Аб тым, што забыццю не падуладна
Таццяна ПАДАЛЯК
Экслiбрыс «Звязды» «Вытокi мужнасцi спасцiгаючы» — кнiга, што выйшла ў выдавецтве «Беларуская навука», прысвечана праблеме мастацкага асэнсавання беларускай лiтаратурай падзей Вялiкай Айчыннай вайны.Беларусы стварылi вялiкую лiтаратуру пра мiнулую вайну, праўда, поспех у асэнсаваннi яе падзей прыйшоў не адразу, а праз пераадоленне павярхоўна-фанфарнага паказу гераiзму, пераможна-парадных штампаў, — адзначае навуковы рэдактар выдання, член-карэспандэнт НАН Беларусi, вядомы лiтаратуразнаўца Сцяпан Лаўшук. «I кожнае новае пакаленне лiтаратараў уносiла ў гэту пачэсную справу сваю лепту. Зрэшты, на характар паказу вайны ў лiтаратуры ўплывалi не столькi змены творчых пакаленняў, колькi змены ў сацыяльна-палiтычным, iдэалагiчным курсе краiны. Асаблiва наглядна гэта праявiлася ў другой палове 1950-х гадоў (хрушчоўская адлiга) i ў канцы 1980-х, калi ў СССР пачала разгортвацца так званая сацыяльна-палiтычная перабудова... Менавiта ў гэты час у лiтаратуры разгарнуўся пакутлiвы працэс творчых пераарыентацый, прайшлi дыскусii аб выбары мастацка-выяўленчых прыярытэтаў. Асаблiвую вастрыню набылi спрэчкi менавiта аб здабытках i пралiках асэнсавання падзей Вялiкай Айчыннай вайны». Дысанансы яскрава выявiлiся напрыканцы мiнулага стагоддзя, калi дастаткова настойлiва i патрабавальна заявiлi пра свае прэтэнзii на гiстарычную годнасць тыя, хто ў час вайны процiстаяў патрыётам, абаронцам Айчыны. Былыя палiцэйскiя, байцы Армii Краёвай, калабаранты самага рознага кшталту ў некаторых сродках масавай iнфармацый сталi выстаўляцца героямi i пакутнiкамi. Затое партызаны называлiся арганiзаванымi (менавiта так iх называла гебельсаўская прапаганда) бандытамi, якiя рабавалi i тэрарызавалi цывiльнае насельнiцтва. Нiхто з «крытыкаў» не абцяжарваў сябе пошукамi аргументаў, не iмкнуўся абаперцiся на надзейны грунт гiстарычнай праўды. Аўтары кнiгi «Вытокi мужнасцi спасцiгаючы» С. Андраюк, Л. Гарэлiк, В. Жураўлёў, М. Тычына, Л. Гаранiн даследавалi тэму Вялiкай Айчыннай вайны з вышынi ХХI ст., паставiўшы ў цэнтр увагi праблемы патрыятызму, духоўных iдэалаў, нацыянальных архетыпаў i стэрэатыпаў. Вялiкая ўвага нададзена раскрыццю своеасаблiвасцi асэнсавання найбольш трагiчных старонак ваеннага лiхалецця прадстаўнiкамi розных пакаленняў беларускiх пiсьменнiкаў, а таксама аб’ектыўнай навуковай ацэнцы рознага роду iнсiнуацый, якiя ўтрымлiваюцца ў даследаваннях некаторых замежных i айчынных вучоных, у асобных публiкацыях перыядычнага друку.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Вытокi мужнасцi спасцiгаючы» — кнiга, што выйшла ў выдавецтве «Беларуская навука», прысвечана праблеме мастацкага асэнсавання беларускай лiтаратурай
|
|