«Сацыяльны пакет» у звязцы з узносамi
Сяргей ГРЫБ
Прамая лiнiя На пытаннi чытачоў нашай газеты адказвае намеснiк кiраўнiка Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Наталля Мiкалаеўна ШАЎЛОЎСКАЯ(Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 9 і 12 снежня.) — Знаёмая казала, што чалавек з нiзкай пенсiяй можа звярнуцца ў Фонд сацыяльнай абароны насельнiцтва з просьбай аказаць матэрыяльную падтрымку. Цi так гэта? Аляксандра Пятроўна ГРЫНЬКО, г. Гомель — З просьбай аб аказаннi аднаразовай матэрыяльнай дапамогi маламаёмныя пенсiянеры могуць звяртацца ў раённыя ўпраўленнi па працы i сацыяльнай абароне. Прычым пытанне, мае пенсiянер патрэбу ў падтрымцы цi не, вырашаць толькi там. Са свайго ж боку Фонд сацыяльнай абароны насельнiцтва проста фiнансуе выдаткi на прадастаўленне такой дапамогi. — Удакладнiце, з якой сумы вылiчваюцца памеры «бальнiчных»: толькi з акладу цi з усяго заробку цалкам, з улiкам надбавак i штоквартальных прэмiй? Андрэй СТАЦЭНКА, Жлобiнскi раён — Нагадаю, што рабочыя днi i гадзiны, якiя прыпадаюць на першыя 6 дзён часовай непрацаздольнасцi, аплачваюцца ў памеры 80, а астатнiя днi i гадзiны хваробы — у памеры 100 працэнтаў ад сярэдняга заробку. Прычым пад заробкам маюцца на ўвазе ўсе вiды аплаты працы, на якiя налiчваюцца страхавыя ўзносы — i ў тым лiку аклад, надбаўкi, штоквартальныя цi штомесячныя прэмii. Аднак тут не бяруцца пад увагу аднаразовыя прэмii, да прыкладу, да прафесiйнага свята цi юбiлею, матэрыяльная дапамога i сацыяльныя выплаты. — З 1 лiпеня быў пераведзены на кантракт, у сувязi з чым адбылося павелiчэнне маёй зарплаты. Пры гэтым з 18 па 24 лiпеня я знаходзiўся на «бальнiчным». Як ён павiнен быў аплачвацца? Алег Васiльевiч, г. Мiнск — Па агульнаму правiлу памер «бальнiчнага» вылiчваецца зыходзячы з сярэднядзённага (або сярэднегадзiннага) заробку за 2 каляндарныя месяцы перад тым месяцам, калi наступiла часовая непрацаздольнасць. Калi ж у работнiкаў на працягу 2 месяцаў, што папярэднiчалi хваробе, цi ў месяцы наступлення хваробы адбылiся прыём або перавод на iншую работу, павелiчэнне тарыфнай стаўкi (акладу) без улiку надбавак i павышэнняў, змяненне формы аплаты працы, то дапамога па часовай непрацаздольнасцi вылiчваецца за перыяд работы з дня пералiчаных змяненняў i да дня выхаду на «бальнiчны». Аднак варта заўважыць, што ў сувязi з пераводам на кантракт сам ваш аклад не павялiчыўся, а было проста ўведзена павышэнне да яго. Такiм чынам, дапамога па часовай непрацаздольнасцi павiнна была разлiчвацца зыходзячы з сярэднядзённага заробку за май i чэрвень. — Пасля выхаду на пенсiю ўладкаваўся працаваць, аднак праз тры месяцы з пенсii пачалi вылiчваць нiбыта «пераплату» толькi на той падставе, што мой iндывiдуальны каэфiцыент складае 1,6. Наколькi гэта правiльна? I цi не здаецца вам, што падобная сiтуацыя ўзнiкла не па маёй вiне, а, значыць, я не павiнен несцi нiякай адказнасцi? Анатоль Мiхайлавiч, г. Мiнск — Згодна з Законам «Аб пенсiйным забеспячэннi» працуючым пенсiянерам не выплачваецца частка пенсii, разлiчаная з выкарыстаннем iндывiдуальнага каэфiцыенту заробку звыш 1,3. I гэтым жа законам на работадаўца i пенсiянера ўскладзены абавязак паведамлення ў органы, што прызначаюць i выплачваюць пенсii, аб паступленнi пенсiянера на работу. Прычым работадаўца павiнен накiраваць такое паведамленне на працягу 5 дзён пасля прыняцця на работу пенсiянера. Калi ж гэтага не адбылося, можа ўтварыцца пераплата пенсii, а пераплачаная сума падлягае вяртанню. У такiх варунках з работадаўца гэта сума спiсваецца ў бясспрэчным парадку. А вось пенсiянер можа кампенсаваць пераплату добраахвотна, або з яго пенсii, па рашэнню камiсii па прызначэнню пенсiй, будуць рабiцца ўтрыманнi — у памеры не больш чым 20 працэнтаў пенсii штомесяц.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў нашай газеты адказвае намеснiк кiраўнiка Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Наталля Мiк |
|