Нафта для Беларусi пойдзе праз Лiтву?
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
Учора, 14 лютага, адбылася першая прэс-канферэнцыя для беларускiх журналiстаў новага Надзвычайнага i Паўнамоцнага Пасла Лiтоўскай Рэспублiкi ў Беларусi Эдмiнаса Багдонаса.
У 2006 годзе тавараабарот памiж дзвюма краiнамi склаў 600 млн долараў ЗША. На думку пасла, гэтая лiчба не адпавядае патэнцыялу i магчымасцям, якiя маюцца. Пры гэтым Эдмiнас Багдонас адзначыў, што лiтоўскi капiтал гатовы прыйсцi ў Беларусь, але лiтоўскi бок для гэтага «хацеў бы мець як мага больш гарантый» для сваiх iнвестыцый. Пасол заявiў таксама, што зараз у Лiтве абмяркоўваецца пытанне аб магчымасцi зрабiць прапанову Беларусi выкарыстоўваць iнфраструктуру краiны для дастаўкi нафты праз Клайпедскi порт. Дастаўляцца нафта з трэцiх краiн у Беларусь можа чыгуначным транспартам альбо з дапамогай iснуючага ў Лiтве нафтаправода. Аднак у апошнiм выпадку «трэба зрабiць вельмi шмат тэхнiчных удасканаленняў» трубаправода. «Афiцыйнай прапановы (беларускаму боку. — Аўт.) яшчэ не было, мы разглядаем гэтую магчымасць», — сказаў пасол. Пры гэтым ён дадаў, што пры пастаўцы нафты праз Клайпедскi порт з трэцiх краiн Беларусь атрымала б «немалы працэнт неабходнай для спажывання нафты». Эдмiнас Багдонас сказаў таксама, што зараз iснуе праект чатырох краiн (Лiтвы, Латвii, Эстонii i Польшчы) па будаўнiцтву ў Вiсагiнасе (Лiтва) новай атамнай электрастанцыi. «Аднак мы яшчэ не вызначылiся, якiя рэактары набываць i колькi». Пры гэтым, на думку пасла, «элементарная логiка падказвае», што ў сiтуацыi, калi Беларусь плануе распачаць будаўнiцтва сваёй АЭС, дзве краiны маглi б дамагчыся скiдак на цану абсталявання для станцый, калi б рабiлi сумесны вялiкi заказ. «Але канкрэтных перамоў памiж Беларуссю i Лiтвой яшчэ няма». У блiжэйшы час Лiтва павiнна ўступiць у Шэнгенскую зону. У сувязi з гэтым у Мiнску пачалося будаўнiцтва прыбудовы да пасольства, каб у будучым забяспечыць абслугоўванне жадаючых атрымаць вiзы згодна з правiламi Шэнгена. Сёння ж пасольства ў Мiнску выдае кожны дзень 600—700 вiз. Лiтоўскi бок мае планы таксама набыць участак зямлi ў Гродне (у гэтым горадзе знаходзiцца Генеральнае консульства Лiтвы), каб пабудаваць дадатковыя плошчы і забяспечыць выдачу вiз грамадзянам Гродзеншчыны згодна з правiламi Шэнгена. Гаворачы пра палiтычны дыялог памiж Лiтвой i Беларуссю, Эдмiнас Багдонас адзначыў, што «Лiтва, як член ЕС, падтрымлiвае палiтыку ЕС». Пры гэтым Лiтва чакае канкрэтных прапаноў ад беларускага боку па супрацоўнiцтву з Захадам i «хацела б быць першым «адвакатам» Беларусi ў Бруселi i ў iншых мiжнародных структурах».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора, 14 лютага, адбылася першая прэс-канферэнцыя для беларускiх журналiстаў новага Надзвычайнага i Паўнамоцнага Пасла Лiтоўскай Рэспублiкi ў Беларус |
|