Запрашае «Клуб Здаровай сям’і»
Барыс ПРАКОПЧЫК
У гродзенскiм «Клубе здаровай сям’i» лiчаць, што выхаванне здаровага ладу жыцця трэба пачынаць з дзяцiнства.
Iнiцыятары стварэння клуба, Алена i Сяргей Мiкалаевы, «саспелi» да гэтай iдэi на ўласным i не надта прыемным вопыце. Калi сказаць коратка, то былi праблемы з дзецьмi: яны вельмi часта хварэлi. Пакуль на вока бацькам не трапiлi адна, другая кнiгi па аздараўленню i не дайшло да свядомасцi, што здароўе людзей — у iх жа руках. I нiхто не адказны за наша здароўе, акрамя нас самiх. — У нас адсутнiчала культура выхавання здаровага ладу жыцця, — гаворыць старшыня савета клуба Алена Мiкалаева. — Цяпер, канешне, ужо шмат робiцца па яго прапагандзе. А раней як было? Пакуль мы маленькiя — за наша здароўе адказвае мама. Падраслi — за наша здароўе ў адказе ўрач. Але хiба ж гэта магчыма, калi яму адведзена дзесяць хвiлiн на прыём чалавека? Зразумеўшы гэта, мы пачалi шукаць адпаведную лiтаратуру i, да таго ж, аказалася, што сярод нашых знаёмых ёсць людзi, якiя таксама зацiкаўленыя ў набыццi навыкаў здаровага ладу жыцця. Дык чаму ж не аб’яднацца i не падзялiцца адзiн з адным сваiмi «сакрэтамi» паспяховасцi? Гарадскому грамадскаму аб’яднанню «Клуб здаровай сям’i» сёлета споўнiлася пяць гадоў. Клуб арандуе пакой у будынку будтрэста № 30 ( г. Гродна, вул. Урублеўскага, 1А, п. 310, тэл. 48-44-20) i жыве за кошт узносаў сваiх членаў памерам у «мiнiмалку». Кiраўнiкi разнастайных аздараўленчых i адукацыйных праграм («Цуда-пахудзейка», «Амаладжальная», «Элегантны ўзрост», «Бацькi i дзецi», «Муж i жонка», «Рукадзельнiца», «Гуляем усёй сям’ёй» i г.д.) працуюць на грамадскiх пачатках, не атрымлiваючы нiякай зарплаты. Узрост членаў клуба — ад дашкольнага да пенсiйнага, i для кожнай катэгорыi — свае праграмы. Скажам, самым малодшым усе навыкi перадаюцца праз гульню. Пры гэтым, у адрозненне ад розных цэнтраў па падрыхтоўцы дзяцей да школы, упор робiцца на развiццё iх не толькi разумовых, але i фiзiчных магчымасцяў. — Няхай дзiця пакуль не ведае англiйскай мовы, не ўмее чытаць, але ў яго будзе сфармiраваны мышачны гарсэт. I тады, праз здаровы пазванок, да яго будуць вельмi хутка даходзiць усе веды, — лiчыць Алена Мiкалаева. Аздараўленчыя гульнi для дашкалят у клубе накiраваныя, у прыватнасцi, на прафiлактыку плоскаступнёвасцi, скалiёзу. Гэтаму служаць спецыяльныя, у тым лiку i вырабленыя членамi клуба, трэнажоры i масажоры для ног, пальчыкаў рук. А школьнiкам, акрамя аздараўленчых працэдур, псiхолаг прапануе адукацыйныя праграмы «Выхавай у сабе лiдара», «Я буду першым», «Зрабi сябе сам». — Выхаванне здаровага ладу жыцця трэба пачынаць з дзяцiнства, — пераканана Алена Аляксандраўна. — Прывучым дзяцей да здароўя, умення мыслiць — потым i грамадства такое будзе. Вынiк? Толькi адзiн прыклад. Шаснаццацiгадовы сын Мiкалаевых неяк усё ж падхапiў вiрус, мабыць, у грамадскiм транспарце. Прыйшоў у палiклiнiку да ўчастковага ўрача, а для таго — сюрпрыз, бо ўпершыню за восем гадоў бачыць гэтага хлопца. Ёсць такiя сем’i, дзе падрыхтавалi ў клубе да школы дачку, убачылi карысць — прывялi сына. — Некаторыя арганiзацыi ўспрымаюць нас несур’ёзна, мо, лiчаць, што мы хочам iх замянiць, — гаворыць Алена Мiкалаева. — Але ж мы не замест iх, а разам з iмi. Яны прапануюць традыцыйнае лячэнне, а мы iмкнёмся выкарыстаць i шматвяковы народны вопыт. Узяць тыя ж дыхальныя працэдуры. Iдзе вельмi хуткае насычэнне арганiзма кiслародам, якi называюць нялекавым цудам. Як санiтар, ён праходзiць па арганiзму, выводзiць, спальвае ўсё непатрэбнае, аднаўляюцца абменныя працэсы. I самае галоўнае — людзi вельмi хутка атрымлiваюць энергетыку. Дзякуючы гэтай гiмнастыцы яны маладзеюць, прыгажэюць. Адна жанчына пажартавала, што пасля гэтых практыкаванняў дома лёгка дабралася да антрэсолi, куды гадамi не падымалiся i вочы. Праграма «Цуда-пахудзейка» паляпшае абменныя працэсы ў арганiзме, карэктуе фiгуру, стымулюе дзейнасць унутраных органаў. Мэтавая праграма для жанчын «Амалоджвальная» — гэта комплекс практыкаванняў для мышцаў твару, шыi, падбародку, абучэнне самамасажу, мiмiчная гiмнастыка, прафiлактыка i лiквiдацыя застойных з’яў у нагах. Праграма «Элегантны ўзрост» накiравана на паляпшэнне эластычнасцi i рухомасці мышцаў, звязак, суставаў, прафiлактыку остэахандрозу, нармалiзацыю работы кiшэчнiка. Таксама прапануюцца гiмнастыка для вачэй, зняцце стомленасцi пасля працяглай зрокавай нагрузкi (скажам, пры рабоце за камп’ютарам), прафiлактыка пры катаракце, глаўкоме, запаленчых захворваннях вачэй, блiзарукасцi ў дзяцей i ўзроставай дальназоркасцi. А яшчэ можна навучыцца, як процiстаяць прастудным захворванням, сiндрому хранiчнай стомленасцi, бяссоннiцы, павышанай раздражняльнасцi, перанапружанню пры разумовай альбо фiзiчнай працы... Члены клуба самi вырашаюць, чым iм цiкава i карысна займацца. Адзiн умее вязаць кручком, другi — пруткамi, трэцi — вышывае шаўковымi лентамi, чацвёрты — выпальвае па тканiне. Цэлае суквецце талентаў побач з намi! А ў вынiку — праграма «Рукадзельнiца», дзе можна авалодаць любым з гэтых прыёмаў, а пры жаданнi i ўсiмi. Таксама па iнiцыятыве членаў клуба з’явiлася праграма «Не застануся адна» — не толькi для тых, хто не знайшоў сваю другую палавiну, але i для жанчын, якiя, маючы сям’ю, адчуваюць сябе вельмi адзiнокiмi. З такiмi людзьмi працуе псiхолаг з вялiкiм стажам. Дзякуючы гэтай праграме, адзначае Алена Мiкалаева, у жанчын павышаецца ўнутраная самаацэнка, яны пачынаюць зусiм iншымi вачамi глядзець на сiтуацыю, што iх акружае. ...Сёння клубу ўжо цесна ў адзiным пакоi, аднак усе спробы пашырыцца, каб прыцягваць у сваю сям’ю новых членаў, пакуль застаюцца марнымi. Горш таго, неўзабаве можна i наогул апынуцца на вулiцы, паколькi клуб ужо папярэджаны, што з новага года яму будзе адмоўлена ў арэндзе i гэтага памяшкання. А грамадская арганiзацыя, якая не мае юрыдычнага адрасу, аўтаматычна лiквiдуецца. — Для грамадскага аб’яднання законам устаноўлены панiжаючы каэфiцыент па арэндзе памяшкання, усе лiчаць капейку i не хочуць мець з намi адносiнаў, — канстатуе Алена Мiкалаева. — Дзiўна, але многiя не зацiкаўлены нават у бясплатных формах супрацоўнiцтва з намi — у iнфармацыйных сустрэчах, лекцыях i семiнарах па аздараўленню i развiццю асобы. Цяпер клуб шукае iншае памяшканне, але жадаючых падтрымаць яго iмкненнi i ўжо даказаныя часам здольнасцi да прапаганды здаровага ладу жыцця (а гэта ж адзiн з важнейшых дзяржаўных прыярытэтаў!) пакуль няма. Дык што, «Клубу здаровай сям’i» зачыняцца? Спадзяёмся, што гарадскiя ўлады гэтага не дапусцяць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гродзенскiм «Клубе здаровай сям’i» лiчаць, што выхаванне здаровага ладу жыцця трэба пачынаць з дзяцiнства |
|