21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

«Даiшнiк» — у першую чаргу памочнiк»

25.08.2009 22:16 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мiкола ДЗЯБЁЛА

На пытаннi аглядальнiка «Звязды» адказвае намеснiк начальнiка ўпраўлення Дзяржаўтаiнспекцыi МУС Беларусi Яўген Карповiч

— Яўген Леанiдавiч, прааналiзуйце, калi ласка, сiтуацыю на дарогах краiны. Якiя тэндэнцыi назiраюцца апошнiм часам? Што вас больш за ўсё непакоiць?

— Сёлета Дзяржаўтаiнспекцыяй сумесна з iншымi зацiкаўленымi арганiзацыямi i ўстановамi праведзены шэраг мерапрыемстваў, якiя садзейнiчалi пэўнай стабiлiзацыi абстаноўкi на дарогах. Дзякуючы ўкараненню новых сродкаў арганiзацыi дарожнага руху, удасканаленню формаў i метадаў прафiлактычнай працы за 11 месяцаў гэтага года на 42 чалавекi зменшылася колькасць смяротных ахвяр ДТЗ. Агульнарэспублiканскi каэфiцыент цяжкасцi наступстваў дарожна-транспартных здарэнняў (суадносiны колькасцi загiнулых на 100 аварый) зменшыўся з 17,2 да 16. Таксама зменшылася колькасць ДТЗ з удзелам нецвярозых вадзiцеляў, што, на маю думку, стала вынiкам жорсткiх мераў, якiя мы прымяняем да аматараў выпiць за рулём.

Разам з тым сiтуацыя на дарогах застаецца вельмi трывожнай. Павялiчылася агульная колькасць аварый, больш цяжкiмi сталi iх наступствы. Многiя вадзiцелi, на жаль, так i не навучылiся правiльна паводзiць сябе за рулём аўтамабiля: перавышаюць хуткасць, парушаюць правiлы манеўравання i праезду перакрыжаванняў, пешаходных пераходаў, выязджаюць на паласу сустрэчнага руху. А верхнiя радкi ў гэтым своеасаблiвым «рэйтынгу недысцыплiнаванасцi» сёлета занялi асобы, якiя кiравалi транспартным сродкам не маючы правоў i рэгiстрацыйных дакументаў, а таксама ўцекачы з месца здарэння.

Вельмi непакоiць нас i рост колькасцi аварый па вiне пешаходаў.

— Цi задаволена ДАI станам беларускiх дарог?

— У цэлым тэхнiка-эксплуатацыйны стан аўтамабiльных дарог Беларусi ў параўнаннi з iншымi дзяржавамi постсавецкай прасторы можна ацанiць станоўча.

Дзяржаўтаiнспекцыя сумесна з арганiзацыямi дарожнай гаспадаркi прымае меры для павышэння бяспекi на магiстралях. У прыватнасцi, штогод распрацоўваюцца адпаведныя праграмы, у вынiку рэалiзацыi якiх павялiчваецца колькасць асвятляемых участкаў дарог у населеных пунктах, абсталёўваюцца належным чынам пешаходныя пераходы, веласiпедныя дарожкi, з’яўляюцца наземныя i падземныя пераходы ў месцах iнтэнсiўнага руху транспарту, пашыраюцца праезныя часткi. Праўда, з-за адсутнасцi сродкаў не ўсе нашы пажаданнi па паляпшэнню якасцi i бяспечнасцi дарог выконваюцца. Таму кiраўнiцтва МУС накiравала ў Мiнiстэрства транспарту i камунiкацый iнфармацыю аб участках дарог з найвялiкшай канцэнтрацыяй ДТЗ. Менавiта на паляпшэнне дарожных умоў у такiх месцах у першую чаргу будуць выдзяляцца сродкi.

— А колькi на нашых дарогах самых аварыйных месцаў?

— Паводле iнфармацыi дэпар-тамента «Белаўтадар», па стану на 1 студзеня гэтага года на рэспублiканскiх дарогах налiчвалася больш за 560 участкаў найбольшай канцэнтрацыi ДТЗ. На жаль, колькасць такiх месцаў павялiчылася, нягледзячы на пастаянную працу дарожных службаў, накiраваную на паляпшэнне якасцi дарогi i павышэнне бяспекi.

— Я чуў, што нават святары прыязджалi на асобныя «зачараваныя ўчасткi», каб прагнаць «нячыстую сiлу». Цi дало гэта нейкi станоўчы эфект?

— Падобныя факты былi. Але ДАI не мае статыстычных звестак наконт эфектыўнасцi такiх спосабаў павышэння бяспекi ў аварыйных месцах.

Я асабiста лiчу, што дзеля прадухiлення ДТЗ трэба выкарыстоўваць усе магчымыя меры, у тым лiку i, скажам так, нестандартныя, бо на карту пастаўлена жыццё i здароўе людзей.

— А наколькi была апраўдана «палiтыка бiзуна i пернiка» ў адносiнах да вадзiцеляў, якiя здзяйснялi дробныя парушэннi? За непрышпiлены рэмень бяспекi цi размову па «мабiльнiку» да нядаўняга часу «даiшнiкi» рабiлi толькi заўвагу. Цяпер жа бязлiтасна штрафуюць. Больш таго, неўзабаве адмiнiстрацыйнае пакаранне за гэтыя парушэнні мацней ударыць па кiшэнi вадзiцеляў.

— Я не згодзен, што праводзiмая намi праца — гэта «палiтыка бiзуна i пернiка». Так, некалькi гадоў таму мы пачалi «лiберальней» ставiцца да дробных парушальнiкаў, рабiлi большы ўпор на тлумачальную работу, хоць i ад практыкi прыцягнення да адказнасцi зусiм не адмаўлялiся. Тое, што апошнiм часам мы пачалi больш жорстка караць за размовы па мабiльным тэлефоне i непрышпiлены рэмень бяспекi, абумоўлена самой складанай сiтуацыяй на дарогах. Заўважце, Дзяржаўтаiнспекцыя напачатку праз сродкi масавай iнфармацыi патлумачыла сутнасць праблемы, сумленна папярэдзiла вадзiцеляў, што не будзе глядзець скрозь пальцы на памянёныя парушэннi. Наўрад цi сёння знойдзецца вадзiцель, якi не чуў пра акцыю «Прышпiлiся!». I калi да гэтага часу ён не хоча сам паклапацiцца пра сваё жыццё i здароўе, бяспеку пасажыраў, то мы абавязаны прымусiць яго гэта зрабiць, у тым лiку i з дапамогай штрафных санкцый. Паводле нашых падлiкаў, сёлета больш за 300 чалавек засталiся б жывымi ў вынiку ДТЗ, калi б скарысталiся рамянямi бяспекi. А колькi пешаходаў дайшлi б дадому, калi б абазначылi сябе святлоадбiвальнымi элементамi! I гэта якраз тыя выпадкi, у якiх дзеля выратавання жыцця чалавека не патрабуюцца вялiкiя матэрыяльныя выдаткi.

— Раскажыце больш падрабязна аб сiстэме налiчэння штрафных балаў, якую прапануе ўвесцi ДАI. У прыватнасцi, як будуць ацэньвацца парушэннi, назавiце «крытычны парог» балаў, пасля якога вадзiцеля аўтаматычна пазбавяць правоў?

— Бальная сiстэма яшчэ знаходзiцца на стадыi распрацоўкi. У МУС створана мiжведамасная рабочая група, у якую апроч супрацоўнiкаў органаў унутраных спраў уваходзяць таксама спецыялiсты з Вярхоўнага Суда, Пракуратуры Беларусi i Мiнiстэрства юстыцыi. Канцэптуальна ўсе яны пагадзiлiся, што альтэрнатывы бальнай сiстэме няма. Яна, дарэчы, паспяхова функцыянавала ў СССР да 1959 года, толькi тады называлася «папярэджваннем шляхам выканання кампосцерных прасечак» адмысловага талона. Якой будзе бальная сiстэма ў Беларусi, стане вядома пасля яе канчатковага зацвярджэння i ўступлення ў сiлу.

Пакуль што магу толькi сказаць, што ў яе аснову пакладзены тры галоўныя прынцыпы.

Першы прынцып сцвярджае, што кiраванне транспартным сродкам з’яўляецца прывiлеяй, а не неад’емным канстытуцыйным правам грамадзянiна.

Другi прынцып канстатуе, што сiстэма ацэнкi i ўлiку парушэнняў Правiлаў дарожнага руху (ПДР) з дапамогай вядзення статыстыкi папярэджванняў прызначана для выяўлення пастаянных парушальнiкаў, а таксама дзеля абароны законапаслухмяных вадзiцеляў i пешаходаў. Вобразна кажучы, сiстэма будзе арыентавана на ачышчэнне нашых дарог ад вадзiцеляў, якiя пастаянна i шматразова парушаюць ПДР. Законапаслухмяным вадзiцелям альбо тым, хто выпадкова трапiць у спiс парушальнiкаў, асцерагацца няма чаго. Нязначныя i рэдкiя парушэннi ПДР праз некаторы час будуць спiсвацца.

I, нарэшце, трэцi, «заахвочвальны» прынцып. Паводле яго, вадзiцелям, якiя парушаць ПДР, будзе прапанавана прайсцi курсы па вывучэнню асноў бяспекi дарожнага руху. Такiм чынам яны атрымаюць магчымасць усвядомiць свае памылкi i пачаць па-iншаму ставiцца да выканання ПДР, што дасць магчымасць у далейшым пазбегнуць рэцыдываў небяспечных паводзiнаў на дарозе.

— Хутка споўнiцца роўна год з моманту ўступлення ў сiлу новых Правiлаў дарожнага руху. Наколькi эфектыўнымi аказалiся новыя ПДР? Цi трэба iх удасканальваць?

— Кожныя правiлы эфектыўныя толькi тады, калi яны выконваюцца. Ужо сцiхлi спрэчкi наконт таго, дрэнныя цi добрыя дзеючыя зараз ПДР. Вядома ж, няма мяжы дасканаласцi. Але гэта не азначае, што ў новыя Правiлы трэба тэрмiнова ўносiць змены. Хоць у iх ёсць пэўныя недакладнасцi, так бы мовiць, рэдакцыйнага характару. Але адпаведныя змяненнi i дапаўненнi лепш будзе ўнесцi пры ўвядзеннi новых дарожных знакаў альбо iншых патрабаванняў, якiя выцякаюць з мiжнародных абавязкаў Рэспублiкi Беларусь у сферы дарожнага руху i забеспячэння яго бяспекi.

— А цi праўда, што ДАI выступiла з iнiцыятывай увядзення для вадзiцеляў пластыкавых медыцынскiх даведак? Калi так, то чаму?

— Мы не настойваем на тым, каб медыцынскiя даведкi былi менавiта пластыкавыя. Не мае значэння з якога матэрыялу гэтыя дакументы будуць выраблены. Галоўнае, каб яны былi абароненыя ад падробкi, персанiфiкаваныя i аднесеныя да бланкаў строгай справаздачнасцi. Дзеля чаго гэта патрэбна? Справа ў тым, што апошнiм часам кожная палiклiнiка, якая мае лiцэнзiю на правядзенне адпаведнага медагляду вадзiцеляў i курсантаў аўташкол, сама вызначае ўзор бланкаў даведак. У вынiку, узнiк цэлы набор такiх дакументаў, на якiх, дарэчы, не тое што ступеняў абароны ад падробкi няма, але i нават фотаздымак уладальнiка адсутнiчае, што значна абцяжарвае кантроль за iх сапраўднасцю. А кантроль, i прычым вельмi жорсткi, за станам здароўя вадзiцеля проста жыццёва неабходны, паколькi аўтамабiль з’яўляецца сродкам павышанай небяспекi. Таму МУС звярнула ўвагу Мiнiстэрства аховы здароўя на мэтазгоднасць змянення дзеючых нарматыўных актаў, якiя рэгламентуюць выдачу памянёных даведак.

— Нядаўна прачытаў у Iнтэрнэце паведамленне, што ўлады Кракава ўвялi новую сiстэму заахвочвання працы тамтэйшых палiцэйскiх: чым больш штрафаў выпiша вартавы дарожнага парадку, тым салiднейшая ў яго будзе прэмiя. Цi iснуе такая ўзаемасувязь пры аплаце работы беларускага «даiшнiка»? Увогуле, па якiх крытэрыях ацэньваецца работа супрацоўнiка ДАI нашай краiны?

— Не, такой сiстэмы заахвочвання ў Дзяржаўтаiнспекцыi Беларусi няма. Нiякiх планаў па выяўленню парушэнняў Правiлаў дарожнага руху iнспектарам мы не даводзiм. Перад нашымi супрацоўнiкамi пастаўлены iншыя задачы. «Даiшнiк» — у першую чаргу памочнiк. Наша галоўная мэта — не пакараць вадзiцеля, а зрабiць так, каб усе ўдзельнiкi дарожнага руху адчувалi сябе камфортна i ў поўнай бяспецы. Аднымi карнымi мерамi дасягнуць такой «гармонii» на дарогах немагчыма. Вось чаму мы надаём вялiкую ўвагу прафiлактычнай рабоце з вадзiцелямi i пешаходамi.

Супрацоўнiкi ДАI, мiж iншым, прымаюць таксама актыўны ўдзел i ў раскрыццi злачынстваў. Сёлета, напрыклад, было затрымана больш за 300 угоншчыкаў аўтатранспарту.

Словам, ДАI, як i ўся беларуская мiлiцыя, працуе дзеля людзей, абараняе iх iнтарэсы i законныя правы. Таму галоўны крытэрый ацэнкi нашай работы — грамадская думка.

— Пра хабарнiцтва сярод «даiшнiкаў» яшчэ з савецкiх часоў iснуе цэлая серыя анекдотаў. Хоць праблема даволi сур’ёзная. Як вы з ёй змагаецеся?

— Я не стаў бы меркаваць аб вастрынi праблемы хабарнiцтва па колькасцi анекдотаў. Мы ведаем мноства «народных твораў» аб знакамiтых у мiнулым людзях. Найчасцей у анекдотах яны выглядаюць непрывабнымi i камiчнымi, хоць насамрэч былi зусiм не такiя. У многiм гэта датычыцца i анекдотаў пра супрацоўнiкаў ДАI.

Так, праблема карупцыi вельмi сур’ёзная, бо падрывае аснову дзяржавы, негатыўным чынам уплывае на аўтарытэт улады. Таму мы без усякага шкадавання развiтваемся з тымi супрацоўнiкамi, якiя заплямiлi мундзiр. Мы самi iмкнёмся выявiць нядобрасумленных супрацоўнiкаў, для чаго створана дзейсная сiстэма кантролю, якая ўключае i правядзенне праверак з выкарыстаннем спецыяльнай апаратуры.

— У вас ёсць асабiсты аўтамабiль?

— Ёсць. «Фольксваген» 1994 года выпуску. Праўда, вадзiцельскае пасведчанне маюць таксама мая жонка i дачка. Так што гэта наш сямейны аўтамабiль, якiм карыстаемся падчас паездак за горад, на прыроду. Я найчасцей саджуся за руль у выхадныя днi.

— I калi вас апошнi раз спынялi супрацоўнiкi ДАI?

— 1 студзеня гэтага года. Нягледзячы на Навагодняе свята, мне ўсю ноч давялося працаваць. Ранiцай я вяртаўся дамоў i мяне спынiў на дарозе супрацоўнiк ДАI Мiнскай вобласцi. Напэўна, ён проста хацеў праверыць мой фiзiчны стан, бо Правiлаў дарожнага руху я не парушаў. Мне не давялося нават прадстаўляцца, мы проста павiншавалi адзiн аднаго з Новым годам i я рушыў далей.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi аглядальнiка «Звязды» адказвае намеснiк начальнiка ўпраўлення Дзяржаўтаiнспекцыi МУС Беларусi Яўген Карповiч
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика