Клiча мора далёкае...
Аляксандр СЯНЮЦЬ
Вецер вандраванняў А КАМУ ДАСПАДОБЫ БЛIЗКАЕЛетам цяжка не спынiцца каля «рэкламак» турыстычных агенцтваў, якiя — яркiя, рознакаляровыя, большыя i меншыя па памерах i апiсаннях, iлюстраваныя экзатычна-прывабнымi здымкамi — абяцаюць дапамагчы акунуцца ў невядомы, але цiкавы, iнтрыгуючы, прыгоднiцкi свет падарожжаў. Сёй-той падумае — i будзе мець рацыю, — што з турфiрмай прасцей i бяспечней спланаваць i правесцi водпуск. А калi хочацца экстрыму цi, як модна зараз гаварыць, «драйву», тады што? Тады нiякiх турагенцтваў, фiрмаў — толькi водпуск, ты, сябры і, канешне, энтузiязм. Вось такой кампанiяй мы адправiлiся адпачываць у краiну блiжэйшых балтыйскiх суседзяў — Лiтву. Месца «дыслакацыi», — курортны гарадок на беразе Балтыйскага мора, — Швiнтое. ПРЫЕМНЫЯ КЛОПАТЫ Многiм падабаецца адпачываць дома, у Беларусi. Дзякуй Богу, ёсць дзе: Нарач, Браслаўскiя азёры, Нясвiж i шмат iншых месцаў, якiя прыцягваюць хараством i непаўторнасцю нацыянальнага каларыту. Такiх людзей нiякай экзотыкай, пальмамi ды тропiкамi не заманiш. Але ж многiя з нас столькi разоў чулi: «Быў на моры. Адпачыў — не расказаць...». I становiцца цiкава: як жа там на моры?.. Я ўспомнiў, што яшчэ ў недалёкiя савецкiя часы марскi адпачынак не быў праблемай: працуй, адкладвай «капейку», прыйшло лета — купляй крэм ад загару, сонечныя акуляры, плаўкi, калi не ўлазiш у мiнулагоднiя, мяч, клiч сяброў — i на цягнiк! А што зараз? ...Гледзячы куды маршрут. Не будзем браць розныя там Анталii, Гаваi, Карыбы, Апенiны, — «нашы людзi ў булачную на таксi не ездзяць». Ды i якi сэнс ехаць «за трыдзевяць зямель», калi па суседству ёсць штосьцi падобнае, што не так балюча «кусае» за кiшэню. Возьмем, напрыклад, Крым. Нiякiх табе вiз, медыцынскiх страховак i iншай бюракратычнай «баланды» з афармленнем паперак-дакументаў. Схема прыкладна тая ж, што i пры «саветах»: працуй, адкладвай «капейку»... Ну, а калi вырашылi «махнуць» на Балтыку, крыху трэба «пакруцiцца»: 5 еўра за вiзу, долары — за медыцынскую страхоўку (у адпаведнасцi з колькасцю дзён за мяжой: прыкладна 11 — за два тыднi) i... цярпенне, каб адстаяць ля консульства ў радах шматлiкай армii выязджаючых за мяжу. Або, калi не хочацца, — каля 20 000 рублёў праз турфiрму. Але гэта, хутчэй, прыемны клопат: наперадзе — рэалiзацыя (яе спроба) накопленых за год мараў, неабдымнае мора з блакiтнымi або чорнымi хвалямi-вейкамi, пясочак, падсмажаны сонцам, курортны раман, якi або так i застанецца курортным, або стане нечым больш сур’ёзным... «РУЖОВЫ» ГОРАД Вось мы ўжо на месцы. Калi першы раз крочыш па Швiнтоi, то кiдаецца ў вочы, улюбляе ў сябе не колькасць адпачываючых, якiя, як мурашы, снуюць да мора i назад; не «наварочаныя» «Лексусы» i «Мерседэсы», сярод якiх часам чапляюць вока беларускiя нумары; бары i рэстараны, якiя музыкай i рэкламай заклiкаюць прахожых; i нават не шапiкi з бурштынавымi сувенiрамi i падарункамi — а банальная, мiлая воку i сэрцу чысцiня вулiц, добраўпарадкаванасць дарог, па якiх ходзiш босы — i не баiшся, што парэжаш ногi; фанерныя домiкi — часовыя прыстанiшчы адпачываючых. Будынкi з «савецкiм» тварам рэстаўруюцца. I ўжо на турыстаў пазiраюць з-за кустоў руж пластыкавымi вокнамi свежанькiя твары новенькiх домiкаў. Людзей шмат, а парадак — супер. I здаецца, што ты не ў Лiтве, дзе на некаторых вадасховiшчах сталiцы, пераскокваючы цераз кучы смецця, можна ногi паламаць, а ў родным Мiнску, добраўпарадкаванасцi i чысцiнi якога дзiвяцца «залётныя» еўрапейцы. У Швiнтоi спакойна можна пакiнуць машыну i не хвалявацца, што да ранiцы яна застанецца без колаў або яе наогул возьмуць «пакатацца». I хоць людзi там, як i ўсюды, збiраюцца розныя, але аб выпадках крадзяжоў не было чуваць. I гэта пры тым, што на ўвесь курортны гарадок толькi два экiпажы палiцэйскiх. Вось i думаеш: цi там суперскiя «копы», цi турысты такiя законапаслухмяныя?.. А можа, i тое, i другое?.. «НIХТ ФЕРШТЭЙН» Аматары паесцi павiнны супакоiцца адразу: не трэба браць з сабой кiлаграмы «харчу» i лiтры прыпасеных на зiму марынадаў. Ёсць у Швiнтоi магазiн з недарагiмi прадуктамi. Па цэнах ён на ўзроўнi звычайнага вiльнюскага. А, як вядома, тое-сёе з прадуктаў харчавання ў Лiтве таннейшае за нашае. Ну, а калi дома «дасталi» варкi-выпечкi, да вашых паслуг кафэ, рэстараны, бары. Абед, у меню якога ўваходзiць халаднiк, два цэпелiны цi галубцы памерам з далонь, плюс келiх ячменнага напою, каштуе прыкладна 15 лiтаў. Дарэчы, дырэктар тамтэйшага недарагога магазiна, жанчына-славянка, якая добра разумее рускую мову, з радасцю пагаворыць з вамi i адкажа на пытаннi. Iншыя ж прадаўцы (у Вiльнюсе такiх менш, а ў Швiнтоi амаль што кожны трэцi), якiя за некалькi гадоў жыцця ў Еўропе чамусьцi «атрымалi амнезiю» i зусiм не разумеюць рускую мову, якой упаўне паспяхова карысталiся раней. На ваша пытанне толькi пацiскаюць плячыма i адказваюць: «Я не понимаю по-русски». Супраць такiх ёсць адзiн дзейсны i правераны сродак. Адно пытанне: «Dо уоu sреаk еnglish?» вяртае iм памяць — i яны, усмiхаючыся — маўляў, я на ангельскай таксама «нiхт ферштэйн», адразу разумеюць, аб чым iдзе гаворка. На пакаленне 15—20-гадовых дык i крыўдзiцца не выпадае: расiйская мова даўно «выкiнута» са школьнай праграмы, да таго ж пра славян, у прыватнасцi беларусаў, гавораць шмат непатрэбшчыны. Крыўдна тое, што многiя новаяўленыя «лiтоўцы», якiя нарадзiлiся i выраслi ў Беларусi, зараз ад яе, як ад няпраўды, адракаюцца... Але што ўсё аб лiтоўцах? Не адны ж яны там адпачываюць! Ёсць там i нашы людзi. Самi ведаеце, якая радасць, калi за мяжой сустракаеш чалавека з Беларусi. А калi гэта людзi з твайго раёна, вёскi, амаль суседзi? А ты нават i не ведаеш, што яны таксама на адпачынку. Тады гэта радасць узрастае шматразова. Сёлета ў Швiнтоi майстар-клас па валейболу давалi дзве Наталлi — Рогач i Калпак з Варнян, дапамагаў iм Яўген Бялячыц з Рымдзюн. Выдатнымi плыўцамi i проста прыемнымi i добразычлiвымi людзьмi аказалiся Iван Рогач i Ваня Калпак з Варнян, за гарэзлiвымi малымi землякоў прыглядала рымдзюнка Наталля Бялячыц. Сцэну з фiльма «Белае сонца пустынi» прадэманстраваў Ян Перавязка з Трокенiк: пляменнiк i сябар закапалi яго па шыю ў пясок. А раскопваць не хацелi... Нiдзе астраўчане не сумуюць i весяляцца не толькi самi, але i дораць добры настрой iншым. Малайцы! «ПАРАСЯЧЫ» РАЙ Кожны, хто хоць аднойчы быў на адпачынку, пагодзiцца, што адзiн з важных i вызначальных пунктаў курортнай праграмы, — яе забаўляльная частка. А то чаго ж ехаць ды сумаваць? Гэта дома можна. Але i там таксама не варта. ...Ужо з ранку акцёры на размаляваных аўто ў рупар крыкамi-песнямi запрашаюць на вячэрнюю «тусоўку» — турыст ведае, куды «намылiцца». Адпачынак прадугледжаны для ўсiх узростаў i на любы густ: дзецям — каруселi-атракцыёны, на якiх нават дарослыя на вышынi просяць Бога, каб хутчэй злезцi, i клянуцца, што больш нiколi не сядуць. Для малых двух-, а для сем’яў — чатырохмесныя веласiпеды; вадзяныя горкi, з якiх дзецi з хуткасцю тарпеды ўразаюцца ў ваду... Рытмiчнымi мелодыямi i агеньчыкамi юнакам i дзяўчатам усмiхаюцца бары-дыскатэкi. Музыка розных напрамкаў: папулярная — замежная, руская, лiтоўская, «кiслата», для аматараў Баскава—Кiркорава, — караоке. Невядома чаму, але «турысты-тусоўшчыкi» аблюбавалi месца з не вельмi прывабнай назвай «Парасячы рай». Сцены ў iм завешаны «хрушкавымi» здымкамi, на сталах красуюцца тоўсценькiя пар- сючкi. Ды i сцэна нiколi не пустуе: «жывая» музыка з прыгажуняй-салiсткай або выступленнi «Казановы», «Васi з Магадана», якiя «запальваюць» i без таго «гарачых» гасцей. Прыемна ўражвае, што ў «свiнушнiку», як ласкава называюць пастаяльцы «Парасячы рай», збiраецца даволi прыстойны рознаўзроставы кантынгент. I лiтоўцы, калi даведаюцца, што ты з Беларусi, для суседзяў-iншаземцаў могуць заказаць песню... I тут ужо нi межаў, нi моў: рукi ўгору i — скачы да столi! Нядрэнныя i iншыя месцы «масавага» адпачынку: «Тытанiк», «Вiкiнг». Так што, калi сабралiся адпачываць, спаць больш за пяць гадзiн наўрад цi атрымаецца, дый цi варта — на курорце?.. Гэта вечарам. А ўдзень актыўны адпачынак часам перарастае ў экстрэмальныя прыгоды. Для тых, каму дыскатэкi, бары i таму падобнае нецiкавыя, iснуюць спецыяльныя шоў, — «банан», да прыкладу. Не расказаць аб iм немагчыма. Да скутара прычапляецца гумовае шасцiмеснае падабенства банана (морквы, ракеты). На яго сядаюць экстрэмалы, якiя, даверыўшыся волi Нептуна i нацягнуўшы на сябе выратавальныя «лапсардакi», з крыкамi пачынаюць набiраць хуткасць. «Банан» ляцiць на хвалях, як ракета — i толькi тады, калi пры рэзкiм заносе перакульваешся, разумееш, што такое халодная вада: паверце — у халадзiльнiку цяплей. Злазiш, рукi i ногi, як не свае. А тут непадалёк, на пясочку, лазня палiцца: пяць лiтаў за ўваход — i можаш парыцца, пакуль скура не злезе. Для тых, хто ў дзяцiнстве любiў гуляць «у вайнушку» i не супраць у гадкоў трыццаць пастраляць, — пэйнтбол. Правiлы лёгкiя, таму нават дзяўчаты з радасцю пераўвасабляюцца ў салдатаў. Зброя «запраўляецца» патронамi-шарыкамi з фарбай, удзельнiкi дзеляцца на каманды i на спецыяльным полi бою, прыблiжаным да сапраўднага, з разбуранымi драўлянымi i цаглянымi сценамi, раскiданым дротам, высокай травой, «парэпанымi» ад пападанняў дрэвамi, воiны «расстрэльваюць» адзiн аднаго... А пасля пераможцы i пераможаныя другую палову дня гавораць аб тактыцы i стратэгii, якую адна каманда выкарыстала, а другая не паспела... Не паспяваеш за тыдзень завiтаць на кожнае мерапрыемства, паўдзельнiчаць у кожным конкурсе, стаць сведкам чарговага шоў i забавы. А яно i добра! Ёсць падстава прыехаць у наступным годзе...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Летам цяжка не спынiцца каля «рэкламак» турыстычных агенцтваў, якiя — яркiя, рознакаляровыя, большыя i меншыя па памерах i апiсаннях, iлюстраваныя экз
|
|