Уважлiва чытайце дагавор. Працоўны
Сяргей ГРЫБ
Статыстыка сведчыць, што ў айчыннай эканомiцы занята каля паловы ўсяго насельнiцтва Беларусi, таму той факт, што «працоўныя» пытаннi традыцыйна застаюцца «на слыху», выпадковым назваць нельга. Звальненнi i парушэннi падчас падпiсання кантрактаў, вылiкi з зарплаты i сумяшчальнiцтва — гаворка аб усiм гэтым i iншым адбылася днямi падчас «прамой лiнii» Беларускага радыё i газеты «Звязда» з удзелам намеснiка дырэктара Дэпартамента дзяржаўнай iнспекцыi працы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Iрыны ШЫЛЯЕВАЙ i члена Пастаяннай камiсii па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў i iнвалiдаў Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Iвана ТАЛКАЧОВА.
Звольнiць нельга пакiнуць 20 або 30 гадоў працы на адным месцы — факт адметны. Разам з тым варта падкрэслiць: пытанне аб звальненнi чалавека з вельмi працяглым стажам падчас скарачэння штатаў належыць выключна да кампетэнцыi наймальнiка. Тое ж меркаванне наймальнiка з’яўляецца асноўным у выпадку, калi вырашаецца пытанне аб працягу цi спыненнi кантракта пасля заканчэння тэрмiну яго дзеяння. Выключэнне тут (пры ўмове адсутнасцi парушэнняў працоўнай i выканальнiцкай дысцыплiны) робiцца толькi для некалькiх катэгорый: жанчын з дзецьмi ва ўзросце да 5 гадоў або работнiкаў у перадпенсiйным ўзросце, якi для мужчын складае 58, а для жанчын — 53 гады. Нарэшце, пэўныя абавязкi па працягу кантрактаў могуць быць вызначаны на канкрэтных прадпрыемствах — праз калдагаворы. — Пры гэтым трэба адзначыць, што мы вядзём размову аб «прывiлеях» толькi асобаў перадпенсiйнага ўзросту, але не аб працуючых пенсiянерах, — удакладняе Iрына Шыляева. — Пенсiянер — той жа работнiк. I працягваць з iм кантракт цi не, залежыць ад таго ж наймальнiка. Варта хiба што дадаць, што нiякiх абмежаванняў па працягу працоўных адносiнаў з пенсiянерамi ў нас няма. Пэўны «ўзроставы цэнз» у 65 гадоў вызначаны толькi для дзяржслужачых. «Раней» можа i не быць Увогуле тэма кантрактаў асобная. Як зазначае Iрына Шыляева, падчас iх заключэння па-ранейшаму сустракаюцца парушэннi. Скажам, у адных кантрактах можа ўказвацца не канкрэтная сума аплаты «на дзень падпiсання», а робiцца запiс аб «зарплаце паводле штатнага раскладу». У другiх выпадках замест канкрэтнай даты выплат работнiкам пазначаюцца iнтэрвалы — да прыкладу, з 5 па 25 чысло. Трэцi распаўсюджаны «недахоп» кантрактаў — адсутнасць у iх запiсу аб рэжыме работы, яе пачатку i заканчэннi, рэгламентаваных перапынках i перапынках на абед. Апроч таго, кантракты з работнiкамi бюджэтнай сферы раз-пораз не ўтрымлiваюць кампенсацый за змяненне ўмоў працы — маецца на ўвазе абавязковае павышэнне да 50 працэнтаў тарыфнай стаўкi цi акладу а таксама прадастаўленне да 5 каляндарных дзён дадатковага адпачынку. I ўсё ж, што рабiць, калi кантракт падпiсаны з парушэннямi? —У любым выпадку работнiк павiнен уважлiва пазнаёмiцца з тэкстам свайго кантракта загадзя, i пры выяўленнi парушэнняў — прама сказаць аб гэтым наймальнiку цi звярнуцца ў дзяржаўную iнспекцыю працы, — кажа Iрына Шыляева. — Прычым тут жа трэба мець на ўвазе адну акалiчнасць: калi кантракт падпiсаны i на працягу 3 месяцаў работнiк не выказаў нiякiх прэтэнзiй, то змянiць умовы такога працоўнага дагавора ўжо немагчыма. Бо кантракт — гэта заўсёды пагадненне двух бакоў. Дарэчы, зноў-такi «прынцып пагаднення» можа стаць i перашкодай да... датэрмiновага скасавання кантракта па жаданню работнiка. Iнакш кажучы, наймальнiк мае права такога работнiка проста «не адпусцiць». Аднак тут жа не выключаецца варыянт спынення кантракта «па ўзаемнай згодзе» або з прычыны парушэння заканадаўства аб працы наймальнiкам. Праўда, спачатку гэтыя парушэннi давядзецца даказаць у адным з трох упаўнаважаных органаў — у дэпартаменце дзяржiнспекцыi працы, судзе цi ў прафсаюзах. Калi звольнiўся калега... «Уласнае жаданне», напэўна, было i застанецца асноўнай прычынай звальненняў. Аднак часам якраз тут можа ўзнiкнуць праблема. Работнiк, як кажуць, «пайшоў». Цi мае права наймальнiк «перакласцi» яго працоўныя абавязкi на калегу? — Калi пасада, на якой працаваў пэўны работнiк да звальнення, не была скарочана, наймальнiку неабходна прыняць на гэта месца новага чалавека, — адзначае Iрына Шыляева. — Або, як варыянт, увесцi даплату для аднаго з ранейшых супрацоўнiкаў за павелiчэнне аб’ёму выканання работ. Крыху iншы прыклад — сыход аднаго з работнiкаў у водпуск. Тут даплаты можа i не быць. Аднак пры ўмове, што часовае павелiчэнне аб’ёму работ прадугледжана ў службовых iнструкцыях калег. На роздум — месяц Як вядома, абавязковым дадаткам да кантракта з’яўляецца службовая iнструкцыя. Цi можа такая iнструкцыя змянiцца падчас дзеяння кантракта? I якiя акажуцца наступствы нязгоды з новымi службовымi абавязкамi? — Наймальнiк павiнен не менш чым за месяц папярэдзiць аб iстотным змяненнi ўмоў працы, — тлумачыць Iрына Шыляева. — Далей на працягу месяца работнiк павiнен думаць — пагаджацца на гэта або не. Аднак мушу зазначыць: у выпадку нязгоды работнiк можа быць звольнены з выплатай двухтыднёвай выхадной дапамогi. Прэмiю з зарплаты не вяртаюць? Адна з па-сапраўднаму неардынарных сiтуацый. Напярэдаднi 8 Сакавiка прадпрыемства выдзяляе шматдзетнай мацi прэмiю ў памеры 30 тыс. рублёў. Але потым гэтая ж сума... вылiчваецца з зарплаты. Цi можа так быць? — Любыя ўтрыманнi з зарплаты магчымыя толькi ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, — адзначае Iрына Шыляева. — Такiмi выпадкамi могуць быць вяртанне авансу, выдадзенага ў кошт зарплаты, вяртанне залiшне выплачаных грошай у вынiку разлiковых памылак або звальненне работнiка да заканчэння года, за якi ўжо атрыманы працоўны водпуск. Аднак падстаў для ўтрымання з зарплаты прэмii няма. Таму ў такiм разе лепш за ўсё звярнуцца ў мiжраённую або абласную дзяржаўную iнспекцыю працы, дзе ў рэшце рэшт дапамогуць разабрацца — меў рацыю наймальнiк або не.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Статыстыка сведчыць, што ў айчыннай эканомiцы занята каля паловы ўсяго насельнiцтва Беларусi, таму той факт, што «працоўныя» пытаннi традыцыйна застаю |
|