Храм ведаў на вясковай вулiцы
Барыс ПРАКОПЧЫК
ЗА ВОПЫТАМ — У ГЛЫБIНКУ На мiнулым тыднi ў Гродзенскiм раёне адбылося выязное пасяджэнне пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчнаму прагрэсу, якое было арганiзавана па iнiцыятыве дэпутата парламента ад гэтага раёна Лiлii Кашанковай. Разам з кiруючымi работнiкамi Мiнiстэрства адукацыi, настаўнiкамi i мясцовай уладай дэпутаты абмеркавалi пытанне аб заканадаўчым забеспячэннi дзейнасцi вясковых школ у сувязi з падрыхтоўкай праекта Кодэкса аб адукацыi.Квасоўская сярэдняя школа летась адзначыла сваё 80-годдзе. За гэты час яна неаднойчы перабудоўвалася, аднак найбольш кардынальныя перамены адбылiся ў апошнiя гады, калi дзякуючы СВК «Кастрычнiк — Гродна» i бюджэту былi зроблены трэцяя прыбудова, сталовая, а таксама капiтальны рамонт. Зараз тут 21 кабiнет, музейны пакой, якi знаёмiць з гiсторыяй гаспадаркi i школы, спартыўная зала плошчай 840 квадратных метраў i амаль гектар займае стадыён. А ў блiжэйшых планах — будаўнiцтва крытага тэнiснага корта. Не палiчылi ў гаспадарцы другараднымi i клопаты аб дзiцячым садку (старшыня СВК, Герой Беларусi Вiталь Крамко не перадаў яго ў камунальную ўласнасць), затрацiўшы на капiтальны рамонт больш за 800 мiльёнаў рублёў. На вулiцы радуе вока «Паляна казак», якую ўпрыгожыў скульптурамi мясцовы рэзчык па дрэву Станiслаў Пятровiч Дзюрдзь. У памяшканнi — басейн, сучасная сантэхнiка, арыгiнальны iнтэр’ер для кожнага спальнага пакоя. Але вернемся ў школу. Цяпер тут 358 вучняў, у тым лiку 109 прыязджаюць з навакольных вёсак. Транспартам забяспечвае гаспадарка, яна ж бярэ на сябе даплату за харчаванне школьнiкаў, выплачвае стыпендыi выдатнiкам вучобы i лепшым спартсменам. Паводле слоў дырэктара школы Алега Хрыптовiча, у суседнiм будынку праўлення сельгаскааператыва вырашаецца любое важнае для школы пытанне. Дарэчы, чвэрць педагогаў школы — гэта яе выпускнiкi, а большасць iх аднакласнiкаў працуе на радавых i кiруючых пасадах у гаспадарцы. I паколькi многiя выпускнiкi ў далейшым выбiраюць менавiта сельскагаспадарчую прафесiю, то з гэтага года ў школе стварылi хiмiка-бiялагiчны клас i разлiчваюць на цесныя сувязi з Гродзенскiм аграрным унiверсiтэтам. — У такiх школах дзецi заўсёды будуць вучыцца з задавальненнем, — лiчыць дырэктар. І сапраўды, як нi старайся захаваць маленькiя вясковыя школы на пару дзесяткаў, а то i менш, вучняў, але будучыня, вiдавочна, усё ж не за iмi. З пункту гледжання i фiнансавых затрат на навучальны працэс, i матэрыяльнай базы, i якасцi навучання. У той жа Квасоўскай школе, да прыкладу, сёння вывучаюць англiйскую, нямецкую, польскую, а неўзабаве будзе магчымасць вывучэння i французскай мовы. Тут 13 курсаў па выбару, 22 факультатывы, 16 тыпаў заняткаў па iнтарэсах, 5 гурткоў, 6 спартыўных секцый... У Луцкаўлянскай сярэдняй школе, дзе пабывалi дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў, цяпер ажыццяўляецца праект «Этнашкола Панямоння». Дзецi знаёмяцца з ганчарствам, ткацтвам, вышываннем, саломапляценнем, выцiнанкай, радаводамi, традыцыямi старажытнай беларускай школы... Пасля нядаўняга капiтальнага рамонту ад старой школы засталiся хiба што сцены, а ўсё астатняе — новае. I не проста новае, а сучаснае, зручнае: парты i крэслы, у прыватнасцi, рэгулююца згодна з ростам вучняў, у калiдорах — прыгожыя канапы. Кiраўнiцтва СВК iмя Дзеншчыкова разам з Саветам школы абмяркоўвае вынiкi кожнай чвэрцi, лепшыя вучнi заахвочваюцца праўленнем гаспадаркi. Не забываюць i настаўнiкаў: летась кватэру атрымала адна сям’я, а сёлета ўжо дзве. — Ёсць эканомiка — будзе i сацыяльная сфера. Няма эканомiкi — не будзе i сацыяльнай сферы, — такая яна, праўда жыцця, даказаная на практыцы старшынёй СВК iмя Дзеншчыкова Васiлём Свiрыдам. ...У Верцялiшкаўскай сярэдняй школе 1 верасня ўступiў у строй блок пачатковых класаў. Акрамя вучэбных кабiнетаў, тут прадугледзелi кабiнеты рытмiкi i спеваў, выяўленчага мастацтва, дэфектолага, псiхолага, творчы цэнтр, медыцынскi кабiнет, спартыўную i трэнажорную залы. Падарунак ад СВК «Прагрэс-Верцялiшкi» — камп’ютарны клас. I гэта пры тым, што школа ўжо мела два класы з 26 сучасных камп’ютараў з лакальнай сувяззю i выхадам у Iнтэрнэт. Зрэшты, на пасяджэннi парламенцкай камiсii, якое адбылося ў Цэнтральным доме культуры вёскi Верцялiшкi, iшла гаворка i аб iснуючых праблемах. Сваiмi меркаваннямi з дэпутатамi падзялiлiся намеснiк старшынi Гродзенскага аблвыканкама Марыя Бiрукова, начальнiк аддзела адукацыi Гродзенскага райвыканкама Аляксандр Саўцоў, кiраўнiкi дзiцячага сада, гiмназii, школы. На многiя пытаннi дае адказ нядаўна падпiсаны кiраўнiком дзяржавы Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб агульнай сярэдняй адукацыi». На думку старшынi пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчнаму прагрэсу Уладзiмiра Здановiча, гэты дакумент кардынальным чынам зменiць работу школ. Дэпутаты старалiся насыцiць яго канкрэтнымi нормамi, якiя змогуць прынесцi рэальную карысць настаўнiкам, школьнiкам i iх бацькам. Што ж у вынiку ўдалося? Па-першае, адзначыў Уладзiмiр Здановiч, захавана паўнацэннае дзяцiнства нашым малодшым школьнiкам. Была спроба зменшыць летнiя канiкулы за кошт прадаўжэння навучальнага года да лiпеня. Таму ў закон унесена норма наконт працягласцi канiкулаў: яны будуць на працягу года не менш за 30, а для першых i другiх класаў — не менш за 37 дзён, а летнiя — не менш за 12 каляндарных тыдняў. Акрамя таго, у пачатковай школе забараняецца выкладанне прадметаў на паглыбленым узроўнi, за выключэннем замежнай мовы, i прадметаў спартыўнага i мастацка-эстэтычнага цыкла. Па-другое, да 20 чалавек зменшана напаўняльнасць класаў у пачатковай школе, а таксама ў класах з павышаным i паглыбленым вывучэннем прадметаў. Адначасова вырашаюцца дзве задачы: паляпшаецца якасць навучання (адна справа працаваць у класе, дзе 36—40 вучняў, i iншая — дзе 20), а таксама ў школы вяртаюцца педагогi, паколькi павялiчваецца колькасць ставак. Па-трэцяе, упершыню за многiя дзесяцiгоддзi зроблена спроба вырашыць праблему ўзаемаадносiнаў настаўнiкаў, вучняў i бацькоў. У законе дакладна вызначаны не толькi iх правы, але i абавязкi. I, нарэшце, чацвёрты важны момант — гэта праблема платных паслуг. Кiраўнiкам школ пачалi даводзiць планы па iх аказанню, на жнiвеньскiх саветах сталi заахвочваць тых дырэктараў, хто зарабiў шмат грошай, i ганьбiць тых, хто гэтага не зрабiў. — Маё асабiстае меркаванне: школа — храм ведаў, i гандляры павiнны быць выгнаны з гэтага храма, — гаворыць Уладзiмiр Здановiч. — Асноўная задача школы — вучыць i выхоўваць, а не шукаць грошы, для гэтага ёсць iншыя структуры. З гэтага часу ў законе дакладна агаворана: «забараняецца ўстанаўлiваць для дзяржаўных агульнаадукацыйных устаноў нарматывы ажыццяўлення дзейнасцi, якая прыносiць даходы, а таксама нарматывы атрымання даходаў з дадатковых крынiц фiнансавання». Разам з тым, калi iснуе магчымасць зарабляць — калi ласка, нiхто перашкаджаць не павiнен. Цяпер распрацоўваецца праект Кодэкса аб адукацыi. У гэтым вельмi аб’ёмным дакуменце больш за 1000 атрыкулаў, якiя ўлiчаць усе бакi адукацыйнай дзейнасцi ў нашай краiне, у прыватнасцi, дашкольную адукацыю, якая пакуль не мае свайго закона.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На мiнулым тыднi ў Гродзенскiм раёне адбылося выязное пасяджэнне пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па ад
|
|