«Як справы?» — «Як злева, так i справа!»Добры дзень, родныя словы! Гэты жарт паходзiць з 20-х, 30-х гадоў мiнулага стагоддзя. Замест звычайных: «Як жывеш?», «Як маешся?», «Як жыццё?», «Што ў цябе чуваць?» i г.д. сказалася: «Як справы?»А гэта штучная калька з рускай — «Как дела?», i ў народзе яна не ўжываецца. Хоць «дело» па-беларуску нярэдка можна перакласцi «справаю», аднак не заўсёды. Вазьмiце рускi выраз «то и дело». Не перакладзеш яго «то i справа» — недарэчнасць. Трэба: раз-пораз, раз за разам, сюд-туд, шторазу, бесперастанку, увесь час i iнш. Найбольш натуральна ў нашай мове слова справа гучыць у значэннi вучэння, iдэй. Мы ж не аднаго разу чулi i чыталi: ён быў адданым змагаром за справу Ленiна. Гэтае слова добра гучыць у значэннi збору дакументаў, што адносяцца да нейкага факта цi асобы: асабовая справа. Адсюль i службовая пасада — справавод. Адсюль i справаводства. Гэтакае ж месца займае яно i ў значэннi судовага разбору: судовая справа, крымiнальная справа. У такiх выпадках слова справа дарэчы. Але цяпер яго пачалi ўжываць незвычайна шырока — як амаль поўную адпаведнасць рускаму дело. З-за абагуленасцi рускага адпаведнiка справа была вельмi папулярная ў свой час, калi гэтым словам добра было прыкрываць усялякi неакрэслены, няпэўны занятак, надаючы яму выгляд работы. Але ў жывой мове ў нас такое шырокае ўжыванне справы ўспрымаецца нечым штучным, наносным i нежывым. Замест абагуленага назоўнiка дело беларуская мова стараецца ўжыць канкрэтныя яго адпаведнiкi. Нават у такiм выразе — папка для спраў — што зусiм правiльна — лепш будзе, калi сказаць па-беларуску: папка для папер, папка для дакументаў. Дык первым делом (найперш, перш за ўсё, перш-наперш, перадусiм, сама перш, спярша) разгледзiм збольшага гэтыя адпаведнiкi. Найчасцей за словам дело, вядома ж, устае работа, праца: За дело! Да працы! (Не блытаць з выразам: за дело, поделом ему — па заслугах, справядлiва, так яму i трэба.) Приняться за дело — узяцца за работу. Дел по горло — работы па вушы. Падчас мову ажывiць блiзкая прыказка, прымаўка: Он занят делами по горло — Ходзячы есць, а стоячы спiць. Але, вядома, калi гэта акурат стасуецца да таго, пра што гаворыцца. Дела занимают много времени — работа адбiрае шмат часу. Занять учеников делом — даць вучням работу. По делу будет видно — работа пакажа. Без дела — (пра людзей) без работы, нiчога не робячы, гуляючы. (Але аб рэчах: утварь лежит без дела — начынне ляжыць без патрэбы, без ужытку.) Между делом — мiж работаю, мiмаходзь, урыўкамi, прыхваткам. Это легкое дело — гэта лёгкая работа, гэта лёгка зрабiць (у апошнiм прыкладзе прыметнiк замяняюць, як бачым, прыслоўем, а назоўнiк — дзеясловам з падобным коранем). Пры перакладзе дела ў значэннi роду заняткаў, спецыяльнасцi, галiны ведаў цi навыкаў (разам з адпаведным азначэннем) ужываецца ў нас побач са справаю, рамяством, майстэрствам i цэлы шэраг спецыфiчных назоўнiкаў. Гончарное дело — ганчарства. Плотническое дело — цяслярства. Наяўнасць такiх слоў у нашай мове, як ткацтва, кравецтва, мулярства, малярства, слясарства, кавальства, друкарства i г.д., дазваляе ў шмат якiх выпадках перадаваць падобныя рускiя двухслоўныя выразы адным словам. Часта дело абазначае клопат, патрэбу, просьбу, iнтарэс. Тады яно i перакладаецца гэтымi словамi. Без дела не входить — без патрэбы не заходзiць. У меня к вам дело — у мяне да вас просьба. Неотложное дело — пiльная, крайняя, неадкладная просьба, патрэба. Мое (твое, ваше и т.д.) дело — мой (твой, ваш i г.д.) клопат. Не моего (твоего, нашего и т.д.) ума дело — не з маiм (тваiм, нашым i г.д.) розумам брацца за гэта, не мой (твой, наш i г.д.) клопат. С каким делом? — З якой патрэбаю? (просьбаю, клопатам i г.д.) З чым прыйшлi? Што ў вас да мяне? — у залежнасцi ад сiтуацыi, ад яе атмасферы, ад тых людзей, што гавораць, могуць быць самыя розныя адценнi такiх пытанняў. А мне какое дело? — А мне якi клопат? А мне што да таго? Гэта мне не абходзiць! От, наўда мне! А мне гэта анi ў пяце, анi ў галаве! А мне хоць трава не расцi! Вельмi важна правiльна вычытаць, адчуць жывое напаўненне ў кожным канкрэтным разе слова дело: дзе яно азначае падзею, здарэнне, затрымку, судовы працэс, бiтву, баталiю i г.д. Умно вести дело в суде — з розумам весцi працэс. В деле под Барановичами — у бiтве пад Баранавiчамi. Темное дело — цёмная гiсторыя. Дело плохо — непярэлiўкi. Это наше дело — гэта наша задача. Безвыходное дело — нявыкрутка, нiякага выйсця, нiякай рады, нiчога не парадзiш, нiчога не зробiш. Правое, благородное дело — справядлiвая, высокая мэта. Наше дело правое! — Праўда на нашым баку! Поймать на горячем деле — заспець на цёплым следзе. Долгое дело — доўгая (вялiкая) песня. А на деле... — А напраўду (у жыццi, а тым часам...) Щепетильное дело — далiкатная рэч. Вот в чем дело — вось у чым прычына, загваздка. Дело за вами — уся надзея на вас. За мной дело не станет — затрымкi з-за мяне не будзе. З-за сваёй абагульненасцi дело можа ў беларускай мове замяняцца займеннiкам. Бо, як вядома, гэтая часцiна мовы можа падмяняць i назоўнiк, i прыметнiк, i лiчэбнiк. Таму такiя займеннiкi, як усё, яно, гэта i iнш., могуць добра спатрэбiцца пры перакладзе шырока абагульненага дела. Рассказал, как было дело — расказаў, як усё (яно, гэта) было. Дело в том, что... — Усё ў тым, што... Не дело говоришь — не тое кажаш. К тому дело идет — на гэта яно iдзе. Улажу дело — уладжу (зраблю) усё. Дело пошло на лад — усё пайшло на лад. Испортил дело — сапсаваў усё. Тем дело и кончилось — на тым усё i скончылася. Было дело — было такое... У тебя ко мне срочное дело? — У цябе да мяне нешта тэрмiновае? Дело поправимое — гэта можна паправiць. Это не дело — так нельга, так не выйдзе, сядзеш макам. Куды гэта варта? Дела как есть — усё папраўдзе. Пры перадачы часу, абставiнаў нейкай падзеi, дзеяння дело можна замянiць на гэта або апусцiць. Дело было осенью — гэта было ўвосень. Дело к ночи, пора возвращаться — блiзка ноч, пара вяртацца. Дело шло к вечеру — бралася на адвячорак, было надвечар. I яшчэ. Нярэдка рускае дело ў спалучэннi з прыметнiкам выступае як выказнiк або пабочнае слова са значэннем якраз гэтага самага прыметнiка. I таму гэтае дело ў перакладзе можна апусцiць. Главное дело — галоўнае. Известное дело — вядома, што й казаць. Нелегкое дело — нялёгка. Это совсем другое дело — гэта зусiм iншае. Это дело не шуточное — гэта не жарт(ы), не жартачкi. Страшное дело — проста страх, страх адзiн. А ўвогуле цяжка ў жывой мове ўсё скласiфiкаваць, раскласцi па нейкiх палiчках. Цiкава бачыць, якая разнастайнасць замены ў нашай мове — назоўнiкi, прыметнiкi, займеннiкi, дзеясловы, прыслоўi... А багацце сiнанiмiкi!.. Ёсць прастора для разгарнення! Пераклад — з’ява творчая (дело творческое), ён не церпiць дагматычнай абавязковасцi. Ды розныя людзi за пэўным сказам не заўсёды бачаць адзiн i той жа кантэкст, можна аб нечым i паспрачацца. Але адно (одно дело) — адценнi, а другое (другое дело) — памылкi, штучнасць, ненатуральнасць... Напрыканцы яшчэ жменька прыкладаў з перакладамi дела, як гэта мне бачыцца. В чем дело? — Што такое? Што сталася? Што здарылася? I той жа выраз, але ўжо не з пытальнiкам, а клiчнiкам: В чем дело! — Пра што вы кажаце (просiце)! Вот так дело! — Вось дык маем! Ближе к делу — без лiшнiх драбнiц, карацей, не адхiляйцеся ўбок. Да и в самом деле... — Ды яно i праўда... I сапраўды... Ждем исхода дела — чакаем, чым скончыцца. Это дело! — Гэта добра! Есть такое дело! — Добра! Згода! Он в курсе дела. — Ён ведае пра гэта. Надо войти в суть дела — трэба разабрацца, што да чаго. Дело твое — воля твоя — твой клопат, ты сам сабе гаспадар (пан), як ты хочаш, глядзi сам. Дело говоришь — праўду кажаш, добра кажаш, во-во, твая праўда, слушна кажаш. Войти в дело — стаць супольнiкам, увайсцi, уступiць у бiзнэс. Не предрешая дела... — Не забягаючы наперад. Не суйся в чужие дела — не лезь не ў сваё. Не берись не за свое дело — злазь з даху, не псуй гонтаў. И дело с концом, и делу конец — на тым i канец. Рубрыку вядзе Анатоль КЛЫШКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэты жарт паходзiць з 20-х, 30-х гадоў мiнулага стагоддзя. Замест звычайных: «Як жывеш?», «Як маешся?», «Як жыццё?», «Што ў цябе чуваць?» i г.д. сказа
|
|