Падатковы цяжар будзе змяншацца паступова
Наталля КАРПЕНКА
З ВЕДАННЕМ СПРАВЫ Кожны дзень да старшынь сельскiх i пасялковых Саветаў — мясцовай улады — звяртаюцца па розных праблемах дзесяткi людзей. Каб пералiчыць пытаннi, якiя ўваходзяць у кампетэнцыю кiраўнiкоў пярвiчнага звяна ўлады, не хопiць пальцаў абедзвюх рук. На сваiм месцы iм даводзiцца спасцiгаць азы эканомiкi, палiтыкi, юрыспрудэнцыi i г.д. Але «варыцца ва ўласным соку» яшчэ не азначае добра ведаць усе тонкасцi сваёй справы. Менавiта для таго, каб запоўнiць некаторыя прабелы ў ведах, на базе Iнстытута вышэйшых упраўленчых кадраў Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь рэгулярна праводзяцца курсы павышэння квалiфiкацыi старшынь сельскiх i пасялковых Саветаў дэпутатаў.Аб сацыяльна-эканамiчным развiццi рэспублiкi на сучасным этапе, а таксама аб асноўных прынцыпах фармiравання фiнансава-бюджэтнай палiтыкi на 2007 год расказаў падчас чарговай сустрэчы з кiраўнiкамi пярвiчнага звяна ўлады старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па эканомiцы, бюджэту i фiнансах Сцяпан Пiсарэвiч. Перад нашай краiнай на блiжэйшыя пяць гадоў пастаўлены складаныя задачы, i прыйдзецца нямала папрацаваць, каб дасягнуць рубяжоў, намечаных Праграмай сацыяльна-эканамiчнага развiцця, падкрэслiў Сцяпан Канстанцiнавiч. Праграмай вызначаны шэсць галоўных прыярытэтаў, на якiх у першую чаргу будзе засяроджвацца ўвага. Гэта павышэнне жыццёвага ўзроўню насельнiцтва i развiццё аховы здароўя; гэта iнавацыйны шлях развiцця (не сакрэт, што асноўныя фонды нашай эканомiкi ў большасцi сваёй зношаны i патрабуюць актыўнага перааснашчэння, а без сур’ёзных навуковых распрацовак мы не зможам павялiчыць канкурэнтаздольнасць прадукцыi); гэта развiццё экспарту (па дадзенаму паказчыку мы адстаём ад краiн Еўропы дзесьцi ў два разы); гэта развiццё аграпрамысловага комплексу (на рэалiзацыю праграмы па адраджэнню вёскi будзе выдзелена 70 трыльёнаў рублёў — велiзарныя сродкi, для параўнання — гадавы бюджэт нашай краiны сёлета склаў 35 трыльёнаў рублёў); гэта павышаная ўвага да развiцця малых i сярэднiх гарадоў, дзе часцей за ўсё ўзнiкаюць праблемы з працаўладкаваннем; гэта жыллёвае будаўнiцтва (мы штогод будуем 3,5—4,5 млн кв. м жылля, пераўзыходзячы ўсе краiны былога СССР, у тым лiку i Расiю, калi мець на ўвазе разлiк на 1 чалавека). Разам з гэтым, падкрэслiў Сцяпан Пiсарэвiч, iснуе шэраг праблем, якiя iстотна ўплываюць на тэмпы эканамiчнага росту краiны. Адна з галоўных — высокая падатковая нагрузка на прадпрыемствы, што, натуральна, адмоўна адбiваецца на эканомiцы ў цэлым (падаткi на нашых прадпрыемствах прыкладна на 10 працэнтаў перавышаюць падаткi на прадпрыемствах расiйскiх). У нас дзейнiчаюць так званыя абаротныя падаткi, якiх няма ў iншых краiнах. «У цэлым дадатковыя падаткi займаюць прыкладна 8,5 працэнта ад усёй падатковай нагрузкi. Перад намi стаiць задача iх паэтапнай адмены», — сказаў Сцяпан Канстанцiнавiч. Дарэчы, падатковыя нагрузкi, высокiя тэмпы росту заработнай платы i вялiкiя энергазатраты адбiваюцца на сабекошце, i як вынiк, канкурэнтаздольнасцi нашай прадукцыi. Па гэтай прычыне ў некаторых краiнах знiзiлася доля экспарту беларускiх тавараў. (Напрыклад, фактычна ў 2 разы скарацiлiся экспартныя пастаўкi ў Расiю беларускiх тэлевiзараў «Гарызонт», якiя па цане пачалi наблiжацца да тэлевiзараў маркi «Фiлiпс».) Тут неабходна сур’ёзна працаваць у накiрунку мадэрнiзацыi прадпрыемстваў. Але з-за невялiкай рэнтабельнасцi многiя з iх не могуць аднаўляць асноўныя фонды. Адсюль — рост запасаў гатовай прадукцыi на складах. Паводле слоў Сцяпана Пiсарэвiча, у нас у краiне «ляжыць» 57,6 працэнта прадукцыi ў адносiнах да яе сярэднямесячнай вытворчасцi. Гэта даволi iстотныя лiчбы. Самыя вялiкiя «залежы» ў лёгкай прамысловасцi — 155 працэнтаў, iнакш кажучы, тавар, выраблены за 1,5 месяца працы. Падобныя праблемы датычацца i перапрацоўчай прамысловасцi, i прамысловасцi будматэрыялаў. Што датычыцца бюджэту на наступны, 2007 год, тут iстотных змен не чакаецца. Расходная частка павялiчыцца на 13 працэнтаў, дэфiцыт застанецца ранейшы — 1,5 працэнта ад велiчынi ўнутранага валавога прадукту. У мэтах стымулявання развiцця малых i сярэднiх гарадоў ўсе новаствораныя на iх тэрыторыi або тэрыторыi iх раёна прадпрыемствы (калi там працуе не больш за 100 чалавек) будуць пералiчваць свае падаткi, акрамя падатку на дабаўленую вартасць, у мясцовы бюджэт. «Разлiк тут вiдавочны — неабходна, каб у мясцовай улады з’явiлася зацiкаўленасць у стварэннi такiх прадпрыемстваў, каб яна не баялася даваць людзям iнiцыятыву, а, наадварот, спрыяла развiццю ўласнага бiзнэсу», — падкрэслiў Сцяпан Пiсарэвiч. Адначасова, паводле яго слоў, будзе змяняцца i падатковае заканадаўства. Сутнасць змен заключаецца ў спрашчэннi ўсёй падатковай сiстэмы, каб «усе падатковыя нормы былi прапiсаны ў законе, а не ў шматлiкiх iнструкцыях Мiнфiна». Падчас сустрэчы старшынi сельскiх Саветаў пацiкавiлiся ў Сцяпана Канстанцiнавiча, цi зменiцца сiстэма налiчэння падаткаў у бюджэты сельвыканкамаў, цi павялiчацца гэтыя бюджэты i цi палепшыцца фiнансаванне сельвыканкамаў? Маўляў, мы рэгулярна пералiчваем свае падаткi ў раённы бюджэт, а адтуль потым атрымлiваем далёка не ўсё... «Цэнтралiзацыя дзяржаўных сродкаў адбываецца менавiта для таго, каб пазбегнуць iх распылення, разбазарвання, каб мець магчымасць кантраляваць кожную капейку. У сувязi з гэтым 75 працэнтаў бюджэту кансалiдуецца сёння на рэспублiканскiм узроўнi. Адсюль вынiкае, што на звышвялiкiя фiнансавыя паўнамоцтвы, як i на вельмi вялiкiя фiнансы разлiчваць вам не даводзiцца. Сродкi будуць выдзяляцца сельвыканкамам пад разумныя i сапраўды важныя патрэбы», — патлумачыў Сцяпан Канстанцiнавiч, параiўшы кiраўнiкам сельскiх i пасялковых Саветаў больш увагi звярнуць на развiццё малога бiзнэсу — бо рана цi позна гэта прынясе свае станоўчыя вынiкi. * * * Начальнiк упраўлення сакратарыята Савета Рэспублiкi па ўзаемадзеянню з органамi мясцовага самакiравання Аляксей Сцепаненка падкрэслiў, што работа па ўдасканаленню нарматыўна-прававой базы органаў мясцовага кiравання i самакiравання працягваецца. У сувязi з гэтым, заўважыў Аляксей Мiкалаевiч, не толькi ўзрасце роля пярвiчнага звяна ўлады, але i павысiцца iх адказнасць за вырашэнне праблем жыццядзейнасцi людзей.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны дзень да старшынь сельскiх i пасялковых Саветаў — мясцовай улады — звяртаюцца па розных праблемах дзесяткi людзей |
|