Павел Марыеў: «Пачынаем пакарэнне самага далёкага кантынента»
Дзмiтрый АЛЬФЕР, г. Жодзiна
Дзень машынабудаўнiка калектыў «БелАЗа» адзначыў адкрыццём лыжаролернай трасы ў цэнтральным парку Жодзiна. Генеральны дырэктар прадпрыемства Павел Марыеў расказаў, што асаблiва прыемна сустракаць прафесiйнае свята новымi дасягненнямi. Сёлета Беларускi аўтамабiльны завод пашырыў экспарт сваiх самазвалаў. У прыватнасцi, тры машыны былi прададзены ў Аўстралiю.
— Мы пачалi заваёўваць эканамiчныя рынкi самага далёкага кантынента. Дагэтуль ў Аўстралiю паставак не было. Спадзяёмся, што першая, пакуль невялiкая партыя самазвалаў у далёкае замежжа — толькi пачатак супрацоўнiцтва, — паведамiў карэспандэнту газеты Павел Марыеў. «БелАЗ» у нашай краiне з’яўляецца адным з прамысловых гiгантаў. Больш за дваццаць сярвiсных цэнтраў гэтага прадпрыемства дзейнiчаюць у краiнах СНД, кожны год на завод прыходзiць каля 60 маладых спецыялiстаў. Аўтамабiльны завод не толькi стварае працоўныя месцы, але i прапаноўвае трывалую навуковую базу. «Сярод моладзi ёсць i вучоныя, якiя шчыруюць над кандыдацкiмi дысертацыямi. Прадпрыемства прадастаўляе iм практычныя лабараторыi для iспытаў, — патлумачыў генеральны дырэктар. — Мы намагаемся ствараць усе неабходныя ўмовы для плённай працы людзей». Таму невыпадкова, што за кошт «БелАЗа» ў Жодзiне была пабудавана лыжаролерная траса. Летам на лыжаролерах, а зiмой на лыжах цi проста на каньках можа пракацiцца кожны жадаючы. Першай новую спартыўную дарогу «пакаштавала» алiмпiйская чэмпiёнка па бiятлону Алена Зубрылава. — Я лiчу, што гэтая траса досыць прыдатная як для прафесiяналаў, так i для аматараў. Вельмi добра, што жодзiнцы атрымалi такi падарунак! — падзялiлася ўражаннямi Алена. Як патлумачыў галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па бiятлону, алiмпiйскi чэмпiён Аляксандр Папоў, лыжаролерная траса неабходна для трэнiровак спартсменаў ва ўмовах адсутнасцi снежнага покрыва. «Вельмi добра, што ў краiне з’яўляюцца такiя трасы. Усё больш беларускiх гарадоў могуць пахвалiцца наяўнасцю спецыяльна абсталяваных месцаў для лыжаролераў, i, я лiчу, трэба працягваць будаўнiцтва такiх аб’ектаў», — падкрэслiў ён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзень машынабудаўнiка калектыў «БелАЗа» адзначыў адкрыццём лыжаролернай трасы ў цэнтральным парку Жодзiна
|
|