Сапраўдную мару можна ажыццявiць заўсёды
Марына ПЫРКОВА
У апошнюю нядзелю верасня адбыўся Мiжнародны дзень глуханямых
Чалавека, пра якога пойдзе гаворка, можна смела вiншаваць i з Днём настаўнiка, i з Днём спартсмена, i, калi б такi iснаваў, з Днём прапагандыста здаровага ладу жыцця. Аляксандр Мiкалаевiч Шэндэр нарадзiўся ў Драгiчынскiм раёне, на Брэстчыне. З дзяцiнства ён палюбiў спорт, займаўся ў школе валейболам, тэнiсам, лёгкай атлетыкай. Аднак яго мацi не магла i марыць аб тым, каб глухi хлопчык прывёз у родную вёску залаты медаль алiмпiйскага чэмпiёна з далёкага горада Кёльна, што ў Германii. Яна нават i не вельмi разумела, што такое Алiмпiяда, але слёзы шчасця стрымлiваць не магла. У канцы 60-х гадоў Саша Шэндэр выйграў першынство Брэсцкай вобласцi па валейболу. У пачатку 70-х перамог разам з камандай на першынстве сярод глухiх. У 1977 годзе стаў кандыдатам у зборную СССР. У 1978 годзе прызнаны лепшым iграком Савецкага Саюза сярод нячуючых. У 1979 годзе ўдзельнiчаў у Мiжнародных гульнях у Балгарыi, i, нарэшце, у 1981 годзе, ва ўзросце дваццацi васьмi гадоў, заваяваў золата ў Кёльне. Сёння Аляксандр Мiкалаевiч Шэндэр — настаўнiк фiзiчнай культуры спецыяльнай сярэдняй школы № 14 г. Мiнска. У фае гэтай навучальнай установы размешчаны вялiкi стэнд са шматлiкiмi вымпеламi, дыпломамi i кубкамi — гэта вынiкi спартыўных спаборнiцтваў, на якiх вучнi школы займаюць выключна прызавыя месцы. Як лiчыць сам Аляксандр Мiкалаевiч, «вучнi нашай школы нiколi не забываюць спартыўную форму дома, бо гатовы i ў дождж i ў снег бегчы на стадыён займацца спортам». Навучэнцы Аляксандра Мiкалаевiча перамагаюць лiтаральна на ўсiх гарадскiх i рэспублiканскiх спаборнiцтвах. Ён нястомна робiць усё магчымае для таго, каб дзецi iмкнулiся займацца спортам, калi не прафесiйна, то хоць бы на аматарскiм узроўнi. Спачатку настаўнiк фiзкультуры прыглядаецца да кожнага, а потым накіроўвае кожнага па найбольшых схiльнасцях. (У яго самога — 1-ы разрад па футболу i па баскетболу, а яшчэ па шашках i лёгкай атлетыцы). У круглагадовай спартакiядзе школьнiкаў у 2003 годзе яны былi першымi. А ў 2004 годзе школа заняла прызавое месца ў гарадскiх спаборнiцтвах, прысвечаных шасцiдзесяцiгоддзю вызвалення Беларусi. Яго вучанiцы Кацярына Цярэнцева (лёгкая атлетыка) i Кацярына Яромцава (плаванне) заваявалi залатыя медалi на Паралiмпiйскiх гульнях у Аўстралii. Аляксандр Мiкалаевiч, акрамя таго, што настаўнiк фiзкультуры, для кожнага школьнiка — яшчэ i сябар, якi выхоўвае ў сваiх вучнях пачуццё сяброўства i ўзаемадапамогi. Настаўнiк вучыць нiколi не пакiдаць сябра ў бядзе, абараняць адзiн аднаго, стаяць за сябра сцяной. Большасць задумак i пачынанняў Аляксандра Мiкалаевiча здзяйсняюцца дзякуючы разуменню i салiдарнасцi дырэктара школы Iрыны Русаковiч, якая ў сваю чаргу адзначыла: «Аляксандр Шэндэр — настаўнiк, як кажуць, ад Бога. Вучнi бачаць, што настаўнiк такi ж, як i яны, пазбаўлены слыху, але гэта не перашкодзiла яму стаць чэмпiёнам паралiмпiяды i атрымаць вышэйшую адукацыю — гэта цудоўны прыклад для перайнання. Вучнi яго вельмi паважаюць, любяць i мараць аб тым, каб дасягнуць хоць невялiчкую частку тытулаў свайго настаўнiка». Сам жа Аляксандр Мiкалаевiч марыць стварыць спартыўную школу для дзяцей, якія нячуюць i больш часу прысвяцiць трэнерскай працы. А яшчэ ён вельмi хоча, каб спорт сярод школьнiкаў быў i на мiжнародным узроўнi. Зусiм нядаўна ў Варонежы адбылiся спартыўныя спаборнiцтвы сярод школьнiкаў з парушаным слыхам з Расii i Беларусi, адкуль вучнi СШ № 14 прывезлi шмат медалёў. Аляксандр Шэндэр — таксама член клуба ветэранаў спорту «Атлант», дзе аб’ядналiся, каб падтрымлiваць форму i трэніравацца, чэмпiёны паралiмпiйскiх гульняў i былыя члены зборных каманд СССР i Беларусi. У вольны час Аляксандр Шэндэр любiць выязджаць у турысцкiя вандроўкi, апошнiмi з якiх была вандроўка ў Польшчу i ва Украiну. На пытанне, цi перашкаджае адсутнасць слыху для дасягнення жыццёвых мэтаў, Аляксандр Мiкалаевiч адказаў, што канешне глуханямым людзям больш складана дасягнуць нечага, але адсутнасць слыху, зроку цi чаго-небудзь нi ў якiм разе не можа перашкодзiць здзяйсненню сапраўды запаветных жаданняў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У апошнюю нядзелю верасня адбыўся Мiжнародны дзень глуханямых
|
|