Пошук працы. З варыянтамi
(Працяг. Пачатак у нумары за 23 верасня.)
На пытанні чытачоў газеты «Звязда» адказвае начальнiк галоўнага ўпраўлення палiтыкi занятасцi i народанасельнiцтва Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Мiкалай Дзмiтрыевiч КОХАНАЎ. — Цi можна шукаць варыянты працаўладкавання праз Iнтэрнэт? I цi можна гэткiм жа чынам зарэгiстравацца ў якасцi беспрацоўнага? Алег Мiкалаевiч Атрашчонак, г. Мiнск — Не. Рэгiстрацыя беспрацоўнага робiцца толькi пры асабiстым звароце. Так вызначае наша заканадаўства. Што ж да пошуку свабодных месцаў, то звесткi ў Iнтэрнэце выстаўляюць шматлiкiя прыватныя кадравыя агенцтвы, а таксама Мiнскi гарадскi цэнтр занятасцi насельнiцтва. Прычым у перспектыве мы плануем стварэнне адзiнага iнфармацыйнага банка вакансiй у цэлым па Беларусi. Чакаецца, што такая работа закончыцца ў 2008 годзе. — Хачу звольнiцца па ўласнаму жаданню. З улiкам гэтага, цi могуць мяне зарэгiстраваць у якасцi беспрацоўнай? I цi атрымаю я права на дапамогу па беспрацоўю? Святлана Мiкалаеўна, г. Мiнск — У якасцi беспрацоўнай вас, Святлана Мiкалаеўна, у такой сiтуацыi зарэгiструюць. Але ж дапамогу могуць i не прызначыць. — Сёлета ўнучка закончыла 11 класаў, аднак затым не змагла паступiць на эпiдэмiёлага. Што ёй рабiць зараз? Вiкторыя Аляксандраўна, Ельскi раён — Цi не галоўная наша задача ў тым, каб кожны выпускнiк сярэдняй школы атрымаў прафесiйную адукацыю. У адваротным выпадку яго шанцы знайсцi ў будучым больш-менш вартую работу акажуцца мiзэрнымi. Таму, калi ўнучка не змагла паступiць, то перш-наперш ёй трэба стаць на ўлiк у якасцi беспрацоўнай у раённым цэнтры занятасцi насельнiцтва. Прычым, насуперак чамусьцi распаўсюджанай думцы, у такой сiтуацыi зрабiць гэта можна не з 18-гадовага, а ўжо з 16-гадовага ўзросту. А надалей у цэнтры занятасцi ёй могуць прапанаваць прайсцi прафесiйнае навучанне i выдаць (у залежнасцi ад жадання i рэальнай запатрабаванасцi прафесii на рынку працы) накiраванне ў тую цi iншую навучальную ўстанову. Пры гэтым усе расходы па навучанню, незалежна ад таго, у якiм горадзе яно праходзiць, аплацяць са сродкаў фонду садзейнiчання занятасцi — гаворка, у прыватнасцi, iдзе аб аплаце кошту праезду i кошту пражывання. I плюс да таго ўнучка пачне атрымлiваць стыпендыю. — Удакладнiце яшчэ раз: па накiраванню цэнтра занятасцi можна прайсцi навучанне па любой спецыяльнасцi? I ў тым лiку па спецыяльнасцi ўрача? — Не. На навучанне па спецыяльнасцях медыцынскага профiлю служба занятасцi не накiроўвае, бо падрыхтоўка такiх кадраў з’яўляецца прыярытэтам сiстэмы Мiнiстэрства аховы здароўя. Зрэшты, у кожным цэнтры занятасцi ёсць даволi шырокая база даных па iншых спецыяльнасцях, асвоiць якiя прапануецца беспрацоўным. I я вельмi раю вашай унучцы азнаёмiцца з гэтай iнфармацыяй. — Адна выхоўваю траiх дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў. У свой час была вымушана звольнiцца, паколькi мяне не задавальнялi рэжым i ўмовы работы — у прыватнасцi, не прадастаўляўся дадатковы выхадны, даводзiлася працаваць па суботах. Пасля звальнення стала на ўлiк у службе занятасцi. Аднак там мне прапанавалi вакансiю ў той жа арганiзацыi, праўда, на iншай пасадзе. У сувязi з гэтым пытанне: цi павiнны мне, як шматдзетнай мацi, прапанаваць высокааплатнае месца? I цi могуць мне прапанаваць работу ў iншым населеным пункце — у прыватнасцi, у Салiгорску? Iна Iванаўна Тарасевiч, Салiгорскi раён — Грамадзянам, якiя маюць траiх i больш дзяцей, заканадаўствам вызначаны дадатковыя гарантыi па занятасцi. I ў тым лiку — праз працаўладкаванне па бронi. Аднак, што да магчымасцi атрымаць менавiта высокааплатнае месца (да прыкладу, у тым жа Салiгорску), то тут усё залежыць ад таго, цi ёсць такая вакансiя ў раённым цэнтры занятасцi насельнiцтва. — У такiм разе патлумачце яшчэ адзiн момант. Я звярнулася ў цэнтр занятасцi 30 жнiўня, а была зарэгiстравана 12 верасня. У вынiку мне сталi налiчваць дапамогу толькi з апошняй даты. Гэта правiльна? — Так. Дапамога па беспрацоўю прызначаецца толькi з моманту рэгiстрацыi. — Неаднаразова даводзiлася чуць, што ў Мiнску ёсць шмат «незакрытых» вакансiй, i ў тым лiку — з някепскай зарплатай. У сувязi з гэтым хацелася б даведацца: на якiх умовах могуць уладкоўвацца ў сталiцы жыхары iншых рэгiёнаў? Мiкалай Аляксандравiч Карповiч, Валожынскi раён — Вы маеце рацыю: колькасць зарэгiстраваных беспрацоўных у Мiнску практычна ўдвая меншая, чым колькасць свабодных працоўных месцаў. Пры гэтым, каб вырашыць свае «кадравыя пытаннi», некаторыя наймальнiкi iдуць на запрашэнне работнiкаў з iншых рэгiёнаў. Аднак умовы падобных запрашэнняў розныя — у прыватнасцi, тут iснуюць свае правiлы для грамадзян Беларусi, якiя пражываюць у прылеглых да сталiцы населеных пунктах, нашых грамадзян з iншых рэгiёнаў краiны, а таксама для грамадзян Расiйскай Федэрацыi. Такiм чынам, пачнём з грамадзян Беларусi, якiя пражываюць у прылеглых да сталiцы населеных пунктах. Вызначана, што такiх грамадзян наймальнiкi маюць права прымаць на работу самастойна, без узгаднення з Мiнгарвыканкамам. Адно, што ў такiм разе наймальнiк павiнен у адвольнай форме праiнфармаваць аб кожным выпадку прыёму раённыя аддзяленнi Мiнскага гарадскога цэнтра занятасцi насельнiцтва па месцы свайго знаходжання. Варта заўважыць, што канкрэтнага паняцця «прылеглых населеных пунктаў» у заканадаўстве няма. Тут усё разглядаецца у iндывiдуальным парадку. Хоць звычайна бяруцца пад увагу дзве ўмовы. Па-першае, гэта транспартныя магчымасцi штодзённага вяртання работнiка да сталага месца жыхарства. I, па-другое — магчымасць штодзённага нармальнага адпачынку работнiка з улiкам часу, якi неабходна патрацiць на дарогу. Таму ў практыцы прылеглым рэкамендавана лiчыць населены пункт, праезд ад якога да гарадской мяжы Мiнска займае не больш за гадзiну. Што датычыцца грамадзян Беларусi з iншых рэгiёнаў, то тут патрабуецца ўзгадненне Мiнгарвыканкама. Самi ж умовы працаўладкавання такiх асоб у сталiцы наступныя. Першае. Наймальнiк абавязаны даць абгрунтаванне свайго рашэння аб запрашэннi iншагародняга работнiка. Другое. Наймальнiк абавязаны забяспечыць такога работнiка жыллём — гэта можа быць як жыллё службовае, так i месца цi пакой у iнтэрнаце. I трэцяе. Наймальнiк, якi робiць запрашэнне, абавязаны кампенсаваць затраты гарадской гаспадаркi на развiццё сацыяльнай iнфраструктуры аднаразова ў памеры 500 базавых велiчынь на момант звароту. Хоць у выключных выпадках (запрашэнне маладога спецыялiста па накiраванню навучальнай установы, высокая квалiфiкацыя работнiка, бюджэтнае фiнансаванне арганiзацыi i г.д.) наймальнiк можа i вызваляцца ад падобнага плацяжу. Нарэшце, наконт грамадзян Расiйскай Федэрацыi. У дадзеным выпадку зноў патрабуецца ўзгадненне з боку Мiнгарвыканкама. Прычым умовы працаўладкавання расiян будуць вельмi падобнымi. Наймальнiку спатрэбiцца абгрунтаваць неабходнасць свайго рашэння, а таксама заплацiць 200 базавых велiчынь — у якасцi кампенсацыi затрат на развiццё сацыяльнай iнфраструктуры сталiцы за кожны год работы. Пры гэтым можна заўважыць, што ў выпадку, калi грамадзянiн Расii мае паседчанне на права жыхарства ў Беларусi, то яго працаўладкаванне здзяйсняецца ў залежнасцi ад месца атрымання дакумента. Iнакш кажучы, калi паседчанне на права жыхарства выдадзены органамi ўнутраных спраў Мiнска, то грамадзянiн Расii можа прымацца на работу на аднолькавых умовах з пастаяннымi жыхарамi горада. Калi ж паседчанне на права жыхарства быў выдадзены органамi ўнутраных спраў астатнiх рэгiёнаў, то працаўладкаванне робiцца на ўмовах, вызначаных для iншагароднiх жыхароў Беларусi цi жыхароў прылеглых да сталiцы населеных пунктаў. Матэрыялы «прамой лiнii» падрыхтаваў Сяргей ГРЫБ. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытанні чытачоў газеты «Звязда» адказвае начальнiк галоўнага ўпраўлення палiтыкi занятасцi i народанасельнiцтва Мiнiстэрства працы i сацыяльнай аба |
|