21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Паэзiя Жанчыны

26.08.2009 08:40 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дыялог праз вершы з паэткай Раiсай Баравiковай

Яе вершы адметныя гранiчнай пранiзлiвасцю пачуццяў — дачкi, мацi, жанчыны, якая кахае, але не заўсёды шчаслiва-ўзаемна...

Смеласць шчырай адкрытасцi самых патаемных душэўных узрушэнняў — мала распрацаваная традыцыя ў беларускай лiтаратуры. Разам з тым творчасць Раiсы Баравiковай — гэта не «жаноцкiя вершы», а менавiта Паэзiя Жанчыны. Раiса Баравiкова вядомая i як празаiк,драматург, перакладчык. А яшчэ — як галоўны рэдактар часопiса «Маладосць», аднаго з найлепшых лiтаратурна-мастацкiх выданняў краiны. Для нас, звяздоўцаў, Баравікова таксама амаль радня: жыве яна на праспекце газеты «Звязда»... Дамаўля-ючыся аб сустрэчы, спытала Раiсу Андрэеўну, цi не будзе яна супраць iнтэрв’ю з дапамогаю яе ж уласных вершаў розных гадоў. «А чаму б i не?..».

Абую матчыны валёнкi

i папрастую наўздагад

туды, дзе тонкiя сасонкi

журбою высветляць пагляд.

— Раiса Андрэеўна, раскажыце пра сваю мацi.

— Мая мацi — самая звычайная жанчына. I вельмi цiкавы чалавек. Яна нарадзiлася ў Заходняй Беларусi, у вёсцы Пешкi Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласцi. Там нарадзiлася i я... Мама заканчвала пачатковую польскую школу, яшчэ пры Польшчы, i дзяўчынкай пiсала вершы на польскай мове.

— Дык у вас схiльнасцi да паэзii на генетычным узроўнi!..

— Самае цiкавае — што вершы свае мама нiколi не запiсвала, але памятае iх i да гэтага часу. Маме ўжо 82-i год, яна даволi часта чытае тыя свае дзiцячыя вершы.

Як цiха яблынi шумяць

у нашым садзе,

давай жа, мама, ля акна

з табой прысядзем,

цень адвячоркавы, густы

на шыбу ляжа,

табе пра тое, што ўтаю,

вясна даскажа...

— Гэта паэтычныя пачуццi да мацi. Сад у нас быў, але каб вокны скiраваны ў сад — не... Верш пра жаночую пераемнасць, жаночую повязь: мацi i дачка — гэта ў прынцыпе як адно цэлае.

Адрываюся зноў ад парога,

я прашу цябе, мама, не плач!

Дай што-небудзь

сваё на дарогу

i за ласку скупую прабач.

Развiтацца не ўмею дагэтуль,

адыходжу, звычайна, без слоў...

— Трое дзяцей у нашай сям’i, я i два браты. Мацi — захавальнiца сямейнага ачагу... Бацька, на вялiкi жаль, памёр ужо. Лёс закiнуў яго на Брэстчыну падчас Вялiкай Айчыннай вайны.

Калi пачалася вайна, бацькаў старэйшы брат служыў у войску. Славутая абарона Магiлёва, пра якую пакуль недастаткова расказана... У лясах было шмат вайскоўцаў-акружэнцаў, якiя адразу зарганiзавалiся ў невялiкiя партызанскiя групы, атрады i ўжо з першых месяцаў вайны змагалiся з ворагам. Мясцовыя жыхары дапамагалi iм харчаваннем, вопраткай. Адразу ўтварыўся атрад Асмана Касаева, карачаеўца. Пазней ён памёр ад ранення, побач з нашай вёскай ёсць калгас iмя Касаева. У часы СССР сваякi героя прыязджалi з Карачаева-Чаркесii на магiлу... Мая бабуля сама сабрала i адправiла бацьку ў партызанскi атрад: маўляў, старэйшы брат, Грышка, на фронце ваюе, i ты павiнен таксама... Адбыўся вялiкi партызанскi рэйд з Магiлёўшчыны на Брэстчыну, бацька партызанiў у атрадзе Рамана Яроцкага. Пасля вайны былыя партызаны ўзнiмалi раён, бацька працаваў у райфо фiнансiстам, хоць i не меў адпаведнай адукацыi — але ж некаму трэба было брацца за справу. Тады i пазнаёмiўся з мамай... У той год, калi я скончыла школу, сям’я пераехала на Магiлёўшчыну, на радзiму бацькi — у вёску Цяхцiн Бялынiцкага раёна. Мае юнацкiя гады звязаны з тымi мясцiнамi.

— А я нiяк не магла скемiць, чаму вы працавалi ў быхаўскай райгазеце «Маяк Прыдняпроўя»...

— Пасля школы паступала на фiлфак БДУ, але не прайшла па конкурсу. Дзякуй галоўнаму рэдактару быхаўскай раённай газеты Георгiю Ерамеевiчу Барысаву — ён узяў мяне карэспандэнтам. На «лiтстаронках» друкавалiся мае вершы, iх заўважыў Аляксей Васiльевiч Пысiн, наш вядомы паэт, ён жыў у Магiлёве. Якраз Пысiн i параiў не звязваць свой лёс з журналiстыкай, а заняцца выключна лiтаратурай — паступаць у Маскоўскi Лiтаратурны iнстытут iмя М. Горкага. Не проста параiў — дапамог з рэкамендацыяй ад Саюза пiсьменнiкаў, сам прасачыў, каб я дакладна ўсё падрыхтавала для творчага конкурсу, правiльна аформiла дакументы.

— Вашы аднакурснiкi па Лiтiнстытуту — гэта ўжо iмёны ў лiтаратуры?

— Канешне. Адразу хачу згадаць Алу Кабаковiч, таленавiтага беларускага крытыка. Яна рана пайшла з жыцця, але пакiнула цiкавыя даследчыцкiя працы. Яна была моцным крытыкам з бездакорным густам, вельмi любiла нашу лiтаратуру. Дарэчы, вядомы крытык Ганна Кiслiцына — дачка Алы Кабаковiч, яна пайшла шляхам мацi... Вельмi таленавiтая паэтка Святлана Басуматрава жыве ў Бабруйску. Iван Ласкоў жыў у Якуцii, бо ўзяў шлюб з якуцкай пiсьменнiцай, але пiсаў на беларускай мове i выдаваўся ў Мiнску.

У Лiтiнстытуце я пазнаёмiлася з вядомым кiнарэжысёрам Мiшам Пташуком, ён нарадзiўся на Брэстчыне, таму нас аб’ядноўвалi яшчэ i зямляцкiя каранi.

А я вяду з сабою сваркi,

хачу на шчасце днi нiзаць,

i немагчыма без памаркi

з жыцця жыццё перапiсаць.

Iду да некага з вiною,

i нехта прыхаваў вiну,

i дзень удачы — навiною,

i тыднi страт — не ў навiну...

— Раiса Андрэеўна, многiя вашы вершы — пра каханне. Цiкава, а што больш стымулюе творчасць: каханне падзеленае або не?

— Больш натхняе каханне непадзеленае. Гэта мая асабiстая думка: каханне непадзеленае — больш жывучае, яно даўжэй жыве. Таму што каханне падзеленае хутка перастае быць каханнем. I калi, скажам, людзi пры ўзаемным каханнi бяруць шлюб, то гэта каханне вельмi хутка робiцца звычкаю. I тады гаворка ўжо iдзе не пра палкiя пачуццi, а, хутчэй, пра нейкую роднасць. Людзi становяцца як сваякi, родзiчы.

Непадзеленае каханне — яно, як стрэмка, заўсёды жыве ў душы. I чалавек да яго вяртаецца, асаблiва калi ён упарты, настойлiвы, з характарам, з сiлай волi — тут шмат якiя пачуццi падключаюцца. Гэта ўжо не проста каханне — тут i самалюбства закранутае... Усё роўна чалавек, якi не падзяляе кахання, так цi iнакш застаецца загадкай, iнтрыга яшчэ больш нарастае. Пачуццi ацiхаюць (каханне можа быць i першае, i другое, i пятае, i дзесятае..), а загадка жыве — як штосьцi вельмi закрытае.

Прымiранае часам пачуццё!

Куды толькi мяне яно не гнала,

яно, як боль тупы праз забыццё,

з агню ў агонь бязлiтасна кiдала.

Каханы... Сябра... Карацей — чужы!..

— У такой прыгожай, паэтычнай жанчыны — ды каб нешчаслiвае каханне?.. А мяркуючы па вершах...

Непрыкметна прыйшла гадавiна...

Я сустрэчы па пальцах злiчу,

а шчаслiвая думаць павiнна,

што ад сытае ласкi крычу.

Ён пад ранiцу прыйдзе, няверны,

божы свет мне пачне абяцаць...

Як не сорамна вам, месяц чэрвень,

пры надзеi такой пазяхаць?!

— Тут, магчыма, справа зусiм i не ў нешчаслiвым каханнi. Таму што ёсць паняцце лiтаратуры.

...Калi паступала ў Лiтiнстытут, лiтаратура для мяне была чымсьцi зусiм неадкрытым: усе пазнаннi абмяжоўвалiся толькi школьнаю праграмаю. У iнстытуце я сапраўды адкрывала для сябе лiтаратуру. А паколькi маiм творчым семiнарам кiраваў вядомы расiйскi паэт Леў Озераў — выдатны паэт, перакладчык, лiтаратуразнаўца... У яго блiзкае сяброўства было з Барысам Пастарнакам, з Ганнай Ахматавай... Озераў iмкнуўся пашырыць наш кругагляд у лiтаратуры i, зразумела, скiроўваў нас да сваiх густаў, сваiх прыхiльнасцяў... Да Цвятаевай я i да гэтага часу застаюся раўнадушнай...

— Аднак па вершах адчуваецца, што вы любiце Ганну Ахматаву...

А я з душы зрываю гузiкi —

такая сёння весялосць!

— Так. Сваё захапленне Ахматавай Озераў перадаў i мне. Калi адкрыла для сябе Ахматаву, была зачараваная яе творчасцю. Магчыма нават, у мяне вельмi арганiчнае — не тое што лёсавызначальнае, а менавiта арганiчнае — было жаданне «наступаць» на нешчаслiвыя каханнi. На тыя каханнi, якiя мне давалi б глебу для вершаў. Тое каханне, якое магло быць шчаслiвым, нiяк мяне не прываблiвала. Я нават не звязвалася з магчымасцю шчаслiвага кахання, бо яно не дало б вершаў. Таму загадзя — як матылёк на агонь — ляцела на тое каханне, якое адпачатку магло быць толькi нешчаслiвым.

Жыццё — тартак,

пiлуе нервы час,

адчай, мана i здрада — пiлавiнне...

Я не зайздрошчу Вашай палавiне —

жанчыне, што пры Вас не знае Вас.

— ...I тут мне застаецца, напэўна, толькi пашкадаваць тых, хто нейкiм чынам быў удзельнiкам гэтага майго нешчаслiвага кахання.

— Чаму — пашкадаваць?

— Пашкадаваць — бо атрымлiвалася так, што гэтыя сiтуацыi я скарыстоўвала толькi для таго, каб пiсаць вершы пра нешчаслiвае каханне.

Новая патрэбна дзея,

палу новага павеў,

i... стаю з адной надзеяй:

хоць бы ты хлусiць умеў.

Без цябе нашто мне неба?

З кiм я долю падзялю?..

Не адводзь вачэй, не трэба,

я й такiм цябе люблю.

— Калi перанесцi слова «скарыстоўвала» на звычайную будзённасць — атрымлiваецца, аб’ект вашага пачуцця i быў бы гатовы зрабiць крок насустрач, а вы...

— ...а мне гэта было зусiм непатрэбна. Зноў жа, у Ахматавай ёсць адпаведныя радкi:

А я товаром редкостным торгую —

Твою любовь и верность продаю...

У сэнсе — скарыстоўваю для вершаў...

— Дык атрымлiваецца: паэзiя i шчаслiвая жанчына — рэчы несумяшчальныя? Бо любая жанчына iмкнецца да ўзаемнасцi, каб адразу адносiны выбудоўвалiся — як песня спявалася...

— Гэта псiхалогiя творчасцi. Калi ты сутыкаешся з нешчаслiвым каханнем i разумееш, што раптам у табе ўспыхнулi пачуццi — i ты адчуваеш, што гэты чалавек не зусiм той чалавек: ён нiяк не адказвае на твае пачуццi цi адказвае не ў той ступенi, якая магла б задаволiць... Любая iншая жанчына, напэўна, упала б у вялiкую роспач, для яе гэта была б трагедыя. Хай маленькая, на некаторы час — але трагедыя жыцця. Гэта былi б страшэнныя пакуты, перажываннi. I такiя моманты, дарэчы, апiсвае лiтаратура...

— Ну, Раiса Андрэеўна, не кажыце, што ў вас не было моцных перажыванняў!..

Не капрыз. Не настрой. Не развага.

Горка сэрца гаворыць з табой...

— Усе свае моцныя перажываннi я выкладваю на паперу — у вершах. Для мяне гэта толькi як матэрыял для паэзii. Я магла па адной сiтуацыi i 20, i 30 вершаў напiсаць... I душы маёй гэта палёгка. Усё засталося ў вершах.

— А вы памятаеце, якi верш каму прысвячалi?

— Ёсць вершы, якiя памятаюцца... А некаторыя мужчыны, да якiх калiсьцi, вельмi даўно, была нераўнадушная — але цяпер, ужо з адлегласцi, з вышынi гадоў... Ува мне зусiм iншыя погляды i нават часам думаю: Божа мой, як да такога iдыёта, да такога недарэкi... Часам бывае сорамна перад сабой, што да гэтага чалавека некалi магло ўспыхнуць пачуццё. I думаю: якое шчасце, што не адбылося!

— А як муж успрымае, напрыклад, вершы з кнiгi лiрыкi «Каханне», за якую вам была прысуджана Лiтаратурная прэмiя iмя А. Куляшова?

— Самае цiкавае, што пры ўсiх сваiх творча-паэтычных думках я вельмi верная жанчына. Не магу сказаць, што «сiняя панчоха», але я жанчына традыцыйна строгiх правiлаў.

— Муж не раўнуе?

— У гэтым плане я шчаслiвы чалавек, таму што муж нiколi не цiкавiўся маiмi вершамi.

— ??? А хто ён па спецыяльнасцi?

— Ён навуковец, камп’ютаршчык. У маю творчасць, святая святых, ён не ўлазiць — i гэта вельмi добра. Як паказвае жыццёвая практыка, калi шлюб бяруць два творцы, а яшчэ горш — два паэты, гэты шлюб вельмi нетрывалы. Бо сямейнае жыццё ператвараецца ў творчае жыццё. А сямейнае жыццё — гэта вялiкая дыпламатыя... У нас добрая сям’я. Разам жывём каля 30 гадоў, выгадавалi сына i дачку... Калi б раптам муж рабiў рэвiзiю маёй творчасцi — гэта ж можна было б памерцi! (смяецца).

— Нядаўна вы прысвяцiлi нiзку вершаў Леанiду Дранько-Майсюку — нiякай мужавай рэакцыi на мiнулагоднюю публiкацыю ў «ЛiМе» не было?

— Ён не чытаў, але ведае пра гэтыя вершы. Муж мой далёкi ад творчага асяродка, але тым не менш у iх было цеснае сяброўства з Мiшам Пташуком. Муж вельмi паважае Лёню Дранько-Майсюка, яму падабаюцца вершы i песнi на яго вершы. I з гонарам гаворыць, што ў нас, беларусаў, ёсць паэт такога маштабу i таленту, як Лёня.

— Дзецi вашы не спрабуюць сябе ў творчасцi?

— Дзякуй Богу, не. Ва ўсiх лiтаратурных стасунках i справах я сябе адчуваю адной-адзiнай. Мне нiхто нiчога не раiць, нiхто не збiвае з панталыку, адсутнiчае ўсялякая сямейна-творчая канкурэнцыя...

Радок — спадман,

ён толькi рамяство,

штуршок да неспакою i сумнення.

Уяўным развярэдзiць хараством,

няспраўджаным апалiць

летуценнем...

— Калiсьцi Дранько-Майсюк у час iнтэрв’ю прамовiў сакраментальнае: «Я не ведаю паэта, якому больш за 40 гадоў!». I сапраўды, у сталым узросце многiя пераходзяць у прозу, у драматургiю. I вы — не выключэнне...

— Ёсць розныя паэты. Некаторыя скарыстоўваюць свой вопыт i проста становяцца рамеснiкамi — калi можна сесцi за пiсьмовы стол i бясконца пiсаць вершы. Але гэта ўжо не тая паэзiя, якая хвалюе, закранае глыбiнныя струны душы. А каб нараджалiся такiя вершы — калi раптам палёт, натхненне, уздым, калi не ведаеш, што гэта за сiлы такiя (напэўна, гэта ўсё-ткi касмiчнае нешта)... Трэба слухаць сябе, лавiць кожны момант натхнення, прадчуваць i адчуваць яго... А для гэтага трэба мець многа вольнага часу — быць вольным, як вецер, у стане незямнога палёту, нездарма ж гавораць, што паэты не ад гэтага свету... Як правiла, такi перыяд часта заканчваецца ва ўзросце, пра якi сказаў Дранько-Майсюк. Бо пасля 40 гадоў чалавек абцяжарваецца жыццём, турботамi: тут i клопат пра лёс падрослых дзяцей, i хваробы ўжо мацней адчуваюцца... Жыццё апранае ў сваё няпростае адзенне. I тая лёгкая Муза, тое штосьцi эфемернае з касмiчных вышыняў... часам i адмахнуцца хочацца. Але ты прывык працаваць са словам. Гэта шчасце для творцы — калi ён можа перайсцi ў iншы жанр i калi гэта падсвядома, само сабой адбываецца. Сёлета мы адзначаем 125-годдзе Янкi Купалы i Якуба Коласа: у iх i лiрыка, i грамадзянская паэзiя, i драматургiя, проза, публiцыстыка, творы для дзяцей... Мне здаецца, больш як два томiкi лепшых — выбраных — вершаў паэт i не выдасць: немагчыма пратрымацца ў паэтычным стане натхнення вельмi доўга: гэта як электрычны ток, як разрад...

— Вы галоўны рэдактар часопiса «Маладосць», кожны нумар адкрываецца вашым зваротам да чытача — гэта нiбыта гутарка сам-насам з кожным... У Беларусi маладыя паэты ўжо заяўляюць пра сябе, ёсць будучыня ў айчыннай лiтаратуры?

— Вельмi многа таленавiтых людзей. Цяперашняя лiтаратурная моладзь жыве ў iмклiвым iнфармацыйным патоку. Любы, нават вясковы школьнiк, праз Iнтэрнэт можа пазнаёмiцца з усёй сусветнай лiтаратурай. Ёсць магчымасць адразу ўвайсцi ў гэту лiтаратурную разнастайнасць. Чалавек моцнага таленту ўсё ўспрыме з цiкавасцю i будзе ўзводзiць сваю творчую вежу. Чалавек кволага таленту можа нават разгубiцца, спалохацца... Але вось якi парадокс нашага часу, якi мне як рэдактару хочацца як мага хутчэй злiквiдаваць... Бачыце, мой рабочы стол, усе скрынi забiтыя творамi — столькi маладых пiшучых людзей. Неверагодная колькасць!.. Я часам думаю: а чаму гэтая прага да лiтаратурнай творчасцi нейкая зусiм «iндывiдуальная» — у многiх аўтараў няма цiкавасцi да таго, што робiцца ў лiтаратуры. Бо вялiкая колькасць маладых, якiя прапануюць нам свае творы, нiяк не ўплываюць... на тыражы лiтаратурна-мастацкiх часопiсаў. Хiба не парадокс? Мы ў свой час абавязкова выпiсвалi «Маладосць», «Полымя» — цiкава было сачыць за творчасцю iншых!..

— Калiсьцi выходзiў часопiс «Першацвет», дзе друкавалiся дэбютанты...

— З сёмага нумара мы адкрываем часопiс у часопiсе «Першацвет» — каб больш выразна акрэслiць i падзел зрабiць: маладая лiтаратура, якая ўжо стаiць на сваiм шляху; сталая лiтаратура i «першацвет» — тое, што нараджаецца ў лiтаб’яднаннях i ўяўляе творчую вартасць, з якой можа вырасцi штосьцi сапраўднае.

...Твор «Саламея» Раiсы Баравiковай заканчваецца «Апошнiм запiсам у дзённiку» — вось гэтымi радкамi:

Душу сваю не выкупаўшы ў зле,

жыццё маё чытайце, як паданне,

дзе ўсё ў адным звязалася вузле —

любоў...

Айчына...

Горыч i каханне.

Магчыма, напiсанае — не толькi пра гераiню, але i пра саму аўтарку таксама?..

Таццяна ПАДАЛЯК.

11 мая Раiса Баравiкова адзначае дзень нараджэння, на гэты раз — юбiлейны. Шчыра вiншуем!



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дыялог праз вершы з паэткай Раiсай Баравiковай
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика