Ад ДАI не збяжышСiтуацыя Вадзiцелi, якiя пасля ўчынення аварыi знiкаюць з месца здарэння, марна спадзяюцца, што застануцца беспакаранымi. Нават, калi ўцекачы старанна «замятаюць» сляды, рана цi позна мiлiцыя iх знаходзiць, i тады даводзiцца несцi адказнасць па ўсёй строгасцi закона...Жыхар Заслаўя В. не меў вадзiцельскага пасведчання. Тым не менш хлопец сеў за руль старэнькiх «Жыгулёў». А каб не трапiць на вочы супрацоўнiкам ДАI, вырашыў трымацца далей ад цэнтральнай часткi горада, ноччу прабiраўся па вузкiх закавулках. Для няўмелага кiроўцы сама па сабе такая дарога была няпростай, а тут яшчэ нечаканая перашкода: ля аднаго з прыватных дамоў была прыпаркавана iншамарка. В. спрабаваў яе аб’ехаць, але нават для такога няхiтрага манеўру не хапiла майстэрства i ягоныя «Жыгулi» пратаранiлi «Нiсан». Пачуўшы шум сiгналiзацыi, з дому выбегла гаспадыня iншамаркi, але вiноўнiк аварыi ўжо знiк з месца здарэння. Разумеючы, што ягонае аўто будуць шукаць, В. вырашыў схаваць «Жыгулi» ў двары дома сваёй цёткi. Там ён накрыў машыну чорнай цыратай i нават прысыпаў смеццем. Мiлiцыянерам спатрэбiлася 26 дзён, каб знайсцi гэты аўтамабiль i няўдалага кiроўцу. Зараз уцекачу давядзецца адказваць i за ДТЗ, i за ўцёкi з месца здарэння, i за кiраванне транспартным сродкам без правоў. А вось яшчэ адна павучальная гiсторыя. Праўда, з трагiчным фiналам... Аляксандр быў, як кажуць, на сёмым небе ад шчасця. Нарэшце збылася ягоная мара: ён стаў уладальнiкам уласнага аўтамабiля. Для звычайнага ўрача сабраць патрэбную суму грошай нават на патрыманы «Опель» было няпроста. Таму новаспечаны аўтааматар не мог нацешыцца сваёй «ластаўкай» сам i яшчэ захацеў падзялiцца радасцю з калегамi. Увечары ён вясёлы i шчаслiвы вяртаўся дамоў, дзе чакалi жонка i маленькi сын. Да дому заставалася ўсяго некалькi кварталаў, як раптам на шляху быццам з-пад зямлi з’явiўся моцна п’яны чалавек. Аляксандр не паспеў затармазiць i збiў нецвярозага пешахода. Ён быў яшчэ жывы, таму вадзiцель уладкаваў параненага ў салоне свайго аўто i павёз у блiжэйшы шпiталь. Аднак па дарозе пасажыр памёр i Аляксандр вырашыў змянiць свой маршрут. Ён адвёз труп у лесапарк, пасадзiў на лавачку, а потым перагнаў свой пашкоджаны «Опель» у двор аднаго з дамоў. Праз некаторы час Аляксандр паведамiў у мiлiцыю, што выгульваў сабаку i знайшоў у лесапарку труп мужчыны. Але ж нездарма кажуць, што ўсё патаемнае становiцца вiдавочным. Ужо праз тыдзень мiлiцыя расставiла ўсе кропкi над «i» ў гэтай гiсторыi. Неўзабаве гора-вадзiцель апынецца на лаве падсудных. Дарэчы, за 3 месяцы гэтага года ў Беларусi з месцаў ДТЗ знiклi 43 вадзiцелi, аднак пераважная большасць уцекачоў была знойдзена i прыцягнута да адказнасцi. Сяргей ЧЫЖЫК, намеснiк начальнiка службы ДПС «Страла» МУС Беларусi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вадзiцелi, якiя пасля ўчынення аварыi знiкаюць з месца здарэння, марна спадзяюцца, што застануцца беспакаранымi
|
|