул. Хоць думалася, што будзе створана камiсiя, якая i праверыць участак урача П., бо тыя факты, якiя былi прыведзены ў артыкуле, не маглi раскрыць усю дзейнасць урача. Але «капаць глыбока» не сталi, а кiраўнiцтва пайшло шляхам найменшага супрацiўлення — разгледзела апiсаныя факты. Тым не менш у адказе было ўказана, што камiсiя па ўрачэбнай этыцы прыйшла да высновы «...што ўрачом П. былi парушаны наступныя артыкулы «Кодэкса ўрачэбнай этыкi»: 1) арт.10, у раздзеле «урач не мае права заключыць з пацыентам, выкарыстоўваючы яго фiзiчную няздольнасць, а таксама сваё ўрачэбнае становiшча, процiпраўныя маёмасныя здзелкi»; 2) арт. 38, у раздзеле «урач мае права прымяняць толькi медыцынскiя прэпараты, дазволеныя Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь». Тут усё ясна, але ў адказе ёсць адна агаворка: «Прэпарат зарэгiстраваны як касметычны сродак, а ўжыванне ўнутр з’яўляецца рэкамендацыйным некаторымi вучонымi». Толькi хацелася б ведаць, якiя медыцынскiя свяцiлы рэкамендуюць паiць эфiрным маслам «чайнага дрэва» анкалагiчных хворых? Праўда, у адказе Мiнiстэрству аховы здароўя Беларусi, якi быў адпраўлены праз 7 месяцаў (22 мая 2006 года) пасля напiсання артыкула, пра рэкамендацыi ўжо не гаворыцца. Вядома ж, у мiнiстэрстве знаходзяцца не наiўныя людзi. Адным словам, выходзiць, што ўрачу П. аб’явiлi грамадскую ганьбу i папярэдзiлi аб недапушчальнасцi падобных фактаў. Але справа тут не ў пакараннi ўрача, а ў тым, што кiраўнiцтва аховы здароўя горада зрабiла гэта, на мой погляд, дзеля праформы. Калi б аўтар артыкула не праявiў актыўнасць, то, напэўна, была б поўная цiшыня. А як павяла сябе ўрач П. у сiтуацыi, якая склалася? Пасля з’яўлення артыкула «Вось такая манука з канукай» яна пайшла на 3 месяцы ў водпуск даглядаць дзiця. I яшчэ адзiн момант. Урач прыйшла ў сям’ю, якой прадала масла «чайнага дрэва» i замест таго, каб вярнуць грошы, заявiла: «А якiя ў вас да мяне прэтэнзii?!». Можна зразумець пенсiянераў, якiм да ўчастковага ўрача прыходзiцца звяртацца праз дзень, i прад’явiць яму прэтэнзii — гэта зусiм iншае, чым паскардзiцца на яго суседзям i знаёмым. Непрынцыповую пазiцыю заняло i кiраўнiцтва палiклiнiкi №2. Участак П. застаўся без урача, i хворым прапанавалi запiсвацца да любога тэрапеўта палiклiнiкi. Калi на ўчастку ёсць пастаянны ўрач, людзi ведаюць, да каго канкрэтна звяртацца, а тут неакрэсленая сiтуацыя. А калi П. выйшла на работу, то давялося пачуць: «Пiшы не пiшы, а ўсе яны аднолькавыя. Вiнаваты ў iх заўсёды хворы». Заявiць, што гэта так, не выходзiць. Салiдарнасць у медыкаў ёсць, i яна iншым разам перашкаджае высветлiць iсцiну, але ў нашай сiтуацыi галоўны ўрач УЗ «Баранавiцкае ТМА» не хацеў лiшняга шуму, а не тое каб абараняў П. Кожны чыноўнiк хоча, каб на давераным яму ўчастку работы ўсё было спакойна. Калi б перавялi П. на другi ўчастак, зрабiлi б ракiроўку, то гэтага нiхто б i не прыкмецiў. Можа, яна ўспомнiла б клятву Гiпакрата i стала б прыкладам для калег, але П. вырашыла «даць бой», i вось на ўчастку арганiзавалi збор подпiсаў у яе падтрымку. « Вы хочаце, каб на нашым участку не было ўрача?» — палохалі людзей хадакі з падпісным лістом. Правераны ход — выдатная характарыстыка, сабраныя подпiсы павiнны паўплываць на кiраўнiцтва i, як часта бывае, на суд. Тут нiчога новага няма. А калi сiтуацыя ўзяла такi накiрунак, то неабходна было справу давесцi хоць да нейкага завяршэння. У iнтэрнаце швейнай фабрыкi была створана «падпольная аптэка». Фактычна нiякай там аптэкi не было, а на першым паверсе, адразу ж за спiнай вахцёра знаходзiцца пакойчык памерам два на тры метры, а на дзвярах напiсана: «Vivasan. Iнфармацыйны цэнтр». Вось у гэтую «аптэку» i накiроўвалi ўрачы горада хворых. На рэцэпце П. пiша «Савецкая, 110, аптэка Vivasan (iнтэрнат швейн. ф-кi), 1 паверх, з 12 да 19 гадзiн». Гэта ўчастковы ўрач — тэрапеўт накiроўвае хворага ў аптэку, якой няма. Вядома, напiсана гэта, каб дадаць «iнфармацыйнаму цэнтру» хоць нейкай важнасцi. Калi доктар пiша, што там аптэка, то пенсiянер думае, што яно на самай справе так. На тэрыторыi мiкрараёна Тэкстыльны ёсць 3 аптэкi i адзiн аптэчны кiёск, i, здавалася б, якi сэнс хворых адпраўляць на другi канец горада? А ўсё даволi проста. Справа ў тым, што ў Vivasan-е ўсе прэпараты ў некалькi разоў даражэйшыя, чым у дзяржаўных i прыватных аптэках. У тэлефоннай размове з А. Сцяцко я ўказаў на гэтую «аптэку», але Аляксандр Мiкалаевiч сказаў, што аптэкi яму не падпарадкоўваюцца. Згодзен. «Аптэка» ў iнтэрнаце швейнай фабрыкi не ваш агарод, але «што там робяць вашы козы?». Убачыўшы, што нiякiх зрухаў не будзе, прыйшлося напiсаць заяву i пайсцi да пракурора горада. Аляксандр Смаль паабяцаў, што ў мiжраённым аддзеле фiнансавых расследаванняў з «Vivasan-ам» разбяруцца. I сапраўды, праз нейкi тыдзень давялося сустрэцца з супрацоўнiкамi аддзела. Перад тым, як звярнуцца ў пракуратуру, прыйшлося выслухаць розныя парады. Напрыклад, у адной iнстанцыi параiлi напiсаць скаргу па ўстаноўленай форме i адправiць яе ў абласное ўпраўленне аховы здароўя, а адзiн начальнiк захваляваўся, што гэта можа абразiць усiх медыкаў Баранавiч i раёна, а iх тысячы. Усе гэтыя парады не вытрымлiваюць крытыкi. Па-першае, быў напiсаны крытычны артыкул у цэнтральнай газеце i, пэўна, у вобласцi павiнны былi на яго адрэагаваць, якая яшчэ патрэбна скарга? Па-другое, ёсць канкрэтны факт i не трэба прышпiльваць да яго ўсiх урачоў. Няхай кожны адказвае за сябе — гэта будзе справядлiва. Колькi ў жыццi даводзiлася сустракаць не толькi выдатных дактароў, але i прыстойных людзей, здаралася i наадварот... Сёння ўсiм хочацца жыць заможна, бо ў магазiнах столькi спакусы, а некалi ўсе жылi ва ўстаноўленых рамках, i даволi абмежаваных. Сярэднi заробак урачоў 900 тысяч рублёў, i ў параўнаннi з iншымi катэгорыямi працуючых — салiдны. Можна запярэчыць, што такая зарплата значна ўступае ўрачам на Захадзе. I гэта праўда, але не трэба забываць, што ў пераважнай большасцi нашы ўрачы за сваё навучанне не плацiлi. Дзяржава ўклала ў кожнага доктара вялiкiя грошы — грошы народныя i тых жа пенсiянераў. Аднойчы давялося бачыць, як знаёмы па накiраванню ўрача купiў «БАДы» «з-пад крыса» за 80 тысяч, i гэты факт быў успрыняты спакойна, бо зарплата ў знаёмага 1,5 мiльёна рублёў i яго бюджэт вытрымае. Хоць пра мараль тут гаварыць не даводзiцца, ды i парушэннi закона вiдавочныя. А зараз вернемся да «аптэкi» ў iнтэрнаце. Былi праведзены праверачныя закупкi прэпаратаў, i фiнансавая мiлiцыя выявiла цэлы «букет» парушэнняў дзеючага заканадаўства. Прэпараты апiсалi i канфiскавалi, а матэрыялы праверкi накiравалi ў суд Баранавiцкага раёна i г. Баранавiчы. Што датычыцца П., то, як паведамiлi прадстаўнiкi фiнансавай мiлiцыi, у сувязi з тым, што мiнула больш за два месяцы (тэрмiн, пасля якога ўжо нельга прыцягваць да адмiнiстрацыйнай адказнасцi) наконт яе праверачныя мерапрыемствы не праводзiлiся. Вось i атрымлiваецца, што неабходна было не спадзявацца на медыцынскае кiраўнiцтва горада, а звяртацца непасрэдна ў пракуратуру, i эфект «па гарачых слядах» быў бы непараўнальна большым. Але кожны павiнен займацца сваёй справай. I апошняе. Урач абавязаны найперш не думаць, як стаць хутчэй багатым, а як дапамагчы хвораму, i добрая слава доктара — гэта крок да заможнага жыцця.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На выязной сесii Баранавiцкага райсавета прагучала, што ў раёне ўзрасла колькасць скаргаў, якiя паступаюць у Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта ад насельнiцтва
|
|