Спякота б’е рэкорды. Цi надоўга?
Вольга ШАЎКО
Метэазводка Канец мая ў краiне выдаўся анамальна спякотным. Метэастанцыi ў многiх раёнах зарэгiстравалi тэмпературныя рэкорды, адзначыў начальнiк службы гiдраметэаралагiчных прагнозаў Рэспублiканскага гiдраметэаралагiчнага цэнтра Дзмiтрый Рабаў. Гэта датычыцца Гомельскай, Магiлёўскай, Мiнскай, часткi Брэсцкай абласцей. Сярэднесутачная тэмпература складала на 6—10 градусаў вышэй клiматычнай нормы, што нават больш, чым для самага спякотнага нашага месяца — лiпеня.Гэта звязана з тым, што на нашу тэрыторыю з заходняй Еўропы змясцiўся антыцыклон, якi сфармiраваўся ў вельмi цёплай паветранай масе. Ён i прынёс нам спякоту. Потым ён пачаў змяшчацца на Маскоўскую вобласць, дзе зараз i знаходзiцца. А наша атмасферная прастора ссоўваецца да поля панiжанага цiску з цэнтрам над Заходняй Еўропай, i да нас iдзе вельмi цёплае, але вiльготнае паветра, якое стварае тэндэнцыю да ўтварэння кучадажджавой воблачнасцi. Гэта i прыносiць да нас пасляабедзенныя лiўнi i навальнiцы. Тэмпература паветра перавышае 30—31 градус. З пачатку чэрвеня надвор’е ў краiне крыху зменiцца. Да нас завiтае антыцыклон, якi ўтварыўся ў больш прахалоднай паветранай масе над раёнам Скандынавii. I ён пацiху будзе спускацца ўнiз. Тэмпература ў дзённыя гадзiны складзе 20—25 . Гэта блiзка да клiматычнай нормы, якая роўная для чэрвеня 15—17 градусаў. У далейшым па меры перамяшчэння гэтага антыцыклона паветра будзе награвацца i тэмпература яго ў другой пяцiдзёнцы чэрвеня зноў павысiцца. Да нас пойдзе цёплае паветра з Мiжземнамор’я, зноў утворыцца кучадажджавая воблачнасць. Без дажджоў не абыдзецца, але яны будуць насiць кароткачасовы характар i пройдуць у асноўным у дзённы i вячэрнi час. Паводле папярэдняга прагнозу, у другой палове чэрвеня на змену антыцыклону будуць прыходзiць цыклоны са сваiмi атмасфернымi франтамi, таму вельмi спякотнага надвор’я не будзе.Тэмпература паветра складзе 20—25 , а ў паўднёвых раёнах — да 30 цяпла. Чакаюцца дажджы, але непрацяглыя. ЧАМУ Ў ВЫХАДНЫЯ ДНI ЧАСЦЕЙ ЗА ЎСЁ ПСУЕЦЦА НАДВОР’Е? Нямецкiя метэаролагi на гэты конт правялi даследаваннi. Яны вывучылi 6 мiльёнаў метэазводак па ўсёй Еўропе, уключаючы нашу рэспублiку, i прыйшлi да высновы, што самая халодная тэмпература паветра i воблачнае надвор’е бывае па суботах. Радзей за ўсё дажджы iдуць у панядзелак. А самым сонечным днём з’яўляецца аўторак. Даследчыкi мяркуюць, што ў гэтым вiнаваты сам чалавек. На працягу ўсяго рабочага тыдня людзi актыўна выкарыстоўваюць аўтатранспарт, выхлапныя газы якога быццам утвараюць дробны пыл, якi закрывае сонца i паскарае ўтварэнне воблакаў. Таму ў выхадныя днi надвор’е псуецца. Гэта толькi адзiн з варыянтаў, што можа паўплываць на атмасферныя працэсы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Канец мая ў краiне выдаўся анамальна спякотным. Метэастанцыi ў многiх раёнах зарэгiстравалi тэмпературныя рэкорды, адзначыў начальнiк службы гiдраметэ
|
|