I не горад, i не вёска, або ў Пiнкавiчах, на пятай Садовай
Святлана ЯСКЕВIЧ
Пінск на ўсходзе плаўна перацякае ў вёску Вешавiчы Пiнкавiцкага сельсавета. Няма нават дакладна акрэсленай гранiцы. Насамрэч яна праведзена на картах i дакументах. Але чалавеку недасведчанаму не вельмi проста бывае вызначыць: у горадзе ён у дадзены момант цi ў вёсцы,калi адзiн бок вулiцы Даватара адносiцца да Пiнска, а другi — да Вешавiч. А Вешавiчы ў сваю чаргу злiваюцца з Пiнкавiчамi. Такое геаграфiчнае становiшча накладвае адбiтак i на характар жыхароў, iх калектыўны менталiтэт.
«Жывыя» грошы Так лiчыць старшыня Пiнкавiцкага сельскага Савета Любоў Дарашэнка. У дзвюх названых вёсках жыве 5100 чалавек. На без малога дзве тысячы домаўладанняў у сельсавеце значыцца ўсяго 70 кароў. Можна падумаць, што людзi аддаюць перавагу гарадскому тыпу жыцця. Але гэта не зусiм дакладна. Бо Пiнкавiчы славяцца сваiмi памiдорамi, ранняй капустай i iншай агароднiнай. Нягледзячы на тое, што забудова ў вёсках вельмi шчыльная i на некаторыя дамы выпадае лiтаральна некалькi сотак прысядзiбнага ўчастка, тут кожны лапiк зямлi старанна дагледжаны i апрацаваны. I людзi жывуць заможна. Ёсць такiя прыклады, калi ў доме кожны з пяцi дарослых членаў сям’i мае свой аўтамабiль. Гэтакiя пiнскiя Альшаны ў паменшаным выглядзе. Сапраўды, кароў i iншую жыўнасць тут трымаюць не ахвотна, а вось цяплiцы стаяць паўсюль. Тутэйшыя жыхары прывыклi здабываць капейку ад працы на зямлi. Руплiвыя гаспадары, а такiх тут большасць, здымаюць са сваiх агародаў па тры ўраджаi. З пачатку студзеня плошчу засяваюць расадай, напрыклад, ранняй капусты. Да пачатку сакавiка саджанцы гатовы, iх збываюць на рынку, але не ўсе — частку пакiдаюць сабе. Капуста рассаджваецца па ўсёй цяплiцы, i ў канцы мая становiцца таварным прадуктам, якi зноў жа прыносiць «жывыя» грошы. Ну а пасля збору ўраджаю ў грунт высаджваюцца памiдоры, якiя забяспечваюць прыбытак гаспадару ў трэцi раз. Некаторыя прымяняюць iншы парадак севазвароту — гэта залежыць ад узроўню агранамiчных ведаў i асабiстага вопыту земляроба. На тутэйшай зямлi добра растуць i агуркi, i кабачкi з баклажанамi, укроп, пятрушка, радыска, — усё, чым багаты пiнскiя рынкi практычна цэлы год. Але на базарах роднага райцэнтра гаспадары збываюць адзiнкi працэнтаў сваёй прадукцыi. У асноўным вязуць свежую гароднiну ў Мiнск, Маладзечна, Барысаў, некаторыя раёны Вiцебскай вобласцi. У кожнага вытворцы адпрацаваны свае каналы збыту i свае маршруты гандлю. Шматдзетныя — i не бедныя Цiкавая гiсторыя гэтага, так бы мовiць, местачковага бiзнэсу. Пачыналi яго «цалiннiкi» са Столiнскага раёна i суседнiх раёнаў Украiны. Людзi прыязджалi на Пiншчыну, тут iм давалi пляц пад забудову. I перш-наперш яны будавалi дом. Потым апрацоўвалi кожную пядзю зямлi, узводзiлi цяплiцу i пачыналi вырошчваць агароднiну. Было гэта ў 70-я гады... Ужо тады ў некаторых населеных пунктах Столiншчыны, вялiкiх украiнскiх сёлах адчуваўся дэфiцыт зямлi. А ў Пiнскiм раёне яе не шкадавалi для руплiвых гаспадароў. Словам, не паспелi азiрнуцца, як у Пiнкавiчах вырасла пяць Садовых вулiц. Цi то фантазii не хапiла, каб прыдумаць iншыя назвы, цi нехта знарок захацеў правесцi паралель з вялiкiмi савецкiмi гарадамi, дзе прынята было ўсё называць аднолькава? Але ж да гэтай пары большасць пiнкавiцкiх працаўнiкоў жывуць на Садовых вулiцах. Такiя, як Сямён Саланевiч, напрыклад. Працавалi з жонкай з самай маладосцi. Цяпер дзецi выраслi, усе вызначылiся ў гэтым жыццi, усе навучылiся здабываць хлеб сваёй працай. Можна назваць i Вiктара Беляковiча. Iх з гаспадыняй дом — поўная чаша. Пяцёра дзяцей выгадавалi, усе як адзiн пабудавалi свае хаты тут жа, нiкуды не паехалi, усе годна жывуць i працуюць. Шматдзетныя сем’i ў Пiнкавiчах i Вешавiчах — не рэдкасць. Iх тут усе ведаюць, паважаюць, бо яны нiчога нi ў кога не просяць. Бацькi пецярых дзяцей Кавалiцкiя нядаўна нават узялi кавалак зямлi ў арэнду — свайго ўчастка для iх гаспадаркi аказалася мала, i апрацоўваюць яе, маюць даход. Гэта маладая сям’я, малодшаму iх сыну ўсяго паўтара года. Старшыня сельскага Савета Любоў Дарашэнка ганарыцца сваiмi шматдзетнымi сем’ямi. Любоў Аляксандраўна кажа: «Калi чую ад сваiх калег, якiя праблемы яны часам маюць з сем’ямi, дзе расце многа дзяцей, яшчэ больш пачынаю шанаваць сваiх». Паводле слоў кiраўнiка мясцовай улады, у iх вёсках бацькi асабiстым прыкладам выхоўваюць у дзяцей асаблiвае стаўленне да жыцця. Яно заключаецца ў тым, што дабрабыт можна здабыць у нялёгкай працы. I сваю першую капейку хлопчыкi i дзяўчынкi вучацца зарабляць у раннiм школьным узросце. У адпаведнасцi з цяперашнiмi законамi дзяржава дапамагае шматдзетным сем’ям, напрыклад, палепшыць жыллёвыя ўмовы. Такой дапамогай ужо скарысталiся пяць сем’яў з Пiнкавiцкага сельсавета. Але гэта не значыць, што яны жылi дрэнна, проста з’явiлася магчымасць абмяняць кватэру на большую або добраўпарадкаваць раней пабудаваны дом. ppБарацьба за «пядзю» У гэтым сельсавеце не ўзнiкае пытанняў са старымi дамамi. На iх своечасова афармляецца спадчына, iх падтрымлiваюць у належным стане. Затое набягае шмат iншых пытанняў — усё, што датычыць межаў. Спрэчкi ўзнiкаюць памiж суседзямi ну ледзь не за пяць сантыметраў зямлi. I першай прыцягваюць на «перадавую» гэтай барацьбы, вядома ж, мясцовую ўладу. Па-рознаму даводзiлася тушыць канфлiкты старшынi Дарашэнка. Было нават з дапамогай... бензапiлы. Калi адзiн сусед без канца скардзiўся на другога за тое, што на мяжы памiж участкамi раслi суседскiя слiвы. Цiкава, што наконт сваiх вiшань, якiя таксама раслi на той жа мяжы, ён казаў так: «А яны мне не перашкаджаюць». I вось калi па распараджэнню старшынi Савета спiлавалi ўсе дрэвы, што раслi на мяжы, гэта аказала проста цудоўнае дзеянне на iншых скаржнiкаў па аналагiчных пытаннях. Яны хуценька пазабiралi свае пiсьмовыя прэтэнзii. А адна памежная зямельная спрэчка так урэзалася ўсiм у памяць, што нават раённая пракуратура праводзiла на той злашчаснай мяжы семiнар-вучобу для сваiх работнiкаў. Галаўным болем i для мясцовага насельнiцтва, i для ўлады стаў асаблiвы кантынгент людзей, якiя паразiтуюць на чэснай працы гаспадароў. Пэўная група п’янiц, бамжоў даўно аблюбавала цяплiцы як сродак для дармавой спажывы. Украдзе такi чалавек кiлаграм памiдораў цi агуркоў, прадасць каля блiжэйшага магазiна — выпiўкай на дзень забяспечаны. З такiмi стратамi пiнкавiцкiя земляробы ўжо амаль што змiрылiся. Калi i зловяць зладжюжку супрацоўнiкi мiлiцыi, то да якой адказнасцi прыцягнеш яго за пару памiдораў? Часцей за ўсё на злачынны промысел выходзяць гарадскiя асобы. Тутэйшыя ж вяскоўцы хлеб i да хлеба здабываюць руплiвай працай. А для нармальнага жыцця ў Пiнкавiчах усё ёсць. Яшчэ адна прыкмета, якая сведчыць аб, так бы мовiць, сцiраннi граняў памiж горадам i вёскай — прамысловы бiзнэс, якi пацягнуўся з райцэнтра. Сёння ў Пiнкавiчах i Вешавiчах паспяхова працуюць цэлы шэраг прыватных прадпрыемстваў па вытворчасцi мэблi, медыцынскай тэхнiкi, а таксама рамонту i вырабу агрэгатаў для сельскай гаспадаркi i мелiярацыi. Кiраўнiкоў прадпрыемстваў людзi па традыцыi выбiраюць дэпутатам у сельскi Савет. У такой якасцi яны, як правiла, болей згаворлiвыя, калi справа датычыць вырашэння нейкiх агульных праблем населенага пункта. Пiнскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пінск на ўсходзе плаўна перацякае ў вёску Вешавiчы Пiнкавiцкага сельсавета. Няма нават дакладна акрэсленай гранiцы. Насамрэч яна праведзена на карта |
|