У рэжыме чакання...
Наталля КАРПЕНКА
АДВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ Наша рэдакцыя атрымала пiсьмо ад жыхароў вёскi Клачкi, якая знаходзiцца на тэрыторыi Негарэльскага пасялковага Савета ў Дзяржынскiм раёне. Людзi пiшуць, што «пакутуюць, бо па вёсцы немагчыма праехаць з-за велiзарных выбоiн i ям». Сярод мясцовых жыхароў, расказваюць, вельмi папулярны жарт: маўляў, везлi па вясковай вулiцы на могiлкi нябожчыка, дык ён ад трасення ажыў... Жарты жартамi, а вось газавiкi сапраўды баяцца вазiць у вёску газавыя балоны — цi мала што можа здарыцца ад «падкiдвання».Акрамя гэтага, паведамляюць аўтары пiсьма, у Клачках няма магазiна, таму хадзiць па прадукты даводзiцца ў суседнюю вёску Негарэлае або на чыгуначную станцыю — па дарозе, якая не асвятляецца. Электрычнасць быццам бы падведзена, але на гэтым шляху няма нiводнай лямпачкi. «У горадзе, — пiшуць вяскоўцы, — праз кожныя 20—30 метраў лiхтары гараць, а тут хоць бы праз 100 метраў хто лямпачку павесiў». «Вось вам i клопат аб ветэранах вайны i працы, — абураюцца людзi. — Як iм дажываць свой век? Хутка выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў — дык за каго галасаваць? Можа, хто-небудзь iншы выставiць сваю кандыдатуру?» Канешне, рэдакцыя не магла пакiнуць гэты лiст без увагi. Па тлумачэннi мы звярнулiся да старшынi Негарэльскага пасялковага Савета дэпутатаў Валерыя Вазняка. Так, пагадзiўся Валерый Аляксеевiч, стан дарогi ў вёсцы Клачкi задавальняючым не назавеш. Некалi яе падсыпалi няякаснай гравiйнай сумессю, у вынiку чаго цяпер на месцы камянёў часта ўтвараюцца выбоiны i ямкi. Старшыня пасялковага Савета, безумоўна, у курсе гэтай праблемы i ўжо другi месяц спрабуе «выбiць» у раёне грэйдэр, каб параўняць дарогу. Дамовiцца ў вынiку атрымалася з дарожнымi службамi суседняга — Стаўбцоўскага — раёна, таму Валерый Аляксеевiч паабяцаў, што лiтаральна днямi дарогу праз Клачкi павiнны выраўняць. Магазiн, патлумачыў ён, у Клачках сапраўды быў — прыватны. А гэта справа такая: маеш прыбытак — гандлюеш, не маеш прыбытку — якi сэнс трымаць гандлёвую кропку? Да таго ж, некалькi магазiнаў ёсць у суседняй вёсцы Негарэлае, да якой, паводле слоў старшынi Савета, «адлегласць меншая, чым, скажам, ад аднаго канца вёскi Клачкi да другога...» «Сам я пабудаваць магазiн не магу. Застаецца спадзявацца на прыватнiкаў, якiя пажадалi б гэта зрабiць. А яны, напэўна, баяцца, што не будуць мець тут прыбытку», — гаворыць Валерый Вазняк. Магазiн у Клачках, пакуль не зачынiўся, стаяў якраз на дарозе да чыгуначных пуцей, асвятляючы сваiмi лiхтарамi шлях раннiм i познiм пасажырам. З закрыццём магазiна паўстала i праблема з асвятленнем «подступаў» да чыгункi. Але, сцвярджае старшыня пасялковага Савета, да гэтага часу з такiм пытаннем да яго нiхто не звяртаўся. Яно, дарэчы, цалкам вырашальнае — «слуп там ёсць, неабходна толькi лямпачку ўкруцiць». Хоць з «укруткай» гэтых самых лямпачак у Дзяржынскiм раёне таксама праблема: электрасеткi не паспяваюць задавальняць заяўкi па ўсiх вёсках — i спецыялiстаў не хапае, i з транспартам «напружанне». Увогуле ж, у Клачках склалася цiкавая сiтуацыя. Сёння гэты населены пункт уяўляе сабой як бы дзве часткi — «старую» i «новую». Новая — гэта iндывiдуальныя забудовы (цi, як тут гавораць, дачы), якiя з’явiлiся параўнальна нядаўна. Iх налiчваецца каля сотнi, але ў эксплуатацыю здадзены ад сiлы... 3—4 будынкi. У астатнiх дамах людзi (пераважна гараджане) хоць i пражываюць, але само гэта жыллё лiчыцца недабудаваным. Дабудоўваць яго, здаваць у эксплуатацыю, а значыць, прапiсвацца i плацiць падаткi на нерухомасць жыхары не спяшаюцца. А гэта прыкладна па 70—80 тысяч рублёў з кожнага дома, якiя пакуль што не даходзяць да «касы» сельвыканкама. — Разумееце, жыхары «новых» Клачкоў увесь час iмкнуцца даказаць мне, што яны — нашы, клачкоўскiя, i, значыць, мясцовая ўлада павiнна аб iх гэтак жа клапацiцца. Мая ж пазiцыя такая: здасце ў эксплуатацыю свае дамы, прапiшацеся, будзеце плацiць падаткi, як усе астатнiя — станеце сапраўды нашымi. Я не хачу людзей падзяляць, але сiтуацыя такая, што грошай не хапае нават на добраўпарадкаванне «старой» вёскi. I калi ў мяне з’явiцца магчымасць (i грошы), я падсыплю дарогу ў першую чаргу на той тэрыторыi, дзе пражываюць вяскоўцы, якiя рэгулярна плацяць падаткi ў мясцовую казну. Гараджане ж хочуць нiчога не плацiць, але мець тут гарадскiя ўмовы пражывання... Мiж тым, я падлiчыў: калi памножыць недададзены падатак з кожнага дома на агульную колькасць дамоў у «новых» Клачках — якраз атрымаецца сума, неабходная для падсыпкi дарог. Калi людзi гэта, нарэшце, зразумеюць, нам будзе лягчэй знаходзiць агульную мову, прасцей будзе вырашаць i многiя iншыя праблемы. Сёння, працуючы ў мясцовым Савеце, як нiколi, даводзiцца круцiцца. На добраўпарадкаванне Негарэльскаму пассавету выдзелена 20 млн рублёў. 8 з iх пайшло ўжо на вулiчнае асвятленне (а «нагарыць» да канца года яшчэ больш). Даводзiцца плацiць i за «качанне» вады (у Негарэлым няма сваёй вадакачкi), i за расчыстку вулiц (зiмой), i за грэйдзiраванне дарог, i за вываз смецця, i за ўстаноўку агароджы на могiлках i да т.п. Грэйдэр, «выпiсаны» на дзень, абыходзiцца ў палову мiльёна. У столькi ж — вышка для спiлоўвання аварыйных дрэў... Вось i вымушаны вясковыя жыхары жыць у так званым «рэжыме» чакання — асаблiва калi вёска не надта вялiкая i пашыраць яе не збiраюцца... «Нiхто не супраць паляпшаць жыццё людзей, — пацвердзiў Валерый Вазняк. — Але сёння мы, мясцовая ўлада, зыходзiм з рэалiй, з таго, што маем. А маем, на жаль, няшмат...»
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наша рэдакцыя атрымала пiсьмо ад жыхароў вёскi Клачкi, якая знаходзiцца на тэрыторыi Негарэльскага пасялковага Савета ў Дзяржынскiм раёне
|
|