Беларусь мiрна наступае на сусветных рынкахПогляд эксперта Тавар беларускiх прадпрыемстваў не толькi вяртаецца на свае традыцыйныя знешнiя рынкi, але i пашырае ва ўмовах жорсткай канкурэнцыi геаграфiю сваёй прысутнасцiНа пытаннi карэспандэнта «Звязды» Iгара ШЧУЧЭНКI адказвае дырэктар Iнстытута эканомiкi Нацыянальнай Акадэмii навук Беларусi Пётр НIКIЦЕНКА. — Пётр Георгiевiч, многiя эксперты канстатуюць, што эканомiка Беларусi працуе з добрымi паказчыкамi. Яе рост параўноўваюць нават з тэмпамi росту эканомiкi ў Кiтаi. А, на ваш погляд, якiя вынiкi сёлета паказвае эканомiка? — Высокiя тэмпы эканамiчнага развiцця Беларусi, пачынаючы з сярэдзiны 90-х гадоў, прыцягваюць увагу ва ўсiм свеце. ВУП як асноўны паказчык эканамiчнага росту толькi за 2001—2005 гады вырас у рэспублiцы больш чым на 43 працэнты, што раўназначна 7,4 працэнта штогадоваму прыросту супраць 3,5 сярэднесусветнага. Прычым прырост ВУП у 2005 годзе дасягнуў амаль 10 працэнтаў. Высокiя тэмпы прыросту характэрныя i iншым паказчыкам эканамiчнага развiцця, якiя вызначаюць рост ВУП — прамысловасцi, будаўнiцтву, сельскай гаспадарцы, транспарту. У прыватнасцi, аб’ём прамысловай вытворчасцi за папярэднюю пяцiгодку быў павялiчаны ў 1,5 раза. На гэту ж велiчыню ўзрос аб’ём вытворчасцi спажывецкiх тавараў. Амаль у 1,3 раза павялiчылася вытворчасць прадукцыi сельскай гаспадаркi. Пры гэтым трэба ўлiчваць, што за базу параўнання тут узяты не ўзровень сярэдзiны 90-х гадоў, калi ў эканомiцы вызначыўся поўны «абвал», гэта значыць меў месца самы нiзкi паказчык, а 2000 год з пэўным паляпшэннем становiшча i росту, якiя ў эканомiцы намецiлiся. Тым самым у мiнулай пяцiгодцы рэспублiка дасягнула па многiх паказчыках эканамiчнага развiцця, а ў асобных паказчыках i пераўзыйшла ўзровень 1990 года — самага высокага для савецкага перыяду. Пры гэтым характэрна, што эканамiчны рост суправаджаўся ўстойлiвай тэндэнцыяй да знiжэння ўзроўню iнфляцыi. Калi ў пачатку мiнулага пяцiгоддзя Беларусь у кампанii «былых савецкiх» трымала першынство па тэмпах iнфляцыi, то рост вытворчасцi разам з прытокам валютнай выручкi дазволiў яе iстотна знiзiць. Узровень iнфляцыi па вынiках 2005 года быў самым нiзкiм за апошнiя 15 гадоў. Дасягнуты дынамiзм эканамiчнага развiцця ў рэспублiцы ў гэтым годзе захоўваецца. У прыватнасцi, паводле афiцыйных даных, за першае паўгоддзе ВУП узрос на 10,1 працэнта, аб’ём прамысловай прадукцыi на 12,7 працэнта, у тым лiку спажывецкiх тавараў — на 10,9 працэнта, вытворчасць прадукцыi сельскай гаспадаркi — на 6,6 працэнта. Гэта некалькi перавышае паказчыкi, што прагназавалiся на гэты год. Перавышэнне назiраецца i па iншых параметрах прагнозу сацыяльна-эканамiчнага развiцця рэспублiкi. Паводле прагнозных ацэнак экспертаў ААН, якiя прыводзiлiся на сесii Эканамiчнага i сацыяльнага савета, у 2006 годзе тэмп росту беларускай эканомiкi чакаецца на ўзроўнi 9 працэнтаў, у той час як у Расii i на Украiне ён можа скласцi 5,8 i 5 працэнтаў адпаведна. Там жа было адзначана, што сярэднi рост у краiнах з пераходнай эканомiкай сёлета прагназуецца на ўзроўнi 5,9 працэнта. — Што дазваляе эканомiцы краiны развiвацца дастаткова паспяхова? — Паспяховае развiццё эканомiкi Беларусi звязана з прынятай нашай мадэллю сацыяльна-эканамiчнага развiцця, якая прадугледжвае актыўны ўдзел дзяржавы ў кiраваннi эканомiкай, пастаянным яе ўдасканальваннем у напрамку стваральна-эвалюцыйных пераўтварэнняў. Калi казаць коратка, асаблiвасцi нашай мадэлi ў тым, што яна найбольш поўна i ўсебакова ўлiчвае спецыфiку пераходнага перыяду, традыцыi, што склалiся ў нашым грамадстве, менталiтэт народа. Як вядома, эканомiка наша выйшла са звышцэнтралiзаванага кiравання i планавання з неразвiтымi рынкавымi адносiнамi, у вядомай меры iзаляванай ад знешняга свету. Улiчваючы рэалii, якiя склалiся, i грунтуючыся на тэарэтычных распрацоўках беларускiх эканамiстаў, быў узяты курс на ўзважаныя, усебакова прадуманыя пры актыўным удзеле дзяржавы эвалюцыйныя пераўтварэннi ў эканомiцы краiны. Без абвальнай прыватызацыi i шокавай тэрапii пры захаваннi ўсяго лепшага, што раней мелася ў нашай эканомiцы i нашых традыцыях. Пераважная частка сродкаў вытворчасцi — фабрыкi, заводы, транспартныя сродкi i г.д. у асноўным засталiся ў дзяржаўнай уласнасцi. Дзяржава як уласнiк узяла на сябе кiраванне iх эфектыўнасцю. I гэта стала даваць свае станоўчыя вынiкi. У той жа час на роўных умовах з дяржаўнай заахвочвалася функцыянаванне прыватных формаў уласнасцi. Тым самым паступова фармiравалiся шматукладная эканомiка i карпаратыўныя сiстэмы гаспадарання. Пры гэтым асаблiвая ўвага ўдзялялася асваенню новых, рынкавых умоў гаспадарання, выкарыстанню тут сусветнага вопыту i ўлiку сучасных тэндэнцый сусветнай эканомiкi. Усё гэта пры ажыццяўленнi моцнай сацыяльнай палiтыкi ў аснове паслядоўна стварала перадумовы для нармальнай працы ўсёй сацыяльна-эканамiчнай сiстэмы ў краiне. У аналiзе падзей апошнiх гадоў нескладана ўгледзець логiку i паслядоўнасць дзеянняў дзяржавы. У гэтай сувязi цяжка пераацанiць дзейнасць прэзiдэнта Беларусi Аляксандра Лукашэнкi. Фармiраванню беларускай мадэлi сацыяльна-эканамiчнага развiцця, яе эфектыўнаму функцыянаванню ў многiм спрыялi i спрыяюць яго энергiя, воля, iнтэлект, iнтуiцыя, здольнасцi бачыць перспектыву, здольнасць аб’яднаць i накiраваць наша грамадства на вырашэнне жыццёва важных задач. — Па многiх групах тавару Беларусь захоўвае канкурэнтаздольнасць на мiжнародных рынках. Прадукцыя нашых прадпрыемстваў, як вядома, карыстаецца вялiкiм попытам на тым жа расiйскiм рынку. Аднак рэспублiка, мяркуючы па ўсiм, пашырае геаграфiю свайго экспарту. За кошт чаго гэта ажыццяўляецца? I за кошт чаго рэспублiцы ўдаецца павышаць свой экспарт? — Устойлiвы эканамiчны рост дазваляе Беларусi пашыраць сваю знешнеэканамiчную дзейнасць, весцi свайго роду мiрнае наступленне на сусветных рынках. Цяпер яе прадукцыю набываюць больш як 132 краiны свету. За гады мiнулай пяцiгодкi экспарт тавараў i паслуг павялiчыўся больш як у 2 разы. Амаль на 26 працэнтаў узрос у першым паўгоддзi ў параўнаннi з аналагiчным перыядам папярэдняга года коштавы аб’ём экспарту рэспублiкi. З агульнага аб’ёму яе экспарту на долю Расii прыходзiцца каля 33 працэнтаў, астатнiх краiн СНД — нямногiм больш 8 працэнтаў, краiн ЕС — 50 працэнтаў, астатнiх краiн — 9 працэнтаў. Як бачым, геаграфiя даволi шырокая. I тым не менш рэспублiка iмкнецца яе пашыраць. Няма неабходнасцi падрабязна тлумачыць, што ўсё гэта значыць для нашай адносна невялiкай краiны. Беларуская эканомiка не мае ў дастатку многiх важных прыродных рэсурсаў, асаблiва энергетычных, i, каб набыць iх, яна аб’ектыўна арыентавана на знешнi рынак, пашырэнне яго геаграфii. Тут логiка простая: каб штосьцi купiць, неабходна нешта прадаць, прычым з прыярытэтам на продаж (каб тут дасягалася станоўчае сальда, або як часта кажуць, не працаваць на чужога дзядзьку). Экспартуемая з рэспублiкi прадукцыя зараз ахоплiвае больш 197 таварных груп. Паказальна пры гэтым тое, што беларускi тавар цяпер не толькi вяртаецца на свае традыцыйныя знешнiя рынкi, якiя былi страчаны ў вынiку развалу Саюза ССР, але i пашырае ва ўмовах жорсткай канкурэнцыi геаграфiю сваёй прысутнасцi. Зараз рэспублiка стараецца вырабiць больш i даражэй прадаць свае тавары ў Лацiнскай Амерыцы, Азii, Афрыцы. Пры гэтым удзяляецца ўвага не толькi непасрэдна гандлю таварамi, але i стварэнню там сваiх зборачных вытворчасцяў — МТЗ, МАЗ, БелАЗ, каб наш капiтал працаваў там i прыносiў пэўныя дывiдэнды. Зразумела, усё гэта патрабуе, як абавязковую ўмову, высокую якасць тавару, наяўнасць прымальнай цаны i сэрвiсу, нарэшце выкарыстанне сучасных гандлёвых тэхналогiй i проста камерцыйнай жылкi. У той жа час нельга ўпускаць з увагi ў вытворчасцi экспартнай прадукцыi скарачэння стратэгiчнай уразлiвасцi нашай эканомiкi, залежнасць яе ад iмпарту энергарэсурсаў i сыравiны. Галоўныя рэсурсы Беларусi — гэта навукова-тэхнiчны i iнавацыйны патэнцыялы. Яны заклiканы паступова спрыяць павелiчэнню выпуску i экспарту высокатэхналагiчных, канкурэнтаздольных вырабаў i тэхналогiй. Такiм уяўляецца ў перспектыве шлях больш усебаковага ўлiку патрабаванняў знешняга рынку i стварэння рэальнай магчымасцi павелiчэння ў нашай вытворчасцi пераважна навукаёмiстай, а не матэрыяла- i энергаёмiстай прадукцыi. (Заканчэнне будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тавар беларускiх прадпрыемстваў не толькi вяртаецца на свае традыцыйныя знешнiя рынкi, але i пашырае ва ўмовах жорсткай канкурэнцыi геаграфiю сваёй пр
|
|