Дзеля бяспечнасцi электратранспарту
Надзея НIКАЛАЕВА
252 новенькiя тралейбусы i 26 трамваяў павiнны папоўнiць парк гарадскога электратранспарту (ГЭТ) да канца года. Усяго перавозкай пасажыраў занятыя ў нашай краiне зараз 1782 тралейбусы i 294 трамваi.
Паводле iнфармацыi Мiнiстэрства транспарту i камунiкацый, самымi высокiмi тэмпамi абнаўлення рухомага саставу электрычнага транспарту можа пахвалiцца КУП «Мiнсктранс»: сёлета ў сталiцы запланавана закупiць 200 тралейбусаў, што складае 19 працэнтаў ад iх спiсачнага саставу, i 20 трамваяў (13,1 працэнта). А вось у iншых арганiзацыях ГЭТ абнаўленне праходзiць куды больш маруднымi тэмпамi. Мiнтранс сумесна з Мiнфiнам i аблвыканкамамi шукаюць дадатковыя рэсурсы, патрэбныя для закупкi новай пасажырскай тэхнiкi. На сёння патрабуюць замены больш як 60 працэнтаў тралейбусаў i трамваяў. Тэрмiн эксплуатацыi ад 15 да 20 гадоў маюць 27,2 працэнта тралейбусаў, ад 20 да 25 гадоў — 7,9 працэнта i больш за 25 гадоў — 0,9 працэнта. Сярод трамваяў колькасць «доўгажыхароў», якiя эксплуатуюцца больш за чвэрць стагоддзя, дасягае 15,6 працэнта. Ад 20 да 25 гадоў працуюць на гарадскiх вулiцах 23,5 працэнта i ад 15 да 20 гадоў — 29,6 працэнта трамваяў. Варта нагадаць, што для правядзення расследаванняў выпадкаў паражэння пасажыраў электратокам Мiнтрансам была створана спецыяльная камiсiя, якая ўстанавiла прычыны няшчасных выпадкаў i распрацавала комплекс мераў па павышэнню электрабяспекi пры перавозцы пасажыраў. Да iх рэалiзацыi былi прыцягнуты Мiнiстэрства прамысловасцi, Нацыянальная акадэмiя навук, Дзяржстандарт, Мiнiстэрства адукацыi, арганiзацыi гарадскога электрычнага транспарту i УП «Белкамунмаш». У прыватнасцi, Мiнскiм прыборабудаўнiчым заводам быў асвоены выпуск двух новых прыбораў для вымярэння ўцечкi току. Да 1 лiстапада такiмi прыборамi плануецца ўкамплектаваць увесь рухомы састаў. Зараз праверкi токаўцечкi ў тралейбусах праводзяцца пры iх тэхнiчным абслугоўваннi ў рамонтнай зоне, а таксама дадаткова дзяжурным электрыкам на выязных варотах з кожнага дэпо. Акрамя таго стацыянарныя пасты праверкi токаўцечкi абсталёўваюцца i на ўсiх дыспетчарскiх пунктах. У сучасных мадэлях тралейбусаў УП «Белкамунмаш» прадугледжана мноства канструктарскiх рашэнняў, якiя дазволiлi iстотна павысiць узровень iх электрабяспекi. Акрамя светавой сiгналiзацыi, тралейбусы абсталёўваюцца яшчэ i гукавой сiгналiзацыяй, якая апавяшчае аб перавышэннi дапушчальных велiчынь уцечкi току. Ступенi ўваходных дзвярэй у новых мадэлях выконваюцца са шклопластыку. Высакавольтнае абсталяванне выносiцца на дах тралейбуса. Жгутавае абсталяванне хаваецца пад крышку. На кузаў наносiцца дыэлектрычнае пакрыццё, а ў электрапрыборах, што найбольш падвержаныя ўздзеянню знешнiх фактараў, прадугледжваюцца дадатковыя ступенi iзаляцыi. Правядзеннем выпрабаванняў электратранспарту на ўсiх этапах (распрацоўкi, вытворчасцi i эксплуатацыi) будзе ў хуткiм часе займацца таксама i цэнтральная заводская лабараторыя Мiнскага аўтамабiльнага завода.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
252 новенькiя тралейбусы i 26 трамваяў павiнны папоўнiць парк гарадскога электратранспарту (ГЭТ) да канца года
|
|