Новыя паслугi. Для «старой» Беларусi
Сяргей ГРЫБ
На працягу кастрычнiка—лiстапада групы прадстаўнiкоў шэрагу мiнiстэрстваў правядуць выбарачныя праверкi ўмоў жыцця i выканання просьбаў ветэранаў вайны i адзiнокiх пажылых людзей ва ўсiх рэгiёнах Беларусi. Чакаецца, што вынiкi гэтых праверак стануць вядомыя да 10 снежня. Пры гэтым, як адзначыў намеснiк мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Валяр’ян Кароль, удзельнiкi груп наведаюць прынамсi па два раёны ў кожнай вобласцi.
Цэнтры ёсць. Далей — фiлiялы Хуткае старэнне насельнiцтва аказалася адной з асаблiвасцяў апошнiх дзесяцiгоддзяў ва ўсiм свеце. Не стала выключэннем i Беларусь. Паводле звестак Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны, зараз у краiне налiчваецца каля 2,5 млн пенсiянераў, прыкладна 70 тыс. ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны, а таксама 720 доўгажыхароў. Прычым 22 чалавекi маюць узрост больш за 110 гадоў. Такiм чынам, ужо сёння да катэгорыi пажылых людзей адносiцца кожны чацвёрты грамадзянiн нашай краiны, i ў тым лiку кожны пяты ў гарадах i кожны трэцi — у вёсках. Прычым, як чакаецца, да 2020 года ўдзельная вага асоб пенсiйнага ўзросту складзе 28 працэнтаў. Адначасова, адзначаюць у мiнiстэрстве, даводзiцца канстатаваць адзiн малапрыемны факт. Толькi з 2000 года колькасць пажылых грамадзян, якiя пражываюць асобна ад дзяцей i сваякоў, узрасла адразу на 12 працэнтаў. Мiж тым, не сакрэт: значная частка адзiнокiх пенсiянераў маюць патрэбу ў той цi iншай дапамозе — да прыкладу, у абслугоўваннi на даму цi ў разнастайных гаспадарчых паслугах. Сёння такую дапамогу аказваюць 156 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва, якiя працуюць у кожным адмiнiстрацыйным раёне. Больш за тое, каб наблiзiць дапамогу да месца пражывання, iдзе адкрыццё гэтых цэнтраў у аграгарадках. Разам з тым, заўважаюць у мiнiстэрстве, гэтага недастаткова. У Беларусi практычна створана ўласная мадэль сацыяльнай падтрымкi. Iнакш кажучы, дапамога пачынае аказвацца не на падставе заяў у цэнтры, а на падставе апытанняў па месцы жыхарства. Агляд iдзе ў лад Безумоўна, адна з найбольш вострых праблем для асоб пажылога ўзросту — ахова здароўя. Таму, паводле слоў галоўнага ўрача Рэспублiканскага клiнiчнага шпiталя iнвалiдаў Вялiкай Айчыннай вайны Iнэсы Масло, у Беларусi наладжана правядзенне медыцынскiх аглядаў iнвалiдаў i ўдзельнiкаў вайны, iнвалiдаў i вэтэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыi iншых дзяржаў, а таксама адзiнокiх пажылых людзей. Да прыкладу, звычайна абследаваннi здароўя ветэранаў вайны праводзяцца да 1 мая. Прычым усiм, хто мае патрэбу, у тым лiку робіцца санацыя зубоў i пратэзiраванне поласцi рота, а пры высвятленнi сур’ёзных праблем — даецца накiраванне на стацыянарнае лячэнне. Паралельна працягваюць развiвацца спецыялiзаваныя напрамкi медыцынскай дапамогi састарэлым. У пачатку года ў Беларусi працавала 74 герыятрычныя кабiнеты — пакуль у асноўным яны знаходзяцца пры цэнтральных палiклiнiках у сталiцы, у абласных цэнтрах i шэрагу буйных гарадоў. Аднак у далейшым герыятрычныя кабiнеты павiнны з’явiцца ва ўсiх тэрытарыяльных медыцынскiх аб’яднаннях. Мiж тым, паведамiла Iнэса Масло, лiтаральна ў вераснi ўпершыню ў краiне была створана новая кафедра герыятрыi i геранталогii. Адной з яе задач стане распрацоўка новых праграм абследавання i лячэння людзей пажылога ўзросту. Больш крам i... «аўталавак» Некалi адной з самых вострых праблем у краiне быў «пошук» дэфiцытных тавараў у крамах. Сёння такiх цяжкасцяў няма. Тавараў шмат. Затое з’явiлася iншае вострае пытанне — цэны. Хоць i яно мае вырашэнне. Прынамсi, адзiн з напрамкаў у дадзеным выпадку — спецыялiзаваныя крамы цi аддзелы. Зараз у Беларусi iх налiчваецца 1388. Прычым на працягу блiжэйшых гадоў iх колькасць павялiчыцца яшчэ на некалькi дзесяткаў. Галоўная асаблiвасць падобных крамаў — выкарыстанне мiнiмальных надбавак. Плюс да таго пашыраецца практыка продажу на ўмовах беспрацэнтнага крэдыту. Зрэшты, зазначыла начальнiк упраўлення арганiзацыi гандлю i паслуг Мiнiстэрства гандлю Людмiла Петракоўская, паралельна з’яўляюцца прапановы дадатковых паслуг. Да прыкладу, унiвермагi сталiцы ўзялі за правiла бясплатна «падганяць» вопратку i дастаўляць буйныя тавары на дом iнвалiдам i ўдзельнiкам Вялiкай Айчыннай вайны. Падобныя ўмовы дастаўкi для ветэранаў звычайна вызначаны i пры правядзеннi традыцыйных асеннiх кiрмашоў па продажу сельгаспрадукцыi. Яшчэ адзiн цiкавы момант — прадастаўленне скiдак за карыстанне бытавымi паслугамi для ветэранаў i ўдзельнікаў вайны, iнвалiдаў I i II груп, малазабяспечаных пенсiянераў. Такая практыка iснуе практычна ва ўсiх рэгiёнах. Прычым дзе-нiдзе перайшлi ўжо на аказанне паслуг па месцы жыхарства. I ўсё ж, наколькi даступныя гандлёвыя i бытавыя паслугi? Даволi красамоўная статыстыка. У Беларусi налiчваецца 24 тыс. населеных пунктаў. I 10,5 тысячы з iх не маюць стацыянарных гандлёвых пунктаў. Праўда, сiтуацыя стала змяняцца. Ужо сёлета спажывецкая кааперацыя аднавiла 137 некалi зачыненых крамаў у вёсках з насельнiцтвам ад 50 да 100 чалавек. Такая работа працягнецца i надалей. Хоць нельга не прызнаць, што з чыста эканамiчных меркаванняў «трымаць» стацыянарны гандлёвы пункт атрымлiваецца не паўсюль. З улiкам гэтага толькi сёлета прынята рашэнне аб набыццi 65 новых аўтакрамаў з халадзiльным абсталяваннем. Усе яны працуюць па графiках. Аднак, адзначаюць у Белкаапсаюзе, iснуе i агульная норма: аўтакрамы павiнны наведваць кожную вёску як мiнiмум двойчы на тыдзень. Дапамагчы павiнен наймальнiк? Асноўны вiд даходу большасцi пажылых людзей — пенсiя. Iх сярэднi паказчык у Беларусi на працягу некалькiх гадоў атрымлiваецца большым, чым у iншых краiнах СНД. Але не сакрэт: узровень пенсiйных выплат розны. Таму, мяркуе намеснiк начальнiка галоўнага ўпраўлення вытворчай i сацыяльна-эканамiчнай работы Федэрацыi прафсаюзаў Сяргей Каханскi, для падтрымкi састарэлых грамадзян неабходны дадатковыя гарантыi. А прадастаўляцца яны павiнны... праз калектыўныя дагаворы прадпрыемстваў. Зразумела, магчымасцi падтрымкi сваiх былых работнiкаў у кожнай арганiзацыi розныя. Тым не менш гэта акалiчнасць вырашае не ўсё — скажам, аналiз паказвае, што самыя «важкiя» гарантыi звычайна прадастаўляюць больш заможныя прадпрыемствы энергетыкi i больш «сцiплыя» прадпрыемствы АПК. Тым часам, паведамiў Сяргей Каханскi, зараз ФПБ распрацавала метадычныя рэкамендацыi па заключэнню калектыўных дагавораў, у якiх упершыню прадугледжваюцца меры па сацыяльнай абароне ветэранаў працы. У прыватнасцi, лiчаць у прафсаюзах, у такiх пагадненнях павiнны быць вызначаны абавязкi былых наймальнiкаў па аказанню матэрыяльнай дапамогi непрацуючым пенсiянерам да свят, дапамогi ў нарыхтоўцы агароднiны на зiму, апрацоўцы прысядзiбных участкаў, дастаўцы палiва, а ў асобных выпадках — па дапамозе ў рамонце жылля.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На працягу кастрычнiка—лiстапада групы прадстаўнiкоў шэрагу мiнiстэрстваў правядуць выбарачныя праверкi ўмоў жыцця i выканання просьбаў ветэранаў вайн
|
|