Чыноўнiцкi аўкцыён i iнвалiднае лобi
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Падрабязнасцi Сталi вядомыя падрабязнасцi вымагання буйной сумы хабару чыноўнiкам Крупскага райвыканкама i адказнымi асобамi Беларускага таварыства iнвалiдаў.Як паведамлялася раней, 8 лютага супрацоўнiкамi ўпраўлення па барацьбе з эканамiчнымi злачынствамi, а таксама байцамi спецпадраздзялення «Алмаз» МУС краiны ў адным з нумароў гасцiнiцы «Мiнск» быў затрыманы намеснiк старшынi Крупскага райвыканкама. Чыноўнiка ўзялi ў момант атрымання хабару ў памеры 5300 долараў. Неўзабаве ля ўвахода ў гэтую ж гасцiнiцу былi затрыманы намеснiк старшынi цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства iнвалiдаў i яго памочнiк. «Хабарны апетыт» гэтых службовых асобаў быў куды большы — 529 тысяч долараў. Паводле звестак упраўлення iнфармацыi i грамадскiх сувязяў МУС, яшчэ летам мiнулага года прадстаўнiкi адной расiйскай фiрмы шукалi ў Беларусi памяшканне для арганiзацыi вытворчасцi керамiчнай плiткi i чарапiцы. Увагу расiян прыцягнуў завод керамiчных вырабаў «Худаўцы», што ў Крупскiм раёне. Намеснiк старшынi райвыканкама, да якога расiяне звярнулiся з прапановай аб набыццi завода, абяцаў сваю дапамогу. Паводле iнфармацыi МУС, чыноўнiк сарваў аўкцыён па продажу аб’екта i садзейнiчаў змяншэнню кошту завода ў некалькi разоў — прадпрыемства было ацэнена ўсяго ў 1 мiльярд рублёў. За свае «карупцыйныя паслугi» чыноўнiк запрасiў хабар у памеры 212 тысяч долараў. На гэтым «хабарная афера» не завяршылася, бо неабходна было прыняць рашэнне аб адчужэннi завода i перадачы правоў на яго продаж Крупскаму райвыканкаму. Пралабiраваць адпаведнае рашэнне ўзялiся памянёныя вышэй адказныя асобы з Беларускага таварыства iнвалiдаў, на балансе якога i знаходзiлася прадпрыемства. Апошнiя ацанiлi сваю «працу» яшчэ даражэй — запатрабавалi ад расiйскай фiрмы 529 тысяч долараў. Маскоўскi камерсант, якому была адрасавана гэтая «карупцыйная прапанова», звярнуўся ў ГУУС беларускай сталiцы. Потым да справы па выяўленню хабарнiкаў падключылiся i супрацоўнiкi МУС нашай краiны. Агульнымi намаганнямi нядобрасумленныя службовыя асобы з таварыства iнвалiдаў i чыноўнiк райвыканкама былi злоўлены за руку пры атрыманнi хабару i змешчаны за краты.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сталi вядомыя падрабязнасцi вымагання буйной сумы хабару чыноўнiкам Крупскага райвыканкама i адказнымi асобамi Беларускага таварыства iнвалiдаў
|
|