Лелiкава будзе жыць!
Iрына ЛЯШКЕВIЧ
ДАВЕДКА:
I.П. Панасюк жыве ў Новасiбiрску. Тут жа ўпершыню ў Расii пабудаваў Храм у гонар беларускай святой Ефрасiннi Полацкай. У 2001 годзе з групай аднадумцаў у Новасiбiрску стварыў Беларускi культурна-асветнiцкi цэнтр iмя беларускай святой. Выбраны старшынёй праўлення БКАЦ. За асветнiцкую дзейнасць, прапаганду духоўнай спадчыны беларускага народа ў Расii I.П. Панасюк быў узнагароджаны ў 2004 годзе медалём Францыска Скарыны, якi яму ўручыў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка. З вёскай Лелiкава Брэсцкай вобласцi Кобрынскага раёна я была знаёмая даўно. Тым не менш, пачуўшы пра маштабныя змены, якiя адбылiся ў гэтай глыбiнцы, мне захацелася пабываць тут зноў. Зусiм нядаўна Лелiкава адкрыла новую яркую старонку ў сваёй гiсторыi. Менавiта ў гэты дзень пра яе загаварылi на вядучых тэлеканалах краiны, радыё, напiсалi многiя газеты Беларусi. Адбылося адкрыццё тэнiснага корта — першай у гiсторыi нашай краiны сельскай федэрацыi тэнiса. Жывая легенда сусветнага тэнiса i заслужаны трэнер Марат Звераў, выдатныя беларускiя тэнiсiсты Уладзiмiр Ваўчкоў i Вольга Барабаншчыкава, зорка беларускай эстрады Палiна Смолава, расiйскi спявак Вадзiм Казачэнка, ВIА «Лейся песня» — i гэта толькi малая частка знакамiтых гасцей, якiя прыехалi павiншаваць жыхароў Лелiкава са святам. Такi падарунак падрыхтаваў для сваiх аднавяскоўцаў Iван Паўлавiч Панасюк да 468-годдзя вёскi. Ён iмкнецца адрадзiць свой край. I, як мы бачым, робiць усё магчымае для гэтага. Варта адзначыць, што не кожны чалавек, дабiўшыся поспеху ў жыццi, дапамагае адраджаць родныя мясцiны, сваю малую радзiму. Убачыўшы гэты своеасаблiвы аазiс у сельскай мясцовасцi, прыходзiш у лёгкi шок. Думка толькi адна: «Няўжо ўся гэта прыгажосць знаходзiцца ў звычайнай беларускай вёсцы?!» Так, на шчасце, i такое бывае! Гэта збудаванне зроблена па новых тэхналогiях i адпавядае ўсiм сусветным стандартам (выкарыстана сучаснае пакрыццё hаrt). На такiм пакрыццi ў Мiнску тэнiсiсты рыхтуюцца да спаборнiцтваў самага высокага ўзроўню. Зоркi беларускага спорту Уладзiмiр Ваўчкоў i Вольга Барабаншчыка, апрабаваўшы новы корт, высока ацанiлi яго якасць. «Уражаны ўбачаным, — сказаў знакамiты тэнiсiст. — Радуе, што ў Беларусi з’явiлiся першыя парасткi клубнага тэнiса. Спадзяюся, што вельмi хутка пачнуць спаборнiчаць адзiн з адным айчынныя клубы, i ў нашай краiне з’явяцца новыя спартыўныя зорачкi». А Вольга Барабаншчыкава дадала: «Здорава! Нават у сталiцы нiчога падобнага няма». «Тэнiс, як вядома, дарагi вiд спорту, — расказвае старшыня праўлення Кобрынскай раённай федэрацыi тэнiса «Лелiкава» Пётр Балка, — таму першапачаткова гэты корт задумваўся як гуманiтарны, сацыяльны праект». Усё гэта задавальненне — бясплатна! Мячы, ракетка — усё ёсць у наяўнасцi. Iснуе толькi адна ўмова: добры спартыўны абутак. Кожны ахвотнiк можа прыйсцi i пагуляць у тэнiс. I такiх нямала! Прыязджаюць з суседнiх вёсак (Павiцi, Дзiвiна), з горада Кобрына i нават Брэста. Гэта толькi аматары. «Быў бы трэнер, было б значна прасцей ажывiць гэты корт, — гаворыць Пётр Мiкалаевiч. — Нават дзецi з Кобрына просяцца займацца прафесiйным тэнiсам i, на жаль, пакуль мы вымушаны адмаўляць!» Для вясковых дзяцей тэнiсны клуб — гэта радасць i гонар. Не ў кожнага гарадскога жыхара ёсць такая магчымасць. Корт нiколi не пустуе. I толькi зiмой не заўсёды ўмовы надвор’я дазваляюць пагуляць у тэнiс. З мясцовых дзяцей выбралi 10—12 больш адораных. З iмi займаецца звычайны настаўнiк фiзкультуры. Аднак каб у вялiкiм тэнiсе юныя спартсмены змаглi паказваць добрыя вынiкi, трэба больш прафесiйны падыход. У вёсцы Лелiкава плануюць праводзiць шмат спаборнiцтваў: абласных, рэспублiканскiх, i магчыма, нават мiжнародных. А дазвол на правядзенне спаборнiцтваў мiжнароднага ўзроўню ўжо ёсць! I каб такiя грандыёзныя планы ўвасобiць у жыццё, Iван Паўлавiч Панасюк збiраецца пабудаваць яшчэ два крытыя тэнiсныя корты i гасцiнiцу побач. «Адзiн чалавек не можа зрабiць усё сам, — тлумачыць Пётр Мiкалаевiч. — Каб пабудаваць спартыўную базу, трэба каласальная падтрымка дзяржавы!» Ды, як кажуць, адзiн у полi не воiн. Напрыклад, пачаць будаўнiцтва гасцiнiцы было запланавана ў пачатку вясны. Аднак бюракратыя i тут нагадала аб сабе. На афармленне толькi адных дакументаў быў патрачаны цэлы год. Акрамя гэтага ўзнiкае яшчэ энергетычная праблема: чым ацяпляць гэтыя збудаваннi? Напрыклад, калi пабудаваць гасцiнiчны комплекс, не хопiць напружання нават для таго, каб уключыць чайнiк! Акрамя таго, вёска не газiфiкавана. На ўсё гэта iнвестару пры вялiкiм жаданнi трэба патрацiць зусiм немаленькую суму грошай i шмат часу. Зусiм вiдавочна, што тут без увагi i дапамогi дзяржавы не абысцiся. Спорт, спаборнiцтвы — гэта здароўе, зносiны. Нам трэба моцная i квiтнеючая Беларусь. I гэта трэба пачынаць з глыбiнак. Вёска павiнна жыць! «Хацелася б прыцягнуць увагу да Лелiкава», — з надзеяй гаворыць Пётр Балка. Будоўля ў вёсцы працягваецца. Хацелася б верыць, што ўсё задуманае ўвасобiцца ў жыццё.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З вёскай Лелiкава Брэсцкай вобласцi Кобрынскага раёна я была знаёмая даўно. Тым не менш, пачуўшы пра маштабныя змены, якiя адбылiся ў гэтай глыбiнцы,
|
|