Сям’я, дзецi, дапамога
Сяргей ГРЫБ
Упершыню перавышэнне паказчыкаў смяротнасцi над паказчыкамi нараджальнасцi было адзначана яшчэ ў 1993 годзе. Прычым зараз менавiта дэмаграфiчная праблема прызнаецца адной з найбольш вострых. Мiж тым, якiя стымулы да павелiчэння нараджальнасцi ёсць у Беларусi зараз, як прызначаюцца i выплачваюцца дапамогi па догляду дзяцей, хто i на якiх умовах можа атрымлiваць бясплатнае харчаванне на дзяцей ва ўзросце да 2 гадоў, якiя льготы i гарантыi вызначаны сем’ям, нарэшце, вядомае «жыллёвае пытанне» — усё гэта стала тэмай гаворкi падчас «прамой лiнii» газеты «Звязда» з намеснiкам начальнiка галоўнага ўпраўлення палiтыкi занятасцi i народанасельнiцтва Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Таццянай Васiльеўнай ШЭМЕТАВЕЦ. Такiм чынам, сёння мы пачынаем друкаваць адказы на найбольш цiкавыя з вашых пытанняў.
— Цi павiнны цяжарную жанчыну перавесцi на скарочаны працоўны дзень? I цi можа такая жанчына адмовiцца ад паездкi ў камандзiроўку? Алена Мiхайлаўна, г. Мiнск — Наконт скарочанага працоўнага дня вам неабходна дамаўляцца непасрэдна з наймальнiкам. Разам з тым трэба мець наступнае. Паводле Працоўнага кодэкса, цяжарным жанчынам на падставе медыцынскага заключэння павiнны знiжацца нормы выпрацоўкi, нормы абслугоўвання або такiя жанчыны павiнны пераводзiцца на больш лёгкую, без уздзеяння шкодных вытворчых фактараў, работу з захаваннем сярэдняга заробку па ранейшым месцы працы. Прычым да вырашэння пытання аб пераводзе на больш лёгкую, без уздзеяння неспрыяльных вытворчых фактараў, пасаду цяжарная жанчына ўвогуле вызваляецца ад работы з захаваннем свайго сярэдняга заробку за кошт наймальнiка за ўсе днi «пропуску». Што ж да накiравання цяжарнай жанчыны ў службовую камандзiроўку, то тут адказ адназначны — гэта забараняецца Працоўным кодэксам. Як, дарэчы, забараняецца i прыцягненне цяжарных жанчын да работ у начны час, да звышурочных, а таксама да работ па выхадных i святочных днях. — Цi магу я працаваць падчас водпуску па догляду дзiцяцi ва ўзросце да 3 гадоў? I цi магчыма падчас такога водпуску выйсцi на работу толькi на некалькi месяцаў, а потым — зноў займацца доглядам? Алена МАКОЎСКАЯ, Рэчыцкi раён — Водпускам па догляду дзiцяцi ва ўзросце да 3 гадоў можна скарыстацца як цалкам, так i падзялiць яго на часткi любой працягласцi. Словам, выходзiць на работу i вяртацца ў адпачынак магчыма нават некалькi разоў. Аднак тут трэба памятаць адну акалiчнасць. Каб працягваць атрымлiваць дапамогу на дзiця да 3 гадоў у поўным памеры, вы можаце працаваць па сваiм асноўным або iншым месцы толькi на ўмовах няпоўнага працоўнага дня або з выкананнем не больш чым паловы месячнай нормы. — Калi першаму дзiцяцi было паўтара года, я нарадзiла другое. Цi павiнны зараз працягнуць са мной кантракт да таго часу, пакуль малодшаму не споўнiцца 5 гадоў? Алена ЖЫХАВА, г. Мiнск — Сапраўды, Алена, у такiм выпадку наймальнiк павiнен працягнуць кантракт, прынамсi, да моманту, пакуль 5 гадоў не споўнiцца малодшаму дзiцяцi. — Патлумачце, калi ласка, цi можна ў выпадку хваробы дзiцяцi афармляць бальнiчны не на мацi, а на бацьку? Андрэй СВIРКО, г. Мiнск — Адкажу коратка — можна. — Апошнiм часам шмат кажуць аб спiсаннi часткi няльготных крэдытаў на будаўнiцтва жылля маладым сем’ям, якiя выхоўваюць дзяцей. Калi пачнецца гэта спiсанне? Святлана Iванаўна ВЯРШЫЛА, г. Мiнск, Вольга Iванаўна ТАМАШЭВIЧ, Маладзечанскi раён i iншыя чытачы — Сапраўды, сёння распрацаваны праект указа аб дапамозе маладым сем’ям у пагашэннi камерцыйных крэдытаў. Зрэшты, варта паўтарыцца — гэта толькi праект. I якiм будзе канчатковае рашэнне па камерцыйных крэдытах для маладых сем’яў з дзецьмi, казаць пакуль рана. — Цi будзе спiсвацца частка няльготнага крэдыту на будаўнiцтва, калi i сам крэдыт, i кватэра аформлены на бабулю дзiцяцi? Святлана Фёдараўна РАКIЦКАЯ, г. Мiнск — Не, Святлана Фёдараўна, у такой сiтуацыi разлiчваць на пагашэнне часткi камерцыйнага крэдыту на будаўнiцтва жылля ўжо не выпадае. — Наколькi вядома, шматдзетная сям’я можа ўзяць банкаўскi крэдыт на суму, якая адпавядае 95 працэнтам ад кошту рэканструкцыi жылога памяшкання. Паводле ацэнак, кошт рэканструкцыi нашага жылля вызначаны ў 14 мiльёнаў рублёў. Аднак крэдыт нам далi толькi на 10 мiльёнаў. Чаму? Анатоль, г. Клецк — Лепш за ўсё, Анатоль, задаць гэта пытанне ў банку. Бо, як падаецца, тут ёсць варыянты сiтуацый. Магчыма, на момант афармлення крэдыту ў банку проста не было дастатковай колькасцi крэдытных рэсурсаў. А магчыма, рэканструкцыю жылога памяшкання вам пракрэдытавалi не згодна з агульным коштам работ, а згодна з нарматывам — з разлiку 20 квадратных метраў на кожнага члена сям’i. Словам, у дадзеным выпадку трэба разбiрацца на месцы. — Маем 6 дзяцей, пяцёра з якiх — непаўналетнiя. У свой час мы ўзялi на будаўнiцтва жылля адразу два крэдыты — на 40 i на 10 гадоў. Цi павiнны былi нам iх скасаваць? Наталля Iванаўна НАВАЦКАЯ, Петрыкаўскi раён — Як сям’i, што мае пяцёра непаўналетнiх дзяцей, вам павiнны былi пагасiць iльготны крэдыт, што выдаваўся на 40 гадоў. У той жа час, наколькi я ведаю, тэрмiнам на 10 гадоў выдаюцца камерцыйныя крэдыты. А наконт спiсання часткi камерцыйных крэдытаў рашэння зноў-такi пакуль няма. (Працяг будзе) Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Упершыню перавышэнне паказчыкаў смяротнасцi над паказчыкамi нараджальнасцi было адзначана яшчэ ў 1993 годзе. Прычым зараз менавiта дэмаграфiчная прабл
|
|