Магазiны павiнны быць розныя. Але ўсё ж пажадана — блiжэй да дому
Сяргей СТАРЫНАЎ
А на мой погляд... ...Дагэтуль з настальгiяй прыгадваю невялiкiя сямейныя магазiнчыкi ў Чэхii i Славакii. Гэта калi ў будынку (часам вельмi старажытным) на другiм паверсе жыве сям’я, а на першым у iх размешчаны гандлёвыя плошчы. Як правiла, яны адносна невялiкiя, нават малыя, але справа не ў гэтым. Ужо праз некалькi дзён гаспадар-прадавец пачынае цябе вiтаць як свайго даўняга знаёмага. I ў наступны раз ты ўжо лiчыш абавязковым яшчэ раз зайсцi сюды i, магчыма, нешта набыць. Кола клiентаў у такiх магазiнах, можна сказаць, пастаяннае, з лiку жыхароў наваколля, якiя ходзяць да «свайго» прадаўца. З iншага боку, некалi незабыўнае ўражанне засталося i ад замежных гiпермаркетаў (у нас тады iх не было), дзе было, падаецца, абсалютна ўсё i дзе можна было блукаць цэлы дзень.А вы якiм гандлёвым прадпрыемствам аддаяце (жадалi б аддаваць) перавагу: гiпермаркет цi блiжэйшаму да дому ўнiвермагу, дыскаўнтэру цi магазiну гароднiны, супермаркету цi павiльёну на рынку i г.д.? Якi крытэрый з’яўляецца галоўным пры выбары: асартымент, якасць абслугоўвання, ветлiвасць персаналу, узровень цэн цi яшчэ што iншае? Зiнаiда ПРЫБЫШЧУК, дырэктар фiлiяла «Каапнарыхтпрам» Iванаўскага раённага спажывецкага таварыства: — Ведаеце, асабiста мяне згаданыя вамi гiпермаркеты абсалютна не прыцягваюць i не прываблiваюць. Я зрэдку наведваю iх у Польшчы, сёлета чатыры разы была ў Маскве. Мне не вельмi падабаюцца велiзарныя будынкi, натоўпы людзей. Куды больш даспадобы адносна невялiкiя гандлёвыя прадпрыемствы ў нашым правiнцыйным гарадку. Сярод iх ёсць такiя, дзе добра ведаюць мяне, мае густы, могуць нешта параiць. У iх звычайна не бывае шмат людзей — гэта таксама для мяне плюс. Зразумела, для мяне важны асартымент тавараў, каб была магчымасць выбару. Скажам, я люблю рыбу. Ведаю магазiн, дзе гэтая прадукцыя будзе заўсёды, прычым свежая. Наведванне такога магазiна нiколi не расчаруе. Узровень цэн? Усё ж на першае месца я стаўлю асартымент, бо калi нешта падабаецца, маю магчымасць купiць гэта, асаблiва не зважаючы на кошт. Iна ПIНКОЎСКАЯ, начальнiк аддзела па абмену, куплi, продажу i прыватызацыi жылля ўпраўлення жыллёвай палiтыкi Мiнгарвыканкама: — Я набываю ўсё неабходнае ў магазiнах, якiя размешчаны блiжэй да дому. Для мяне гэта самы важны крытэрый, паколькi я з-за занятасцi не магу сабе дазволiць хадзiць цэлы дзень i шукаць, дзе нейкi тавар будзе каштаваць, умоўна кажучы, на дзве тысячы рублёў менш. Зразумела, таксама мае значэнне асартымент канкрэтнага гандлёвага прадпрыемства. Тамара САВАСЦЮК, начальнiк аддзела падаткаабкладання арганiзацый iнспекцыi Мiнiстэрства па падатках i зборах па Ляхавiцкаму раёну: — Да свайго сораму, я не была ў гiпермаркетах (смяецца). Затое на ўездзе ў Брэст размешчаны, падаецца, супермаркет. Трапiўшы туды ўпершыню, мы, канешне, разгубiлiся (смяецца). Там можна было купiць усё i адразу — ад хлеба да складанай бытавой тэхнiкi. Гэта вельмi зручна i, калi б была такая магчымасць, я не адмовiлася б рэгулярна наведваць супермаркет. На касе там заўсёды выдаюць чэк, дзе пазначаны не толькi кошт тавару (як у iншых магазiнах), але i яго назва. Пры мностве пакупак потым лёгка ўсё пракантраляваць, ведаючы, што i колькi каштуе. У самiх жа Ляхавiчах падабаецца фiрменны магазiн ад малаказавода. Там прадаюцца не толькi малочныя прадукты, але i паўфабрыкаты, каўбасныя вырабы, агароднiнная прадукцыя. Гэта зручна, бо эканомiцца час (хоць магазiн i не зусiм на шляху к дому). Адзначаю не толькi асартымент тавараў, але i iх якасць. Мiкалай ФЯСЬКОЎ, дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў — Калi гаварыць аб прадуктах харчавання, я адназначна выбiраю рынкi. Там яны больш свежыя, якасныя, ёсць большы выбар. Можна, скажам, набыць не толькi марожаную тушку птушкi, але i ахалоджаную. Гэта, лiчу, ужо еўрапейскi падыход. Што да прамтавараў, таго ж мужчынскага адзення, дык у гэтым сэнсе мне больш даспадобы такiя гандлёвыя прадпрыемствы, як ЦУМ, ГУМ i iнш. Прынамсi, у параўнаннi з рынкамi. Увогуле, на мой погляд, прадаўцы такiх магазiнаў сталi больш ветлiвымi, што не заўсёды можна, напэўна, сказаць у адрас прыватных. У гiпермаркетах, супермаркетах я бываю не часта, але мне падабаецца ў iх выбар тавараў i меншая цана, ветлiвасць персаналу. Аляксандр ЖУРАЎСКI, начальнiк аддзела кадраў авiякампанii «Белавiя» — Я думаю, што абслугоўванне насельнiцтва ў гандлi ў нас усё больш наблiжаецца да еўрапейскага ўзору. Напрыклад, як у Празе, дзе тыя ж супер- i гiпермаркеты размешчаны недзе ў адным месцы, а ў кожным мiкрараёне ёсць невялiкiя магазiны для штодзённых пакупак. Асабiста я раз на тыдзень на пэўны прамежак часу закупляю харчовыя i iншыя тавары ў гiпермаркетах i супермаркетах. Яны прыцягваюць мяне ўнiверсальнай выкладкай тавараў. А той жа хлеб на кожны дзень набываю ў блiжэйшым да дому магазiне.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Дагэтуль з настальгiяй прыгадваю невялiкiя сямейныя магазiнчыкi ў Чэхii i Славакii. Гэта калi ў будынку (часам вельмi старажытным) на другiм паверс
|
|