Хай глядзiць унiз?Алё, народ на провадзе! ...«Звязда» правiльна пiсала: за 36 гадоў работы на асветнiцкай нiве чаго толькi ў мяне нi было — i смешнага, i сумнага...У другiм класе, памятаю, вымярэнне плошчы праходзiлi. Растлумачыў урок, дзецi з большага зразумелi. Да двух хлапчукоў, адно, «не дайшло». Вырашыў паказаць iм на практыцы. Даў абодвум па вялiкай драўлянай лiнейцы — мерайце, кажу: адзiн плошчу падлогi, другi — столi. Першы хлопчык скемiў: вымераў хуценька даўжыню класа, потым шырыню... А другi стаiць, галаву задраўшы. — Чаму ты не мераеш? — пытаюся ў Вiцi. — Я, — кажа, — не залезу туды. — А можа з долу як?.. Ты падумай. — Не, драбiну трэба. Клас у смех, падказвае яму: — Па сценах можна памераць, па падлозе. Адна дзяўчынка дапамагчы ўзялася... Карацей — справiлiся, тэму засвоiлi. А назаўтра падыходзiць да мяне Вiцеў бацька. Пытаецца: — Чым вы там займалiся, што дзяцей прымушалi па сценах лазiць? Давялося патлумачыць яму. Але ж той, вiдаць, не шмат зразумеў, бо, адыходзячы, буркнуў, што сыну яго ўверх глядзець не прыйдзецца, лётчыкам не будзе. Так што лепш пад ногi... Што цiкава, Вiця пасля школы многа ездзiў па свеце, але шчасця там, як кажуць, не знайшоў, вярнуўся назад. Працуе на ферме, выпiвае (мякка кажучы) i таму пад ногi, на зямлю глядзiць досыць часта. Каб бутэльку недзе падняць. Сцяпан НЕФIДОВIЧ. в. Любань, Лунiнецкi раён. Мастацтва быць чалавекам У тыя гады я працаваў у ЦК i апынуўся у кампанii вядомых дзеячаў культуры. Адзiн з iх (Генадзь Цiтовiч — народны артыст, кiраўнiк сусветна вядомага хору) у мой бок з недаверам пазiраў. Казалi, што не любiць ён партыйных работнiкаў... Пра многае мы тады гаварылi. Дагаварылiся ж — да таго, што не заўсёды ў нас пiшуць праўду. — Так-так, — уступiў у размову i я, — узяць хоць бы генiяльнага i генеральнага авiяканструктара Сухога. БелСЭ паведамляе, што нарадзiўся ён у вёсцы Глыбокае Гомельскага павета, а насамрэч — у горадзе Глыбокае... Цi вось пра Цiтовiча... Тая ж энцыклапедыя пiша, што ён з сям’i настаўнiкаў, а насамрэч — бацька яго святар. — Адкуль вы ведаеце? — неяк спалохана перапынiў мяне Генадзь Iванавiч. — Ды, — кажу, — з уласнага жыцця. Бацечка ваш — айцец Янка хрысцiў мяне. Ды яшчэ i не проста... Раз нарадзiўся на Рамана з Платонам, Раманам хацелi мяне i назваць. Цётка ўпрасiла, каб Iгарам. Айцец Янка паслухаў... I шчаслiвае, мiж iншым, выйшла iмя. Мне заўжды шанцавала, калi не лiчыць паўгалодных гадоў маленства. Так што дзякуй яму — добра ахрысцiў... А праз чатыры гады ён i бацьку ў лепшы свет праводзiў. Убачыў, якая галеча ў сям’i (мама расказвала) — нi капейкi не ўзяў... Мудры чалавек быў, сумленны, спагадлiвы... Генадзь Iванавiч падышоў да мяне, расчулены, прыабняў за плечы. I нiколi больш не чужыўся. Iгар БЯГУН. г. Мiнск. Як рукой зняло! Люблю вясну, лета... Асаблiва — у вёсцы, бо прыгажосць там проста невыказная. Адно — работы зашмат. Толькi пасадзiў, пасеяў — палiваць пара, праполваць, прарэджваць, рыхлiць... У той дзень я ўжо нарабiлася — памылася, сабрала вячэру, толькi прысела, — гвалт за акном: — Людцы, ратуйце! Ой!.. Ой!.. Суседка, бачу, енчыць, па двары кругi наразае... Да студнi падбегла i ў бочку з вадою боўць... Вылазiць... Мокрая, як курыца i ўсё роўна крычыць. — Што з табою? — падбегшы, пытаюся. Толькi галавою круцiць i на вочы паказвае... Потым высветлiлася. Знаёмая ёй мазi дала — ногi нацiраць. А як гэта рабiць, — не сказала. Дык тая сваiм адумам — на лаўку села, у жменю лекаў нацiснула i давай каленi расцiраць. А вечар жа, мошкi хмарамi ўюцца. Адагнала. Адна ў вока трапiла. Яна туды рукой (з маззю)... Боль — проста нясцерпны быў. Ледзь мы з iм саўладалi. Спрабавалi было той лекарцы прэтэнзii выставiць. Не прыняла. Сказала: — Хоць не надоўга, але ж паглядзi, як памагла мая мазь. Хваробы твае, як рукой зняло. Я ж бачыла, як ты па двары гойсала. На хворых нагах гэтак не палётаеш. Н.I. БРАКАЛА. г. Гродна. А дзверы проста адчынялiся... Не вам казаць — грамадскiя туалеты ў нас такiя, што вочы б iх не бачылi! Ды прыходзiцца... I не толькi бачыць... Бо нiдзе ж не дзенешся... А мiж iншым, парадак там навесцi можна. Для гэтага шмат магчымасцяў ёсць. Пра адну — у прыватнасцi — мой зямляк расказаў. Здарылася гэта з iм самiм i досыць даўно. Паехаць за мяжу (а тым больш — у нейкую капiталiстычную краiну) мог тады не кожны. Яму ж — пашанцавала, бо пры партфелi, як кажуць, быў. Дык вось. Прыехаў ён, пасялiўся ў гатэлi. Не нумар там — каралеўскi пакой: дываны, дыхтоўная мэбля, пяшчотныя шторы на вокнах. А ўжо туалет... Зайшоў, плiтку на сценах пагладзiў, падзiвiўся, колькi люстэркаў там, колькi наваротаў нейкiх кшталту папяровых ручнiкоў, вадкага мыла... Ну i патрэбу справiў. Чын чынаром усё. А сабраўся выйсцi — не можа: дзверы зачынены. Ён ля iх i так, i гэтак — i тузаў, i спражкай ад дзягi падважваў, i плечуком нацiскаў... Нiчога. Грукаў доўга — нiхто не пачуў. Клiкаў на дапамогу — марна... З адчаю — зароў на ўвесь голас, сказаў усё, што ён думае (пра гэту краiну — таксама). ...Праз некалькi гадзiн, калi сiл нiякiх ужо не было, пакаёўка ў нумар зайшла. Азвалася, адчынiла яго. Ён (мовы ж не ведаў) давай на пальцах паказваць ёй, якi бардак тут, як дзверы «заела»... Жанчына ж, на здзiў, вельмi хутка ўсё зразумела. Падышла да ўнiтаза, нацiснула кнопку, — дзверы аўтаматычна адчынiлiся. Для гэтага ўсяго i трэба было, што змыць за сабой. Няхiтрая навука i нармальнаму чалавеку яна без патрэбы, але ж тых, хто прывык хадзiць у «шпакоўню» вучыць неяк трэба... Наталля ШТЭЙНЕР. г. Валожын. На Газу! Астравецкi раён адметны апроч iншага тым, што ёсць тут свае Малi (толькi з нацiскам на першым складзе), ёсць Палестына, Фiлiпаны, Чэхi, ёсць i свая Газа (не блытаць з сектарам, бо нацiск на апошнiм складзе)... Дык вось. Адна настаўнiца туды на працу ездзiць — «аўтастопам». Цэлая навука, расказвала — перад кiм галасаваць, а перад кiм не, як сябе весцi, каб быць у бяспецы, як грошы за праезд зэканомiць. Але ж, як высветлiлася, нават з гэткiм вопытам, можна «ўляцець». У той дзень яна яўна спазнялася, але шанцы паспець яшчэ заставалiся: ледзь не адразу машыну спынiла (з лiтоўскiмi нумарамi), спытала: — Вы на Газу? Вадзiцель неяк здзiўлена паглядзеў на яе, але галавою кiўнуў. Жанчына села. Паехалi. Пагаварылi пра тое-другое (гэта, яна казала, абавязковая ўмова...). На скрыжаваннi ён у вёску звярнуў... Спадарожнiца захвалявалася: — Дык вы на Газу едзеце? — Так. Я ж вам казаў, — раздражнёна буркнуў вадзiцель i змоўк. Настаўнiца — таксама: цi мала куды трэба чалавеку заехаць. Галоўнае — на работу паспець. Вёску мiнулi. Едуць... Яўна не туды. Жанчына ў лямант: — Стойце... Ды куды вы мяне везяце? — Як куды? У Астравец. — Дык я ж у вас сто разоў пытала, цi вы на Газу?! — А я вам i казаў, што на газу... Гэта танней, чым на бензiне... Толькi вам што да таго, на чым мой рухавiк працуе? — Госпадзi! — ледзь не расплакалася cпадарожнiца, — якая мне справа да вашай машыны! Мне ў Газу трэба. Гэта вёска такая на Полацкiм тракце... У якасцi маральнай кампенсацыi той вадзiцель да работы жанчыну «падкiнуў». А яна цяпер, калi спыняе спадарожную машыну, заўсёды пытаецца: — Вы прама едзеце цi на Астравец паварочваеце? Нiна РЫБIК. г. Астравец. Камплiмент Вiдаць, кожнаму, хто ўжо трохi пажыў, прывялося хварэць i ляжаць у бальнiцы. Таму — не цяжка будзе ўявiць... Палата, значыць. Познi вечар. Хворыя спаць паляглi. Асобныя — ужо i паснулi. Дзвюм кабетам не спiцца — цiхенька, каб iншых не будзiць, адна пытае: — Маня, а як там Вольга жыве? — Ды нiчога, кумачка, тупае пацiху, у градах грабецца. — А Iванаўна як? — О-о, Iванаўна... Ты яе не пазнаеш цяпер. Так раздалася, так растаўсцела... — Няўжо? Была ж худая, як жэрдка. — Дык то — была... А цяпер... Разрабiлася, як тая карова... Як ты, кумачка. — Што ты гаворыш?! — Праўду! Праўдачку! Такая карова, як ты... Далiбог! ...Усе жанчыны (якiя i спалi ўжо!) узарвалiся гучным рогатам. Добры ж камплiмент, праўда? А.Э. ЯКУБОВIЧ. в. Струбнiца, Мастоўскi раён. Дружба — даражэй Казюк ужо стары чалавек. Жонку пахаваў, дзецi з’ехалi... Адзiн жыве. Але не адзiнокi, бо паважаюць яго. Залатыя рукi некалi меў — рабiў куфры, шафы, сталы, табурэткi. Зараз — не тое. Нават кароўку прадаў. А свiнчо сёлета кармiў. I выкармiў — папрасiў суседа, каб закалоць прыйшоў. Той паслухаўся, усё зрабiў, як след, забраў аплату (натурай); суседкi сала пасалiлi, пераклалi часначком, каўбас «накруцiлi»... Дык вось. Падсушыў гаспадар гэтую смакату на шосцiку перад печчу, злажыў у спецыяльны плецены кошык з накрыўкай, глядзiць — завязкi няма. Пахадзiў па хаце. Знайшоў матузок. Завязаў свой скарб, вынес у кладоўку. Усё, маўляў, спарадкаваў кабанчыка. Адзiнай iстотай жывой цяпер кот заставаўся — добры сябрук. Скардзiлiся яны адзiн аднаму на свае бядоты, спалi ў адным ложку... У той вечар, аднак, Васька дамоў не прыйшоў. Лёг гаспадар — не спiцца. Ранiцай устаў — пагаварыць няма з кiм... Шукаў ката па ўсiх буданах, у суседзяў пытаў — як скрозь зямлю правалiўся. Сумна стала — да слёз: месца дзед сабе не знаходзiць... Рашыў паглядзець, як каўбасы ляжаць. Прынёс кош у хату, адкрыў века... Кот як дасць пад рукi. I адразу да вады — п’е, аж вушы злажыў. — Во дзе ты быў, нягоднiк, — узрадаваўся гаспадар. Васька вiнавата аблiзнуўся i потым, вiдаць, просячы прабачэння, стаў выпiсваць васьмёркi ў дзеда ля ног. — Ну, годзе, годзе прасiцца. Не злую... Дружба ж — яна, брат, даражэй за каўбасы. Добра, што жывы застаўся, а мог бы i загiнуць. Ад смагi... Iван БЯЛЯЎСКI. в. Вiшнева, Смаргонскi раён. Рубрыку вядзе Валянцiна ДОЎНАР. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...«Звязда» правiльна пiсала: за 36 гадоў работы на асветнiцкай нiве чаго толькi ў мяне нi было — i смешнага, i сумнага...
|
|