У Петухоўцы Бог жыве
Iлона IВАНОВА
Традыцыі У Чавускiм раёне адзначылi свята Троiцы на святой крынiцыСёмуху — сем тыдняў пасля Вялiкадня — у Петухоўцы, што ў Чавускiм раёне, лiчаць за сваё, так бы мовiць, грамадскае свята. Яно праходзiць каля Байкаўскай крынiцы, якую ў гэтых мясцiнах называюць святой. Крынiцы Байкава — гэта помнiк прыроды, якi ахоўваецца дзяржавай. Сюды на Троiцу традыцыйна прыязджае шмат людзей з навакольных вёсак, блiжэйшых раённых цэнтраў — Чавусаў i Чэрыкава, а таксама i з Магiлёва. I ў гэтую нядзелю народу было зашмат. Каля крынiцы «прыпаркавалiся» i аўтамабiлi, i фурманкi. Прыехала нават аўталаўка. Сама крынiца знаходзiцца прама ў ляску, пад горкай. Там усталявана невялiкая каплiца, якая ўпрыгожана рушнiкамi, выявамi святых i кветкамi. Людзi набiраюць ваду i могуць адразу папiць за сталом з белым абрусам. Далей у яры цячэ ручэй, дзе можна абмыцца. — Мы iдзём да крынiцы, паслухаем малiтву, набяром вады i памыемся ў ручаi, — тлумачыць стараста Петухоўкi Анастасiя Луцэiна. — Менавiта на свята Троiцы да нас у вёску прыязджаюць у госцi сябры i сваякi. Усе хаты ў Петухоўцы ўпрыгожылi свежымi галiнкамi клёну. Пад нагамi ў двары i пакоях — явар. Старадаўнiя традыцыi Анастасiя Васiльеўна атрымала ў спадчыну ад сваёй бабулi Ефрасiннi Iванаўны, якая пражыла 90 гадоў i памерла ў 1967-м. Яна расказвала ўнучцы, што крынiца была заўсёды i людзi лiчылi яе гаючай. Менавiта каля яе тутэйшыя адзначалi Троiцу. — Тры днi доўжыцца свята, i тры днi нельга прыбiрацца ў хаце, — тлумачыць жанчына. — А галiнкi клёну мы называем маем, таму што Троiца звычайна прыпадае на май. Мы гэты май збiраем, захоўваем, а потым палiм на Купалу. Паводле таксама старадаўняга звычаю, петухоўцы да крынiцы не ездзяць. Яны ходзяць туды пешшу: пераходзяць па мастках Проню i iдуць па лузе. Шлях, дарэчы, няблiзкi: каля двух кiламетраў. Аднак традыцыя гаворыць: трэба iсцi цiхенька (маўляў, i так усё жыццё спяшаемся!) i атрымлiваць асалоду ад маляўнiчых краявiдаў. «Трэба бачыць цудоўнае вакол нас!» — гавораць жыхары вёскi. Раней, расказвае Анастасiя Васiльеўна, у Петухоўцы жыў дзед, якi быў дыяканам яшчэ да вайны. Звычайна ён вёў богаслужэнне ля крынiцы. Цяпер дзеда няма, i на свята прыязджае святар з вёскi Благавiчы — айцец Мiхаiл. Ён i сёлета асвяцiў ваду, прамовiў праваслаўным пра любоў да Бога i адзiн да аднаго. Прыгожыя дзяўчаты з Антонаўскага дома культуры расказвалi каля крынiцы пра Троiцу — свята сонца, зямлi i вады, а потым пусцiлi па ручаi свае вяночкi з маладых бярозавых галiнак. Iм падпявалi прыгожыя бабулькi з ансамбля «Незабудкi» з вёскi Галавенчыцы. Спевы рэхам разносiлiся па лузе далёка-далёка. Валянцiна Сяргееўна Дарашэнка расказвае, што ў тыя далёкiя часiны, калi Петухоўка «дрыжэла ад людзей» (сёння тут жыве толькi 63 чалавекi), святая крынiца была прама ў вёсцы. Паводле падання, аднойчы цыганка памыла ў ёй пялюшкi, i крынiца знiкла. Аднак не проста знiкла, а «перабралася» непадалёк, за лес. — Гэты лес здаўна называецца Архiпавым, — растлумачыла бабуля. — Таму што ён належаў заможнаму Архiпу, якi знiшчыў каплiцу над крынiцай i ўсталяваў тут млын. I як паставiў, дык адразу злёг у ложак. Добрыя людзi яму сказалi, што будзе хварэць, калi не прыбярэ з крынiцы млын. I ён загадаў аднавiць каплiцу. Так нашы дзяды распавядалi. Валянцiна Сяргееўна ўзгадвае, што ў савецкi час, у 1960-я гады крынiцу хацелi зачынiць, закласцi плiтамi. Тады разламалi каплiцу i папалiлi крыжы. Але знiшчыць крынiцу канчаткова не далi мясцовыя жыхары: паднялi крык на ўсю акругу, i ўлады вымушаны былi пакiнуць у спакоi святое для людзей месца. — Тут сапраўды гаючая вада, — пераконвае бабуля Дарашэнка. — У мяне хворыя ногi былi, i аднойчы я адстаяла ў ручаi ўсё святочнае богаслужэнне. I нiчога не стала. А то ж не магла нават вынесцi ежу свiнням... Во, паверце! — Ёсць у гэтай вадзе нейкая сiла, — лiчыць Анастасiя Луцэiна. — Некалькi гадоў можа прайсцi, i не будзе ў ёй анi паху, анi асадку. Мы ёй карыстаемся, калi дзiця спужалася i трэба пашаптаць. У святы ранiцай карысна выпiць гэтай вады. Пасля паходу да крынiцы — традыцыйнае застолле, як i на Вялiкдзень. Усе лепшыя стравы гаспадынi гатуюць i выстаўляюць дарагiм гасцям. Блiны з печкi разам з сырам хатняга прыгатавання — вельмi смачна! Сталы ставяць у дварах альбо iдуць да дуба на бераг Пронi. Гэта дрэва — яшчэ адна славутасць Петухоўкi. Пра яго гавораць, што яно дае кожнаму, хто сеў каля яго адпачыць, сiлу i энергiю. Жанчыны расказваюць, што ў час сенакосу, калi на полi няма дзе схавацца ад сонца, яны часта iдуць да дрэва, адпачываюць пад цянiстымi галiнамi i сцвярджаюць, што дуб сапраўды вяртае iм бадзёрасць. За святочным сталом на Троiцу петухоўскiя жанчыны спяваюць народныя песнi. Толькi не сумныя, а менавiта вясёлыя. — Гэта ж радасць, што мы дажылi да Троiцы, памылiся пасвяцонай вадой, — весела тлумачаць вяскоўцы. — Святар гаворыць, што вада з нашай крынiцы год захоўвае гаючыя ўласцiвасцi. — Святыя месцы мы беражом, — запэўнiвае старшыня Антонаўскага сельвыканкама Таццяна Палеонак. — Ёсць у нас яшчэ i ў Загорынцы крынiчка, дзе свята праходзiць на Мiколу. У Галавенчыцах, дзе ў старажытнасцi была царква, летась паставiлi памятны крыж. На ўездзе ў цэнтр сельсавета Антонаўку ўсталявалi крыж. Я лiчу, што трэба вярнуцца да традыцый i адрадзiць такiя цудоўныя святы, як на Байкаўскай крынiцы. Дарэчы, самай папулярнай тэмай на свяце — пад засценню дрэў i каля халоднай вады — было, канешне, спякотнае надвор’е. Аднак яно пакуль не вельмi пужае аматарак агародаў i палёў з Петухоўкi. Жанчыны лiчаць, што пакуль вiльгацi ў глебе хапае, а яны самi яшчэ грэюцца. Аднак усё ж дажджу чакаюць. — Сёння павiнен дожджык быць, таму што вялiкай расы ранiцай не было, — дзеляцца народнымi прагнозамi бабулi. — Але калi не будзе — дык на нашу зямлю яшчэ хопiць. Толькi ж пасадзiлi апошнiя капусту i агуркi. Бог у Петухоўцы жыве. I жадаем усiм моцнага здароўя, зямнога багацця i жыццёвай радасцi. А бабулi, дарэчы, мелi рацыю: увечары над Магiлёўшчынай пранеслася навальнiца з асвяжальным дажджом. Чавускi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Чавускiм раёне адзначылi свята Троiцы на святой крынiцы
|
|