Адкуль ёсць пайшлі беларусы?
Iнга МIНДАЛЁВА
Хто мы? Генетыкi раскрыюць таямнiцу нашага паходжанняАпошнiя даследаваннi генетычнага кода чалавека дапамаглi вучоным устанавiць, адкуль пачалi рассяляцца першыя людзi. Ужо дакладна вядома, што прапрабабуля i прапрадзядуля сучаснага homo sapiens былi выхадцамi з Афрыкi. Племя нашых «прабацькоў» было зусiм невялiкiм — прыкладна 1,5—2 тысячы чалавек. Праўда, падкрэслiваюць навукоўцы, гэта зусiм не азначае, што акрамя iх на планеце не iснавала iншых груп людзей. Проста яны не пакiнулi ў нашай генетычнай спадчыне сваiх слядоў. Магчыма, краманьёнцы, нашчадкамi якiх усе мы з’яўляемся, у прамым сэнсе з’елi тых жа неандэртальцаў, выцiснулi iх як менш прыстасаваных. Тэрыторыя Беларусi пачала засяляцца пасля апошняга аледзянення (10 тысяч гадоў таму). Прыкладна ў адзiн час з асваеннем людзьмi iншых еўрапейскiх тэрыторый. Менавiта таму беларусы — i па генах, i па знешнiх прыкметах — вельмi блiзкiя да многiх еўрапейскiх народаў. А вось у чым памiж намi рознiца i якiя этнасы нам найбольш роднасныя, а якiя — дваюрадныя, траюрадныя браты, можна будзе сказаць пасля завяршэння работы над праектам генетычнага аналiзу беларусаў, якi праводзяць вучоныя Нацыянальнай акадэмii навук. — У пытаннях гiсторыi паходжання беларусаў iснуе многа спекуляцый, — тлумачыць кiраўнiк праекта, загадчык лабараторыi нехрамасомнай спадчыннасцi Iнстытута генетыкi i цыталогii, член-карэспандэнт НАН Беларусi Алег Давыдзенка. — Адным выгадна даказваць, што мы больш рускiя, чым самi рускiя, iншым — што мы славянамоўныя балты, альбо палякi i г.д. Версii агучваюцца самыя розныя. Але ж нам, беларусам, важна ведаць iсцiну — хто ж на самай справе нашы продкi. Цi былi радзiмiчы, крывiчы i дрыгавiчы рознымi народамi, якiя прыйшлi на тэрыторыю сённяшняй Беларусi i толькi тут пачалi ўзаемадзейнiчаць, альбо гэта была адна народнасць, а назва вызначала толькi месца пражывання пэўнай групы цi яе палiтычную прыналежнасць... Адказы на гэтыя пытаннi мы зможам даць пасля завяршэння аналiзу. Работы над праектам пачалiся паўтара года таму. На аснове гiстарычных звестак, археалагiчных i этнаграфiчных даследаванняў на тэрыторыi Беларусi было вылучана 6 рэгiёнаў, якiя ў IX—XII стагоддзях засялялi розныя плямёны. Падчас даследчых экспедыцый у кожным рэгiёне былi знойдзены добраахвотнiкi, беларусы хоць бы ў трэцiм пакаленнi, якiя прадаставiлi сваю ДНК. Усяго ў Нацыянальнай акадэмii навук у генетычным банку зараз знаходзiцца каля тысячы ўзораў ДНК. Цяпер вучоныя займаюцца аналiзам атрыманых даных. Пакуль што параўноўваецца мiтахандрыяльная ДНК, якая пера- даецца па жаночай лiнii. Гэта дазволiць прасачыць генетычны «шлях Евы» — да першай афрыканскай прапрабабулi. Потым спецыялiсты возьмуцца за Y-храмасому (мужчынскую спадчыну) i ўстановяць, як рассялялiся «Адамы». Прынамсi, абодва «шляхi» ў многiх народаў часта не супадаюць: як больш актыўныя i агрэсiўныя (паляўнiчыя, качэўнiкi, заваёўнiкi) мужчыны часцей перамяшчалiся на вялiкiя адлегласцi i бралi ў жонкi i наложнiцы мясцовых жанчын. Завяршэнне праекта запланавана на лета наступнага года. Тады яго вынiкi можна будзе параўнаць з iнфармацыяй, атрыманай падчас аналагiчных даследаванняў iншых этнасаў — расiян, палякаў, лiтоўцаў, украiнцаў. «У сваёй працы мы абапiраемся на сусветныя даныя па расшыфраванаму геному чалавека, — працягвае Алег Давыдзенка. — Гэта значна паскарае нашы даследаваннi». Паводле слоў вучонага, большасць мутацый не прыводзяць да якiх-небудзь функцыянальных змяненняў, бо генетычны код мае агромiсты запас. Аднак сам працэс мутацыi падпарадкоўваецца пэўным законам, веданне якiх дазваляе спецыялiстам прасачыць «ланцужок» сваяцтва ўсiх чалавечых iстот. Генетычныя змяненнi адбываюцца з пэўнай частатой: колькасць мутацый у генах дзвюх розных груп людзей дакладна ўказвае, колькi пакаленняў таму гэтыя групы дыферэнцыравалiся, адасобiлiся ад агульнага продка. Было гэта 15—20 цi 350—400 пакаленняў таму. Даследаваннi генаў розных этнасаў ва ўсiм цывiлiзаваным свеце актыўна вядуцца апошнiя 5—6 гадоў i часам даюць даволi нечаканыя вынiкi. Так, пры вывучэннi засялення Амерыканскага кантынента iндзейцамi было ўстаноўлена, што першая яго хваля праходзiла праз Берынгiю — участак сушы, якi калiсьцi злучаў Амерыку i прасторы сённяшняй Сiбiры i знаходзiўся на месцы Берынгава пралiва. Засялялi тагачасную Амерыку ў асноўным мангалоiды. Аналiз ДНК высветлiў генетычную роднасць некаторых iндзейскiх плямёнаў Цэнтральнай Амерыкi i расiйскiх тувiнцаў. Прычым аказалася, што i мовы iх маюць значнае падабенства. «Ёсць пэўная карэляцыя памiж роднасцю па генах i па мове, — адзначае Алег Давыдзенка. — Аднак мова i гены перадаюцца ў спадчыну i трансфармуюцца па розных законах». Наконт неабходнасцi i карыснасцi стварэння генетычнага банка беларусаў i работы над праектам мой суразмоўца адказаў: — Ёсць рэчы, якiя вызначаюць нацыянальную навуку. Наша гiсторыя павiнна цiкавiць у першую чаргу нас, беларусаў, а не французаў, немцаў цi рускiх. Гэтыя даследаваннi важна правесцi, калi мы хочам лiчыць сябе культурнай нацыяй, якая валодае сучаснымi ДНК-тэхналогiямi. Аднак у праекта ёсць i практычная карысць. У прыватнасцi, можна будзе вызначыць схiльнасць пэўных груп насельнiцтва да канкрэтных захворванняў. Напрыклад, сказаць, што ў пэўнай мясцовасцi павышана рызыка сардэчна-сасудзiстых хвароб. З-за войнаў, эпiдэмiй, неўраджаяў папуляцыя можа звужацца да вельмi невялiкай колькасцi жыхароў, i актыўна размнажацца пры больш спрыяльных умовах. Такiм чынам, вельмi значная група сённяшнiх людзей, якiя пражываюць у пэўнай мясцовасцi, могуць мець адну прапрабабулю, у якой пры жыццi былi праблемы з сэрцам, схiльнасць да якiх перадалася ў спадчыну. Падобная iнфармацыя дапаможа медыкам праводзiць прафiлактыку. На аснове нашых папярэднiх даных ужо ўстаноўлена, што ў жыхароў Паўднёвай Беларусi рызыка ўзнiкнення сардэчна-сасудзiстых хвароб знаходзiцца на сярэднееўрапейскiм узроўнi. Сёння лiчыцца, што большасць хвароб не мае дачынення да генетычных мутацый, а выклiкана вiрусамi, бактэрыямi, недахопам вiтамiнаў, хiмiчных элементаў i iнш. Аднак гэта не зусiм так. Пры падобных умовах адзiн чалавек захварэе, а другi — не. Прыродны iмунiтэт — гэта ўжо гены. Нават адна i тая ж хвароба для розных людзей патрабуе розных сродкаў лячэння. У Англii, Iрландыi, Iсландыi да 5 працэнтаў жыхароў ужо маюць генетычны пашпарт, iдэнтыфiкацыя насельнiцтва па ДНК працягваецца. Там урач адразу звяртае ўвагу на генетычны складальнік пацыента i ў адпаведнасцi з гэтым прызначае лячэнне. Добра было б укаранiць аналагiчную сiстэму i ў нас, на ўзроўнi кожнай палiклiнiкi. Верагодна, дадае вучоны, вынiкi работы над генетычным банкам беларусаў будуць карысныя i крымiналiстам. Маючы бiялагiчныя сляды злачынцы (кавалачкi скуры, валасоў, кроплi слiны, спермы), можна будзе высветлiць генетычныя асаблiвасцi i сказаць — мясцовы гэта жыхар цi не. Для завяршэння работы над праектам вучоным не патрэбна больш узораў ДНК. Перад тым як працаваць з кожнай, яе мультыплiцыруюць (размнажаюць), што робiць запас невычэрпным. У планах генетыкаў — сабраць i прааналiзаваць ДНК iншых народнасцяў, якiя пражываюць на нашай тэрыторыi (яўрэяў, татар, рускiх, украiнцаў i iнш), каб скласцi поўную генетычную карцiну сучаснай Беларусi. Акрамя таго, можна вылучыць рэшткi ДНК з чарапоў i костак, знойдзеных археолагамi ў старажытных магiльнiках i курганах, i параўнаць гены нашых продкаў з нашымi. Планаў шмат, але ўсё гэта — ужо iншыя праекты, пра якiя пакуль рана весцi гаворку.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Генетыкi раскрыюць таямнiцу нашага паходжання
|
|