Далёкае падарожжа ў «краiну», дзе нараджаюцца айсбергi
Сяргей КУРКАЧ
Спецыяльна для «Звязды» «Звязда» ўжо паведамляла, што некалькi дзён назад пасля шматгадзiнных пералётаў на Радзiму, у Мiнск, прыбылi ўдзельнiкi першай беларускай антарктычнай экспедыцыi Аляксей Гайдашоў i Леанiд Турышаў. Днямi Аляксей Аляксандравiч i Леанiд Мiкалаевiч наведалi рэдакцыю газеты i адказалi нам на ўсе пытаннi пра Антарктыку — i не толькi.(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 4 мая.) — Якiя жывёлы i птушкi жывуць у Антарктыдзе? З кiм з iх вам давялося сустракацца? А. Гайдашоў: — Сапраўднымi абарыгенамi лiчацца пiнгвiны Адэлi, у мора Касманаўтаў заплывалi касаткi. З боку нашага паўшар’я ў Антарктыду прылятаюць на летнi сезон качуркi, а потым зноў на летнi сезон — толькi ўжо на поўнач — ляцяць назад. — Палярныя птушкi харчуюцца выключна рыбай? А. Гайдашоў: — Птушкi на Антарктыдзе галоўным чынам харчуюцца рыбай, але... Напрыклад, сапраўдныя гаспадары шостага кантынента палярныя паморнiкi, якiя жывуць каля станцыi, хутка адаптавалiся да чалавека. Гэтыя летуны тут усё часцей адмаўляюцца паляваць у халоднай вадзе на рыбу, бо ведаюць, што iм абавязкова вынесуць харчовыя рэшткi тры разы на дзень дакладна па гадзiнах. Л. Турышаў: На Антарктыдзе такiя зоны «харчавання» памiж птушкамi ўжо даўно падзелены. Свае асабiстыя кармушкi паморнiкi абараняюць нават ад людзей, калi апошнiя вырашаюць прыбраць тэрыторыю. А. Гайдашоў: — На расiйскай станцыi «Мiрная» паморнiкi так расперазалiся, што пачалi «паляваць» на палярнiкаў, якiя выходзiлi з камбуза i нешта смачнае неслi на месца свайго базiравання. Птушкi прама ў палёце вырывалi з рук булачкi або пончыкi. Калi па-добраму не аддаеш гэтыя прысмакi «палярным варонам», то яны могуць падчапiць з галавы шапку i аднесцi куды-небудзь у трэшчыну. — Усходняя Антарктыка з’яўляецца полюсам холаду Зямлi, дзе ў 1983 годзе была зафiксавана абсалютная адмоўная тэмпература — мiнус 89,2 градуса. Летам на ўзбярэжжы кантынента нават адносна цёпла, але хуткасць ветру дасягае 40 м/с. З чым можна параўнаць такiя прыродныя ўмовы? А. Гайдашоў: — Сёлета на Антарктыдзе было вельмi цёплае лета. Найбольш холадна было пры тэмпературы мiнус 8 градусаў, а ў арктычную «спякоту» цяплела да плюс 6 градусаў. Разам з тым гэты дыяпазон тэмператур успрымаецца арганiзмам даволi цяжка, бо ён пераскоквае вельмi хутка на працягу кароткага тэрмiну часу. Тэмпература паветра ад мiнус 8 градусаў ужо праз некалькi гадзiн пры змяненнi напрамку ветру можа павысiцца да 2—3 градусаў цяпла. Л. Турышаў: — Мы засталi парывы ветру да 32 м/с. Што гэта? Пры хуткасцi ветру 18—20 м/с рухацца можна пешшу толькi пры пэўным нахiленнi наперад. Калi ты ў адносна лёгкай вопратцы, то цяпло з арганiзма выдзiмаецца амаль iмгненна. Калi няма спецыяльных акуляраў, то пачынаюць актыўна слязiцца вочы, i нават пры нулявой тэмпературы слёзы замярзаюць. Калi хуткасць ветру перавышае 28 м/с, то на станцыi i па месцы знаходжання аб’яўляецца штармавое папярэджанне. Тады палярнiкi павiнны быць ужо ў закрытым памяшканнi. Калi шторм захапiў у дарозе, тады трэба спынiцца i чакаць у транспарце дапамогi. Гэта — закон. Парушэнне яго амаль заўсёды прыводзiць да гiбелi людзей. — У 1991 годзе на Антарктыдзе ўведзены 50-гадовы мараторый на любыя геалагiчныя вышукi. Аднак з цягам часу наша краiна разлiчвае на ўдзел у распрацоўцы багатых нетраў гэтага кантынента? Цi можна будзе здабываць там нафту, газ або, напрыклад, уранавую руду? А. Гайдашоў: — Iснуючы мараторый i сам дагавор 1959 года аб Антарктыцы маюць на ўвазе захаванне гэтага месца як кантынента-запаведнiка, дзе магчымая дзейнасць чалавека толькi для навукова-даследчых мэтаў. Аднак вядома, што пад навуковым прыкрыццём пошук карысных выкапняў з боку багацейшых краiн свету тут ужо, можа, пачаўся. Запэўню вас, у блiжэйшыя 30—50 гадоў весцi прамысловую здабычу карысных выкапняў на Антарктыдзе немагчыма. Зараз у чалавецтва няма адпаведнай тэхнiкi здабычы ў такiх суровых умовах з-пад леднiковага шчыта. На мой погляд, чым пазней такая здабыча пачнецца, тым лепш для ўсёй нашай планеты. Аднак, у далёкай перспектыве першае, што пачнуць тут здабываць, будзе менавiта нафта. Для яе здабычы можна даволi хутка распрацаваць сучасную тэхналогiю, якая дазволiць зрабiць гэты працэс эканамiчна выгадным. — Цi iснуюць планы па арганiзацыi палярнага турызму на Антарктыду? А. Гайдашоў: — З цягам часу — так. Але, падкрэслю, толькi гарачыя галовы ўжо з першых самастойных крокаў на Антарктыду прапануюць накiраваць нашу арктычную праграму на шлях высокадаходнага турыстычнага бiзнэсу. Па-першае, гэта не вiтаецца антарктычнай супольнасцю. Актыўная зона турызму можа iснаваць толькi ў зоне Антарктычнага паўвострава, якая адпавядае субантарктыцы, дзе больш мяккi клiмат. Сёння такi турызм практыкуецца толькi паралельна з работамi навукова-даследчых станцый. Так, згодзен, тое цудоўнае па прыгажосцi месца каля гары «Вячэрняя» палярнiкi яшчэ называюць антарктычнай Швейцарыяй. Там шмат сезонных мiкравадасховiшчаў, мноства скальных выступаў, прыродных упадзiнаў. Ёсць вялiкiя снежныя схiлы, дзе нават летам захоўваецца снежнае покрыва, што ўяўляе амаль iдэальнае месца для гарналыжнага турызму. Але не трэба ставiць гэтыя пытаннi сёння i ў блiжэйшыя 5—10 гадоў. Спачатку трэба з годнасцю ўвайсцi ў кагорту арктычных дзяржаў. — Якiя самы яркiя ўражаннi засталiся ад Антарктыды? А. Гайдашоў: — Прырода зрабiла нам сапраўдны падарунак, калi 21 студзеня 2007 года мы назiралi працэс нараджэння айсберга. Грандыёзная падзея адбылася ў самы разгар арктычнага лета. Менавiта гэты час лiчыцца пачаткам актыўных працэсаў стварэння айсбергаў. У гэты дзень мы працавалi ў раёне гары Вячэрняя, дзе абследавалi старыя будынкi i збудаваннi i спачатку пачулi вельмi моцную, бадай, артылерыйскую кананаду. Такое час ад часу сустракаецца ў розных пунктах каля берагавой лiнii, аднак... Калi гук стаў сапраўды магутным i пачаў паўтарацца з нейкай цыклiчнасцю, то мы зразумелi, што гэта нешта сапраўды вельмi маштабнае. Разам з Леанiдам на снегаходах мы накiравалiся ў той бок, дзе адбывалiся шумныя падзеi. Дабралiся да скальнай грады, адкуль як на далонi ўбачылi вывадны ляднiк Хейса, дзе i адбывалiся падзеi. Велiзарная платформа лёду ўжо разламалася, i мы назiралi «другi акт» стварэння айсберга. Гэта на самай справе аб’ёмнае i захапляльнае вiдовiшча. У бок акiяна рухалася глыба лёду памерам з вельмi доўгi i «тоўсты» дом, у якiм не менш чым некалькi дзесяткаў паверхаў. Маштаб гэтага «жывога кавалачка» лёду быў такi, што здавалася — у гэтым месцы наша планета прачнулася i пачала дыхаць, у вынiку чаго адбыўся нейкi працэс лiнькi Зямлi. Адламаная глыба лёду саслiзнула ў акiян, пасля чаго «айсберг-немаўля» пачаў сваё доўгае падарожжа. Гэты працэс мы здымалi на вiдэаапаратуру. — Як шмат вiдэаматэрыялаў вы прывезлi з Антарктыкi ў Мiнск? А. Гайдашоў: — У нас атрымалася больш за 15 гадзiн вiдэазапiсу. Там шмат спецыфiчнага i службовага матэрыялу ў рамках рэкагнастыровачнага даследавання, але хапае i агульнагеаграфiчнага матэрыялу рэгiёна Антарктыды. Здымалi жывёльны свет, розныя прыродныя ўмовы, паводзiны птушак, пiнгвiнаў i г.д. Мы будзем рады, калi да нас звернуцца прадстаўнiкi тэлеканалаў або спецыялiсты па дакументальнаму кiно... Я ўпэўнены, што гэты матэрыял павiнны ўбачыць усе жыхары Беларусi. Спадзяюся, што атрымаецца цiкавае кiно.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Звязда» ўжо паведамляла, што некалькi дзён назад пасля шматгадзiнных пералётаў на Радзiму, у Мiнск, прыбылi ўдзельнiкi першай беларускай антарктычнай
|
|