21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Тут усе дзеці заўсёды — лепшыя

26.08.2009 08:47 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Што такое нядзельныя школы? Хто i навошта водзiць туды дзяцей? Паняцце духоўнай адукацыi, хоць i адроджана ў на Беларусi ўжо на працягу каля 20 гадоў, для многiх застаецца незразумелым. Карэспандэнт «Звязды» зазiрнуў у праваслаўную, каталiцкую i яўрэйскую нядзельныя школы, каб даведацца, чаму, а самае галоўнае — як там навучаюць дзяцей.

Мiсiя абшчынаўтваральная

Iнжынер-электрык Вера Пятроўна Гаўрылюк да 1988 года не была чалавекам рэлiгiйным. Яе сыну тады было каля сямi i ён цягнуў мацi да экрана тэлевiзара кожны раз, калi з’яўляўся сюжэт на царкоўную тэму: «Мама, глядзi, зноў Бога славяць!» З нейкай перадачы яны пачулi пра нядзельныя школы, i сын спытаў яе: «Мама, а ў нас такiя ёсць?» Вера Пятроўна не ведала. Так, праз сына i дзеля яго, яна ўпершыню пераступiла парог храма. Яны зайшлi ў кафедральны Свята-Духаў сабор. Усё было дзiўным i чужым, — водар, гукi, людзi... Iм тады адказалi, што школы пакуль няма. Праз нейкi час яны зайшлi яшчэ раз i ўбачылi аб’яву, што нядзельная школа набiрае вучняў. Сёння Вера Пятроўна працуе завучам у той самай школе пры Свята-Духавым саборы — першай нядзельнай школе ў Беларусi.

Першы набор быў сорак дзяцей розных узростаў. Памяшкання не было. Займалiся ў маленькай храмавай каморы, дзе зараз прыбiральшчыцы захоўваюць iнвентар. Дарослыя туды не ўмяшчалiся, ды i дзецям было цеснавата. Калi музычная школы №10 iмя Глебава прапанавала нядзельнай свае класы для заняткаў, для апошнiх гэта было сапраўднай мiласцю Божай.

— Мне сказалi, што стараста сабора абыходзiў усе блiжэйшыя будынкi з просьбай пусцiць да сябе дзетак, — узгадвае дырэктар музычнай школы Тамара Арцёмаўна Кунiцкая. — Я падумала: па-першае, суседзi. Па-другое, адной справай займаемся. Ды i дзецi ў нас агульныя. А ў нядзелю ўсё роўна заняткаў у нас няма.

Можна дадаць яшчэ i тое, што музычная школа знаходзiцца ў будынку былога манастыра, што, магчыма, таксама паўплывала на рашэнне Тамары Арцёмаўны. Ва ўсялякiм разе, сяброўства доўжыцца вось ўжо каля двух дзесяцiгоддзяў.

Кожную нядзельную ранiцу Вера Пятроўна атрымлiвае блаславенне дырэктара нядзельнай школы айца Фёдара Крываноса, потым раздае выкладчыкам ключы ад класаў i абразы, з малiтвы перад якiмi пачынаюцца i заканчваюцца заняткi. Так, напэўна, невыпадкова, у манастырскiя сцены амаль праз стагоддзе зноў вярнулася ўслаўленне Божага iмя.

Першая праваслаўная нядзельная школа ганарыцца сваiмi настаўнiкамi. «Амаль усе выкладчыкi ў нас маюць вышэйшую педагагiчную адукацыю», — кажа айцец Фёдар.

Валерый Мiкалаевiч Каралёў, гiсторык па адукацыi i кiнааператар па прафесii, выкладае лiтургiку (тлумачэнне набажэнства) i праводзiць заняткi з бацькамi:

— Будзьце ўважлiвыя да таго, што вы кажаце дзецям i памiж сабой. Памятайце, што словы маюць матэрыяльную сiлу... — пачула я, зазiрнуўшы ў яго клас.

У асноўным тут бацькi маленькiх дзяцей, 5—6-годак, i тыя, хто прыязджае з ускраiн горада. Таццяна Гарайнова з восенi возiць 6-гадовую дачку Вiку з Шабаноў. Кажа, што дзяўчынка дзякуючы заняткам стала больш кiруемай, паслухмянай: «Тое, што я ёй кажу, яна не заўсёды ўспрымае, а тут iх навучаюць, напрыклад, таму, што браць чужое дрэнна, i яна — чуе». Вiка, няўрымслiвае на перапынках дзiця, прыязджае на заняткi з задавальненнем, часта сама нагадвае пра iх мацi, мо таму, што адчувае сябе тут больш дарослай — ужо «школьнiцай», да таго ж сустракаецца з сябрамi. Ды i сама атмасфера ў нядзельнай школе добразычлiвая. Малым дазваляюць пагойсаць на перапынках, з увагай ставяцца да любых iх пытанняў, па святах ладзяць салодкiя сталы, а на канiкулах — паломнiцкiя паездкi разам з бацькамi ў манастыры.

Ветхi Запавет у Свята-Духавым прыходзе выкладае прафесар Алег Уладзiмiравiч Лiбезiн. Я сама з цiкавасцю паслухала яго урок старшакласнiкам пра Iосiфа.

— Бiблiя — гэта не толькi аповед тысячагадовай даўнiны, — дапамагаў юнакам i дзяўчынкам зрабiць вывады прафесар. — Гэта наш сённяшнi дзень. Усё, што адбываецца з чалавекам: беды, няшчасцi — гэта воля Божая. I ўзвышэнне Iосiфа было па волi Божай. I мы з вамi бачым, што той, хто мае вернасць, захоўваецца Богам...

Праваслаўныя нядзельныя школы не маюць адзiнай праграмы i методык выкладання тых цi iншых дысцыплiн. Звычайна за адукацыйны стандарт яны бяруць патрабаванне для паступлення ў семiнарыю: веданне бiблейскай гiсторыi, катэхiзiсу (асноў веры), царкоўна-славянскай мовы, малiтваў i навыкi царкоўных спеваў. Адсюль i абавязковы набор дысцыплiн, якi можа дапаўняцца i пашырацца ў залежнасцi ад пажаданняў бацькоў i магчымасцяў выкладчыкаў. Напрыклад, многiя школы яшчэ дадаюць лiтургiку, каб дзецi лепш разумелi, што адбываецца падчас набажэнства. Малодшым дзеткам расказваюць пра жыццё святых i часта спалучаюць заняткi з творчасцю. Старэйшым дадаюць яшчэ гiсторыю Царквы. Адсутнасць праграмы i падручнiкаў (агульны для ўсiх «Закон Божы», складзены больш за 40 гадоў таму протаiерэем Серафiмам Слабадскiм, многiя лiчаць ужо састарэлым) мае свае мiнусы i плюсы. Выкладчыкам, а ўсе яны працуюць альбо за сiмвалiчную плату (выдзеленую з ахвяраванняў прыхаджан), альбо цалкам бясплатна, даводзiцца вывучаць шмат лiтаратуры, каб знайсцi патрэбны матэрыял, адаптаваць яго для цiкаўных дзяцей. А тыя задаюць пытаннi, якiя сучаснага дарослага чалавека, у нядаўнiм яшчэ мiнулым — неафiта, нярэдка ставяць у тупiк. I зноў пошукi, перагортванне кнiжных стосаў. Таму поспех нядзельнай праваслаўнай школы, напэўна, як нiякай iншай, залежыць ад асобы выкладчыка. Магчыма, таму кожная мае свае асаблiвасцi — свой твар i сваю атмасферу. Многае залежыць, канешне, i ад прыхода, а гэта значыць, ад святара.

Так, менавiта дзякуючы моцнай падтрымцы прыхода, нядзельная школа пры Свята-Пятра-Паўлаўскiм саборы ў Мiнску (так званая Екацярынiнская царква, што на Нямiзе) летам ладзiць шматдзённыя выезды за горад. Кажуць, трапiць туды iмкнуцца многiя, бо дзецi вяртаюцца зусiм iншымi. Яны набываюць практычны навык хрысцiянскага жыцця, тлумачыць дырэктар школы протадыякан Максiм Логвiнаў.

— Увогуле, у нядзельнай школе галоўнае — не веды, — дадае ён, — а хрысцiянскае светаўспрыманне. Задача выкладчыка — дапамагчы сучасным дзецям прыняць хрысцiянскi лад мыслення. Напрыклад, тут дзецi павiнны зразумець, чаму iдэальны чалавек не той, хто ўсё атрымлiвае, як прынята думаць у сучасным свеце, а той, хто ўсё аддае.

У Беларускай Праваслаўнай Царкве ў 2005 годзе на 1362 прыходы было 537 нядзельных школ. Гэта значыць, што апошнiх недастаткова. Айцец Максiм лiчыць, што галоўная мiсiя нядзельнай школы — абшчынаўтваральная. Менавiта праз дзяцей, праз удзел у ранiшнiках, паломнiцкiх паездках прыхаджане знаёмяцца памiж сабой, пачынаюць сябраваць, даведваюцца пра праблемы таго цi iншага i пры патрэбе з гатоўнасцю дапамагаюць. Нядзельная школа пераўтварае прыход у абшчыну, у цэльны i жывы арганiзм. Таму пасля яе заканчэння (звычайна для старэйшых — 2 гады, для малодшых — 4) нярэдка маладыя людзi працягваюць сустракацца i ўтвараюць маладзёжныя брацтвы i клубы. Пры Свята-Пятра-Паўлаўскiм саборы iснуе спартыўна-гiстарычны клуб святога Даўмонта Пскоўскага, дзе моладзь займаецца... рукапашным боем, фехтаваннем, медыцынай i гiсторыяй, i клуб выпускнiкоў нядзельнай школы i iх бацькоў.

Мiсiя духоўнаўтваральная

Напэўна, цяпер i законная сястра ўршулянка Часлава Навiцкая, i каплiчка Мацi Божай Будслаўскай у Мiнску будуць асацыявацца ў мяне з жоўтымi дзьмухаўцамi. Iх было мора навокал, i ў мяне быў час нагледзецца на iх, пакуль я чакала манашку на прыгорку, з якога адкрываецца вiд на сталiчны мiкрараён Кунцаўшчына. Я ўсё паглядала на сцежку сярод поля, па якой прыйшла, i была прыемна здзiўленая, калi сястра Часлава ў шэрай доўгай сукенцы i чэпчыку нечакана выйшла з вадзiцельскага месца машыны. Яна была заклапочаная: толькi ўчора па яе iнiцыятыве ля каплiчкi быў усталяваны 10-метровы прыдарожны крыж, на якiм Хрыстос нiбы абдымае горад распятымi рукамi, а заўтра павiнна была адбыцца Першая Камунiя вучняў нядзельнай школы — яе вучняў. Тым не менш сястра знайшла для мяне час.

— Рэлiгiйнае выхаванне — гэта фармацыя чалавека, — тлумачыць сястра Часлава. — Не важна, да якой канфесii належыць дзiця i яго бацькi, у каталiцкiх нядзельных школах яго навучаюць, у першую чаргу, быць добрым. У школу пры нашай парафii прыходзяць таксама i дзеткi праваслаўнага веравызнання. Нам няма чаго дзялiць. I мы нiкога не перацягваем да сябе. Дзетак iншай канфесii не прымушаем прыступаць да сакрамэнту (таямнiцы — В.М.).

Заняткi па катэхезе — навучанню праўдам веры разам з рэлiгiйным выхаваннем — у Касцёле прадугледжаны для дзетак з 3-х гадоў. I да канца жыцця, дадае сястра Часлава.

Нядзельныя каталiцкiя школы працуюць па праграме, разлiчанай для дзяцей з 1-га па 12 класы, заняткi праходзяць раз на тыдзень i доўжацца толькi 45 хвiлiн. Непасрэдна перад Першай Камунiяй i пасля яе — на Белым тыднi, дзецi i настаўнiк сустракаюцца штодня. Праграма, па якой працуюць нядзельныя школы пры касцёлах, распрацоўваецца Камiсiяй пры Канферэнцыi Каталiцкiх Бiскупаў Беларусi. Тая ж Камiсiя распрацоўвае i падручнiкi (на сёння ёсць тры). На Захадзе першыя тры гады — гэта падрыхтоўка да споведзi, а ў нас нярэдка i васьмiкласнiкi цьмяна ўяўляюць сабе, што гэта такое, таму кiравацца чужымi праграмамi немагчыма.

Сястра Часлава паказала мне дапаможнiкi для дзяцей перад Першай Святой Камунiяй i Першай Споведдзю i я падзiвiлася, наколькi дэталёва i адаптавана там даводзяцца ўсе складовыя тонкай духоўнай працы. Падручнiкi зусiм невялiкiя, на добрай паперы, з малюнкамi, крыжаванкамi i пустымi радкамi, якiя павiнны запоўнiць i размаляваць самi дзецi. Напрыклад, у раздзеле паўтарэння матэрыялу аб таямнiцы пакаяння — заданне размаляваць пялёсткi з умовамi пакаяння («шчырая споведзь», «моцная пастанова выправiцца» i г.д.) i лiсцiкi з адпаведнымi дзеяннямi («шчыра прызнаю свае грахi», «задумваюся над тым, як буду выпраўляцца»...). Мiж iншым, дапаможнiкi выдадзены на беларускай мове.

— Калi не будзе ведаў, не будзе i веры, — упэўнена сястра Часлава. — Пазнаць Езуса Хрыста — значыць пра Яго даведацца. Таму нядзельныя школы павiнны быць пры кожнай парафii. Калi ёсць сiстэматычная праца, цiкавыя заняткi, дадатковыя спатканнi i сумесныя выезды, то фармiруецца група, якая ўжо не проста нядзельная школа, а жывая супольнасць, сям’я, памiж членамi якой узнiкае асаблiвая сувязь.

Усталяваны напрыканцы мая вялiзны крыж на ўездзе ў Мiнск з боку Гродна i Вiльнi — гэта вынiк сумеснай працы такой парафiяльнай сям’i з 40 дзетак i iх бацькоў.

Мiсiя культураўтваральная

У Беларусi iснуюць рэлiгiйныя i свецкiя яўрэйскiя школы. Яўрэйскае Агенцтва для Iзраiля ў Рэспублiцы Беларусь аказвае фiнансавую i метадычную дапамогу свецкiм нядзельным школам пры абшчынах. Настаўнiкi ў такiх школах не заўсёды могуць быць самi членамi абшчыны, напрыклад, — выкладчыкi выяўленчага мастацтва, альбо камп’ютарнай пiсьменнасцi. Праўда, ужо тое, што яны працуюць у яўрэйскай нядзельнай школе, кажа пра iх павагу да iншай нацыi i культуры.

Заняткi звычайна складаюцца з трох-чатырох урокаў. Гэта, акрамя выяўленчага мастацтва, могуць быць шахматы, валоданне камп’ютарам альбо што-небудзь яшчэ i абавязкова — яўрэйская гiсторыя, традыцыi i мова. Урокi цягнуцца па 35 хвiлiн, не прадугледжваюць хатнiх заданняў i ацэнак. Веды правяраюцца падчас вiктарын, пераможцы якiх атрымлiваюць прызы. Яшчэ адна абавязковая складовая яўрэйскiх нядзельных школ — пачастунак для дзяцей, звычайна кубачак чаю з булачкай. Дзеля гэтага Яўрэйскае Агенцтва пераводзiць безнаяўным разлiкам грошы на магазiн, а гаспадыня (менавiта гаспадыня, а не дырэктар) нядзельнай школы клапоцiцца, каб дзецi маглi падмацавацца якаснай i свежай ежай.

Яўрэйскiя нядзельныя школы прытрымлiваюцца святаў i памятных дзён яўрэйскага календара. У такiя днi дарослыя гатуюць для дзяцей традыцыйную ежу, напрыклад, спецыяльныя пiражкi — гаменташэн — на Пурым, альбо пончыкi з павiдлам — суфганiот — на Хануку.

— Па сутнасцi, такiя школы — звычайныя гурткi, якiя адрознiваюцца тым, што аб’яднаныя ў комплекс, ды яшчэ прыпраўленыя нацыянальным i культуралагiчным элементам, — тлумачыць Iлана Акапян, каардынатар аддзела яўрэйскай культуры i традыцыi Яўрэйскага Агенцтва для Iзраiля. — Мы разумеем, што сучасным дзецям, не толькi яўрэйскiм, не так ужо i цiкава, якой яны нацыянальнасцi, якую гэта нацыянальнасць мае гiсторыю i традыцыi. Тым не менш мы iмкнёмся ўкласцi ў iх свае каштоўнасцi i робiм гэта праз нядзельныя школы. Iншымi словамi — гэта ўсюдыiсная праблема бацькоў i дзяцей, перанесеная ў яўрэйскую плоскасць.

Iлана падкрэслiвае, што важным прынцыпам выкладання гiсторыi яўрэяў з’яўляецца ўплятанне яе ў кантэкст гiсторыi Беларусi. Дзецi павiнны ведаць, што яны не чужыя на гэтай зямлi, што Беларусь была рысай аседласцi. Дакладна вядома, што яўрэi тут жылi з ХIV стагоддзя, яны разам з iншымi народамi i прадстаўнiкамi iншых рэлiгiй унеслi ўклад у культуру Беларусi. Асаблiвая ўвага надаецца лёсу яўрэйскага народа ў гады Вялiкай Айчыннай вайны.

Такiх нядзельных школ у Беларусi ўсяго 12, а навучаецца ў iх каля 350 дзяцей ад 6 да 12 гадоў. Часцей за ўсё колькасць вучняў адной школы складае каля 20 чалавек. Самая шматлiкая школа ў Магiлёве — каля 65 хлопцаў i дзяўчынак, яна, дзякуючы педагогам, лiчыцца i самай лепшай.

Цалкам свецкай лiчыцца таксама праграма «Мазл Тоў» пры Яўрэйскiм Культурным таварыстве «Эмуна», якая працуе больш за 8 гадоў доме. Яна заслугоўвае асобнай увагi, бо сапраўды ўнiкальная. Пра гэта мне сказалi мацi немаўлятак. «Мазл Тоў» уключае дзённыя, вячэрнiя i нядзельныя групы. Дзённыя — для дзетак ад 6 месяцаў (!) да трох гадоў. Вячэрнiя — для дзетсадаўскiх малых. Нядзельныя — для тых, хто не мае магчымасцi наведваць заняткi ў будзённыя днi.

З малымi займаецца мастак, музычны работнiк, лагапед. А таксама ім выкладаюць яўрэйскую традыцію. Кожны выкладчык працуе па ўласнай методыцы. Заняткi праходзяць эмацыянальна: выкладчыкi гуляюць у лялькi, спяваюць, размаўляюць вершамi. I як бы мiж iншым навучаюць маленькiх дзетак канцэнтраваць увагу, адрознiваць формы, колеры, геаметрычныя фiгуры, сартаваць прадметы... Праз развiццё маторыкi i сенсорыкi адбываецца развiццё мовы i iнтэлекту. Сёння «Мазл Тоў» наведвае 145 дзяцей, яшчэ каля 100 — чакаюць сваёй чаргi. Спачатку малых дзеляць на групы па ўзросту, потым — па ўзроўню iнтэлектуальнага развiцця.

Галоўная мэта — адаптацыя да дзiцячага садка, якая ўключае ў сябе i ранняе развiццё. Спалучаецца яна з не менш важнай: зносiны мацярок памiж сабой. Жанчыны не толькi дзеляцца рэцэптамi i цытуюць перлы сваiх малых, але i ходзяць па чарзе адна да адной у госцi. Тая сям’я, якая прымае гасцей, завецца «цёплы дом». Такiм чынам тут таксама ўтвараецца абшчыннае жыццё.

Не толькi яўрэi iмкнуцца трапiць у «Мазл-Тоў», працэнтаў 30 тут беларусаў. Апошнiх не засмучаюць нi штодзённыя вiтаннi выкладчыкаў на iўрыце, нi ранiшнiкi, прысвечаныя яўрэйскiм святам i гiсторыi. Нацыянальнае тут таксама растворана ў занятках, яшчэ меней прыкметнае, чым у iншых абшчынных школах, так што людзi ўспрымаюць яго спакваля i згодна з жаданнем.

Школы пры Iудзейскiм рэлiгiйным аб’яднаннi лiчацца рэлiгiйнымi, iх у Беларусi тры. З дырэктарам адной з iх, Аленай Столiнай, мы i сустрэлiся.

— Наша прынцыповае адрозненне ад свецкiх яўрэйскiх школ у тым, што мы бяром толькi тых дзетак, у якiх мацi — яўрэйка, — тлумачыць Алена. — Бо, згодна з iудзейскiм законам, яўрэйская нацыянальнасць вызначаецца па мацярынскай лiнii. Плюс, напэўна, у нас трошкi больш прадметаў прысвечаны менавiта традыцыi.

Надзельная школа «Лаудэр Лэх-Лэха» працуе ў Мiнску 11-ы год i знаходзiцца ў будынку сiнагогi на вулiцы Даўмана. Яна складаецца з трох частак: групы дзяцей дашкольнага ўзросту, школьнiкаў i iх бацькоў. Заняткi адбываюцца па нядзелях з 10 гадзiн ранiцы да двух дня. За гэты час вучнi паспяваюць два разы паесцi.

— Напэўна, пачастунак — асаблiвасць яўрэйскiх школ? — раблю здагадку.

— Можа i так, — пагаджаецца Алена, — але, ведаеце, дзецi тут знаходзяцца палову дня, плюс едуць з розных куткоў горада, таму мы iмкнёмся iх пакармiць. Зярняткi ведаў трэба кiдаць у спрыяльную глебу.

Адзiн дзень нядзельнай школы звычайна складаецца з чатырох урокаў i «праграмы» — адукацыйна-забаўляльнай гульнi. Дашкольная група працуе па асобнай праграме, у якую таксама ўключана яўрэйская тэматыка, плюс лагапед або камп’ютар, танцы i практыкаваннi на развiццё ўвагi, памяцi i мыслення. Выкладчыкамi тут працуюць выпускнiкi нядзельнай школы. Дарэчы, маленькiх дзетак збiрае па гораду i давозiць да будынка сiнагогi аўтобус.

Такiм чынам, у яўрэйскiх школах, нават тых, якiя самi сябе называюць рэлiгiйнымi, рэлiгiя амаль што не вылучана, яна разлiта ў традыцыi, гiсторыi i культуры народа, якую спасцiгаюць дзецi.

Нядзельныя школы розных канфесiй i абшчын робяць карысную справу для грамадства — дапамагаюць бацькам быць уважлiвымi да сваiх дзяцей, дзецям — паважаць бацькоў, усiм — любiць i дапамагаць адзiн аднаму, усведамляць сябе як асобу. Iх вопыт работы з дзецьмi можа быць узаемна цiкавым i вартым увагi агульнаадукацыйных педагогаў. Важна толькi, каб пра ўсю гэту вялiзную, часта альтруiстычную работу ведала як мага больш людзей. Тады можа i самi школы будуць удасканальвацца, i мы, i нашы дзецi не будзем губляцца ў складанай вiрлiвай сучаснасцi.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што такое нядзельныя школы? Хто i навошта водзiць туды дзяцей? Паняцце духоўнай адукацыi, хоць i адроджана ў на Беларусi ўжо на працягу каля 20 гадоў,
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика