«Удзячны ўсiм, хто дапамог пабудаваць для нас мост»
Сяргей РАСОЛЬКА
«Гарачы» тэлефон «Звязды» 287-17-41 Днямi ў рэдакцыю патэлефанавалi жыхары вёскi Панямонь Навагрудскага раёна, каб падзякаваць газеце, а праз яе i ўсiм iншым, хто нарэшце дапамог вырашыць для вяскоўцаў набалелую праблему — пабудаваць мост цераз Нёман, якi зноў злучае дзве часткi населенага пункта.Нагадаем, што да праблемы, агучанай заяўнiкамi, «Звязда» звярталася двойчы — 17 лiстапада i 23 снежня 2006 года. З пэўнымi цяжкасцямi вяскоўцы сутыкнулiся пасля таго, як колiшнi драўляны мост знесла ўнiз па цячэнню Нёмана, дакладней, яго частку. Вярнуць яе назад на адлегласць каля 3,5 кiламетра па шэрагу прычын не ўяўлялася магчымым i ў рэшце рэшт гэтую частку калгаснымi трактарамi расцягнулi на бярвеннi (паколькi канструкцыя ўяўляла пэўную небяспеку для размешчанай непадалёк капiтальнай жалезабетоннай пераправы). Сiтуацыя на той момант складвалася для жыхароў Панямонi не надта радасная: мясцовая гаспадарка будоўлю новага моста адна «пацягнуць» не магла, у раённым бюджэце сродкаў не было... Надзея была толькi на абласны цi нават рэспублiканскi бюджэт. Слабым суцяшэннем для заяўнiкаў былi толькi словы кiраўнiцтва мясцовага СВК «Шчорсы» аб магчымасцi пабудовы цераз раку пешаходнай пераправы. Але на сёння жыхары Панямонi i навакольных вёсак маюць самы сапраўдны драўляны мост. Як гэта стала магчымым? — Дзякуй яшчэ раз вашай газеце, абласному кiраўнiцтву на чале з губернатарам, Дзяржкантролю, Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, абласному ўпраўленню МНС, кiраўнiцтву Навагрудскага лясгаса, СВК «Шчорсы» — усiм, хто дапамог нам у той цi iншай ступенi займець мост, — прасiлi праз газету перадаць словы ўдзячнасцi вяскоўцы. — Грошы выдзелiлi з абласнога бюджэту, лясгас прадаставiў лес, гаспадарка — тэхнiку i людзей. Усе мы вельмi задаволеныя. Праўда, адкрыццё моста прайшло неяк незаўважна... Па падрабязнасцi мы звярнулiся да кiраўнiка СВК «Шчорсы» Мiхаiла Краўчука. — Так, мост узводзiўся за кошт фiнансаў з абласнога бюджэту, непасрэдна будоўляй пераправы займаўся Брэсцкi абласны аварыйна-выратавальны атрад, — паведамiў Мiхаiл Iванавiч. — Дадам, што вялiкую дапамогу аказаў нам i Навагрудскi лясгас (дырэктар Аляксандр Дасько), Навагрудскi завод металаканструкцый (дырэктар Мiкалай Жук), гандлёвае ААТ «Крынiца» (дырэктар Iван Несцер). Мост сапраўды атрымаўся добры: грузападымальнасцю 30 тон, даўжынёй у 16 пралётаў па 4,5 метра кожны. А што датычыцца ўрачыстага адкрыцця... — Раённае кiраўнiцтва на мерапрыемстве прысутнiчала. А самi работнiкi, што шчыравалi на аб’екце да вечара суботы, вельмi спяшалiся ў суседнюю гаспадарку, дзе iх чакала такая ж работа, — сказаў Мiхаiл Краўчук. — Таму некаму магло падацца, што адкрыццё моста ў нядзелю было нешматлюдным.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямi ў рэдакцыю патэлефанавалi жыхары вёскi Панямонь Навагрудскага раёна, каб падзякаваць газеце, а праз яе i ўсiм iншым, хто нарэшце дапамог вырашыц
|
|