Ацяпляльны сезон пройдзе ў нармальным рэжыме. Мы будзем з цяплом
Як краiна рыхтуецца да надыходу халадоў, патлумачылi ў час прамога эфiру на Беларускiм радыё прадстаўнiкi Камiтэта па энергаэфектыўнасцi. Гасцямi студыi былi намеснiк начальнiка аддзела па энерганагляду i нармiраванню Камiтэта па энергаэфектыўнасцi пры Савеце Мiнiстраў Мiхаiл МАЛАШАНКА i намеснiк начальнiка па энерганагляду Мiнскага абласнога ўпраўлення камiтэта па энергаэфектыўнасцi Вадзiм КОНДРУСЕЎ.
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 21 верасня.) З лiчыльнiкамi трэба плацiць у два разы менш — У апошнiя гады ў шматкватэрных дамах з’яўляюцца групавыя лiчыльнiкi энергii. Напрыклад, сёлета такiмi прыборамi было абсталявана 24 800 дамоў. Гэта прыносiць карысць? Дазваляе зэканомiць сродкi? М.М.: — Вы маеце на ўвазе паэтапнае абсталяванне ўсiх шматкватэрных дамоў групавымi прыборамi ўлiку. Эканомiю гэта дае адчувальную. Справа ў тым, што iснуе механiзм аплаты за энергiю па так званых разлiковых нагрузках. Напрыклад, зiмой плата за цяпло ажыццяўляецца па ўмоўнаму разлiку — навакольная тэмпература мiнус 24 градусы, тэмпературны рэжым у кватэры больш за +18. I грошы на ацяпленне выдаткоўваюцца з тым жа ўлiкам, адпаведна, i аплата за паслугi таксама — быццам тэмпература надвор’я складае мiнус 25 градусаў. Аднак у рэальнасцi такое халоднае надвор’е ў нашай краiне, па статыстычных даных, бывае ў сярэднiм 5 дзён у год. У Беларусi сярэдняя тэмпература надвор’я за ацяпляльны перыяд складае ад +0,2 да мiнус 1,9 градуса па Цэльсiю. Як сведчыць практыка, калi ў доме стаiць групавы прыбор улiку энергii, то плата за ацяпленне памяншаецца ў два разы. А калi ў камунальных службах дзейнiчае яшчэ i добры механiзм рэгулявання ацяплення, то эканомiя яшчэ большая. Да таго ж, групавы прыбор улiку пасоўвае спажыўца да эканомii энергii. Чалавек пачынае лiчыць свае грошы, думаць, што трэба вокны заклеiць, уцяплiць кватэру зiмой... В.К.: — Дарэчы, групавыя лiчыльнiкi дазваляюць прадухiлiць нядбайнасць арганiзацый, якiя дастаўляюць цяпло ў кватэры. Гэта не дае спiсваць лiшкi гiгакалорый энергii за кошт спажыўца. Мы ўсе бачылi каналiзацыйныя калодзежы, з якiх зiмой iдзе пара. Калi раней такiя страты цяпла можна было спiсаць за кошт людзей, якiя плацяць за паслугi, то зараз, са з’яўленнем лiчыльнiка, зрабiць такое немагчыма. Я, напрыклад, не жадаю плацiць за гэта грошы, i, мяркую, са мной згодны кожны. М.М.: — Дадам, што прыбор усталёўваецца як у доме, так i ў будынку, адкуль iдзе ў кватэры энергiя. Таму можна адсачыць, колькi палiва было адпушчана на абагрэў, i колькi яе атрымалi жыхары кватэр. Рознiца памiж гэтым i ёсць страты. Ёсць дапушчальная норма страт энергii. Калi яна перавышаецца — значыць, арганiзацыя працуе дрэнна. Таму ўсталяванне лiчыльнiкаў, жадаеш або не жадаеш, прымушае камунальныя службы трымаць сеткi ў належным тэхнiчным стане. Усе лiшкi, якiя перавышаюць дапушчальныя страты, кладуцца на кошт страт прадпрыемства. Гэта правiльны падыход, ён дазваляе вырашаць i праблему адмаўлення ад выкарыстання доўгiх цеплатрас. Яны былi пабудаваны яшчэ пры Савецкiм Саюзе, з разлiкам на абагрэў буйных прамысловых арганiзацый. Аднак будынкi так i не былi ўзведзены, замест iх з’явiлiся дзiцячыя сады i iншыя сацыяльныя аб’екты, якiя ацяпляць трэба заўсёды, нягледзячы на тое, што тэхнiчны стан такiх сетак адмоўны — больш за палову энергii на абагрэў iдзе ў паветра. — Звернемся яшчэ да аднаго надзённага пытання. Было дадзена сур’ёзнае заданне — павелiчэнне выкарыстання i нарыхтоўкi нетрадыцыйных вiдаў палiва... М.М.: У 2006 годзе, згодна з планам, у краiне павiнна павя-лічыцца нарыхтоўка i выкарыстанне мясцовых вiдаў на 412 тысяч тон умоўнага палiва ў параўнаннi з 2005 годам. У гэты аб’ём уваходзiць i паказчык павелiчэння выкарыстання жыллёва-камунальнымi гаспадаркамi мясцовых вiдаў палiва — на 180 тысяч тон. За сем месяцаў па рэспублiцы заданне выканана на 56 працэнтаў. В.К.: — Мiншчына павiнна нарыхтаваць 67 тысяч тон мясцовых вiдаў палiва, у тым лiку 30 тысяч — на патрэбы жыллёва-камунальнай гаспадаркi. Сродкi з iнавацыйнага фонду выдаткоўваюцца, была набыта дастатковая колькасць катлоў i 115 цеплагенератарных установак. Магу паставiць у прыклад камунальную гаспадарку Пухавiцкага раёна. Там працуе энергiчны дырэктар, яго калектыў малады, натхнёны. Шэсць катлоў гэтай гаспадаркi пераведзены на спальванне мясцовых вiдаў, самастойна распрацаваны механiзм падачы дранкi i пiлавіння. Аднак ёсць i адмоўныя прыклады. Не ўсе канчаткова i глыбока ў сэрцы адчулi iдэю выкарыстання мясцовых вiдаў палiва. Часам адчуваеш нейкае процiдзеянне, неразуменне. Аднак у рэальнасцi ўсё можна зрабiць хутка i якасна, i без прымусу. Дастаткова толькi жадання. Напрыклад, у Капылi кацельня працавала недастаткова эфектыўна, а потым мы крыху дапамаглi, i за 19 дзён наладзiлi i запусцiлi ў працу кацёл магутнасцю 1 Мегават, якi зараз выкарыстоўвае ў якасцi палiва мясцовыя вiды. Ведай свае правы. I абавязкi — А што трэба рабiць, каб захаваць цяпло ў кватэрах, у сваiм пад’ездзе? В.К.: — Камунальныя службы павiнны праверыць манометры, тэрмометры, выканаць рамонт i замену цеплаiзаляцыi ў падвалах — няма нiякага сэнсу ацяпляць iх зiмой. Дзверы, рамы i вокны трэба заклеiць, калi трэба — замазаць шчылiны. У пад’ездзе павiнна быць пастаўлена двайная шкляная рама. Эксплутацыйныя службы праводзяць цеплаiзаляцыю сцен, якiя выходзяць на вулiцу. Дарэчы, больш за ўсiх будынкаў страты энергii назiраюцца ў панэльных дамах, вакол вокнаў i на шчылiнах памiж панэлямi. Часцяком матэрыялы цеплаiзаляцыi там патрабуюць замены. Нашы ўпраўленнi маюць абсталяванне, якое пры дапамозе iнфрачырвонага выпраменьвання дазваляе выяўляць месцы, дзе цяпло выходзiць у паветра. Таму ЖЭСы павiнны выпраўляць сiтуацыю, выконваць герметызацыю. — Цi ёсць моманты, на якiя трэба звярнуць увагу членам жыллёвага кааператыва, кааператыва прыватных забудоўшчыкаў? В.К.: — Трэба дасканала ведаць, што неабходна беражлiва адносiцца да выкарыстання палiва. Рыхтаваць кватэру, пад’езд, будынак да пачатку ацяпляльнага сезона. — I апошняе пытанне. Дык усё ж такi, будзе цяпло ў кватэрах зiмой? Ацяпляльны сезон пройдзе як трэба? М.М.: — Народная гаспадарка амаль падрыхтавана да зiмовага сезона. Энергетыкi заканчваюць усе прадугледжаныя меры: пракладку труб, рамонт i праверку ўсiх сiстэм ацяплення. У газавыя сховiшчы краiны ўжо ў поўных аб’ёмах паступiла палiва на зiму. Торфапрадпрыемствы нарыхтавалi палiва таксама амаль на сто працэнтаў. Таму ацяпляльны сезон пройдзе ў нармальным рэжыме, i спажыўцы праблем не адчуюць. На прамой лiнii «дзяжурыў» Дзмiтрый АЛЬФЕР.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як краiна рыхтуецца да надыходу халадоў, патлумачылi ў час прамога эфiру на Беларускiм радыё прадстаўнiкi Камiтэта па энергаэфектыўнасцi |
|