Па газонах не хадзiць!.. Калi ласка
Iнга МIНДАЛЁВА
НАВОДЗIМ ПРЫГАЖОСЦЬ Нягледзячы на халоднае надвор’е, Мiнск ужо выглядае па-веснавому. Прыбрана «назапашанае» за зiму смецце, вымецена пясчана-саляная сумесь з дарог i газонаў, памыты i пабелены ствалы дрэў.Яшчэ восенню па гораду было высаджана 130 тысяч лукавiчных раслiн, частка з якiх ужо зацвiла (крокусы, гiяцынты, альпiйскiя цюльпаны). Лiтаральна праз некалькi тыдняў раскрыюць бутоны насустрач сонцу фрыцылярыi, нарцысы, лiлеi. Апошнiх работнiкi «Мiнскзелянбуда» не высаджвалi ўжо колькi гадоў. Затое сёлета ў цэнтральных месцах сталiцы будзе красаваць каля трох тысяч лiлей. Пацешаць вока мiнчан i гасцей сталiцы 75 тысяч вiёл — прыгожых, падобных на званочак кветак сямi розных колераў. Як толькi сышоў снег, мiнчане зноў пачалi прызначаць спатканнi i сустрэчы ў Мiхайлаўскiм скверы на вулiцы Ленiнградскай — адным з самых адметных i папулярных грамадскiх месцаў сталiцы. Тут ёсць i альпiйская горка, i цэнтральная клумба з элементамi ракарыя, са шматгадовымi карлiкавымi хвойнымi раслiнамi. Прынамсi, у кожным парку цi скверы горада маюцца падобныя элементы ландшафтнага дызайну (клумбы, альпiйскiя горкi, газоны). Розныя людзi ўяўляюць свой адпачынак у зялёнай зоне горада па-рознаму. Аднаму неабходна пабыць у цiшынi, сам-насам са сваiмi думкамi, няспешна прагуляцца па алеi ўздоўж рэчкi, пачытаць на лавачцы ў цянёчку. Другому будзе сумна без атракцыёнаў, цукровай ваты i вясёлага натоўпу сяброў. Каб максiмальна задаволiць патрэбы i першых, i другiх, ва ўсiх 19 парках сталiцы запраектаваны зоны цiхага i зоны актыўнага адпачынку. Напрыклад, у парку Чалюскiнцаў да рэканструкцыi было месца, дзе традыцыйна па вечарах збiралiся аматары шахмат, па аддаленых сцяжынках гулялi парачкi i маладыя мамы з каляскамi. А ў цэнтры ўсе ахвотнiкi бавiлi час на атракцыёнах i ў шматлiкiх летнiх кафэ. Такi падзел захаваецца i пасля заканчэння рэканструкцыi, прызначанага на 2008 год. У адноўленым парку iмя Горкага таксама ёсць зона цiхага адпачынку — дзiцячая пляцоўка з пясочнiцай i горкамi, дзе мамы «выгульваюць» сваiх малышоў, а таксама прагулачная зона ўздоўж цэнтральнай алеi — ад вулiцы Першамайскай да вулiцы Янкi Купалы. Скверы — меншыя па плошчы аб’екты зялёнай зоны, прызначаныя для кароткатэрмiновага адпачынку. Найбольшай папулярнасцю ў гараджан карыстаюцца Аляксандраўскi, Мiхайлаўскi, Рэспублiканскi (ля Кастрычнiцкай плошчы), сквер на плошчы Якуба Коласа. У цёплае надвор’е там кожны вечар збiраюцца натоўпы моладзi, аднак такая «народная любоў» для самiх аб’ектаў зялёнай зоны абарочваецца непрыемнасцямi. — Кожны ранак адтуль вымятаюць горы смецця, — расказвае начальнiк аддзела ўтрымання i добраўпарадкавання аб’ектаў зялёнай гаспадаркi УП «Мiнскзелянбуд» Анжэлiка Пузанкова. — Нiзкi ўзровень асабiстай культуры дазваляе некаторым нашым грамадзянам пакiдаць пасля сябе ў парках i скверах бутэлькi, пакеты, ламаць i размалёўваць лавачкi, таптаць клумбы i газоны. У Аляксандраўскiм скверы ля Чыгуначнага вакзала летам любяць адпачываць бамжы. Начуюць на лаўках, смецяць, выдзiраюць з клумбаў кветкi i прадаюць iх дачнiкам. Ад вандалiзму не ратуюць нават камеры вiдэанагляду, устаноўленыя на плошчы Незалежнасцi. Мiнулым летам бамжы ладзiлi сабе начоўку проста на газонах. Ёсць праблемы i па парку ў мiкрараёне Уручча. Парк малады, у адпаведнасцi з разлiчанымi нормамi там былi ўстаноўлены ўрны, лаўкi, абсталявана дзiцячая пляцоўка. Пляцоўку разбурылi, урнаў i лавак мы рэгулярна не далiчваемся, а потым, калi спускаюць ваду ў мясцовым канале, знаходзiм iх на дне. У нашых маладых людзей шмат сiл i энергii, але шкада, што яны не могуць знайсцi iм стваральнае прымяненне. Яшчэ адно вострае для нас пытанне — выгул сабак. З-за раўнадушша гаспадароў сабакi моцна псуюць маладыя пасадкi. Яны прыгаюць на дрэвы, абрываюць кару, ламаюць галiнкi. Усё гэта значна панiжае прыжывальнасць саджанцаў. Адзначу, што дазволеных пляцовак для высадкi дрэў па гораду зусiм не многа. Хацелася б прыцягнуць увагу гараджан да прыведзеных вышэй праблем. Калi яны перастануць ламаць лавачкi, псаваць газоны, вырываць кветкi — то ўся тая прыгажосць, якую мы ствараем у зялёных зонах сталiцы, будзе радаваць усiх нас вельмi доўга. Пры «Мiнскзелянбудзе» працуе цэх малых архiтэктурных формаў, якi штогод прапануе новыя варыянты элементаў добра- ўпарадкавання сталiцы: лавачкi, урны, альтанкi, вертыкальныя каркасныя формы. Што датычыцца менавiта вертыкальнага азелянення горада, сёлета спiс традыцыйна «задзейнiчаных» кветак пашырыцца за кошт новых вiдаў — калiброхi, рудбекii аднагадовай, барвiнка гаршковага, катранта, пентуса, петунii. На жаль, у выпадку вандалiзму вертыкальныя каркасныя формы такiя ж безабаронныя, як i звычайныя клумбы: пры жаданнi кветкi лёгка вырваць з зямлi i там, i там. Тым не менш, шмат’ярусныя каркасныя кампазiцыi з жывымi кветкамi зараз ёсць не толькi ў цэнтральнай частцы Мiнска, але i ў кожным яго раёне. Не адзiн з гарадоў краiны не можа спаборнiчаць з Мiнскам па размаху i аб’ёму азелянення i ўпрыгожвання кветкамi. «У раёнах i абласных цэнтрах высаджваюць насенне кветак, якое зацвiтае толькi ў жнiўнi—вераснi, — працягвае Анжэлiка Васiльеўна, — а мы маем квiтнеючы горад ужо ў красавiку—маi.» Уражвае сталiца Беларусi i замежных гасцей. Не ў апошнюю чаргу — прасторнымi зялёнымi газонамi на праспектах Дзяржынскага, Пушкiна, Жукава i iншых. Яны (газоны) патрабуюць пастаяннага догляду, але акрамя эстэтычнай функцыi, выконваюць яшчэ i экалагiчную — выдзяляюць кiсларод больш эфектыўна, чым дрэвы, размешчаныя на такой жа плошчы. Мiнск мае ўнiкальную ландшафтную архiтэктуру, якую прыязджаюць вывучаць нават замежныя ландшафтныя дызайнеры. Два водна-зялёныя дыяметры: прыродны — рака Свiслач i штучны — Сляпянская водная сiстэма апаясваюць усю сталiцу. Гэта той рэдкi выпадак, калi тэхнiчны вадавод адначасова з’яўляецца ўпрыгожаннем горада i зонай адпачынку. Сляпянская водная сiстэма пачынаецца ў Першамайскiм раёне, праходзiць праз Партызанскi, Ленiнскi, Цэнтральны i заканчваецца ў Заводскiм раёне. Сiстэма мае шмат каскадаў, масткоў, пераходаў, прыгожых зялёных зон, размешчаных ля самай вады. Летам тут заўсёды шмат людзей, натуральна, асаблiвую ўвагу работнiкi «Мiнскзелянбуда» надаюць санiтарнаму стану тэрыторыi. Тое ж справядлiва i для ўзбярэжжа Свiслачы, дзе размяшчаецца многа паркаў, бульвараў, зон адпачынку. Згодна з дзеючымi нормамi, на аднаго жыхара сталiцы павiнны прыпадаць 12—18 квадратных метраў аб’ектаў зялёных зон грамадскага карыстання (лесапаркаў, паркаў, сквераў, бульвараў). У цэлым па гораду гэты паказчык вытрымлiваецца, хоць памiж асобнымi раёнамi iснуе вельмi вялiкая рознiца. Асаблiва напружанае становiшча ў новых «спальных» раёнах. Нягледзячы на моцны тэхнагенны ўцiск, у межах сталiцы яшчэ захавалiся лясныя масiвы — у Зялёным Лузе, ва Уруччы, у Сцяпянцы. Больш правiльна называць iх лесапаркамi, бо элементы добраўпарадкавання ёсць i там. Усяго ў Мiнску сёння 2,5 тысячы га гарадскiх лясоў. Яшчэ некалькi гадоў таму пад Новы год гараджане хадзiлi туды за елкамi. У год знiшчалi па 100—130 дрэў. Не шкадавалi нават каштоўныя блакiтныя елкi. Апошнiм часам гэтая лiчба скарацiлася амаль у 6 разоў. Цi то грамадзяне сталi больш свядомымi, цi то ахова — лепшай. На абслугоўваннi ў «Мiнскзелянбуда» сёння знаходзiцца каля 7 тысяч га аб’ектаў зялёных зон. Яшчэ пэўная частка «зама- цавана» за прадпрыемствамi i арганiзацыямi горада. «Цяпер пытанням добраўпарадкавання надаецца вельмi вялiкае значэнне, — падсумоўвае Анжэлiка Васiльеўна, — многiя ўзялiся за гэты новы «фронт работ» упершыню, а для нашага прадпрыемства гэта звыклая праца, якой мы займалiся заўсёды».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нягледзячы на халоднае надвор’е, Мiнск ужо выглядае па-веснавому. Прыбрана «назапашанае» за зiму смецце, вымецена пясчана-саляная сумесь з дарог i газ
|
|