Цi стане залатым «Дрэва шчасця»?
Аляксандр ПУКШАНСКI
На Лепельшчыне пакуль што толькi адзiнкi займаюцца прыёмам турыстаў. Нагадаю, толькi базавую велiчыню ў год трэба заплацiць у якасцi падатку за такую дзейнасць. Але ж дзе вяскоўцу ўзяць грошы, каб пераўтварыць, напрыклад, тыповую звычайную хату з падворкам у добраўпарадкаванае ўтульнае «месца» з усiмi сучаснымi выгодамi? Наогул цi проста атрымаць участак зямлi для стварэння сельскага гатэля, дзе акрамя пражывання i харчавання гарантуецца шэраг эксклюзiўных паслуг: знаёмства з традыцыйнымi рамёствамi, экскурсii па цiкавых куточках?
На Лепельшчыне дзейнiчае адзiная сялянска-фермерская гаспадарка «Люкжына», уладальнiк якой Вiктар Труфанаў працуе i ў сферы аграэкатурызму. «Група падтрымкi» шчыра i з захапленнем, як кажуць, талакой дапамагае яму наладжваць i развiваць гаспадарку з «турыстычным ухiлам». Гэта людзi, якiя працуюць у розных сферах: гiсторыкi, краязнаўцы, майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасцi, спецыялiсты сельскай гаспадаркi. Сярод добраахвотных памочнiкаў — 70-гадовы пенсiянер Уладзiмiр Сяргеевiч Мiрановiч з вёскi Акана, якi ведае будаўнiчыя сакрэты продкаў. Ён зрубiў па просьбе фермера першы вянец дома па традыцыйнай беларускай старадаўняй тэхналогii. Мiрановiч валодае ўсiмi спецыяльнасцямi, што могуць спатрэбiцца для вясковага жыцця. За гэта ўсе яго паважаюць. А якiя кашалi ён робiць сваiмi залатымi рукамi! Аднадумца фермера Вольга Маханенка — i партнёр па бiзнэсу, i iнiцыятар шэрагу незвычайных iдэй. Яна сваю дачу пераўтварыла ў сядзiбу «Прыазёрная», што ў Старым Лепелi. Вольга, дарэчы, з’яўляецца аўтарам i каардынатарам турыстычнага маршрута «Край жоўтых гарлачыкаў i сiвых валуноў». Вiктар гадоў 19 адпрацаваў у калгасе трактарыстам i вадзiцелем, а Вольга — менеджар па культуры, а таксама рэжысёр, працавала i ў раённым Доме культуры i самыя розныя традыцыйныя беларускiя святы арганiзоўвала. «Люкжына» — гэтая назва з’явiлася ў гонар возера Люкшына, толькi адну лiтару замянiлi, — расказвае Вольга Мiкалаеўна Маханенка. — Гэтая сялянска-фермерская гаспадарка знаходзiцца кiламетраў за 10 ад райцэнтра. Калiсьцi тут была панская сядзiба, ад якой, на жаль, засталiся толькi рэшткi фундаменту ды асобныя каштоўныя элiтныя дрэвы ў садзе. Мы спрабуем звязаць фермерства з агратурызмам, ды не проста фармальна, а па ўзору старабеларускай гаспадаркi, дзе i кароў разводзiлi, рамёствамi займалiся... Нам ёсць што паказаць гасцям. I курган Х стагоддзя, i так званы «змееў камень». Iснуе язычнiцкая легенда, што гiганцкi змей лётаў да сваёй каханай на возера (Новалукомльскае), але да першага праменя сонца ён павiнен быў схавацца ад святла, аднак аднойчы спазнiўся, сонца спалiла крылы, ды ўпаў на зямлю недалёка ад сённяшняй вёскi Гогалеўка. Каб яго пахаваць, людзi прыносiлi зямлю. Так у лесе засталася яго магiла — 7-метровая глыба. Многiя мясцовыя жыхары вераць, што калi дакрануцца да яе, поспех у каханнi гарантаваны. Таму госцi з задавальненнем праводзяць такiя «доследы». А як захапляе i натхняе стары «Цар-дуб» у вёсцы Тадулiна, абхапiць яго могуць адначасова мiнiмум чалавек 6 — 7! А колькi цiкавых каменных крыжоў прыкладна сярэднiх стагоддзяў! А навакольнае асяроддзе вакол фермерскай гаспадаркi! Цуд! I сад, i возера, i саджалка, балота, i лясы на любы густ». Гаворыць Вiктар Труфанаў: «На прасторах роднай Беларусi не так шмат месцаў, дзе захавалiся народныя традыцыi. Вось, напрыклад, маленькая вёска Аношкi на беразе возера Оч. Тут удзельнiкi фальклорнага калектыву «Аношкi» навучаць спяваць мясцовыя песнi, танцаваць польку, кракавяк. Вельмi цiкава ўдзельнiчаць у старадаўнiм калядным абрадзе «Жанiцьба Цярэшкi». Але, мякка кажучы, на месцах трэба ўлiчваць, што госцi з далёкага замежжа павiнны разлiчваць на цывiлiзаваны сэрвiс у комплексе. Тое ж асфальтавае пакрыццё да гаспадаркi фермеру вельмi цяжка зрабiць з фiнансавага пункту гледжання. Кiламетра паўтара асфальтавай дарогi трэба. Гаспадарка ўсяго за 4 кiламетры ад трасы Вiцебск — Мiнск. Па дарозе да нас часткова асфальт ёсць. I колькi будзе каштаваць заасфальтаваць астатнюю частку? Шмат! А, напрыклад, калi мы спрабавалi павесiць iнфармацыйны стэнд са схемай маршруту, калi б не асабiсты ўдзел старшынi райвыканкама ў вырашэннi гэтага пытання, колькi б яшчэ часу прайшло, каб зрабiць гэта? Нават зямлю пад участак для домiка, дзе будуць жыць турысты, цяжка аформiць. Чыноўнiкi, што займаюцца сельскай гаспадаркай, не зацiкаўленыя ў падтрымцы такiх гаспадарак, як наша. З iх пункту гледжання яна не можа быць рэнтабельнай. За ўласны кошт мы набылi «толькi» 2 каровы, 6 авечак, 2 канi. А банкаўскiя крэдыты? Гэта — такая цяжкая «дабрыня ад банка» для фермераў i арганiзатараў турызму, што i тлумачыць усе нюансы не хочацца. Задатак патрэбны, гаранты выплат i iншае. Добра, што атрымлiваем бясплатныя кансультацыi ад спецыялiстаў «Вiцебскага цэнтра падтрымкi прадпрымальнiцтва»: i бiзнэс-план склалi, i заўсёды за «дзякуй» дапамогуць па розных «папяровых» пытаннях. I пры ўсiм гэтым не толькi нашы суайчыннiкi, але ж i замежныя грамадзяне ўсё больш актыўна цiкавяцца магчымасцю адпачыць «на беларускай прыродзе», ды не проста, а зрабiць падарожжа ў мiнулае: убачыць, як святкуюць беларусы, якiя рамёствы захавалiся. Iншаземцам, дарэчы, даводзiцца плацiць вялiкiя грошы, каб толькi ўехаць у нашу краiну, а потым яны за многае павiнны пераплачваць у разы: цана наведвання музеяў i г.д. для iх у некалькi разоў большая, чым для грамадзян Беларусi. А чаму? Ва ўсiм цывiлiзаваным свеце такога няма... Канешне, пра гэта даводзiцца чуць не ў першы раз ад такiх iнiцыятыўных людзей, з якiмi я сустрэўся. Беларусь не ператварылася ў турыстычную Меку. Спадзяёмся, што — пакуль. Унутраны турызм не асаблiва хутка развiваецца. Многiя з нас лепш паедуць у Турцыю, ва Украiну? Але ж наўрад цi атрымаюць там такiя якасныя i параўнальна даступныя паслугi, што прапаноўваюць такiя ж энтузiясты на радзiме. У прыватнасцi, адпачынак на працягу сутак у маiх суразмоўцаў для сям’i з 3 чалавек з харчаваннем каштуе 15 долараў па курсу Нацыянальнага банка. Няшмат, калi вас накормяць эксклюзiўнымi мясцовымi стравамi, пакажуць тое, аб чым гаварылася ў гэтым артыкуле. А дзе вы яшчэ знойдзеце «дрэва шчасця» — дзве сасны, што на вышынi аднаго метра сталi адным дрэвам? Толькi на Лепельшчыне. Кажуць, госцi нават зiмой «поўзаюць» пад такой «жывой аркай», каб стаць шчаслiвымi! Калi б усе ведамствы мелi непасрэдную зацiкаўленасць у развiццi агратурызму не дэкларатыўна, а непасрэдна, «дрэва шчасця» можа стаць «залатым». Тым больш, што i задумвалася зрабiць такi вiд турызму дадатковай крынiцай дабрабыту вяскоўцаў. Спадзяюся, што з часам так яно i будзе.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На Лепельшчыне пакуль што толькi адзiнкi займаюцца прыёмам турыстаў. Нагадаю, толькi базавую велiчыню ў год трэба заплацiць у якасцi падатку за такую
|
|