«Таптыжка» з Белавежжа, стэйк «Ад пана Адальберта» i рабрынкi па-баварску просяцца на наш з вамi стПРАДСТАЎЛЯЕМ СУРАЗМОЎЦУ «Белавежскаму» Мароз аддаў у першы свой прыход 14 гадоў жыцця. I толькi ў 1996-м перайшоў на пасаду старшынi камiтэта па сельскай гаспадарцы Брэсцкага аблвыканкама. Пазней прызначаны першым намеснiкам мiнiстра сельскай гаспадаркi, а неўзабаве прыняў клапатлiвыя абавязкi мiнiстра. Як расказвае сам Юрый Дзмiтрыевiч, «тры гады адпрацаваў мiнiстрам — атрымаў iнфаркт. Папрасiўся па стану здароўя на iншую работу». Некаторы час займаў пасаду вiцэ-прэзiдэнта «Прiорбанка». Вяртанне ў «Белавежскi», дзе на той час склалася няпростае становiшча, было з яго боку даволi мужным крокам. Па сутнасцi, комплекс як шматпрофiльная гаспадарка развальваўся, адных даўгоў па крэдытах было 18 мiльярдаў. Зараз сiтуацыя выратавана, калектыў нармальна працуе i развiваецца. Кандыдат эканамiчных навук. Па тэматыцы рэфармавання сельскагаспадарчай галiны выдаў шэраг кнiг. Па вынiках спаборнiцтва за 2006 год сярод арганiзацый аграпрамысловага комплексу адкрытае акцыянернае таварыства «Белавежскi» Камянецкага раёна заняло другое месца. Яго калектыў занесены на рэспублiканскую Дошку гонару. Аглядальнiк «Звязды» гутарыць з генеральным дырэктарам саўгаса-камбiната «Белавежскi» Юрыем Дзмiтрыевiчам МАРОЗАМ. — Паважаны Юрый Дзмiтрыевiч, калектыву сёлета спаўняецца 25 гадоў. Маем права хоць бы коратка ўспомнiць яго бiяграфiю. — Бiяграфiя атрымалася няпростая. Саўгас-камбiнат «Белавежскi» быў створаны, што называецца, з чыстага лiста, i ў прамым сэнсе — у чыстым полi. Спачатку пабудавалi племянную ферму, на базе якой i арганiзоўваўся саўгас. Тры гады будавалi буйны жывёлагадоўчы комплекс. Адначасова ўзводзiлi абсалютна новы жылы пасёлак Белавежскi з iнфраструктурай — для жывёлаводаў i членаў iх сем’яў. Яшчэ праз тры гады выйшлi на праектную магутнасць. Напачатку ўсё iшло як мае быць — працавалi эфектыўна i рэнтабельна. Нават пасля развалу Савецкага Саюза, калi не стала дзяржаўных кармоў, трымалiся на плыву. Канешне, узровень вытворчасцi ўпаў, 12 тысяч тон мяса ўжо не давалi, але па крайняй меры калектыў працаваў стабiльна i жыў па сродках. З 1996 года на фоне агульнага абвалу адбылося рэзкае пагаршэнне фiнансавага становiшча. Калектыў прайшоў праз усё — хваробы i падзеж жывёлы, масавы адток кадраў, нявыплаты заробку. Успомнiць гэты суровы ўрок, якi паднесла жыццё, нялiшне, каб па вартасцi ацанiць дзень сённяшнi i не збаўляць тэмп, развiвацца далей. Не толькi накапiць «запас трываласцi», але i выразна бачыць новыя гарызонты. У 2002 годзе, калi я вярнуўся ў калектыў, прадалi толькi 7400 тон мяса. Закасалi рукавы i пачалi адраджаць гаспадарку. Распрацавалi праграму аздараўлення эканомiкi i паляпшэння эпiдэмiялагiчнай сiтуацыi на комплексе, удасканалiлi структуру. Вельмi своечасовым было ўмяшанне Прэзiдэнта, пасля якога нам рэструктурыравалi запазычанасць па падатках, «разнеслi» яе выплату на дзесяць гадоў, i тым самым выратавалi ад даўгавой ямы. Прынялi на свой баланс адну за адной тры адстаючыя гаспадаркi — нам патрэбны былi землi для вырошчвання збожжа. Уздымалiся з каленяў самi i ўздымалi свае калгасы. Праз год павялiчылi вытворчасць мяса на 25 працэнтаў, выйшлi на тэхналагiчнае пагалоўе. I сабралi 26 тысяч тон збожжа. З’явiлiся свае кармы. За гэтыя пяць гадоў, пражытых у абстаноўцы даволi высокага працоўнага напружання, мы павялiчылi роўна ў два разы вытворчасць свiнiны, у тры разы — вытворчасць ялавiчыны i больш чым у два з паловай — малака. Летась прадалi каля 15 тысяч тон мяса i больш за 9 тысяч тон малака. Надой на карову ў гэтым годзе наблiжаецца да шасцi тысяч кiлаграмаў. Не сорамна за сярэднясутачныя прывагi — пад 800 грамаў на адкорме. Змаглi iнвеставаць за апошнi год у развiццё ўласнай гаспадаркi 13 мiльярдаў рублёў. Больш чым на 7 мiльярдаў закупiлi новай тэхнiкi, не без дапамогi вобласцi, канешне. Так што ў нас зараз 12 тысяч гектараў зямлi, дзе ў асноўным вырошчваем кармы i збожжа, якое паступае на ўласны камбiкормавы завод. На заводзе вырабляем 200 тон камбiкармоў у суткi. Яны iдуць жывёлагадоўчаму комплексу, дзе ўтрымлiваем 93 тысячы галоў свiней. Уся свiнiна з комплексу i ялавiчына з фермаў у аддзяленнях перапрацоўваецца на ўласным мясакамбiнаце. Штодзень б’ём 450 галоў свiней. 25 працэнтаў свiнiны перапрацоўваем на каўбасы, вяндлiну, iншыя далiкатэсы. I 75 працэнтаў рэалiзуем у паўтушах. Ёсць свая гандлёвая сетка. Такiм чынам, у нас завершаны цыкл — ад поля да прылаўка. Структура кiравання простая, але эфектыўная. Удалося адладзiць механiзм кiравання настолькi, што дырэктару няма патрэбы без асаблiвай на тое прычыны ўнiкаць ва ўсе нюансы. Намеснiкi адказваюць за свае накiрункi, я займаюся эканомiкай, фiнансамi i iншымi найбольш вызначальнымi напрамкамi. Мясакамбiнат, напрыклад, курырую сам, ён пастаянна патрабуе iнвестыцый i наогул увагi. Часам жыццё прымушае займацца i збытам, асаблiва калi збыт iдзе складана. Нiкому не перадавяраю будаўнiцтва. — Вы так пра гэта гаворыце, быццам будуеце вельмi многа. — Святая праўда, будуем многа. Без чаго не можа быць перспектывы. У кожным аддзяленнi праводзiм рэканструкцыю жывёлагадоўчых фермаў, i даволi часта лiчым за лепшае ўзводзiць iх з нуля. Як малочнатаварных, так i адкормачнiкаў. Аснашчаем механiзацыяй, у вынiку рэзка скарацiлася колькасць жывёлаводаў, занятых доглядам i вырошчваннем буйной рагатай жывёлы. У нас тры фермы па 400 галоў, на кожнай працуюць усяго па 3 даяркi. Усюды стаяць камп’ютары. Больш за ўсё ў гэтым сэнсе работы па комплексу. Пастаянна вядзецца яго рэканструкцыя, зараз завяршаем блок апаросаў. Абсталяванне ўсё ёсць, да восенi закончым мантаж. Працуем актыўна па адкорму. Адзiн участак закончылi, прыступаем да работ па другому. Думаю, у канцы гэтага года цi ў пачатку наступнага рэканструкцыю комплексу завершым. Перманентна вядзецца рэканструкцыя мясакамбiната — i забойнага, i каўбаснага цэхаў, iншых падраздзяленняў. У свой час мясакамбiнат будаваўся як забойны цэх для комплексу, яны тэхналагiчна злучаны. Гэта вызваляе ад неабходнасцi перавозiць жывёлу транспартам. Але стварэнне на базе забойнага цэха сапраўднага мясакамбiната, якi вырабляе багаты асартымент мясной i каўбаснай прадукцыi, прымушае пастаянна займацца арганiзацыяй новых вытворчых магутнасцяў, новых тэхналагiчных патокаў. За апошнiя гады ўзвялi шэсць сушылак, бо нарошчваем вытворчасць збожжа, i зараз будуем яшчэ адну, прадукцыйнасцю 40 тон у гадзiну. У час уборачнай намалочваем у дзень тысячу — тысячу дзвесце тон збожжа, i за суткi сушым усю гэтую колькасць пры любой вiльготнасцi. Сёлета «зачапiлiся» за ачышчальныя збудаваннi, пачалi iх рэканструкцыю. Ужо ёсць праект рэканструкцыi i камбiкормавага завода. Акрамя таго, актыўна працуем па жыллю. Летась увялi восем домiкаў, у першым квартале гэтага года — тры. Да канца года плануем увесцi яшчэ 12. Сацыяльнаму комплексу наогул надаецца належная ўвага. Вядзём аднаўленне Дома культуры, закончылi работы на музычнай школе i гасцiнiцы ў пасёлку. Як бачыце, адначасова ажыццяўляецца адразу некалькi праектаў, у вынiку чаго будаўнiцтвам займаемся ўвесь час. На будаўнiчых працэсах толькi па жыллю занята штодня 150 чалавек. Летась жыллё ўзводзiлi гаспадарчым спосабам, сёлета — з прыцягненнем субпадрадных арганiзацый. Мы бачым, што зараз наспявае пэўная экалагiчная праблема. Комплексу, як мы гаварылi, сёлета спаўняецца 25 гадоў, увесь гэты час утылiзацыя сцёкаў адбываецца на адных i тых жа землях. Нашы суседзi-расiяне ставяць на сваiх комплексах бiягазавыя ўстаноўкi. З дапамогай такой устаноўкi мы маглi б у два разы зменшыць сцёкi i атрымлiваць 800 тысяч кiлават-гадзiн электраэнергii. Па нашаму заказу немцы выканалi праект, мы выйшлi з прапановай ва ўрад i пераконваем, што справа гэта неабходная. Але яна не танная i патрэбны iнвестыцыi. Яшчэ адна злабадзённая тэма — энергазберажэнне, гаспадарчае выкарыстанне газу. Заканчваем наладку абсталявання, каб ажыццявiць дэцэнтралiзацыю ацяплення. Спынiлi сваю цэнтральную кацельню, у якой стаялi чатыры магутныя катлы. За гэтыя гады, калi ўзялiся за энергазберажэнне, у два разы павялiчылi вытворчасць мяса, а спажыванне газу паменшылi ў два разы. Гэта значыць, вытворчасць расце, а спажыванне газу памяншаецца. Зараз яно мiнiмальнае. — Гаспадарка ў вас шматпрофiльная. Што ўсё ж дамiнуе, чаму надаяце больш увагi? — Ва ўмовах нашай вытворчасцi, калi ўсё цесна звязана ў агульны тэхналагiчны ланцужок, проста нельга нечаму надаць больш, а нечаму — менш увагi. Не дагледзiш поле — атрымаеш менш збожжа, i сабекошт камбiкорму ўзрасце, а следам за iм — малака i свiнiны. На тых комплексах, дзе няма сваёй зямлi, высокай рэнтабельнасцi не даб’ешся. Сваё збожжа ў любым выпадку ў два разы больш таннае, чым пакупное. I патрэбна сказаць «дзякуй» дзяржаве, якая прадастаўляе даволi адчувальныя прэферэнцыi i такiм чынам дапамагае гаспадаркам i комплексам набываць мiнеральныя ўгнаеннi, сродкi абароны раслiн, тэхнiку. I жывёлагадоўля, i перапрацоўка патрабуюць пастаяннай увагi да сябе — да тэхналогii, да культуры вытворчасцi, выканання санiтарных нормаў. Клапоцiмся i пра здаровы мiкраклiмат у калектыве. Людзi працуюць у нармальным настроi, а спецыялiсты пастаянна адчуваюць як бы лёгкi цiск. Патрабаваннi да iх не тое што завышаныя, а проста — высокiя. I да агранамiчнай службы, i да заатэхнiчнай, ветэрынарнай, iнжынернай. Да мясаперапрацоўшчыкаў i ўсiх астатнiх катэгорый. Спецыялiстаў расцiм як сваiх, з лiку былых выпускнiкоў Пiнскага тэхнiкума мяса-малочнай прамысловасцi i профiльнага тэхнiкума з Пружан, якiя ў свой час прыехалi да нас цэлымi групамi, так i запрашаем выпускнiкоў ВНУ. У тым жа Магiлёўскiм тэхналагiчным iнстытуце штогод заказваем па тры-чатыры чалавекi. За апошнiя гады прынялi на работу не менш за 20 выпускнiкоў профiльных ВНУ. Нельга сказаць, што ўсе яны — гатовыя спецыялiсты, усё роўна адбываецца жыццёвае i прафесiйнае «дарошчванне». Але потым можам разлiчваць на свайго сталага спецыялiста. Сёння спецыялiсты ў нас на сваiм месцы. I на комплексе, i на мясакамбiнаце, i на камбiкормавым заводзе. Лiчу, што яны працуюць прафесiйна. У тым лiку ў трох калгасах, якiя мы далучылi да сябе. Бухгалтарскiм работнiкам i эканамiстам дапамагаюць камп’ютарныя праграмы, а нагрузка на людзей не жартоўная, у шматгалiновай гаспадарцы патрэбна не толькi наладзiць дакладны ўлiк, усё «звесцi» разам, але i адсочваць тэндэнцыi. Плюс уласныя фiрменныя магазiны ў Брэсце, у Каменцы, Высокiм, на прахадной комплексу i ў пасёлку Белавежскi — усяго восем. На наступным тыднi адкрываем яшчэ адзiн, чацвёрты па лiку, магазiн у абласным цэнтры. Значыць — свае тавараведы, свае прадаўцы... I патрэбна, каб увесь гаспадарчы механiзм функцыянаваў зладжана. У такой комплекснасцi — наша ратаванне. У тым, што мы самi вырошчваем, выпрацоўваем прадукцыю палёў i фермаў, самi перапрацоўваем яе i самi прадаём. На жаль, зараз у краiне ялавiчына фактычна стратная. У нас дзякуючы ўласнай перапрацоўцы яна страт не прыносiць. I ўсё ж наша галоўнае багацце — свiнiна. Вырошчваць яе i аддаваць некаму па закупачнай цане — гэта быў бы не гаспадарскi падыход. Мы яе перапрацуем, вырабiм высака- якасны прадукт, i тады прададзiм, заробiм «жывыя» грошы. Зараз выпускаем прыкладна 10 тон каўбасных вырабаў за дзень, i паўтары «Алкi» павiнны загрузiць паўтушамi. Увесь час iдзе адгрузка. I гэта так прыемна — штодня бачыць вынiкi сваёй работы. — Вы зазначылi, што мясакамбiнат вырабляе вялiкi асартымент мясной i каўбаснай прадукцыi... — На патоку ў нас — толькi тая прадукцыя, якая знаходзiць шырокi збыт. Не буду пералiчваць усе гатункi вараных, паўвэнджаных, варана-вэнджаных, сыравэнджаных каўбас, сасiсак i сардэлек, мясных вырабаў. Назаву толькi некаторыя фiрменныя — «Шпiкачкi вэнджаныя», сасiскi «Таптыжка» для школьнiкаў, кабаносы «Польскiя», паўвэнджаныя «Белавежская» i «Ядлоўцавая», каўбаскi для грыля «Сталiчныя» ў вакуумнай упакоўцы, «Кебабкi» i «Каўбаскi з сырам» — усё гэта таксама для грыля, «Мускатная вароная», бужанiна «Юр’еўская», кумпячок «Фiрменны», падчарэўка «Купецкая», шчакавiнка, дамашняя вяленая «Дзедаўская» — я пералiчваць магу вельмi доўга. Кожны дзень прадаём прыкладна 55—60 найменняў сваёй прадукцыi, адбываецца «ратацыя», i за тыдзень набягае 160—170 найменняў. Пры гэтым дбаем пра гаспадынь, каб аблегчыць iм пасля працоўнага дня задачу накармiць сям’ю. Выпускаем фаршы i паўфабрыкаты — купаты «Заказныя» i «Аматарскiя», каўбаскi сырыя для шашлыкоў, каўбаскi сырыя для грыля, катлетнае мяса, рагу са свiнiны; дробнакавалкавыя паўфабрыкаты ў марынадзе — стэйк свiны «Ад пана Адальберта», «Рабрынкi па-баварску», шашлыкi i шмат чаго iншага. Стараемся, каб нашу прадукцыю маглi купiць людзi з розным даходам. Таму ў асартыменце ёсць танныя фаршы, рабрынкi, рагу i зельцы, крывяныя i лiверныя каўбасы, закускi, паштэты па невысокай цане. Вялiкi выбар якасных субпрадуктаў. Падоўжыць тэрмiны захоўвання каўбасных вырабаў дазваляе сiстэма дабавак i сучасных абалонак. Пры гэтым нiякiх кансервантаў мы не выкарыстоўваем. Сою, кашы, iншыя водапаглынальныя дабаўкi — таксама. У адрозненне ад калег працуем на ахалоджаным мясе. Мы яго не замарожваем, калi плануем пусцiць на «канвеер», яно проста ахалоджанае, «спелае», прыгоднае для перапрацоўкi. Акрамя тэрмакамер, якiя выкарыстоўваюцца на кожным мясакамбiнаце, захавалi ў сябе камеры, дзе на дровах, на вольсе аздабляем сваю вяндлiну па дзедаўскiх рэцэптах. Як гэта i сёння робяць у вёсцы тыя, хто разумее толк. Тэмпература для гатавання прадукту ствараецца за кошт пары, што iдзе па трубах, яны размешчаны непасрэдна ў тэрмакамеры. А своеасаблiвы пах, водар, прысмак далiкатнай вяндлiны надае лёгкi дымок ад вугалёў вольхi, яны тлеюць далёка ўнiзе, пад камерай. — Як вы дабiваецеся высокай якасцi прадукцыi? — Летась укаранiлi сiстэму менеджменту якасцi на базе мiжнародных стандартаў ISО 9000. Без гэтага не змаглi б упэўнена выходзiць на той жа расiйскi рынак. Зараз распрацоўваем ХАССП, яго ўкараненне — у праграме гэтага года. Працуем па якасцi не толькi мяса i мясных прадуктаў, але i малака, што дазваляе цесна супрацоўнiчаць з такой праслаўленай айчыннай фiрмай, як «Савушкiн прадукт». Пастаўляем «белае золата» i на малочны завод у Высокае — гэта фiрма з не менш слынным брэндам «Белавежскiя сыры». Каб забяспечыць якасць, узброiлi свае фермы лабараторным абсталяваннем, мiнi-лабараторыя маецца на кожнай ферме. Абсталяванне — сучаснае, на электронiцы, таму партатыўнае, дазваляе правяраць важнейшыя параметры. Мы свой статак утрымлiваем так, каб рознiца ў надоях летам i зiмой не была адчувальнай. Выраўняць надоi дазволiлi належнае кармленне на працягу года, належная племянная работа — у прыватнасцi, раўнамерна арганiзаваныя ацёлы. Так што наша малочная рака не мялее i зiмой. У поле кароў не ганяем, ва ўсякiм разе на буйных фермах, з якiх атрымлiваем асноўнае малако. Правiльна лiчаць тыя, хто ставiць пытанне так: высокiя спажывецкiя якасцi малочных прадуктаў пачынаюцца на малочнатаварнай ферме. — Раскажыце, калi ласка, пра рынкi збыту вашай прадукцыi. — Iльвiную долю каўбасных вырабаў, да 10 тон у дзень, прадаём у асноўным «дома», у Брэсцкай вобласцi. Працуем таксама з Мiнс- кам — прадукцыя трапляе ў дзесятак магазiнаў. Мы вырабляем 35 працэнтаў свiнiны ў сваёй вобласцi, таму з’яўляемся асноўным яе пастаўшчыком для сталiцы. Прымаюць нашу прадукцыю i магазiны Гродна, хоць у суседнiм абласным цэнтры працуе ўласны мясакамбiнат. Рынак ёсць рынак, i ў нас бяруць на рэалiзацыю прадукцыю прыватныя прадпрымальнiкi нават з тых гарадоў, дзе ёсць свае мясакамбiнаты. Можна сказаць, яны даюць мясцоваму насельнiцтву магчымасць выбару. Астатняя прадукцыя iдзе на экспарт. Летась на экспартных аперацыях зарабiлi 9 мiльёнаў долараў, у першым квартале гэтага года — тры мiльёны. — Механiзмы тармажэння, якiя былi ўключаны нашымi суседзямi, вам перашкодзiлi? — Мы ў Расiю не адгружалi толькi адзiн дзень, 2 красавiка. Ранiцой была забарона, а блiжэй да вечара нам далi дазвол. Назаўтра з Масквы прыйшлi тры машыны, ноч пераначавалi, мы iх загрузiлi i адправiлi. Наша мяса ведаюць таксама ў Санкт-Пецярбургу, Смаленску i Севераморску, гэта горад у Архангельскай вобласцi. Ахвотна бяруць ва Уладзiвастоку, куды яно трапляе ў вагонах-рэфрыжэратарах. Мы працуем па цэнах, па якiх працуюць самi расiяне. Праз Iнтэрнэт адсочваем узровень цаны ў Маскве i рэгiёнах. Вытрымлiваць яго можам таму, што па якасцi да нашай прадукцыi пытанняў няма. Селекцыйна-племянная работа дазволiла цалкам перайсцi на беконныя пароды, а гэта свiнiна першай катэгорыi. Сёння ў Беларусi нямнога комплексаў i гаспадарак, якiя прадаюць свiнiну першай катэгорыi. Мы прадаём толькi першай, у Мiнск таксама. — Што па-добраму падкупiла строгую расiйскую камiсiю, i ў вынiку ваша прадпрыемства ў лiку пакуль усяго трох мясакамбiнатаў Беларусi (па стану на канец красавіка. Рэд.) атрымала сертыфiкат на ўвоз прадукцыi ў Федэрацыю? — Перш за ўсё яны ўпэўнiлiся, што мы нiколi не працавалi i не працуем з польскiм мясам. Гэта было iх галоўнае патрабаванне. Вядома, што польскае мяса забаронена для продажу на расiйскiм рынку. Па-другое, паглядзелi, што мяса мы перапрацоўваем толькi сваё, завозу збоку няма. Мы працуем толькi з жывёлай з уласнага комплексу. А гэта яшчэ адна гарантыя якасцi. Бо калi ўвозiць мяса з добрага дзесятка гаспадарак, тады складана сачыць за выкананнем санiтарных нормаў. Тут жа ўсё на месцы, i лёгка гэтыя нормы вытрымлiваць. У нас да апошняга часу быў нават адзiны галоўны ветэрынарны ўрач на комплексе i мясакамбiнаце, зараз таксама ажыццяўляецца адзiная палiтыка. Усе неабходныя праверкi перад забоем можна зрабiць спакойна на месцы, не патрэбна нiкуды вазiць. I адпраўляем на перапрацоўку толькi клiнiчна здаровы маладняк. Госцi цiкавiлiся i агульным станам спраў на мясакамбiнаце. Значыць, арганiзацыя вытворчасцi спадабалася. Нiчога звышнатуральнага мы iм не паказвалi. — Вынiкi мiнулага года i трох месяцаў гэтага вас задаволiлi? — Мiнулы год быў вельмi ўдалы. Хоць з-за ўмоў надвор’я недабралi збожжа. А так i цукровыя буракi, i рапс былi нядрэнныя. Валавыя лiчбы я ўжо называў. Скажу толькi, што ў свiнагадоўлi атрымалi рэнтабельнасць 25 працэнтаў, i 20 працэнтаў у цэлым па гаспадарцы. Дай Бог, каб мы сёлета вырабiлi столькi прадукцыi, колькi летась. Што датычыцца трох месяцаў, то паказчыкi, па крайняй меры ў жывёлагадоўлi, не пагаршаюцца, а паляпшаюцца. Павялiчылiся надоi малака i сярэднясутачныя прывагi буйной рагатай жывёлы. Наша задача — замест 9300 тон леташнiх надаiць у гэтым годзе 10 тысяч тон малака. Усё складваецца нармальна. Зарплата не змяншаецца, а крышку павялiчваецца, што вельмi важна. Трынаццатую ўжо выплацiлi, яна большая за месячную. А сярэднямесячная летась склала 566 тысяч рублёў. Людзi задаволены, бо выплата зарплаты нiколi не затрымлiваецца. Умовамi працы — таксама. На комплексе васьмiгадзiнны рабочы дзень. Усiх прывезлi, усiх завезлi дамоў. Хочаш, палуднуй тут, ёсць сталовая, абед бясплатны, кормяць смачна. Хочаш, едзь на абед дамоў, у пасёлак, зноў жа возяць свае аўтобусы. А зэканомленыя на абедзе грошы атрымаеш у канцы месяца. Механiзатары харчуюцца два разы на дзень, таксама бясплатна. Працуюць яны на дабротнай тэхнiцы. Каб недзе быў стары, зламаны трактар — такога няма, тэхнiка ўся новая. У тым лiку дваццаць пяць МАЗаў, чатыры магутныя трактары «Джон Дзiр», якiя, па сутнасцi, i спраўляюцца з большай часткай работ на палях. Дарэчы, калi справы ў гаспадарцы зноў пайшлi на лад, людзi вярнулiся з «адыходнiцтва» на комплекс. Зараз калектыў налiчвае паўтары тысячы чалавек. Адным словам, усё, што запiсана ў калектыўным дагаворы, выконваем. Да гэтага года пуцёўкi на адпачынак i праезд былi, па сутнасцi, бясплатнымi. Сёлета прывялi ў адпаведнасць з апошнiмi заканадаўчымi актамi. Але праезд застаўся бясплатным, нават на Поўдзень. — Якiя яшчэ сацыяльныя гарантыi ажыццяўляюцца? — Прадастаўляем бясплатнае жыллё, i чарга рухаецца без вялiкiх затрымак. Аказваем людзям любую патрэбную iм дапамогу. Калi адпрацаваў у калектыве 20 гадоў, то адчувальна ўзрастаюць разнастайныя формы выплат. Скажам, перадпенсiйная дапамога наблiжаецца да тысячы долараў. Нараўне з працуючымi садзiм бульбу ў палях севазвароту для пенсiянераў. — Якiя перспектывы вы бачыце, Юрый Дзмiтрыевiч? — Абсалютна ясна, што патрэбна развiваць перапрацоўку. Будзем будаваць яшчэ адзiн цэх — паўфабрыкатаў. Заданне на праект мы ўжо падрыхтавалi. Значыць, неабходна развiваць i сыравiнную базу, каб было з чаго рабiць. Большую аддачу патрэбна браць i ад зямлi. А магчыма, павялiчваць i сам «надзел», каб перайсцi на самазабеспячэнне збожжам. Мець хоць бы 80 працэнтаў свайго збожжа. Канешне, гэта вельмi клапатлiвая справа, але яшчэ чатыры тысячы гектараў я з задавальненнем узяў бы. У нас тэхнiка ёсць, людзi ёсць. Калi б засявалi восем тысяч гектараў збожжавымi i атрымлiвалi па 50 цэнтнераў з гектара — вось вам ужо сорак тысяч тон збожжа. Тое, што патрэбна. I зямля будзе належным чынам дагледжана. Сёння мы даём прыкладна 30 працэнтаў раённага збору збожжа. 80 працэнтаў мяса — наша, малака i цукровых буракоў — працэнтаў 12. Адчувальна падтрымлiваем Камянецкi раён за кошт рэгулярнай выплаты мiльярдных падаткаў. Калi прадпрыемства хоча развiвацца далей i магчымасць ёсць, то варта было б, на наш погляд, падтрымаць такiя памкненнi. Публiкацыю падрыхтавалi Уладзiмiр ХIЛЬКЕВIЧ i Яўген ПЯСЕЦКI (фота). Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па вынiках спаборнiцтва за 2006 год сярод арганiзацый аграпрамысловага комплексу адкрытае акцыянернае таварыства «Белавежскi» Камянецкага раёна заняло
|
|