Развярэджаная памяць
Сымон СВIСТУНОВIЧ
Палемiка Прачытаў у «Аргументах и фактах» (9—15 мая 2007 г.) артыкул Наталлi Мухi «Хрэстаматыйны паэт... увогуле не пiсаў вершы» i зразумеў з тых радкоў, што Паўлюк Багрым не быў селянiнам i паэтам, а правакатарам, якi свядома дапамог тагачаснай уладзе закрыць школу ў Крошыне i арыштаваць святара.I хоць аўтарка спасылаецца на кнiжку баранавiцкага краязнаўцы М. Малiноўскага «Павел Iосiфавiч Багрым (Паўлюк Багрым). Легенды, праўда, загадкi» (аўтар выдаў за свой кошт), тым не меней не зразумела — для чаго гэта было напiсана? Дарэчы, ёсць меркаванне, што «Слова аб палку Iгаравым» напiсана ў ХIХ стагоддзi, а не ў ХII, як афiцыйна лiчыцца. Але чамусьцi наконт гэтай «фальсiфiкацыi» нiхто не ўзнiмае шуму, бо кожны дакумент, пры жаданнi, можна трактаваць на свой лад. I наконт вялiкага англiйскага драматурга В. Шэкспiра не ўсё зразумела. Некаторыя даследчыкi выказваюць сумненне, што творы напiсаны менавiта iм. Але цi змяняе гэта штосьцi? А не заўважыць публiкацыю ў «АиФ» я не мог па вельмi простай прычыне. Гадоў з 25 таму я вельмi зацiкавiўся асобай Багрыма i ў вынiку даследавання быў надрукаваны вялiкi артыкул у газеце «Лiтаратура i мастацтва», у якiм я адзначыў, што П. Багрым — наша легенда. I калi чытаеш: «Краязнаўца Мiхась Малiноўскi ўжо 15 гадоў займаецца развянчаннем мiфа пра першага сялянскага паэта» (АиФ №19, 2007 г.), то становiцца няёмка. Столькi часу аддаць, каб заявiць, «...за свядомае правакацыйнае чытанне Паўлам Багрымам (Бахрымам) верша «Размова хлопаў» ён (ксёндз В. Магнушэўскi) быў узяты пад арышт.» (стар. 58) i далей «...я адназначна прыйшоў да высноў, што Багрым не мог i не быў паэтам...» (стар. 93) i жырандолю выканаў не Багрым. «Гэтае металёвае дзiва мог зрабiць цёзка гэтага Багрыма або яго нашчадак — сын» (стар. 101). Напэўна ж, каб рабiць такую заяву, неабходна мець салiдныя аргументы, якiя трымаюцца на дакументах. Хоць якi сэнс «ваяваць» з легендай? Дасталася на арэхi ўсiм: навукоўцам, гiсторыкам, паэтам, пiсьменнiкам... вядомым i не вельмi — усiм, хто нешта напiсаў пра П. Багрыма. У гэты спiс трапiў i я, нават тое, што замест старога, мураванага помнiка Багрыму быў пастаўлены новы з медзi, падаецца негатыўна. Той помнiк выканаў я, але падчас развалу Саюза помнiк выкралi. I вось як Малiноўскi падае гэты сумны факт: «I местачкоўцы, якiм абрыд гэты Паўлюк, абакралi i зняславiлi гэты абелiск» (стар. 27). Хацелася б пагаварыць хоць з адным крошынцам, якому «абрыд» П. Багрым? Хутчэй за ўсё не ў Багрыме справа, а ў медзi, з якой быў зроблены помнiк. Ды ўвогуле, справа судовая. Каб абвiнавацiць крошынцаў, што яны рабаўнiкi i апаганшчыкi, то для гэтага неабходна мець доказы. Хiба следства прыйшло да такога заключэння? Як было сказана вышэй, Паўлюк Багрым даўно стаў легендай, а вось жырандоля, якая вiсiць у Крошынскiм касцёле — гэта рэальны мастацкi твор i верш «Заграй, заграй, хлопча малы» — рэальнасць. Для гледача твор мае большую цiкавасць, чым яго стваральнiк. I менавiта верш паслужыў асновай для лiрычных адступленняў i ўзнёслых слоў. Не было б гэтага твора, не бачылi б мы жырандолi, то i каго цiкавiў бы Багрым? У гiсторыi i культуры кожнага народа ёсць свае легенды, «намоленыя вобразы» i нiхто iх не спяшаецца разбураць, ды часта i зрабiць гэта немагчыма. Безумоўна, многiя пакаленнi творчай iнтэлiгенцыi прыклалi пэўныя намаганнi, каб Паўлюк Багрым стаў легендай, але ж у гэтым нiчога дрэннага няма, у свеце мастацтва такое — з’ява звычайная. I якi сэнс разбураць легенду? А калi ты паставiў мэту даказаць нешта, то ўсё павiнна быць аргументавана. Вось Малiноўскi пiша, што ён выкарыстоўваў «...сапраўдныя архiўныя дакументы, а не спецыяльна зляпаныя i прыдуманыя сфальсiфiкаваныя кiмсьцi паперы» (стар. 101). Гэта добра, што аўтар пайшоў такiм шляхам, але хто вызначыў, дзе дакументы сапраўдныя, а дзе сфальсiфiкаваныя? Была створана экспертная камiсiя, якая i аддзялiла «зерне ад шалупiння»? Цi аўтар рабiў адбор паводле свайго меркавання? I ўвогуле, на маю думку некаторыя высновы аўтара выклiкаюць сумненнi. Напрыклад, сцвярджаецца, што Багрым «...пры ўсiх уладах вельмi добра жыў...». Калi не памыляюся, у часы Багрыма (1812—1891) на Беларусi была адна ўлада — царская. Але самае непрыемнае з напiсанага баранавiцкiм краязнаўцам — гэта тое, што ён падае Багрыма як падлетка, якi пайшоў «...на свядомае правакацыйнае чытанне». Кожны, хто цiкавiўся жыццём П. Багрыма, памятае дакумент ад 3 лiпеня 1828 года за подпiсам хлопчыка. Паўлюк прызнаўся, што вывучаў вершы i перапiсваў iх. А верш «Размова хлопаў» прачытаў перад чыноўнiкамi i гэтым, быццам бы, паставiў пад удар ксяндза Магнушэўскага, якi i быў узяты пад арышт. У гэтым выпадку падлетак, яшчэ дзiця, зрабiў, як яго папрасiў сам святар «...загадаў мне памянутыя вершы прагаварыць на памяць, што я i выканаў» i гаворка тут пра нейкую правакацыю не можа iсцi. Тым не меней «Паўлюку iшоў шаснаццаты год i ён добра разумеў што да чаго, выконваючы загад свайго бацькi i рашэнне Радзiвiла i Юрагi» (стар.14), — пiша Малiноўскi. Як бачым, iснаваў загавор, а падлетак выконваў у iм не апошнюю ролю!? Толькi адкуль аўтар узяў, што Паўлюк выконваў загад бацькi, што было нейкае рашэнне? Ёсць дакументы? Спасылак на iх я не знайшоў i ў такiм разе мяркую, што краязнаўца ў барацьбе з легендай сам стварае мiф. Успомнiм, ксёндз В. Магнушэўскi навучыў хлопчыка чытаць i пiсаць i раптам бацька П. Багрыма — чалавек набожны, католiк, вырашыў адправiць ксяндза ў турму. Такi грэх анiводзiн католiк тых часоў не ўзяў бы на душу. Такое заяўляць, на мой погляд, — гэта абсалютна не ведаць, якi ўплыў на людзей меў касцёл той пары. Сцвярджэнне, што Багрым меў «нiзкую адукацыю» (стар. 54), бо сам не напiсаў дакумент, лiчу паспешным i надуманым. Нiзкая адукацыя, па якiм часе? «1828 года июля 5-го дня я, нижеподписавшийся, записанный в сказках вольных людей, находящийся в услугах... в противном же случае подвергаю себя строжайшему суждению и взысканию по законам, в чем и подписуюсь», — гэта вытрымкi з вядомага нам дакумента за подпiсам П. Багрыма. Ну, як такое мог напiсаць падлетак? Iснавала канкрэтная форма напiсання розных дакументаў. I сёння мы сутыкаемся iншым разам з напiсаннем розных папер — ёсць устаноўлены ўзор, якога неабходна прытрымлiвацца. Мiж iншым, напрыклад, калi сёння ў мiлiцыi бяруць паказаннi, хiба чалавек сам пiша? Як правiла — паказаннi заканчваюцца словамi: «...з маiх слоў запiсана верна» i ставiцца подпiс. Акрамя гэтага малапiсьменнае дзiця не вывучала б i не перапiсвала б вершы. «Сапраўды Паўлюк Багрым нават не ведаў беларускай мовы: усе яго подпiсы, якiя я бачыў, былi зроблены на польскай!», — сцвярджае Мiхась Малiноўскi», — падае нам рэзюме «АиФ». А калi сёння паглядзець на нашы подпiсы пад дакументамi, то да якой высновы можна прыйсцi? Краязнаўца пiша, што П. Багрым не толькi не напiсаў свой знакамiты верш, але i жырандолю не ён выкаваў. Аказваецца «гэта металёвае дзiва мог зрабiць цёзка гэтага Багрыма, або яго нашчадак — сын». А хiба ёсць дакументы, якiя пацвярджаюць, што ў Крошыне ў адзiн час жылi два Паўлюкi Багрымы? Вось i прыехалi. На жырандолi выбiта, што «Павел Багрым выкаваў у Крошыне над Шчарай у 1881 годзе», але чытачу аўтар на поўным сур’ёзе падносiць думку, што ў Крошыне адзiн Багрым быў каваль, а другi — багацей, якому мясцовы памешчык павiнен быў 700 рублёў. Апошнi факт таксама не дае спакою краязнаўцу. Маўляў, адкуль у Багрыма такiя грошы? Каваль у вёсцы быў запатрабаваным чалавекам i меў жывыя грошы. Вырабляў на магiлы багатых людзей агароджы, якiя iснуюць i сёння (пра гэта пiсалася), каваў розныя патрэбныя рэчы i не задарма напэўна? — А чаму нi ў Крошыне, нi ў ваколiцах не засталося нiводнага нашчадка Багрыма, нi iх рэчаў, нi самой магiлы Паўлюка? — задае пытанне краязнаўца i адказвае: «... бо ён са свайго маёнтка Кунiлава з усёй сям’ёй i iншымi родзiчамi ад’ехаў у Амерыку, таму i знiклi ўсе нашчадкi самога Багрыма» (стар. 97). I зноў жа, а нiякiх дакументаў, толькi «як мне казалi». Вось такiя аргументы ў даследчыка. Нагадаю, што сёння ў Крошыне з мясцовых жыхароў засталiся адзiнкi, у асноўным, у вёсцы людзi прыезджыя. А наконт Амерыкi, як i маёнтка Багрыма, то, на маю думку, гэта жаданне свае меркаваннi выдаць за рэальнасць. Падчас Першай сусветнай вайны лiнiя фронту праходзiла праз Крошын i жыхароў навакольных вёсак прымусова вывозiлi ў Расiю i многiя адтуль ужо не вярталiся цi асядалi ў iншых месцах — вось i ўся Амерыка. Калi чалавек хоча знайсцi iсцiну i даказаць, што ўсе памыляюцца, а ён ведае праўду, то тут павiнна быць поўная яснасць ды дакументальнасць. «Кажуць, амаль кожны дзень, нават калi пераехаў у маёнтак Кунiлава, Багрым прыходзiў i прыязджаў на брычцы i малiўся каля постацi святога Iгнацiя Лаёлы. Гэтую нелюдзь i пачвару, забойцу i лiхадзея, насiльнiка i злодзея Ватыкан у свае змрочныя часы зрабiў святым. Мабыць, перад iм i ў iм чэрпаў свае сiлы i моц у гэтым жорсткiм свеце Павел Iосiфавiч Багрым», — пiша аўтар. Толькi вось у сур’ёзнага даследчыка словы «кажуць» i «мабыць» — не аргумент. I ўвогуле, калi ты выкарыстоўваеш дакументы, спасылаешся на iх, то ўкажы, дзе яны знаходзяцца i працытуй iх, а iнакш узнiкаюць пытаннi. Напрыклад, калi ёсць спасылка на касцельную кнiжку з датай смерцi бацькi Багрыма, то хацелася б ведаць, дзе яна? Мне здаецца, што заява «Дакументы пра той час выдатна захавалiся, праўда, тыя паперы, якiя будуць граць на карысць падману, лiхвярства лёсу П. Багрыма, нiдзе не надрукуюць» (стар.57) паспешлiвая. I зноў жа, а дзе гэтыя дакументы знаходзяцца? Яшчэ доўга можна было б пiсаць пра ўсе сумненнi, якiя выклiкалi ў мяне разважаннi М. Малiноўскага, але памеры артыкула не дазваляюць гэтага зрабiць. На першым часе ў адносiнах да П. Багрыма краязнаўца стаяў на агульна прынятых пазiцыях. Але аднойчы старая жанчына з Крошына сказала яму: «А цi ведаеце вы, што ўсё, што вамi напiсана i iншымi — гэта хлусня». Вось гэтыя словы «... увесь час мяне мучылi, палiлi, бярэдзiлi маю душу i сэрца», — пiша краязнаўца i ён прыйшоў да высновы, што бабуля з Крошына мае рацыю. «...бо простыя сяляне яго нiдзе не шанавалi: Багрым ведаўся толькi з ксяндзамi i багацеямi...» (стар. 92). Здаецца, я ўжо паўтараюся... Р.S. У свой час у Крошыне праходзiлi Святы паэзii. Думаю, настаў час да гэтай традыцыi вярнуцца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прачытаў у «Аргументах и фактах» (9—15 мая 2007 г.) артыкул Наталлi Мухi «Хрэстаматыйны паэт... увогуле не пiсаў вершы» i зразумеў з тых радкоў, што П |
|