Прыгожа стыльна, хутка!
Ала МАЧАЛАВА
Двое сутак запар прафесiяналы i аматары прыгажосцi i стылю збiралiся ўдзень i разыходзiлiся зацемна. Палац моладзi на гэты час ператварыўся ў адзiн вялiкi салон пад назвай «Стыль i прыгажосць-2007». Арганiзавалi яго Мiнiстэрства гандлю, дзяржаўнае аб’яднанне «Белбыт», Беларуская асацыяцыя цырульнiкаў i касметолагаў, Iнтэрнэт-парталы coiffure.by i diva.by i iншыя прадпрыемствы.
Пра адметнасцi сёлетняга спаборнiцтва тварцоў прыгажосцi расказвае генеральны камiсар чэмпiянату «Стыль i прыгажосць-2007», дырэктар Беларускай асацыяцыi цырульнiкаў i касметолагаў Канстанцiн ВАЙЦЯХОЎСКI: — Прынцыпова змянiлася каляровая гама фарбавальнiкаў — перайшлi на больш цёплыя, мяккiя тоны фiялетавага адцення, наогул жоўта-фiялетавыя таны зараз у авангардзе. Раней вось прысутнiчалi чырвоныя адценнi, сёлета ж яны гаспадараць у вясельных прычосках. Наш чэмпiянат, як дыстанцыя бегуна: менш нельга, больш нельга, а вось iнтэрпрэтацыя ўласна бегу — гэта ўжо асобнае пытанне. Мы паказваем сваю цiкавасць у мастацкiм накiрунку, iмкнёмся не адставаць ад сусветнага ўзроўню, крыху дабаўляючы свае рысы. Увесь свет наогул зараз iмкнецца да лёгкасцi прац, да салоннага накiрунку, стылю паўсядзённага жыцця, у процiлегласць ранейшай папулярнасцi тэхнiчнага накiрунку. Зараз спецыялiстаў цiкавiць, якую частку з гэтай спартыўнай работ можна скарыстаць на клiенце для таго, каб ён быў стыльны i гэта яму не перашкаджала нiдзе — нi на тусоўцы, нi на перамовах, каб гэта выглядала натуральна. — Гэта не проста конкурс, гэта этап перад Чэмпiянатам свету, якi пройдзе ў сакавiку 2008 года ў Чыкага, — працягвае Канстанцiн Вайцяхоўскi. — З тых, хто пакажа сябе на гэтым чэмпiянаце, будзе дафармiроўвацца беларуская зборная. Хутка адбудзецца кангрэс у Дармштаце (Германii) — з’едуцца прадстаўнiкi 72 краiн (заканадаўцаў мод у цырульнiцкай справе, сярод iх, вядома ж, i Беларусь. — Аўт.), кожная будзе прапаноўваць сваю тэндэнцыю, так вызначыцца агульны накiрунак на наступныя 2 гады. Паводле слоў Канстанцiна Барысавiча, з кожным чэмпiянатам (а гэты ўжо 9-ы па лiку) прыкметна расце не толькi прафесiяналiзм удзельнiкаў, але i наогул iнтарэс майстроў да чэмпiянату: калi на мiнулым спаборнiцтве налiчвалася да 200 удзельнiкаў, то сёлета — звыш 300. Мы пагутарылi з 20-гадовым Iванам Маркавым, прадстаўнiком Гродзенскай вобласцi, якi ўдзельнiчаў у дваябор’i сярод мужчынскiх майстроў у намiнацыях сярод юнiёраў — салонная прычоска на доўгiх валасах, а таксама стрыжка i ўкладка. У самога Iвана прычоска не менш каларытная, чым у некаторых мадэляў: ён лiтаральна лысы i толькi з невялiчкага астраўка на патылiцы бярэ пачатак коска, што даходзiць да сярэдзiны лапатак. Майстра, паводле яго прызнання, стрыгуць сябры. Вучыцца Iван у Гродзенскiм прафесiйна-тэхнiчным каледжы бытавога абслугоўвання насельнiцтва, ён ужо атрымаў спецыяльнасць «цырульнiк» i працягвае вучобу на другiм узроўнi — «мастак-мадэльер». У паўсядзённым жыццi Ваня выконвае i жаночыя прычоскi, аднак на спаборнiцтвах, кажа, больш упэўнена сябе адчувае з мужчынскiмi работамi. — Вiдаць, таму, што практыкавацца пачаў на хлопцах, — зазначае цырульнiк. Гэта першы вопыт майстра на чэмпiянаце «Стыль i прыгажосць», аднак далёка не першы конкурс у яго жыццi. У прыватнасцi, зусiм нядаўна Iван удзельнiчаў у мiжнародных спаборнiцтвах у рамках фестывалю прыгажосцi «Неўскiя берагi». Днямi яму прадаставiлася магчымасць паўдзельнiчаць у спаборнiцтвах на радзiме: — Зроблена шмат папярэдняй працы — усе накiрункi задаюцца загадзя, удзельнiкi павiнны збiраць iнфармацыю, удзельнiчаць у падрыхтоўчых семiнарах. Каляровую гаму сваёй працы Iван аформiў так — чорны корань, а на астатнiх валасах — адценнi сiняга, зялёнага, чырвонага. З намi малады цырульнiк падзялiўся i некаторымi адметнасцямi моднай мужчынскай стрыжкi: — Раней здымалi больш валос на грыўцы, а зараз усе гэтыя чубкi-iракезы перамясцiлiся на макушку. Такая вось яшчэ тэндэнцыя, што чым даўжэйшыя валасы на скронях, тым лепш. Прычоскi хлопцаў наогул зараз выглядаюць дастаткова жаноцкiмi — такая мода. Чым больш салодкi вобраз у юнака-мадэлi, тым выдатней. З тым, што цырульнiк — прафесiя жаночая, Iван, зразумела, нязгодны: — Адкрыйце любы часопiс i ўбачыце: самыя масцiтыя майстры — мужчыны. Аднак большасць сапернiкаў Iвана на сёлетнiх спаборнiцтвах — усё ж такi жанчыны... На чэмпiянаце майстры абмежаваны часовымi рамкамi (жаночую крэатыўную прычоску, напрыклад, трэба было выканаць усяго за 18 хвiлiн, а аналагiчную мужчынскую — за 20), патрабаваннямi да каляровай гамы (фарбуюць мадэляў, зразумела ж, загадзя) i выкананню абавязковых элементаў. За парушэннi налiчваюцца штрафныя — спаборнiцтва ёсць спаборнiцтва, нават калi справа датычыцца прыгажосцi. Цiкава было даведацца пра ўражаннi самiх мадэляў, якiх на чэмпiянаце было звыш 700, мы пагутарылi з яшчэ адным гродзенцам — Данiлам Куклевым. У такой якасцi хлопец, якi лiтаральна праз месяц з невялiчкiм стане паўналетнiм, выступаў упершыню: — Мадэллю я стаў амаль выпадкова: мама падчас стрыжкi даведалася, што яе цырульнiк шукае для конкурсу хлопца з доўгiмi валасамi (перад чэмпiянатам даўжыня валасоў Данiла дасягала 20 сантыметраў). Данiл нi аб чым не шкадуе — нi аб страчаных валасах, нi аб рызыцы i экстрэмальнасцi мерапрыемства (на галаве ў яго цяпер ледзь не ўсе колеры вясёлкi — фiялетавы, вогненна-рыжы, папялiсты, бiрузовы, сiнi, чорны): — У мяне з’явiлася шмат новых знаёмых, я выдатна правёў час, мне даспадобы сама тутэйшая атмасфера — з табою ўсе хочуць сфатаграфавацца, а некалькi дзяўчат i нумар тэлефона папрасiлi! (Задаволена ўсмiхаецца.) Журы працуе доўга — хвiлiн 40 — увесь гэты час мадэлi трэба сядзець нерухома i трымаць задуманы майстрам вобраз. Што адчуваюць гэтыя бедалагi, аб чым думаюць, углядаючыся ў люстэрка? — Адчуваеш толькi боль у спiне i думаеш: «Хутчэй бы гэта скончылася», — шчыра дзелiцца ўражаннямi юнак, якому стварылi вобраз экстрэмальнага, энергiчнага хлопца, упэўненага i самастойнага — нядзiўна, з такой расфарбоўкай. Пакуль журы рабiла канчатковыя падлiкi, на подыуме ладзiлася феерычнае шоў — госцi любавалiся працай мастакоў-мадэльераў i карыфеяў ад цырульнiцкага мастацтва, а таксама прыгажосцю ў стылi «ню» — прыроднае хараство жаночага цела было ўтоена (або наадварот падкрэслена?!) бодзi-артам. Вядучая Анастасiя Цiхановiч у фiнале падарыла гасцям некалькi сваiх песень, вакальныя падарункi ўсiм стыльным i прыгожым падрыхтавалi таксама Дзмiтрый Карпiнчык, старэйшы з братоў Калдуноў (мiж iншым, «Суперфотамадэль Беларусi-1999») i iншыя выканаўцы. Выдатную праграму падрыхтавалi навучальныя цэнтры — Мiнскi тэхналагiчны каледж, Прыватны навучальны цэнтр Сяргея Вайцяхоўскага, навучальны цэнтр ААТ «Усход». Тыя, каму пашчасцiла заняць прызавыя месцы, атрымалi дыпломы, медалi, кубкi i бардовыя ружы. Дыплом прызёра абяцае цырульнiку павышэнне квалiфiкацыi. Пераможцы былi названы ў 14 намiнацыях (ацэньвалiся стрыжкi, укладкi, прычоскi, макiяж, модны вобраз — Fool fashion look), асноўнымi тут былi, вядома ж, тэхнiчныя катэгорыi. Акрамя таго, назвалi лепшых спецыялiстаў пазногцевага сэрвiсу. Гран-пры атрымала мiнчанка Веранiка Квяткоўская, якая выканала працу па арт-дызайну пазногцяў на сусветным узроўнi. Сталiчныя цырульнiкi лiдзiравалi ў камандным залiку i па жаночых, i па мужчынскiх вiдах прац i ўзялi камандны кубак. Спадзяёмся, з кожным такiм чэмпiянатам беларусы будуць станавiцца ўсё больш стыльнымi i прыгожымi, а нашы майстры — паказваць усё лепшыя вынiкi на мiжнародных спаборнiцтвах.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Двое сутак запар прафесiяналы i аматары прыгажосцi i стылю збiралiся ўдзень i разыходзiлiся зацемна. Палац моладзi на гэты час ператварыўся ў адзiн вя
|
|