21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Калядная казка сям’i Вашчулаў

25.08.2009 22:16 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iлона IВАНОВА

Напярэдаднi Калядаў 11-гадовая Эвелiна Вашчула была вельмi занятая. У Магiлёўскiм архiкатэдральным касцёле Святога Станiслава дзяўчынка разам са сваёй малодшай сястрой Машай рэпетыравала калядную казку, якую пакажуць на святы ў дзiцячым доме. Паводле сцэнарыя, бацькi дзяўчынак перад святам бегаюць па магазiнах i ў спешцы часам забываюцца пра духоўны сэнс свята Божага Нараджэння. I тады да малых прыходзiць у госцi анёл, якi расказвае iм пра Каляды.

— Гэта вельмi вялiкае свята, калi нарадзiўся Iсус Хрыстос, — сур’ёзна тлумачыць Эвелiна. — Ён прыйшоў на зямлю, каб пазбавiць людзей ад грахоў, i памёр за нас на крыжы. I ў спектаклi мы пра гэта раскажам.

Бацька Эвелiны i Машы Аляксандр Iванавiч Вашчула таксама ў свята выйдзе на iмправiзаваную сцэну ў касцёле: ён iграе ролю вешчуна. Яго жонка Iна Адамаўна будзе назiраць за iгрой мужа i дзяцей з залы. Для яе сiмвал свята Божага Нараджэння — гэта калядкi, якiя спяваюць на беларускай мове. Самая любiмая — «Ночка — цуд...» Больш за дзесятак гадоў таму з калядак i касцёльнага свята пачалася яе гiсторыя кахання.

...Магiляўчанка Iна i ўраджэнец Крычаўскага раёна Аляксандр пазнаёмiлiся ў касцёле. А дакладней, у каплiцы на Польскiх могiлках, якую аддалi вернiкам у перабудову. Прыйшлi туды са знаёмымi з цiкаўнасцi i... засталiся.

— Гэта было нешта новае i нязведанае, — узгадвае Iна Адамаўна цяпер. — Мы амаль усе выраслi атэiстамi i нас вучылi, што Бога няма. Але нас цягнула да гэтага.

— Цяга да Бога была i ў часы атэiзму, — гаворыць Аляксандр Iванавiч. — Хоць i не апантаны вернiк, але калi саграшыў, то цiхенька малiўся.

Потым католiкам аддалi касцёл Святога Станiслава, дзе здзiралi са сцен зялёную фарбу i адкрывалi цудоўныя фрэскi. I можна было па будаўнiчых лясах дакараскацца да высокай столi касцёла i рукой дакрануцца да прыгожай ляпнiны — «барочнай» капусты. I было адначасова радасна, што касцёл адраджаецца, i крыўдна, што пасля гадоў разбурэнняў не вярнуць гэтай прыгажосцi былую велiч. Гэта ўсё незабыўныя ўспамiны Вашчулаў: як яны хадзiлi на суботнiкi, як рыхтавалiся да першых Калядаў, а потым закахалiся i пажанiлiся.

Iна Адамаўна працуе ў аддзяленнi Аграпрамбанка, а Аляксандр Iванавiч — у Цэнтры стандартызацыi i метралогii. Яны вельмi шчырыя i адкрытыя людзi. Гэта сям’я — адна з самых актыўных у каталiцкай абшчыне. Кожную нядзелю i ў святы яны ходзяць на службу, а дочкi наведваюць нядзельную школу, дзе добрая манахiня Мануэла расказвае малым пра Бога i жыццё.

Маша, якой яшчэ толькi 6 гадоў, дэманструе ўпрыгожаную блiскаўкамi фiгурку, арыгiнальна зробленую з цукерак.

— Гэта Святы Мiкалай, мы яго зрабiлi на занятках у касцёле, — тлумачыць малая. — Яго можна з’есцi на Каляды, аднак не самой, а абавязкова з кiм-небудзь разам.

Малыя традыцыйна бяруць удзел у святочных конкурсах калядак i батлеек, а бацькi ходзяць на духоўныя практыкаваннi i да споведзi.

— Я заўсёды адчуваю блiзкасць Калядаў, — гаворыць Аляксандр Iванавiч. — Гэта духоўнае супакаенне, незямное пачуццё.

А дома — перадкалядныя клопаты. У невялiкай трохпакаёвай кватэры ў адным з магiлёўскiх мiкрараёнаў адбылося генеральнае прыбiранне i ўрачыстае ўсталяванне ёлкi. У Вашчулаў ёсць калекцыя ёлачных упрыгажэнняў: праўда, рарытэтная «лядзяшка» з сярпом i молатам летась разбiлася, але яе месца цяпер зойме новы шар з анёламi.

Перад святам католiкi трымаюць пост: праўда, ён не мае строгiх абмежаванняў i з’яўляецца хутчэй духоўным. Эвелiна i Маша Вашчулы тлумачаць, што ў гэты час чакання нядрэнна было б хоць ненадоўга ўстрымацца ад цукерак i прагляду дзiцячага тэлеканала (канешне, у дзяцей два днi такога абмежавання прыроўнiваецца амаль да подзвiгу). А таксама рабiць больш добрых спраў: Маша дапамагла мацi абрэзаць сухое лiсце на хатнiх раслiнах, а Эвелiна падмяла падлогу на кухнi.

— Столькi працы i клопатаў было напярэдаднi святаў, а мне хочацца спакойнага сямейнага свята, якое б нас аб’яднала, — прызнаецца Iна Адамаўна. — Ну як мы жывём? Праца i школа, урокi, вячэра, тэлевiзар. Неяк мала сямейных радасцяў, i мала часу застаецца на няспешныя зносiны з дзецьмi. А якраз Каляды — гэта яшчэ i добрая магчымасць пабыць разам.

Сёння ўвечары Вашчулы разам сядуць за накрыты белым абрусам стол. Белы колер сiмвалiзуе чысцiню Iсуса, а пад абрус пакладуць салому, бо Iсус нарадзiўся на саломе. На стол паставяць 12 страў, сярод якiх абавязкова будзе рыба i сiмвалiчная куцця (у выглядзе рысавай кашы з разынкамi). Потым галава сям’i прачытае Евангелле i ўсе памоляцца, а пасля вячэры паедуць на службу ў святочна ўпрыгожаны i запоўнены людзьмi касцёл.

— Мне вельмi падабаецца, што мы тут дзелiмся аблаткамi, — гаворыць Iна Адамаўна. — Людзi, знаёмыя i незнаёмыя, жадаюць табе найлепшага i аддаюць табе свой сiмвалiчны кавалачак хлеба. Гэта стварае цудоўны настрой. У гэта свята штогод Iсус зноў нараджаецца ў нашых сэрцах, i ў гэтым ёсць глыбокi сэнс.

— Гэта добрае светлае свята, — гаворыць Аляксандр Iванавiч. — Трэба ў iм бачыць духоўнасць. Цяпер, гавораць, асаблiва на Захадзе, свята Нараджэння Хрыстова пераўтварылася ў шоу i шопiнг. Вельмi важна, каб людзi не забывалiся за рознымi клопатамi зайсцi ў храм.

Гэта выснова абсалютна не азначае, што Вашчулы не любяць падарункi. Дзецi прызвычаiлiся глядзець пад ёлку i ў Каляды, калi да iх павiнен завiтаць Святы Мiкалай, i ў Новы год, калi чакаюць знакаў увагi ад Дзеда Мароза. Сёлета Маша хоча новыя модныя ручнiкi, а Эвелiна — камп’ютар. А разам яны мараць пра тое, каб бацькi набылi вялiкую кватэру, дзе будуць асобныя пакоi для сясцёр. Справа гэта якраз знаходзiцца ў працэсе абмену, i набыццё новай кватэры — зусiм не за гарамi.

25 снежня ў сям’i Вашчулаў — дзень гасцей. Альбо яны iх прымаюць, альбо самi iдуць у госцi. Прычым тут нiякiх падзелаў па веравызнанню няма: праваслаўныя вернiкi з задавальненнем вiншуюць сваякоў i сяброў католiкаў, i наадварот. Сям’я таксама святкуе i праваслаўныя, i каталiцкiя Каляды. Аляксандр Iванавiч — прыхiльнiк экуменiзму, i перакананы, што памiж рознымi галiнамi хрысцiянства вялiкай рознiцы няма: яна ёсць толькi ў абрадзе, а не ў сэнсе.

— Я жадаю, каб ва ўсiх было ўсё добра, каб людзi не грашылi, i каб у iх было крыху болей грошай, — гаворыць Маша.

— Хачу, каб у людзей усё атрымлiвалася, каб iх пачынаннi былi ўдалыя. I каб яны знайшлi Бога i зразумелi, што гэта такое, — жадае Эвелiна, акрамя 8 па матэматыцы ў чвэрцi для самой сабе.

— Я жадаю ўсiм шчасця i радасцi ў дзецях, — усмiхаецца Iна Адамаўна. — Для мяне самае галоўнае, каб у маiх дзяцей усё было добра, i каб яны выраслi дастойнымi людзьмi.

— Мiру, веры, любовi, Божай ласкi для ўсёй нашай роднай Беларусi, — такое пажаданне на свята Нараджэння Хрыстова Аляксандра Iванавiча. — Калi будзе квiтнець наша краiна, тады i ўсiм нам будзе добра.

Канешне, усiм хочацца свята i, дарэчы, хочацца зiмы, бо Каляды — свята ўсё ж зiмовае. I хоць кажуць, што Каляды без марозу i снегу — нейкiя «не нашы, а басурманскiя», ўсё ж сям’я Вашчулаў нагадвае, што снег i мароз — гэта толькi дэкарацыя, а свята Божага Нараджэння павiнна быць у душы чалавека.

Добрых вам Калядаў!



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напярэдаднi Калядаў 11-гадовая Эвелiна Вашчула была вельмi занятая. У Магiлёўскiм архiкатэдральным касцёле Святога Станiслава дзяўчынка разам са сваёй
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика