Будзе нараджальны «бум»?
Ала МАЧАЛАВА
Дэмаграфiчная бяспека (Заканчэнне. Пачатак у нумары за 14 лютага.)Карэспандэнт «Звязды» гутарыць з галоўным навуковым супрацоўнiкам Iнстытута эканомiкi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, доктарам сацыялагiчных навук, прафесарам Людмiлай Пятроўнай ШАХОЦЬКА, мацi дваiх дзяцей i бабуляй 6-гадовай унучкi. На матэрыяльную дапамогу маладым сем’ям у Людмiлы Шахоцькі такi погляд: — Дапамагаць сем’ям трэба толькi ў самы цяжкi перыяд, а ў далейшым больш эфектыўнай дапамогай дзяржавы з’яўляюцца льготы, якiя павялiчваюцца прапарцыянальна павелiчэнню зарплаты. Толькi пры высокiм узроўнi даходаў можна палепшыць матэрыяльнае становiшча сям’i. I дзяржава павiнна зябяспечваць такi ўзровень зарплаты, якi дазволiць сем’ям мець столькi дзяцей, колькi яны хочуць. Паводле прагнозаў Людмiлы Шахоцькі, нават прыняцце праграмы iмгненна не пазбавiць краiну ад дэпапуляцыi. I справа не ў тым, што праграма дрэнная — проста такiх мераў, якiя б дазволiлi ў самы блiжэйшы час вырашыць усе дэмаграфiчныя праблемы, не iснуе — больш таго, праект яе распрацоўваўся вельмi доўга i дасканала, нi адной iншай праграме, вiдаць, не было ўдзелена столькi ўвагi. Нягледзячы на тое, што кардынальнага пазбаўлення ад дэпапуляцыi не адбудзецца, праграму неабходна прыняць, каб стабiлiзаваць сiтуацыю, i прамаруджанне тут пагражае яшчэ большымi праблемамi, нерэальна высокiмi паказчыкамi, якiх трэба будзе дабiвацца. Што канкрэтна зменiцца пасля прыняцця Нацыянальнай праграмы дэмаграфiчнай бяспекi? — Вiдавочна, павялiчыцца нараджальнасць, людзi перастануць адмаўляцца хоць бы ад жаданых дзяцей (а ўлiчваючы, што такiх працэнтаў 30, гэта ўжо добра), палепшыцца аснашчанасць медыцынскiх устаноў, будзе ўзмоцнены прафiлактычны напрамак медыцыны (што панiзiць захворванне i смяротнасць) i будзе зроблены сур’ёзны ўплыў на змяненне ладу жыцця. Плануецца павелiчэнне мiграцыi да 5 тысяч людзей за год, пачынаючы з 2008-га. Без iмiгрантаў не абысцiся Мiграцыйныя працэсы былi i застаюцца вельмi складанымi, яны прыносяць карысць i маюць сур’ёзныя мiнусы. Заахвоцiць iмiгрантаў будзе нялёгка, хоць дагэтуль Беларусь з’яўляецца адзiнай на постсавецкай прасторы краiнай, у якую прыбывае больш насельнiцтва, чым выязджае адсюль. На жаль, патэнцыял гэты на сёння вычарпаны. — Усе, хто хацелi, ужо прыехалi, — мяркуе Людмiла Пятроўна. — У асноўным вярталiся тыя, хто выехаў з Беларусi ў адну з савецкiх дзяржаў. Вярталiся з-за складанай ваенна-палiтычнай абстаноўкi, нiзкага ўзроўню жыцця ў iншых краiнах i г.д. Зараз жа эканамiчнае становiшча выраўноўваецца, а палiтычныя рэжымы становяцца больш лаяльнымi да рускамоўных. Сёння нам проста неабходна стымуляваць прыток iмiгрантаў, пажадана рускамоўных — iм будзе прасцей iнтэгравацца ў наша грамадства. Цiкава, што ў праекце праграмы дэмаграфiчнай бяспекi зафiксаваны меры, прызваныя стымуляваць вяртанне эмiгрантаў, якiя выехалi за мяжу працаваць. Вiдавочна, што зрабiць гэта будзе, мякка кажучы, нялёгка. — За кошт iмiграцыi наша сiтуацыя палепшыцца, аднак i гэта не панацэя. Пачынаючы з 2000 года, насельнiцтва памiрае з хуткасцю 50 тысяч чалавек за год. Арыентуючыся на гэту лiчбу, мы ўмоўна правялi падлiкi з аналагiчнай колькасцю iмiгрантаў. Нейтралiзацыi не атрымалася: нараджаюць яны таксама няшмат, а памiраюць абсалютна так, i мы зноў маем звужанае ўзнаўленне. Пры гэтым сур’ёзна змяняецца структура насельнiцтва: ужо ў сярэдзiне стагоддзя патомкамi жыхароў Беларусi будуць толькi дзве трэцi насельнiцтва, а ў канцы стагоддзя iх стане яшчэ на трэць менш. Аднак нават нягледзячы на гэта нi ў якiм разе нельга абмяжоўваць прыток iмiгрантаў — без гэтага нам нiяк не абысцiся: пры нязменнасцi iснуючых паказчыкаў нараджальнасцi i смяротнасцi i нулявой мiграцыi, ужо да сярэдзiны стагоддзя насельнiцтва Беларусi будзе складаць прыблiзна 6 мiльёнаў, тэмпы скарачэння насельнiцтва будуць нарастаць, так што да канца стагоддзя гэты паказчык можа быць (нават страшна называць такую лiчбу) менш чым тры мiльёны чалавек. Таму заахвочванне iмiгрантаў — мера апраўданая ды i натуральная: з рухам насельнiцтва памiж краiнамi распаўсюджваецца прагрэс, адбываецца абмен вопытам, навыкамi. Дзякуючы iмiгрантам запаўняюцца тыя нiшы на рынку працы, якiя мясцовае насельнiцтва пакiдае пустымi. — У свой час вельмi актыўна скарыстоўвала iмiграцыйныя працэсы Францыя, — зазначае Людмiла Пятроўна, — чым iстотна палепшыла сваю дэмаграфiчную сiтуацыю, аднак мiжнацыянальных канфлiктаў, як бачым, пазбегнуць не ўдалося. Паводле слоў Людмiлы Шахоцькі мiжнародны вопыт быў шырока скарыстаны пры складаннi беларускай праграмы нацыянальнай бяспекi, у прыватнасцi, вопыт Францыi — краiны, якая першай пачала праводзiць актыўную дэмаграфiчную палiтыку, у асноўным у накiрунку павышэння нараджальнасцi. Безумоўна, хацелася б дасягнуць японскай працягласцi жыцця i французскай нараджальнасцi, аднак краiнам з рознымi традыцыямi, укладам жыцця i менталiтэтам, нельга цалкам пераймаць нешта адна ў адной. На сёння няма краiны, якая б здолела правесцi такую дэмаграфiчную палiтыку, што змянiла б сiтуацыю да iдэальнай. Людмiла Пятроўна слушна заўважае, што ў нашым грамадстве няма адпаведнай глебы для стварэння шматдзетнай сям’i: — Куды нi кiнь — паўсюль абмежаваннi для вялiкай сям’i, нават у аўтамабiлi на дзiцячых сядзеннях памесцяцца толькi двое малых, трэцяга ўжо не пасадзiш. Пафаснымi лозунгамi пра сям’ю — ячэйку грамадства прэстыж яе не падняць, трэба мяняць устаноўкi на ўзроўнi выхавання, фармiравання грамадскай думкi: нiякiя кар’ерныя поспехi не заменяць цiхай гаванi i трывалай крэпасцi адначасова — моцнай, надзейнай, удалай сям’i.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт «Звязды» гутарыць з галоўным навуковым супрацоўнiкам Iнстытута эканомiкi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, доктарам сацыялагiчных нав |
|