З выбарам прафесii давядзецца вызначацца яшчэ ў базавай школе
Надзея НIКАЛАЕВА
Iдэя прафiлiзацыi старшай ступенi 12-гадовай школы, як з задавальненнем канстатуюць у Мiнадукацыi, не выклiкала ў беларускiм грамадстве такiх гарачых дыскусiй, як гэта было, скажам, з увядзеннем у школе дзесяцiбальнай сiстэмы. Ажыццявiць масавы пераход старшакласнiкаў на профiльнае навучанне плануецца ўжо ў 2008 годзе, i, як папярэджвае сваiх калег мiнiстр адукацыi Аляксандр Радзькоў, адчуць яго павiнны толькi спецыялiсты, але не вучнi i iх бацькi. Кадры, матэрыяльна-тэхнiчная база, вызначэнне з выбарам варыянтаў арганiзацыi профiльнага навучання з улiкам магчымасцяў гарадскiх i сельскiх школ, навукова-метадычнае суправаджэнне, стварэнне варыятыўных падручнiкаў, распрацоўка курсаў па выбару, рэгуляванне пытанняў аплаты работы выкладчыкаў ВНУ i ССНУ, якiя будуць весцi ў школах курсы па выбару i спецкурсы, правядзенне iнфармацыйна-тлумачальнай работы з вучнямi, педагогамi i бацькамi — вось далёка не поўны пералiк пытанняў i праблем, для вырашэння якiх застаецца зусiм няшмат часу.
Узяць хоць бы падрыхтоўку настаўнiкаў. Паводле слоў першага намеснiка начальнiка ўпраўлення адукацыi Вiцебскага аблвыканкама Леанiда Сцяпанава, на Вiцебшчыне вельмi шмат робiцца для падрыхтоўкi кiраўнiкоў i педагогаў да рэалiзацыi профiльнага навучання. Так, ва ўсе вучэбныя планы курсаў павышэння квалiфiкацыi педагогаў уведзены мадэлi сучасных адукацыйных тэхналогiй па рознаўзроўневаму выкладанню прадметаў прыродазнаўча-матэматычнага цi гуманiтарнага цыклаў. У дапамогу педагогам падрыхтавана каля 40 вучэбна-метадычных выданняў. На сайце iнстытута павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi педагагiчных кадраў створаны раздзел «Профiльнае навучанне», якi пастаянна папаўняецца новай iнфармацыяй. Для кiраўнiкоў навучальных устаноў распрацаваны i выдадзены метадычныя рэкамендацыi аб шляхах дыферэнцыяцыi ў школе. Акрамя таго, у кожным раёне створана iндывiдуальная мадэль профiльнага навучання. Мiж iншым, Канцэпцыя профiльнага навучання прадугледжвае выкладанне прадметаў на профiльным узроўнi толькi педагогамi з вышэйшай цi першай квалiфiкацыйнай катэгорыямi. Нягледзячы на тое, што на Вiцебшчыне 31 працэнт педагогаў маюць вышэйшую катэгорыю, а 48 працэнтаў — першую, усё роўна ўзнiкаюць праблемы, так бы мовiць, рэгiянальнага характару, бо ў малакамплектных школах працуюць спецыялiсты, якiя не маюць вышэйшай катэгорыi, прычым гэта можа быць адзiн фiзiк на ўсю школу, адзiн хiмiк i гэтак далей. На думку Леанiда Сцяпанава, праблему трэба вырашаць за кошт выпускнiкоў педагагiчных ВНУ, якiя адразу пасля завяршэння вучобы павiнны быць гатовыя да выкладання ў школе прадметаў на павышаным узроўнi i работы ў навучальных установах новага тыпу. Аднак практыка паказвае, што не ўсе педагогi могуць выкладаць свае дысцыплiны на павышаным цi паглыбленым узроўнях. I нават самы добры выпускнiк педагагiчнага ўнiверсiтэта не зможа адразу выкладаць у профiльных класах — для гэтага яму трэба папрацаваць, каб набрацца патрэбнага вопыту... Не менш актуальнай з’яўляецца i праблема дапрофiльнай падрыхтоўкi. Не варта забываць пра сапраўдныя мэты прафiлiзацыi, якая заклiкана не толькі павышаць якасць атрыманых у школе ведаў і настройваць вучняў на паступленне ў ВНУ, але i садзейнiчаць сацыяльнаму самавызначэнню асобы. Аб праблеме прафесiйнага самавызначэння школьнiкаў, абапiраючыся на вопыт эксперыментальных школ, гаварыў на рэспублiканскай нарадзе, прысвечанай перспектывам развiцця агульнай сярэдняй адукацыi, i дырэктар навукова-даследчага цэнтра Нацыянальнага iнстытута адукацыi Алег Лiсейчыкаў. У 2006 годзе 68,8 працэнта выпускнiкоў 12-х класаў эксперыментальных школ паступiлi ў ВНУ i сярэднiя спецыяльныя навучальныя ўстановы, 13 працэнтаў прадоўжылi навучанне ў прафесiйна-тэхнiчных навучальных установах, 16 працэнтаў пайшлi працаваць, а 2,2 працэнта праходзяць зараз воiнскую службу, навучаюцца на падрыхтоўчых аддзяленнях ВНУ цi знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску. Найбольш высокiмi поспехамi могуць пахвалiцца выпускнiкi класаў фiзiка-матэматычнага профiлю: з iх 82 працэнты паступiлi ў ВНУ i 12 працэнтаў — у сярэднiя спецыяльныя навучальныя ўстановы. Напрыклад, у сярэдняй школе № 5 г. Жодзiна з 18 выпускнiкоў фiзiка-матэматычнага профiлю 16 сталi студэнтамi ВНУ i адзiн выпускнiк паступiў у ССНУ, а ў вiцебскай СШ № 29 з 26 выпускнiкоў 25 чалавек паступiлi ў ВНУ i адзiн чалавек — у сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову. Аднак, паводле слоў Алега Лiсейчыкава, педагогам ёсць над чым задумацца. Як высвятляецца, цалкам задаволеныя адукацыйныя патрэбы i запыты ў 60 працэнтаў навучэнцаў, а ў 35 працэнтаў — толькi часткова. Пры гэтым прафесiйныя планы адназначна вызначаны ў 52 працэнтаў выпускнiкоў, а ў 44 працэнтаў — толькi часткова. Узаемасувязь абазначаных паказчыкаў праявiлася i ў дынамiцы перамяшчэння навучэнцаў па профiлях навучання. Так, калi ў 2004/2005 навучальным годзе 25 працэнтаў вучняў навучалiся ў фiзiка-матэматычным профiлi, 21 працэнт — у фiлалагiчным, 11 працэнтаў — у тэхналагiчным, 10 працэнтаў — у гiсторыка-грамадазнаўчым, 9 працэнтаў — у iнфарматыка-матэматычным, 5 працэнтаў — у хiмiка-бiялагiчным i 17 працэнтаў — у традыцыйных агульнаадукацыйных класах, то ў 2006/2007 навучальным годзе найбольшая колькасць навучэнцаў займаюцца ў агульнаадукацыйных класах (33 працэнты) i ў класах тэхналагiчнага профiлю (22 працэнты). Далей за iмi iдуць фiзiка-матэматычны (18 працэнтаў), фiлалагiчны (14 працэнты), гiсторыка-грамадазнаўчы (9 працэнтаў) i хiмiка-бiялагiчны (4 працэнты) профiлi. Тлумачэнняў тэндэнцыi павелiчэння колькасцi навучэнцаў у агульнаадукацыйных класах шмат. Па-першае, гэта яскравае сведчанне таго, што прафесiйныя намеры навучэнцаў яшчэ канчаткова не сфармiравалiся i яны не гатовыя прымаць рашэннi аб шляхах атрымання будучай прафесii. Па-другое, многiя iмкнуцца атрымаць завершаную агульную сярэднюю адукацыю ў знаёмым адукацыйным асяроддзi з найменшымi адукацыйнымi нагрузкамi. Навучэнцы класаў тэхналагiчнага профiлю тлумачаць свой выбар апасеннямi, што могуць не прайсцi ў абраныя iмi прафесiйна-тэхнiчныя i сярэднiя спецыяльныя навучальныя ўстановы. Здараецца, што перашкодай для задавальнення адукацыйных патрэб вучня становiцца неспрыяльны клiмат, якi склаўся ў калектыве, асобасныя якасцi настаўнiкаў, якiя выкладаюць профiльныя прадметы, цi неадпаведнасць iнтарэсаў навучэнцаў iх магчымасцям i здольнасцям. — Для ажыццяўлення прафесiйнага самавызначэння навучэнцаў вялiкае значэнне будзе мець iх псiхолага-педагагiчнае суправаджэнне i наладжаная ў навучальнай установе прафарыентацыйная работа. А пры масавым увядзеннi профiльнага навучання сiтуацыя «рызыкоўнага выбару» змяшчаецца як мiнiмум на 3 гады раней, у базавую школу, прычым не толькi для тых, хто збiраецца навучацца ў ПТУ цi ССНУ, але i для тых, хто плануе прадоўжыць навучанне на старшай ступенi школы, — папярэджвае Алег Лiсейчыкаў. Iдэi дыферэнцыяцыi i iндывiдуалiзацыi навучання з’яўляюцца ключавымi ў абнаўленнi зместу i структуры рэфармуемай нацыянальнай школы. У гэтым годзе, напрыклад, рознымi формамi дыферэнцыраванага навучання ахоплены 40,9 працэнта навучэнцаў 1—9-х (10-х) класаў школ i 77,7 працэнта вучняў 10—11-х (12-х) класаў. Найбольш запатрабаваныя сярод старшакласнiкаў класы фiзiка-матэматычнага профiлю (20,3 працэнта), фiлалагiчнага (16,4 працэнта), тэхналагiчнага (15,3 працэнта), хiмiка-бiялагiчнага (9,5 працэнта) i эканамiчнага (4,7 працэнта) профiляў. Аднак даволi часта ў пагонi за прэстыжнасцю той цi iншай навучальнай установы цi ў iмкненнi забяспечыць свайму дзiцяцi гарантаванае паступленне ў ВНУ бацькi пераацэньваюць яго магчымасцi i фактычна робяць дзiця заложнiкам сваiх амбiцый. Статыстыка сведчыць, што 60 працэнтаў вучняў маюць сярэднi ўзровень iнтэлекту. I далёка не ўсе могуць справiцца з вывучэннем дысцыплiн на павышаным i паглыбленым узроўнях. Адсюль праблемы з засваеннем вучэбнай праграмы, вучэбныя перагрузкi i пастаянная стомленасць. Тыпавы вучэбны план, што быў распрацаваны для профiльнай ступенi агульнаадукацыйнай школы, прадстаўлены двума кампанентамi (дзяржаўным кампанентам i кампанентам установы адукацыi) i вызначае толькi тры абавязковыя для ўсiх навучальных устаноў нормы: гэта пералiк вучэбных прадметаў, што вывучаюцца на базавым узроўнi, i колькасць абавязковых гадзiн; максiмальная тыднёвая нагрузка пры вывучэннi прадметаў толькi на базавым узроўнi (30 гадзiн) i пры профiльным навучаннi (34 гадзiны) i фармiраванне профiлю з камбiнацыi не менш як двух вучэбных прадметаў (напрыклад, фiзiка i матэматыка цi хiмiя i бiялогiя). Ва ўсiх профiлях адзiн з профiльных вучэбных прадметаў можа вывучацца на паглыбленым узроўнi, а iншы — на павышаным. Магчыма таксама вывучэнне двух профiльных прадметаў на павышаным узроўнi. Дарэчы, вопыт эксперыментальных школ паказаў, што старшакласнiкi надзвычай прагматычныя — як правiла, яны аддаюць перавагу тым курсам па выбару, якiя дазволяць iм лепш падрыхтавацца да ўступных iспытаў у ВНУ. Па гэтай прычыне многiя праграмы i дапаможнiкi курсаў па выбару аказалiся ў эксперыментальных школах незапатрабаваныя...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Iдэя прафiлiзацыi старшай ступенi 12-гадовай школы, як з задавальненнем канстатуюць у Мiнадукацыi, не выклiкала ў беларускiм грамадстве такiх гарачых
|
|