21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

У нетрах пушчанскай глушы

26.08.2009 08:39 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:




З часу апошняй паездкi ў самую «крайнюю» вёску — гэтым разам у Пружанскi раён да беларуска-польскай мяжы, мiнула болей за месяц. За гэты час iмклiва змянiўся сезон: сышоў апошнi снег, прыйшла сапраўдная вясна. А здымкi, зробленыя для рэпартажу — зiмовыя. Што рабiць? Параiўшыся з калегамi, прыходзiм да высновы: баяцца сюжэтаў са снегам не варта i тым больш адкладваць друк да наступнай зiмы. I найперш таму, што «Абрысы Айчыны» па сутнасцi «мiжсезонны» праект, а не хронiка з месца падзеi. А што да надвор’я, кожны разумее, гэта — адносна. Пацвярджэннем гэтаму — нечаканы снег у Iспанii замест яркага сонца на пачатку курортнага сезона.

Не на кожнай карце адшукаеш гэты насельны пункт. Дужа ён маленькi. Ды i назва не такая незвычайная, як цяпер модна казаць, не крэатыўная. Адкрываю беларускi тапанiмiчны слоўнiк Жучкевiча, знаходжу падобныя назвы: Хвойная, Хвойна, Хваенск, Хвойнiца. Хвойнiка няма, але ён усё ж заслугоўвае, каб i на яго «звярнулi ўвагу». I не толькi з-за «хваёвага» паходжання. Па сутнасцi, гэта геаграфiчны цэнтр Белавежскай пушчы (не Вiскулi i не Камянюкi, як многiя лiчаць). Пушча, колькi б нi мiнала часоў i гiстарычных падзей, «прыгаворана» на ролю асаблiвага аб’екта прыроды. I Хвойнiк у iм займае сваё пачэснае месца. Гэтым разам накiроўваемся, лiчыце, у сэрца славутага, самага вялiкага i старажытнага на еўрапейскiм кантыненце ляснога масiву. Гэтыя эпiтэты — вялiкi i старажытны — суправаджаюць лiтаральна з першых крокаў, як ступiш на ахоўную тэрыторыю леса-легенды: дубы-велiканы, балоты, ясеневыя гаi, лясныя рэчкi, бясконцыя хвойнiкi. I раптам паляна. I шыльда: Хвойнiк.

Бываць тут мне даводзiлася i раней. Навокал знаходзяцца асноўныя кармавыя палеткi зубрыных статкаў. Нiкар — назва колiшняга ўрочышча-хутара. Здымкi зуброў, якiя неаднойчы друкавалiся ў «Звяздзе», рабiлiся i ў гэтых мясцiнах. Хвойнiк жа нiяк не абмiнуць, куды б нi ехаў — цi ў паўночную частку пушчы (у Свiслацкi раён), цi да заставы, што зусiм побач, цi да нямецкага шлюза (ад якiх немцаў i ад якой вайны застаўся гэты шлюз, нiхто дакладна не прыгадае). Вакол непраезныя лясы, балоты, ёсць абсалютна запаведныя ўчасткi. Але ў той час, калi я ўпершыню наведваў Хвойнiк, праект «Абрысы Айчыны» быў яшчэ ў «праекце» i многiя фотаздымкi я рабiў, так бы мовiць, мiмаходзь.

За апошнiя дзесяцiгоддзi Хвойнiк вонкава не змянiўся. Як перавезлi сюды апошнiя пабудовы з Нiкара, вёска набыла свой сённяшнi выгляд. Двухпавярховы будынак канторы ляснiцтва ўзведзены яшчэ «пры Польшчы» ў сярэдзiне трыццатых гадоў мiнулага стагоддзя. Справа i леваруч ад яго — службовыя дамы на дзве сям’i. Крыху воддаль, насупраць — старая вясковая вулiца з трох-чатырох прыватных пабудоў. З мiнулых разоў я ўжо ведаў некаторых тутэйшых жыхароў: ляснiчых Валянцiну i Аляксандра Лiцвiновiчаў, егера Валерыя Чэркаса з жонкай Любай, пенсiянераў Мiхаiла i Лiдзiю Пiлюцiкаў. Узгадваю, як гадоў пяць таму, у канцы лютага, у моцна заснежаным лесе, егер доўга вадзiў мяне праз завалы i сумёты, каб паказаць дзiкую свiнню, у якой толькi што з’явiлася папаўненне. I першы раз у жыццi я здымаў маленечкiх рабенькiх дзiкоў так блiзка — яны бегалi па сцежцы на падманныя гукi егера. Было ў мяне тады радасцi! Не мог толькi дапяць, як можа малады чалавек так лёгка арыентавацца ў зiмовым лесе. Што нi кажыце, а людзi гэтай прафесii — асаблiвыя. Пра такiх кажуць: у лесе як дома. У Хвойнiку так можна казаць пра кожнага жыхара — вялiкага i малога. Нездарма тут кожны з лясной прафесiяй i па прызванню — паляўнiчы. У сапраўдных паляўнiчых, як вядома, стопрацэнтная iнтуiцыя, «сабачы» нюх i амаль арлiнае вока.

Можна толькi ўявiць, якое свята на душы ў гэтых вялiкiх i малых насельнiкаў ад простага назiрання за пушчай, яе непрыкметным жыццём. I калi на галiнках дрэў з’яўляецца першая лiстота i вар’яцеюць ад радасцi вяртання птушкi, а лясны дол пакрываецца белым дываном першых кветак. I на ўскрайку лесу лашчацца пад ранiшнiм сонцам зубры, а маладыя непаседлiвыя зубраняты проста дурэюць. Калi вераснёвы лес лiтаральна гудзе ад рыкаў самцоў аленяў, якiм трэба паказаць сваю моц i сысцiся ў бойцы з гэткiмi ж дужымi i смелымi аленямi. I нават сцюдзёнай зiмовай парою, калi пасля адлiгi раптам пабялее ад шэранi ўсё наваколле.

Валерый Чэркас самы малады i па ўзросту, i па часу пражывання ў Хвойнiку. З жонкаю Любаю пераехалi з забруджанага радыяцыяй Лунiнецкага раёна, з вялiкай вёскi Любачын. Семнаццаць гадоў мiнула. Пачыналi працаваць у падсобнай гаспадарцы. Яна — аграномам, ён — трактарыстам. Цяпер у ляснiцтве. Тут у маладой сям’i нарадзiлася другая дачка. «Хвойнiк нам вельмi падабаецца, хоць мы i палешукi, — кажуць Чэркасы. — Гэта асаблiвы край».

Да тутэйшых «патрыярхаў» можна аднесцi ўжо i Георгiя Вакулу — былога леснiка. У наступным годзе Георгiю стукне семдзесят. Памятае шмат дэталяў з далёкага «польскего» дзяцiнства. Як хадзiлi на базар — не ў Пружаны, не ў Камянец (на край свету), а ў горад Белавежжа — усяго за сем кiламетраў (цяпер на польскiм баку). Як немцы гаспадарылi тут у апошнюю вайну (у цяперашняй канторы месцiўся гарнiзон). Як прыйшлi Саветы i з 49-га па 59-ы быў калгас. Хоць Георгiй i нешматслоўны, быццам паглыблены ў свае роздумы, з вуснаў былога леснiка пачуў, што першымi гаспадарамi, якiя пачалi абжываць гэтую пушчанскую зямлiцу, былi Вашкевiчы, Бармуты, Лялюкевiчы i яго прашчуры — Вакулы. Георгiй скончыў сямiгодку ў Папялёўскай школе — за дзесяць кiламетраў хадзiў пешкi па веды. Потым тры гады служыў у чыгуначных войсках. Але сваю лясную старонку нi на што не прамяняў: вярнуўся, каб усё жыццё аддана служыць у адзiным храме — лесе. Ажанiўся даволi позна — амаль ў сорак. Кажа, што «за працаю часу неставала жонку шукаць». З абраннiцай лёсу Аляксандрай Хведараўнай, ураджэнкай Камянецкага раёна, выгадавалi дачку i сына. Георгiй — удзельнiк многiх так званых «царскiх» паляванняў. Гэты край прыйшоўся даспадобы не толькi першым асобам колiшняга беларускага кiраўнiцтва. Бываў Хрушчоў з зяцем, Брэжнеў, Хонэкер, Кадар, брат Фiдэля Кастра Рауль... Леснiкi рабiлi для гасцей загоны на аленяў, дзікоў, казуль, ваўкоў. Георгiй асабiста вазiў на санях Мiкiту Сяргеевiча да паляўнiчай вышкi. Звозiў «царскiя» трафеi — забiтую генсекам жывёлу.

Ёсць у Георгiя Несцеравiча свае традыцыйныя пушчанскiя трафеi. Як у большасцi выпадкаў, галоўным убраннем тутэйшых хат, iнтэр’ер дома ў Вакулаў таксама упрыгожваюць кампазiцыi з аленевых рагоў. Колькi iх падняў за сваё жыццё, ляснiк дакладна не ведае. Кожную вясну, як толькi пачынае сыходзiць снег, малыя i дарослыя хвойнiцкiя насельнiкi пачынаюць вылазкi за гэтымi трафеямi. У вольны час, а яго цяпер у Георгiя хоць адбаўляй, паляўнiчы адпраўляецца ў пушчу на аленевыя зiмовыя лёжкi i стаянкi, дзе верагодней за ўсё i скiдвалi свой «каменны лес» высакародныя пушчанскiя самцы. Сказаць, што гэта толькi традыцыя — нiчога не сказаць. З незапамятных часоў тут (наогул у любой пушчанскай вёсцы) iдзе негалоснае спаборнiцтва: хто знойдзе болей рагоў, большай вагi i, галоўнае, з найбольшай колькасцю адросткаў. Калi адросткаў будзе меней за шэсць — слабенькi трафей. Па агульных меркаваннях, самы «рагаты» хатнi iнтэр’ер — у Булатоўскiх. Але найлепшы шукальнiк — Валерый Чэркас. За сезон яму ўдаецца падняць да паўсотнi рагоў. Чэркасу, як кажуць, сам Бог наканаваў — ён кормiць зiмою жывёлу: развозiць па кармушках сена, «частуе» аленя зернем, ведае, дзе «кучкуюцца» важакi хутканогiх статкаў. Георгiй Вакула з гонарам паказвае нагрудныя знакi «Выдатнiк пагранiчных войскаў» i фатаграфiю ў фотаальбоме «Вартавыя гранiцы», выдадзеным яшчэ ў 1982 годзе. Такi гонар яму выпаў за ўдзел у ахове дзяржаўнай гранiцы. У абход леснiка ўваходзiла адна з пагранзастаў, i Вакулу не раз даводзiлася ўдзельнiчаць у затрыманнi парушальнiкаў мяжы. Прыгадвае ён сваё мiнулае без выхвалення, але з непрыхаваным жалем у вачах, i гэта зразумела: малады быў, здаровы, смелы, запатрабаваны.

Над вёскай хутка цямнее, хоць на гадзiннiку толькi а шостай вечара. Завяршаецца яшчэ адзiн пушчанскi дзень. Жыхары Хвойнiка натхнёна ўвiхаюцца на ўласных падворках, топяць печы, глядзяць тэлесерыялы. Дзецi вучаць урокi. Але ў ляснiцтве яшчэ свецiцца акно — памочнiк ляснiчага Аляксандр Лiцвiновiч рыхтуе справаздачу. На стале калькулятар, стос папер, карты дзялянак, у куце — бензапiлы. Бываюць i тут гарачыя днi i вечары, калi закрываюцца i афармляюцца даведзеныя зверху планы розных нарыхтовак — ад справаздач работнiкаў лесу яшчэ нiхто не вызваляў. Адарваўшыся ад папер, спецыялiст задумаўся, каб параiць, з чаго пачынаць маё фотападарожжа па Хвойнiку. Тут ён працуе ўжо два дзесяткi гадоў i ведае, зразумела, не толькi сваiх падначаленых — талент i здольнасцi кожнага гаспадара з гаспадыняю.

— Абавязкова трэба наведаць хату, дзе пякуцца самыя духмяныя i смачныя пiрагi, — мудра раiць Аляксандр Васiльевiч, кiруючыся вядомай прымаўкай: багатая хата не вугламi, а пiрагамi.

Майстрам спраў кухарскiх i кандытарскiх аказалася... санiнструктар пагранзаставы Наталля Краўчук. Яна ж — клапатлiвая жонка, мацi двух сыноў i ўвiшная гаспадыня не толькi каля печы i плiты. Карова, парсючкi, сабакi i некалькi коцiкаў — кола яе штодзённых клопатаў.

— Часу хапае на ўсё, i праца спорыцца, калi побач добрыя памочнiкi i згода ў хаце, — гаворыць Наталля, частуючы любiмымi стравамi ўсёй сям’i: варэнiкамi, пельменямi, капустай з грыбамi...

Пачынала Наталля сваю працоўную бiяграфiю ў ляснiцтве на нежаночых, так бы мовiць, пасадах: конюха, качагара канторы. Таму i не баiцца нiякай працы. А кулiнарыя для яе — творчы адпачынак. А вось прафесiйныя медыцынскiя веды даводзiцца выкарыстоўваць не толькi на працоўным месцы. Старэйшым жыхарам мерае цiск, а як трэба, i ўколы робiць. Медык — гэта больш чым праца. Як, дарэчы, i пчалярская справа, якою тут таксама займаецца прадстаўнiк прыгожай паловы.

Вёска ў вёсцы — можна сказаць пра размаляваную мядовую гаспадарку, якой кiруе Людмiла Продан. Мы крочым з ёю ў заходнi куток Хвойнiка паслухаць пчол. Упершыню сустракаю, каб пчалiныя домiкi былi так адмыслова i весела пафарбаваныя: сонейкамi, зоркамi, раслiнамi, адных кветак — клумба.

— Два гады таму першыя кветкi дачка намалявала, спадабалася, i я пачала развiваць гэтую творчую iдэю, — дзелiцца ўспамiнамi жанчына-пчаляр, адчуваючы маё ўражанне ад убачанага.

Я, наколькi мог, уявiў, як прыгожа глядзiцца ў сонечную веснавую цi летнюю пару гэтая незвычайная экспазiцыя жывапiсу. Але i цяпер, зiмовым надвячоркам, усё выглядала незвычайна. Рамонкi, званочкi, люцiкi i пралескi былi нейкiм выклiкам снегу i маразам.

Пяць гадоў таму Людмiла Продан стала пчаляром ляснiцтва (да яе таксама былi жанчыны). Прыняла 35 пчоласем’яў, купiла лiтаратуру i захапiлася не на жарт. Хоць раней нiколi i думкi пра такую прафесiю не было. Родам тутэйшая — спачатку нiкарская, потым — хвойнiцкая. З мужам-ваенным была ў Германii, Латвii. У 89-м вярнулiся, жылi ў суседнiм Роўбiцку. Калi муж стаў лесарубам, пераехалi ў Хвойнiк. Цяпер у пушчанскага пчаляра нумар адзiн ужо паўсотнi пчалiных сем’яў i двайное перавышэнне плана па збору мёду. За што i атрымала падзяку ад кiраўнiцтва ў выглядзе тэлевiзара «Sоnу».

— Паслухайце, як пчолкi дружна «спяваюць», — перадае мне медыцынскую «трубку» Людмiла. — У кожным домiку свая «песня».

Такiм чынам гаспадыня вядзе назiранне, як пераносяць халодны час яе падапечныя. А вось сапраўдны падгляд пчол пачнецца зусiм хутка, як толькi з’явiцца ў раслiн першы пылок. Для Людмiлы Продан пачнецца не тое што гарачы час — захапляльны, творчы. Яна пра яго толькi марыць. Але за падрыхтоўкай да новага сезона — рамонтам старых домiкаў, навошчваннем рамак — час ляцiць неўпрыкмет. I хутка маўклiвая i цiхая кветкавая экспазiцыя напоўнiцца мiтуснёю i жывым гукам нястомных i працавiтых пчолак.

Тое, што ў Хвойнiку большасць пасад у жаночых руках, на якасцi спраў нiяк не адбiваецца. Наадварот, лепей iдуць. Як правiла, жанчыны больш старанна ставяцца да працы, больш чула, з пяшчотаю. Хоць на iх i сям’я, i гаспадарка. Тры гады кiруе канюшняй ляснiцтва Нiна Рабаш. У яе падпарадкаваннi сем конiкаў, калёсы, санкi, духмянае сена. Вёска толькi-толькi прачынаецца, а Нiна ўжо наводзiць парадак у канюшнi, поiць жывёл, папаўняе кармушкi. Хутка яе гадаванцы пойдуць на пушчанскi лужок. Але i тады клопатаў у Нiны не паменее.

Амаль сорак гадоў загадвае маленькай вясковай крамай Марыя Байко. Ужо пенсiянерка, але не можа вёска заставацца без тавараў першай неабходнасцi, i Марыя Пятроўна па-ранейшаму на «баявым» пасту. А мацi двух самых юных жыхароў вёскі Хвойнiк — Яны i Дзiяны Вакульскiх Святлана — дарожны рабочы. Святлана i яе суседка Наталля Булаткоўская адказныя за стан дарог на Папялёва i Цiхую Волю. Любоў Чэркас — майстар лесу, у яе падпарадкаваннi лесарубы, дзялянкi, кубаметры. На атрыманым год таму матацыкле для яе няма непраезных дарог. Але першая лэдзi вёскi, несумненна, кiраўнiк ляснiцтва Валянцiна Лiцвiновiч. У Белавежскай пушчы ляснiчы ў спаднiцы — толькi яна. Груз для жанчыны нялёгкi, але такi лёс дзяўчыны з пушчанскай сям’i. Набыўшы некалi прафесiю работнiка лесу ў вышэйшай навучальнай установе краiны, адпрацаваўшы на Палессi, вярнулася ў родныя мясцiны. Гэткую ж дарогу выбралi яе брат Валерый i муж Аляксандр. А яшчэ i сын Сяргей — студэнт Тэхналагiчнага ўнiверсiтэта ў Мінску, вырашыў iсцi па бацькоўскай дарозе, ён — будучы лесавод.

Першым свой аўтамабiль у Хвойнiку заводзiць Аляксандр Краўчук. Штодня а восьмай ранiцы яго старэнькi пасажырскi УАЗ з чатырма вучнямi адпраўляецца па пушчанскай аўтамагiстралi ў «краiну ведаў». Блiжэйшая адсюль установа адукацыi толькi ў Камянюках (у суседнiм раёне), за трыццаць кiламетраў. Па дарозе ён робiць прыпынак ва ўрочышчы Перароў, каб забраць яшчэ дзвюх вучанiц — дачок паляўнiцтвазнаўцы Аляксандра Кiслейкi. Гэткiм жа маршрутам вяртаецца дзятва дадому ўвечары. У Хвойнiку бацькi за малых не хвалююцца, бо Аляксандр Краўчук адказны за гэтых пушчанскiх нашчадкаў.

А потым «ажывае» кантора, збiраюцца леснiкi, егер, бухгалтар, майстар, лесарубы з суседнiх вёсак, трактарысты... Але ненадоўга. Кароткi перакур, хуткiя размовы — i вёска зноў пусцее. I я, карыстаючыся момантам, раблю фотаздымкi. Спачатку здымаю школьнiкаў перад дарогаю — Андрэя Пiлюцiка, Максiма Краўчука, Надзею Чэркас, Дзмiтрыя Лiцвiновiча. Потым — работнiкаў ляснiцтва. Затым зноў адпраўляюся ў куточкi «сусветнай спадчыны», як называе ЮНЭСКО Белавежскую пушчу.

Анатоль КЛЯШЧУК.

Фота аўтара.

Пружанскi раён.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З часу апошняй паездкi ў самую «крайнюю» вёску — гэтым разам у Пружанскi раён да беларуска-польскай мяжы, мiнула болей за месяц. За гэты час iмклiва з
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика