ВЯСЛЯРНЫ КАНАЛ: для спартсменаў, аматараў i жыхароў
Святлана ЯСКЕВIЧ
У мiкрараёне Брэста «Кавалёва» недалёка ад пагранперахода «Варшаўскi мост» лiтаральна за паўтара года зарослая хмызняком набярэжная Мухаўца ператварылася ў прыгожы суперсучасны спартыўны аб’ект. Па прывычцы ўсе называюць новую ўстанову вяслярным каналам, але афiцыйная яе назва — Цэнтр алiмпiйскага рэзерву па веславанню.
Дырэктар цэнтра Фёдар Калiнкевiч паказвае сваю гаспадарку: агульная плошча комплексу — 39 гектараў. Памеры вяслярнага канала — 2250 метраў у даўжыню i 158 у шырыню, складаецца ён з шасцi дарожак. Да таго канала, якi быў, прыбавiлася два дапаможныя. На лiнii дарожак — флагштокi, электроннае табло, судзейскiя вышкi, падобныя на ветразi. У асноўным будынку комплексу размешчаны iнтэрнат-гасцiнiца на сто месцаў, спартыўна-аздараўленчы комплекс, два вяслярныя басейны, медыцынскi цэнтр, адмiнiстрацыя i адкрытая трыбуна з крэсламi для гледачоў. I ўжо ў апошнiя днi мая Брэст прыме ўдзельнiкаў мiжнародных стартаў «Дружба». Памерацца сiламi на спаборнiцтвах юнакоў да 18 гадоў пажадалi прадстаўнiкi 11 краiн свету. А налета запланаваны юнацкiя Еўразiйскiя гульнi. Наша краiна зрабiла зяўку на правядзенне ў 2010 годзе чэмпiянату свету па веславанню. Лiтаральна днямi Мiжнародная федэрацыя гэтага вiду спорту будзе разглядаць пытанне ў Аўстрыi, куды запрошаны мэр Брэста. Хоць Брэсцкаму абласному цэнтру алiмпiйскага рэзерву ўсяго год, наш вяслярны канал мае немалую гiсторыю. Менавiта ў водах Мухаўца трэнiраваўся першы алiмпiйскi чэмпiён у веславаннi на байдарках Сяргей Макаранка. А праз 60 гадоў алiмпiйскую капiлку папоўнiлi навучэнкi цэнтра Наталля Гелах i Юлiя Бiчык. Паспяхова выступiла Марыя Варона. Падаюць неблагiя надзеi на будучую Алiмпiяду двойка спартсменаў у складзе Аляксандра Казубоўскага i Андрэя Татарчука. I з тых 400 хлопчыкаў i дзяўчынак, з якiмi займаюцца трэнеры, можна не сумнявацца, некаторыя вырастуць у сапраўдных майстроў спорту. Нацыянальным зборным камандам для падрыхтоўкі да Алiмпiяды i этапаў Кубка свету тут ёсць усе ўмовы: элiтны iнтэрнат для пражывання, кафэ для харчавання, элiнгi з сiстэмай ацяплення для захавання лодак. А пачыналася ўсё са слова. Пасля перамогi на Алiмпiядзе-2004 Кацярына Карстэн вымавiла перад камерамi з вялiкiм жалем прыкладна так: «У Брэсце ёсць вяслярны канал. Але няма нiякай базы, i ўжо, вiдаць, нiколi не будзе». Вось гэтая роспач спартсменкi закранула гонар людзей, ад якiх многае залежыць. Кiраўнiк дзяржавы неўзабаве наведаў аб’ект i даў даручэнне будаўнiкам зрабiць iнфраструктуру лепшай у Еўропе. Так яно i выйшла. Тая ж Кацярына Карстэн, якая месяц таму была тут, сказала, што канал у Брэсце цяпер сусветнага ўзроўню. Узвялi аб’ект рабочыя i iнжынеры ААТ «Будтрэст № 8» па аўтарскаму iндывiдуальнаму праекту групы архiтэктараў ААТ «Брэстпраект» пад кiраўнiцтвам Валерыя Кяскевiча. Паводле слоў аўтара, эстэтыку галоўнага корпуса цэнтра вырашана было пабудаваць на дрэве. Таму так арыгiнальна выглядаюць столi ў памяшканнях. Горад атрымаў не толькi прэстыжны спартыўны комплекс, але i цэлы шэраг, так бы мовiць, практычных выгод. Адной гасцiнiцай, напрыклад, стала больш. А нумары-люкс, паводле ацэнак спецыялiстаў, у Цэнтры нават лепшыя, чым у нашай знакамiтай «Весце». Нядаўна горад над Бугам наведала афiцыйная кiтайская дэлегацыя. Гасцей размясцiлi ў новым гатэлi. Канферэнц-зала на 200 месцаў можа стаць утульным камерным месцам для правядзення самых разнастайных мерапрыемстваў. Старшыня музычнага таварыства Брэста даўно i настойлiва крытыкуе гарадскiя ўлады за тое, што тэатр драмы i музыкi ператварылi ў клуб. Розныя юбiлеi прадпрыемстваў, арганiзацый традыцыйна праводзяцца ў тэатры. I вось — альтэрнатыва: сучасная зала са стыльнай мэбляй, арыгiнальным асвятленнем — гатова прыняць удзельнiкаў святаў i бiзнэс-форумаў. Пра карысць новага аб’екта для мiкрараёна, шматпавярхоўкi якога стаяць адразу праз дарогу, гаворка асобная. Па-першае, самой дарогi тут i не было. I калi яна з’явiлася б, вялiкае пытанне. А зараз пракладзены асфальт i пешаходныя дарожкi. Вакол высаджаны дрэвы. А зусiм нядаўна тут усё нагадвала закiнутую пустэчу. Нават невялiкi вецярок быў здольны выклiкаць пясчаную буру, калi ў паветра падымалiся хмары дробнага пяску. Уздоўж ракi паступова вымалёўваецца зона адпачынку з пляжам, лыжаролернай трасай, выратавальнай станцыяй з гандлёвымi павiльёнамi. У вялiкiм спальным мiкрараёне няма нiводнага культурнага аб’екта, а дагэтуль не было i спартыўнага. Хутка для ўсiх, хто жадае ўмацаваць здароўе, адчыняцца тры трэнажорныя залы, можна будзе набыць абанемент у басейн, саўну, адкрыюцца групы фiтнэсу, гiдрааэробiкi. I яшчэ. Што мяне прыемна ўразiла на ўваходзе, гэта аб’ява: «На тэрыторыi комплексу курыць забаронена». Пра гэту заяўку на прыкмету высокай ступенi цывiлiзаванасцi я сказала ў самым пачатку нашай размовы з дырэктарам Фёдарам Калiнкевiчам. Фёдар Сяргеевiч перакананы, што цэнтр алiмпiйскага рэзерву па веславанню стаў вялiкiм штуршком для паляпшэння культуры асаблiва маладога пакалення мiкрараёна. «Дзецi, што проста катаюцца тут на ролiкавых каньках, — кажа мой суразмоўца, — шукаюць урну, каб выкiнуць нейкi фанцiк. Вы ж бачыце, як чыста i прыгожа навокал, i гэта само па сабе выхоўвае. Раней у хмызняках над рэчкай знаходзiлi сумнеўныя пакеты з клеем, невядомага паходжання шпрыцы. Там, дзе бадзялася нiчым не занятая моладзь, зараз гуляюць па выхадных i вечарамi ўздоўж набярэжнай сем’i, закаханыя пары».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У мiкрараёне Брэста «Кавалёва» недалёка ад пагранперахода «Варшаўскi мост» лiтаральна за паўтара года зарослая хмызняком набярэжная Мухаўца ператвар |
|