Развязаць клубок жаночых хвароб
Падчас нашай яшчэ адной медыцынскай «прамой лiнii» званкi прымала галоўны акушэр-гiнеколаг Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь, дацэнт, кандыдат медыцынскiх навук Святлана Дзмiтрыеўна ШЫЛАВА
(Працяг. Пачатак у нумары за 14 лістапада.) — Мяне завуць Аксана, мне 19 гадоў, турбую з Гродна. У мяне — двурогая матка i ад нараджэння адна нырка. Цi можна раджаць з такiмi дыягназамi? — Калi жанчына мае адну нырку, i яна здаровая, то жанчына рызыкуе, калi раджае. Вы павiнны памятаць, што калi ў рабоце ныркi падчас цяжарнасцi адбудзецца збой, вы страцiце i сваё жыццё, i жыццё дзiцяцi. Таму ў дадзеным выпадку рызыка надзвычай высокая. На другi-трэцi трыместр цяжарнасцi прыпадае вялiкая нагрузка на мочапалавую сiстэму арганiзма, што можа справакаваць вялiкiя ўскладненнi. У вынiку вам прапануюць перарваць цяжарнасць. Адна нырка з’яўляецца процiпаказаннем для цяжарнасцi. Да таго ж двурогая матка можа спрыяць невыношванню цяжарнасцi, хоць, канешне, трэба дакладна ведаць сiтуацыю. Вы стварайце сям’ю, i памятайце, што чужых дзяцей не бывае... — Таццяна Аляксандраўна з Мiнска, 48 гадоў. Я хацела б спытаць пра метад iмбалiзацыi матачных артэрый. — Ёсць такi сучасны метад лячэння фiбрамiёмы маткi. Ён мае пэўныя паказаннi i найбольш падыходзiць жанчынам маладога ўзросту... — Гiнеколагi кажуць, што ў метада — шмат пабочных эфектаў. — Так i ёсць. У 48 гадоў, калi ёсць фiбрамiёма маткi і паказана аператыўнае ўмяшанне, то лепш выдалiць матку. — Я пiсала ў Маскву, i мне адказалi, што рабiць эмбалiзацыю ў маiм выпадку магчыма i мэтазгодна. — Людзi зарабляюць грошы... — А ў нас такiя аперацыi робяць? — У 1-й клiнiчнай бальнiцы, але пакуль не шырока. — А фузаблацыя ў нас робiцца? — Пакуль не. — Зразумела. Я проста хацела перастрахавацца. У мяне мiёма — 16 тыдняў... — Гэта абсалютнае паказанне для выдалення маткi. У вашым узросце шмат фактараў рызыкi для развiцця перадракавых i ракавых станаў. Пры рэпрадуктыўным узросце — да 45 гадоў i пры пэўных паказаннях мы робiм кансерватыўную мiёмактамiю, калi захоўваем матку, выдаляем фiбраматозныя вузлы. Але гэта не ваш выпадак. Аперацыi ж па выдаленню маткi робяць у нас высокаквалiфiкаваныя ўрачы ва ўсiх клiнiках. — А гiстэраскапiю перад аперацыяй будуць рабiць? — Абавязкова. Патрэбна раздзельнае дыягнастычнае выскрабанне для атрымання гiсталагiчнага вынiку. — Лiдзiя Мiкалаеўна, Жлобiнскi раён, 47 гадоў. Мiёма маткi малых памераў i палiп эндаметрыя. Рабiлi выскрабанне... Падкажыце, што мне рабiць далей? — Вам урач павiнен быў на падставе гiсталагiчнага адказу прызначыць гарманальную тэрапiю на 6 месяцаў. Праз 3 месяцы — зрабiць ультрагукавое даследаванне, а праз 6 месяцаў — гiтэраскапiю з кантрольным выскрабаннем поласцi маткi. — Але ў мяне варыкознае расшырэнне вен i гармоны ўжываць нельга... — Калi варыкоз абшырны цi ёсць тромбафлебiт, то гарманальную тэрапiю не прызначаюць. Неабходна дасканала пракансультавацца з урачом. Няхай вам дадуць накiрунак да спецыялiстаў Жлобiнскага радзiльнага дома цi накiруюць на кансультацыю ў Гомель. — А аперацыю можна рабiць? — Паказанняў для аперацыi пры мiёме 6 тыдняў i палiпе няма. Такi варыянт будзе разглядацца, калi не дасць эфекту кансерватыўнае лячэнне i палiп будзе рэцыдывiраваць. — Марына, Маладзечанскi раён. Ад iмя тутэйшых жанчын хачу спытаць пра гiнекалагiчнае абслугоўванне ў нашым раёне. Нам вылучылi адзiн кабiнет гiнеколага ў жаночай кансультацыi. Урач — ветлiвая жанчына, але яна не паспявае ўсiх прыняць. Да яе заўсёды чарга, у якой можна прасядзець паўдня. У гарадскiх жа жанчын кабiнетаў шмат i чэргаў няма. Цi можна вылучыць для нас яшчэ аднаго спецыялiста? — Гэта пытанне можна вырашыць на месцы. Калi сапраўды не хапае кадраў, дастаткова падысцi з прапановай аб вылучэннi яшчэ адной стаўкi да галоўнага ўрача палiклiнiкi. Дарэчы, падчас вырашэння такiх пытанняў робiцца разлiк колькасцi насельнiцтва i ўлiчваецца нагрузка на спецыялiста. — Iна, Мiнская вобласць. Як хутка ў Беларусi можна будзе зрабiць экстракарпаральнае апладненне бясплатна? Цi можна атрымаць на такую справу льготны крэдыт? — Па-першае, бясплоднасць лечыцца рознымi метадамi. ЭКА прымяняецца толькi пры цяжкiх формах, калi ўсе метады не далi эфекту. Па-другое, ЭКА — не панацэя, бо, паводле навуковых даных, са ста цыклаў апладненне даюць толькi 25—30. Пры гэтым не кожны выпадак завершыцца дзетанараджэннем. У вынiку жанчына акажацца сам-насам не толькi з нявырашанай праблемай, але i з неабходнасцю выплаты крэдыту. Па-трэцяе, экстракарпаральнае апладненне адносiцца да лiку высокатэхналагiчных аперацый, якiя нельга атаясамлiваць з жыццёва неабходнай бясплатнай медыцынскай дапамогай. I тым не менш дзяржава, што называецца, пайшла насустрач жанчынам, якiм паказана ЭКА. Сёння ў Рэспублiканскiм навукова-практычным цэнтры «Мацi i дзiця» гэта працэдура каштуе прыкладна ў паўтара раза менш, чым у камерцыйных структурах. Для кожнага пацыента расцэнкi будуць розныя, што залежыць ад аб’ёму даследавання, формы i ступенi цяжкасцi бясплоднасцi. Аднак прыблiзна работа ўрачоў, расходныя матэрыялы каштуюць зараз каля 1 мiльёна 200 тысяч рублёў i ад 1 мiльёна 600 тысяч да 2 мiльёнаў рублёў каштуюць лекi, якiя сама пацыентка набывае ў адной з дзяржаўных аптэк. Што датычыцца крэдытаў, то вы можаце ўдакладнiць у ААТ «Беларусбанк», цi выдае ён зараз крэдыты на медыцынскiя паслугi тэрмiнам на тры гады. Праўда, льготнымi яны нiколi не былi. — Галiна Адамаўна, Калiнкавiцкi раён. У дачкi, якой 18 гадоў, — кiстозная дэгенерацыя яечнiка... — Гэты дыягназ вашай дачцэ паставiлi на падставе ўльтрагукавога даследавання — дадатковага метаду даследавання. А неабходна, каб яе яшчэ паглядзеў акушэр-гiнеколаг, якi збярэ анамнез, у тым лiку менструальнага цыкла i г.д. I толькi на падставе ўсiх гэтых даных урач прызначыць лячэнне. — Але ёй ужо прызначылi навiнет... — Часам пры такiм дыягназе прызначаецца гарманальнае лячэнне. Калi эфекту ад яго няма, урач павiнен даць накiрунак на кансультацыю ў Гомель. — Наталля з Мiнска. У мяне двое дзяцей, абодвух кармiла малаком, аднак калi яго праверылi на iнфекцыi, там шмат чаго выявiлi. Калi я захачу нарадзiць трэцяе дзiця, як пазбегнуць iнфiцыравання малака? — Часам умоўна патагенная флора можа стаць патагеннай i выклiкаць пэўныя захворваннi... У дадзеным выпадку мне патрэбна больш падрабязная iнфармацыя. Можаце перазванiць у рэдакцыю па нумару папярэднiх званкоў, даведацца, як сазванiцца са мной i мы пагаворым больш грунтоўна... — У мяне ёсць яшчэ адно, менш сур’ёзнае пытанне. Маю дзвюх дачок, а трэцяга хочацца хлопчыка... Што можа прапанаваць сучасная медыцына? — Сучасная гiнекалогiя — абсалютна нiчога. Верагодна, гэта справа генетыкаў. Аднак магу запэўнiць, што стопрацэнтную верагоднасць наўрад цi хто забяспечыць. Запісала Святлана БАРЫСЕНКА. (Працяг будзе.) Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падчас нашай яшчэ адной медыцынскай «прамой лiнii» званкi прымала галоўны акушэр-гiнеколаг Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь, дацэнт, кан
|
|