Нiхто не цэнiць жыццё так, як яны
Ала МАЧАЛАВА
— маленькiя пацыенты Рэспублiканскага навукова-практычныга цэнтра дзiцячай анкалогii i гематалогii ў Бараўлянах, дзе нядаўна наладзiлi свята: прэзентацыю зборнiка iх уласных твораў «Бераг надзеi» — вершаў, апавяданняў, казак. Яны пiшуць зусiм недзiцячыя вершы, але не губляюць пры гэтым непаўторнай дзiцячай непасрэднасцi. Васьмiгадовы Максiм Марцiнчык пiсаў свае казкi ў аддзяленнi трансплантацыi коснага мозгу, — там, дзе маленькi пацыент знаходзiцца адзiн, без бацькоў, у стэрыльных умовах — i падчас аднаго з наведванняў Максiмка сказаў вельмi ветлiва i абсалютна сур’ёзна:
— Я, вядома ж, вельмi рады, што вы прыйшлi, але вы мне крыху перашкаджаеце — я ж пiшу! Такi вось смех — скрозь слёзы... Упэўнена, гэтыя дзецi жывуць больш поўным i насычаным жыццём, чым мы з вамi, i ведаеце, чаму? Таму што яны па-сапраўднаму цэняць яго — кожнае iмгненне! Многiм аўтарам гэтага i iншых падобных зборнiкаў пашчасцiла вырасцi, яны пераведзены на ўлiк у дарослыя цэнтры, як, напрыклад, 23-гадовы Саша Бенедзiктовiч: — Мне, пэўна, было яшчэ больш складана, бо захварэў я ў дарослым узросце — у 17 гадоў, калi вучыўся ў 11-м класе, i я ўсведамляў, што мне пагражае. Калi трапляеш сюды, жыццёвыя прыярытэты рэзка змяняюцца — усе дробязi адыходзяць на другi план, адшукваеш самае-самае важнае ў жыццi. Iдзе пошук падтрымкi, нават не столькi ў iншых людзях, колькi ў самiм сабе, каб проста не зламацца. У Цэнтры Саша правёў паўтара года. Некаторыя яго вершы былi пакладзены на музыку i выкананы беларускiм бардам Лазарам Вiткiным. Пэўны час хлопец захапляўся яшчэ i маляваннем. «Бераг надзеi» — чацвёрты па лiку зборнiк, а ў першых ледзь не палову складалi менавiта Сашыны вершы. Зараз ён наведвае цэнтр нячаста — выключна на прэзентацыi прыходзiць, рыхтуецца да паступлення ў эканамiчны ўнiверсiтэт. Саша кажа, што сяброў у яго няшмат: «Мая асноўная падтрымка — гэта я...», — без ценю крыўды кажа малады чалавек. Аднак, нягледзячы на гэта, ён прызнае, што вiзiты ў цэнтр — гэта неабходная псiхалагiчная дапамога для маленькiх пацыентаў. Гэтую ж думку выказаў i Вова Ганчароў — сiмпатычны i вельмi прыемны ў размове хлопец — само ўвасабленне адоранасцi: Вова спявае ўласныя песнi (ён аўтар i музыкi, i тэкстаў) i акампануе сабе на гiтары. Для нас ён выканаў па-беларуску песню «Краiна». У цэнтр хлопец прыходзiць таму, што лепш чым хто-небудзь разумее: тут ёсць людзi, якiм патрэбна дапамога, як калiсьцi яна была патрэбна яму самому. Вова правёў тут лiтаральна ўсё сваё жыццё, трапiўшы сюды ў гадавалым узросце. Зараз яму 19, як складваецца яго жыццё цяпер? — Я пiшу вершы, музыку, займаюся ў спартыўнай зале i ... гуляю з дзяўчынамi! — кажа Вова i ўсмiхаецца вельмi шчыра i цёпла. Прыемна, што мне выпаў шанц павiншаваць студэнта ветэрынарнай акадэмii — Вова ўжо датэрмiнова пераведзены на 2-i курс: — Якраз учора здаў апошнi экзамен датэрмiновай сесii. Усё здорава! Вова ўжо па-за цэнтрам. На пытанне, цi адолеў хваробу, адказвае так: — Не ведаю, як наконт адолеў, але спынiць — спынiў! Калi я бядую наконт таго, што лячэнне доўжылася 18 гадоў, Саша кажа: «Нiчога, выцягнем!» — i, ведаеце, я яму веру! Мяне ўражвае яго аптымiзм i жыццярадаснасць. Адкрылася прэзентацыя прамовай дырэктара цэнтра — Вольгi Алейнiкавай: — У гэтым зборнiку — боль вашай душы, ваша бачанне свету, — сказала яна, звяртаючыся да дзяцей. — I мы на гэтым не спынiмся. Колькi iснуе чалавецтва, столькi iснуе творчасць. Думаю, некалi ваш творчы калектыў прымуць у Саюз пiсьменнiкаў! Ужо другая кнiга запар адкрываецца вершамi ўсiмi намi любiмай Веры Максiмаўны (сястры са СвятаМарфа-Марыiнскага сястрыцтва. — Заўв.аўт.) — без яе цэнтр ужо немагчыма ўявiць! А прачытаць я хацела б верш Наташы Сухадолавай — дзяўчынкi, якой, на жаль, ужо няма... Яно завяршае зборнiк i нiбы канцэнтруе ўсё сказанае там. I ведаеце, што мяне ўразiла ў гэтым вершы? Хворая дзяўчынка не скардзiлася на лёс, не жалiлася, якая яна гаротная, а пiсала «як хораша на свеце жыць!». Чаму мы, здаровыя i шчаслiвыя, не цэнiм гэтага?! А Наташа сказала, што шчасце яе i iншых дзетак у тым, што ёсць лекi i ўрачы, якiя выратоўваюць iх... Кожнаму выступоўцу хворыя дзеткi ўручалi падарункi, зробленыя сваiмi рукамi. Яны падымалiся на сцэну з дапамогай дактароў i сясцёр, але ў iх вачах свяцiлася радасць... * * * Выступiла таксама Ларыса Уладзiмiраўна Кузiкова — аўтар iдэi стварэння такога зборнiка i сацыяльны педагог цэнтра: — Зборнiк «Бераг надзеi» выходзiць у рамках праекта «Дрэва жыцця» — сумеснай акцыi навукова-практычнага цэнтра дзiцячай анкалогii i гематалогii i выдавецтва «Зорны верасень». Яго таксама падтрымлiваюць многiя людзi i арганiзацыi: Тамара Лiсiцкая (тэлевядучая, дарэчы, вяла прэзентацыю. — Заўв. аўт.) i запрошаныя ёю зорныя калектывы, грамадская дабрачынная арганiзацыя «Дзецi ў бядзе», англiйская асацыяцыя «Падтрымка дзецям Беларусi». Выступiла перад аўтарамi i дырэктар выдавецтва «Зорны верасень» Алена Паўлава: — З намi, на жаль, няма Дзiмы Макаранкi, але мы выпусцiлi дыск, на якiм ёсць яго песня «Анёльскае святло» — яна стане гiмнам усiх дзетак анкалагiчнага цэнтра. Усе нашы маленькiя аўтары ўжо з’яўляюцца членамi дзiцячага творчага аб’яднання «Дрэва жыцця». Мы нават трапiлi пад патранаж Саюза пiсьменнiкаў. Наш зборнiк мы выставiлi на 10-й Рэспублiканскай навукова-педагагiчнай канферэнцыi, i паводле рашэння Мiнiстэрства адукацыi яму быў прысуджаны дыплом другой ступенi за выхаванне грамадзянскасцi i патрыятызму ў навучэнцах i моладзi. Гэтым самым сапраўдным i самым шчырым аўтарам уручалi зборнiкi, кветкi i ганарары. Усе прысутныя маглi дадаць нешта ў скарбонку, набыўшы зборнiкi, якiя прадавалiся проста ў фае. Для гасцей юныя аўтары агучвалi свае творы: Саша Паўлоўская прысвяцiла палкi i пранiкнёны верш матулi, Люда Бегляцова прызналася са сцэны ў каханнi, Лена Бурак заклiкала нас думаць пра добрае, Оля Старавойтава прачытала сваё чуллiвае апавяданне пра сабаку, якi цудам паправiўся, а Iра Белазорава не ў стане падняцца на сцэну, таму яе казку чытала валанцёрка з клуба «Мiласэрнасць» Каця... * * * Актавая зала анкалагiчнага цэнтра была напоўнена пацыентамi — схуднелымi, безвалосымi, закрытымi ад знешняга свету рэспiратарамi i прымацаванымi да кропельнiц — проста дзецьмi, якiм так хочацца свята, радасцi, шырокiх усмешак i бесклапотнага смеху. Для iх падрыхтавалi шмат забаў: фокусы дзецям паказваў напалову клоун, напалову iлюзiянiст Эрык Гротэр (такая вось гульня з iмем Гары Потэра), а спявалi — Змiцер Вайцюшкевiч i Ларыса Грыбалёва. Сапраўдны цуд адбыўся з Косцiкам Сотнiкам: збылася яго мара — ён пазнаёмiўся з удзельнiкамi свайго любiмага гурта «Нестандартны варыянт». Пасадзейнiчала гэтаму Тамара Лiсiцкая: — Аднойчы, калi хлопчыку было асаблiва складана, я зайшла да яго ў палату i спыталася: «Косця, чаго ты хочаш больш за ўсё?», а ён не за сябе папрасiў — сказаў: «Хачу, каб усе дзецi слухалiся сваiх бацькоў». Гэта мяне настолькi ўразiла! А потым я неяк выпадкова даведалася, што ён вялiкi аматар гурта «Нестандартны варыянт»... i вось сёння яны завiталi да нас у госцi, да цябе, Косця! * * * Больш за ўсё ўразiла выступленне Алены Вiктараўны Пацiеўскай — мацi Юлечкi, якая не так даўно пайшла з жыцця... Я зараз пiшу i шкадую... не, не гэту мужную жанчыну i не яе дачку — нi тая, нi другая не маюць патрэбы ў тым, каб iх шкадавалi... шкадую, што я не мастак цi музыкант, бо словамi мне вельмi цяжка выказаць тыя адчуваннi, якiя выклiкала выступленне маладой жанчыны, што страцiла маленькую дачку. Здаецца, мала хто на яе месцы адшукаў бы ў сабе сiлы выйсцi на сцэну i адкрыць душу перад чужымi людзьмi. Алена Вiктараўна чытала Юлiны вершы, прысвечаныя супрацоўнiкам цэнтра. Мацi нiводнага разу не сказала, што дачка «памерла»... «Мы з Юляй рассталiся», — кажа яна. — За сем гадоў нашага лячэння мая дзяўчынка мяне вельмi многаму навучыла i я ўдзячная Богу за тое, што ён дараваў нам такое шчасце — быць яе бацькамi... Алена Вiктараўна мае рацыю — нам варта вучыцца ў гэтых дзетак... вучыцца стойкасцi, цярплiвасцi, жыццялюбству. Жыць i цанiць жыццё.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— маленькiя пацыенты Рэспублiканскага навукова-практычныга цэнтра дзiцячай анкалогii i гематалогii ў Бараўлянах, дзе нядаўна наладзiлi свята: прэзента
|
|