Андрэй Александровiч: «Аукцыёны дапамагаюць выкарыстоўваць маёмасць Мiншчыны больш эфектыўна»
Сяргей КУРКАЧ
Шмат аб’ектаў нерухомай маёмасцi выкарыстоўваецца ў нас пакуль не заўсёды эфектыўна. Чаму? I як гэтая праблема вырашаецца ў сталiчным рэгiёне, карэспандэнту «Звязды» расказвае дырэктар камунальнага рыэлтарскага ўнiтарнага прадпрыемства «Мiнскi абласны цэнтр улiку нерухомасцi» Андрэй Рыгоравiч АЛЕКСАНДРОВIЧ.
— Калi i кiм было створана ваша прадпрыемства? — Мiнскi абласны цэнтр улiку нерухомасцi быў створаны рашэннем Мiнскага абласнога выканаўчага камiтэта ад 17 лютага 2005 года № 118. Галоўнымi напрамкамi дзейнасцi нашага прадпрыемства з’яўляюцца: правядзенне аўкцыёнаў i конкурсаў па продажу аб’ектаў нерухомасцi; вызначэнне рынкавай i ацэначнай вартасцi будынкаў i памяшканняў (у тым лiку кватэр, дамоў, дач, гаражоў i iнш.), пабудоў, збудаванняў, незавершанага будаўнiцтва, абсталявання, транспартных сродкаў i iншай маёмасцi. — Па якому механiзму вамi право- дзяцца аўкцыёны па продажу аб’ектаў нерухомасцi? — Галоўным чынам аўкцыёны праводзяцца па так званаму англiйскаму метаду, калi продаж аб’ектаў нерухомасцi ажыццяўляецца з далейшым павелiчэннем цаны. У гэтым выпадку на аўкцыёне iдзе пошук тых пакупнiкоў, якiя прапануюць за аб’ект самую вялiкую цану. — У якiх выпадках практыкуецца выкарыстанне «галандскага» метаду правядзення аўкцыёнаў? — У апошнi час у Беларусi даволi востра стаiць праблема адчужэння не завершаных будаўнiцтвам аб’ектаў. Iх узвядзенне было пачата яшчэ ў савецкiя часы, а сённяшнiя ўладальнiкi не ў стане завяршыць будаўнiцтва. Рэалiзаваць такую нерухомасць вельмi цяжка, бо яе ацэначная вартасць часам у дзесяткi разоў большая за вартасць новага будаўнiцтва. Напрыклад, цана не завершанага будаўнiцтвам аб’екта складае 450—500 долараў за квадратны метр, пры сярэднiм стартавым кошце метра закончанага будаўнiцтва 200—250 долараў. Таму пры продажы затратных для дзяржавы аб’ектаў выкарыстоўваюцца аўкцыёны па галандскаму метаду — з далейшым панiжэннем першапачатковай цаны. — Якая папярэдняя работа ажыццяўляецца для правядзення аўкцыёну? Арганiзатары аўкцыёну дзейнiчаюць на падставе дагавора даручэння з прадаўцом аб’екта. Перад заключэннем дагавора даручэння арганiзатар правярае адпаведнасць дзеючаму заканадаўству пакета дакументаў, якi ўстанаўлiвае правы на аб’ект; рашэнне аб правядзеннi аўкцыёну па яго продажу; правiльнасць фармiравання першапачатковай цаны аб’екта нерухомасцi, агаворваюцца ўмовы правядзення аўкцыёну. Пасля заключэння дагавора даручэння, арганiзатар стварае камiсiю па падрыхтоўцы i правядзенню аўкцыёну i распрацоўвае ўмовы яго правядзення. За кошт уласных сродкаў наш цэнтр арганiзуе публiкацыю паведамлення аб правядзеннi аўкцыёна, праводзiць рэкламную кампанiю ў друкаваных сродках масавай iнфармацыi, па радыё i тэлебачанню, ажыццяўляе пошук патэнцыяльных пакупнiкоў з выкарыстаннем уласнай клiентнай базы прадпрыемства. Нашы спецыялiсты непасрэдна наведваюць аб’ект нерухомасцi, фатаграфуюць яго для размяшчэння больш поўнай iнфармацыi аб аб’екце на спецыялiзаваных сайтах. Арганiзатар аўкцыёна рыхтуе ўсе неабходныя для правядзення аўкцыёна дакументы, у тым лiку бланкi заяў аб удзеле, пагадненняў аб правах i абавязках бакоў i iнш. Ён вядзе прыём дакументаў удзельнiкаў аўкцыёна, правярае iх адпаведнасць заканадаўству i ажыццяўляе рэгiстрацыю. Пасля правядзення таргоў рыхтуецца пратакол аб вынiках аўкцыёну i праект дагавора куплi-продажу аб’екта нерухомасцi. — Кiм фiнансуецца правядзенне аўкцыёнаў? — Менавiта арганiзатар мерапрыемства ажыццяўляе ўсе неабходныя грашовыя разлiкi з удзельнiкамi аўкцыёну, за выключэннем разлiкаў па дагавору куплi-продажу. На любой стадыi правядзення таргоў спецыялiсты цэнтра праводзяць кансультацыi, тлумачэннi давернiку i патэнцыяльным пакупнiкам па пытаннях ажыццяўлення таргоў, дзяржаўнай рэгiстрацыi дагавора куплi-продажу i пераходу права ўласнасцi на аб’ект у адпаведнасцi з заканадаўствам. Заўважу, што ўсе расходы, якiя звязаны з правядзеннем аўкцыёну, аплачвае арганiзатар, а потым iх кампенсуюць пераможцы аўкцыёна. — Цi плануеце праводзiць аўкцыёны па продажу зямельных участкаў? — У нашага цэнтра ёсць жаданне, магчымасць, неабходны вопыт i высокаквалiфiкаваныя спецыялiсты для правядзення такiх аўкцыёнаў. Зараз вырашэнне гэтага пытання залежыць толькi ад актыўнасцi мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў, за якiмi замацаваны зямельныя ўчасткi. Для правядзення аўкцыёну па продажу права заключэння дагавора арэнды на зямельны ўчастак павiнна быць падрыхтавана ўся неабходная землеўпарадкавальная дакументацыя на зямельны ўчастак, ажыццёўлена яго рэгiстрацыя, вызначана першапачатковая цана. Сёння мы праводзiм аўкцыёны па продажу права на заключэнне дагавароў арэнды на зямельныя ўчасткi ў горадзе Заслаўлi. Зараз суб’екты гаспадарання даволi актыўна цiкавяцца падобнымi аукцыёнамi, але праводзiцца iх яўна недастаткова. — Якiя аб’екты i маёмасць прадаюцца на вашых аўкцыёнах? — На аўкцыёнах прадаюцца аб’екты нерухомасцi, абсталяванне, транспартныя сродкi, якiя знаходзяцца ў камунальнай i рэспублiканскай уласнасцi, аб’екты нерухомасцi i абсталяванне, якiя былi перададзены ў даход дзяржавы. Мы працуем па дагаворах даручэння з рознымi акцыянернымi таварыствамi. — Як ажыццяўляецца кантроль за выкарыстаннем абласной мiнскай нерухомасцi? — Кантроль за выкарыстаннем абласной нерухомасцi ажыццяўляецца Мiнскiм абласным тэрытарыяльным фондам дзяржаўнай маёмасцi. — Якiя ведамасныя структуры выкарыстоўваць маёмасць неэфектыўна? Што трэба рабiць, каб выправiць падобныя сiтуацыi? — Экспертамi падлiчана, што ў Беларусi зараз iснуе каля 2,2 млн квадратных метраў плошчаў, якiя выкарыстоўваюцца не эфектыўна, цi ўвогуле не выкарыстоўваюцца. Прычынай слабога попыту на такiя плошчы, а таксама на не завершаныя будаўнiцтвам аб’екты з’яўляецца iх вялiкая ацэначная вартасць. Сур’ёзнай праблемай адчужэння «непатрэбнай» маёмасцi з’яўляецца адсутнасць тэхнiчнай i iншай дакументацыi, якая ўстанаўлiвае права на яе. Вядома, што многiя будынкi будавалiся ў былыя гады гаспадарчым спосабам, без праектаў i каштарысаў. Сёння, каб iх прадаць, неабходна зрабiць тэхпашпарт, аформiць землеадвод, выканаць рэгiстрацыйныя мерапрыемствы. Гэтыя дзеяннi каштуюць зараз вялiкiх грошай. Пры гэтым можа адбыцца так, што атрыманых пры продажы аб’екта сродкаў можа не хапiць для кампенсацыi выдаткаў, якiя былi панесены гаспадаром у час падрыхтоўкi аб’екта да аўкцыёну. Iстотна знiжаюць актыўнасць прадаўцоў некаторыя асаблiвасцi айчыннага заканадаўства. У прыватнасцi, калi аб’ект не выкарыстоўваўся ўласнiкам больш за 5 гадоў, то сродкi пасля яго продажу цалкам накiроўваюцца ў дзяржбюджэт. З аднаго боку, дзяржава, такiм чынам, разлiчвае стымуляваць продаж маёмасцi, якая не выкарыстоўваецца. З другога — кiраўнiкi прадпрыемства, на балансе якiх знаходзiцца такi аб’ект, амаль цалкам губляюць зацiкаўленасць займацца рэалiзацыяй такога баласту. Часцей дырэктар пакiдае ўсё як ёсць, бо нiякiх санкцый за невыкананне графiка продажу ў заканадаўстве не прадугледжана. — Колькi аўкцыёнаў было праведзена вашым прадпрыемствам? — За час работы цэнтра нашымi спецыялiстамi было праведзена больш за 200 аўкцыёнаў, у тым лiку больш за 100 вынiковых таргоў. — Колькi ўсяго аб’ектаў было прададзена на аўкцыёнах i на якую суму? — Абласным цэнтрам улiку нерухомасцi было прададзена 107 аб’ектаў на агульную суму 21,4 млрд рублёў. У вынiку дзейнасцi прадпрыемства ў рэспублiканскi i мясцовыя бюджэты пералiчана 18,6 млрд рублёў. Зараз гэтыя аб’екты рэканструюцца, праводзiцца ўпарадкаванне тэрыторыi, ствараюцца новыя працоўныя месцы. — Па якiх напрамках вы бачыце перспектывы развiцця абласнога цэнтра ўлiку нерухомасцi? — У нас у рэспублiцы прынята комплексная праграма развiцця сферы паслуг на 2006—2010 гады, дзе вялiкая роля адводзiцца дзяржаўным прадпрыемствам у сферы развiцця рыэлтарскiх паслуг. У мэтах выканання гэтай праграмы зараз рыхтуюцца змяненнi ў адпаведны ўказ Прэзiдэнта, згодна з якiмi ўнiтарныя прадпрыемствы нашага профiлю змогуць займацца не толькi аўкцыёнамi i ацэнкай, але i развiваць рынак нерухомасцi шляхам прапанавання рыэлтарскiх паслуг насельнiцтву. Пасля гэтага наша прадпрыемства пачне ўсеаб’ёмна працаваць на рынку нерухомасцi рэгiёна i ствараць здаровую канкурэнцыю прыватным арганiзацыям. Упэўнены, што дзяржаўныя тарыфы нашага прадпрыемства будуць значна танней за кошт рыэлтарскiх паслуг, якiя сёння практыкуюцца ў буйных гарадах краiны прыватнiкамi. Асобна хачу падзякаваць журналiстам вашага выдання за плённае супрацоўнiцтва з нашым прадпрыемствам. Дзякуючы супрацоўнiцтву з такiм салiдным выданнем краiны, мы паспяхова ажыццяўляем сваю прафесiйную дзейнасць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шмат аб’ектаў нерухомай маёмасцi выкарыстоўваецца ў нас пакуль не заўсёды эфектыўна. Чаму? I як гэтая праблема вырашаецца ў сталiчным рэгiёне, карэспа |
|