21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Таямнiца смерцi Янкi Купалы пакуль застаецца не разгаданай

26.08.2009 08:48 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Таццяна ПАДАЛЯК

65 гадоў назад, 28 чэрвеня 1942 года, у гасцiнiцы «Масква», трагiчна абарвалася жыццё народнага паэта Беларусi Янкi Купалы. За некалькi дзён да 60-гадовага юбiлею...

Што гэта было: няшчасны выпадак?.. самагубства?.. забойства?.. Столькi часу прайшло, але i дагэтуль смерць паэта ўсё яшчэ застаецца загадкай.

У аўторак, 26 чэрвеня, у Дзяржаўным лiтаратурным музеi Янкi Купалы адкрыецца абноўленая экспазiцыя, прысвечаная апошняму этапу жыцця паэта. Максiмальна дакладна, па-новаму будзе пададзена тэма «Таямнiца смерцi Янкi Купалы». З аўтарам аднаўлення i дапрацоўкi экспазiцыi, вядучым навуковым супрацоўнiкам музея Фаiнай ВАДАНОСАВАЙ мы гутарылi сярод найкаштоўнейшых культурна-гiстарычных экспанатаў...

— Цi ўдалося музейшчыкам хоць крыху прыадкрыць таямнiцу гiбелi паэта?

— Шчыра кажучы, нават не ведаю, якiя пакаленнi яе адкрыюць — i цi адкрыюць увогуле...

Але мы пастаралiся вельмi пiльна ўгледзецца ў трагiчную падзею, што здарылася 28 чэрвеня 1942 года ў гатэлi «Масква».

...Незадоўга да 60-гадовага юбiлею Янка Купала прыехаў у Маскву i спынiўся ў 414-м нумары гатэля «Масква», пабудаванага па праекту рускага архiтэктара Шчусева ў 1935 годзе. Гэты шыкоўны гатэль прымаў многіх знакамiтых людзей.

— Аднак, як вядома, гэтага гатэля ўжо няма?

— Так, няма. Але ў нашым музеi... ён будзе ў экспазiцыi!

— Якiм чынам?

— Калi разбiралi-руйнавалi гасцiнiцу «Масква» ў Маскве некалькi гадоў назад, дзякуючы намаганням супрацоўнiкаў музея i ўсiх неабыякавых да нацыянальнай спадчыны людзей, у Мiнск былi дастаўлены часткi iнтэр’ера пакоя 414, дзе жыў Янка Купала, а таксама частка парэнчаў i прыступак, вентыляцыйная рашотка, бра, якое вiсела ў холе. Ёсць у нас нават дошка-ўказальнiк «4 этаж. Номера 401—431» — як звычайна ў гасцёўнi...

Глафiра Васiльеўна Кушаль, загадчыца навукова-экспазiцыйнага аддзела, ездзiла ў гасцiнiцу «Масква», адбiрала неабходныя музею экспанаты. Велiзарная праца! Таму што паглядзець i ўявiць, што i як будзе добра глядзецца экспазiцыйна — вялiкае майстэрства музейшчыка... А потым пры дапамозе дыпламатычных i iншых службаў фуры транспартавалi ў музей...

Мастак Генадзь Чысты распрацаваў цiкавую мастацкую канцэпцыю, ужо заканчваецца мантаж экспазiцыi — дакладней, асобных, адноўленых экспазiцыйных кампанентаў, звязаных з таямнiцай смерцi Купалы (раней мастак Эдуард Агуновiч стварыў цудоўную экспазiцыю, якую можна назваць класiчнай).

У экспазiцыi акно, праз якое Купала глядзеў на горад (захавалася нават тая ручка, да якой ён дакранаўся), за аконнай рамай прымацаваны фотаздымкi Масквы ваеннага часу, у тым лiку гасцiнiцы «Масква», на даху якой стаялi зенiткi...

— Выказваецца шмат версiй трагiчнай гiбелi Янкi Купалы...

— У музеi будзе экспанавацца ксеракопiя афiцыйнага паведамлення, якое пайшло на iмя Берыi i Сталiна. Але там вельмi многа маны. Там напiсана, што Купала быў у нецвярозым стане, таму i ўпаў у лесвiчны пралёт, перакiнуўшыся праз парэнчы.

Гэта спецпаведамленне паступiла да нас у канцы 1990-х гадоў, па запыту старшынi Мiжнароднага фонду Янкi Купалы, прафесара Вячаслава Рагойшы i музея. Звярнулiся да ФСБ Расii. Нам была даслана копiя дакумента, дзе гаворыцца, што ў 22.30 з 10-га паверха ўпаў народны паэт Беларусi Янка Купала, у нецвярозым стане... Што калi адкрылi яго пакой, там былi бутэлькi ад шампанскага...

— Але ж i дагэтуль не з усiх матэрыялаў зняты грыф сакрэтнасцi?

— Так, у нас няма матэрыялаў следства. Толькi спецпаведамленне.

— Магчыма, штосьцi «такое» ўтрымлiваюць матэрыялы следства, калi i праз 65 гадоў застаюцца закрытымi...

— Гэта быў ваенны час, напэўна, ваенная пракуратура павiнна была штосьцi адкрыць...

Апошнiм часам у архiве-музеі літаратуры і мастацтва я працавала з лiстамi беларускiх пiсьменнiкаў. Напрыклад, Мiхась Лынькоў у той час быў старшынёй Саюза пiсьменнiкаў Беларусi, лiтаральна праз некалькi дзён пасля трагедыi ён пiша свайму сябру Iларыёну Барашку. А за некалькi дзён да гэтага паведамiў Якубу Коласу: да нас у Маскву прыехаў Янка Купала, гарэлкi не ўжывае, п’е толькi пiва — гэта ўжо добра... Таму «нецвярозы стан» мы катэгарычна адмятаем.

Iснуе версiя, згодна з якой ад Купалы пазбавiлiся. Адносiны паэта i ўлады... Гэта праблема iснавала, пра што сведчаць i яго спробы самагубства ў 30-я гады.

Выказваецца думка, што недасведчаныя, неадукаваныя прадстаўнiкi ўлады пераблыталi Купалу (сапраўднае прозвiшча якога Луцэвiч) з Луцкевiчам...

У некаторых успамiнах ёсць сведчанні — нiбыта бачылi Купалу памiж 9-м i 10-м паверхамi з нейкай жанчынай... Нiбыта нейкiя два чалавекi ў шэрых касцюмах i кепках адбягалi з таго месца...

Версiй многа. Чаму я пайшла ў архiў лiтаратуры i мастацтва працаваць з лiстамi пiсьменнiкаў ваеннага часу? Бо мне падалося, што хтосьцi «прагаворыцца». Наiўная!.. Хто мог у той час прагаварыцца? Нават згадваць пра гэта было нельга.

У некаторых публiкацыях пазначаецца, што Купала знаходзiўся ў жудасным стане — унутрана, псiхалагiчна... Магчыма, настрой у яго быў не самы лепшы — з аднаго боку. А з другога боку — усе ўспамiны, якiя я аналiзавала, працуючы над гэтай тэмай, сведчаць, што Купала ўвесь час гаварыў: хлопцы, рыхтуйцеся, праз некалькi дзён маё 60-годдзе, я вас запрашаю!..

З усiмi былi аптымiстычныя, нармальныя чалавечыя размовы.

Купала марыў пра Перамогу. I Азгуру гаварыў: «Рыхтуйся, браце, хутка мы пераможам! Трэба будзе адбудоўваць гарады і ставіць помнікі пераможцам!» Гэта зафiксавана ва ўспамiнах пiсьменнiкаў, з якiмi Купала сустракаўся. Паэт быў поўны творчых задум. Хоць у той час ён лячыўся ў Крамлёўскай бальнiцы.

— Ад чаго?

— Гэта быў немалады ўжо чалавек, якi многае перажыў, вельмi хварэў. А спробы самагубства...

Яго бачыў Лынькоў у сваiм нумары — за тры хвiлiны да смерцi. Купала выйшаў ад яго — быў у нармальным стане... Яго бачыў i рускi лiтаратуразнаўца Яўген Мазалькоў, з якiм Купала сябраваў i якi пасля смерцi паэта напiсаў манаграфiчнае даследаванне пра яго. Мазалькоў таксама ўспамiнаў, што знаходзiўся ў нумары Купалы за некалькi гадзiн да смерцi. Паэт быў у выдатным настроi, перадаваў вялiкую каробку цукерак яго дачцэ, на што Мазалькоў сказаў: «Што вы, Iван Дамiнiкавiч, ёй толькі 10 дзён, ёй яшчэ нельга есцi цукерак!..»

...У экспазiцыi з’явiцца i апошняя тэлеграма Янкi Купалы да жонкi: даехаў добра, у Маскве дажджы i холадна, лячуся ў Крамлёўскай бальнiцы, спынiўся ў нумары 414... Мы раней экспанавалi апошнi лiст паэта, дзе ён паведамiў больш падрабязна: прыехаў у Маскву, сустрэўся з сябрамi... Яна яму напiсала адказ 27 чэрвеня — Купалу заставалася жыць адзiн дзень. А на канверце паштовы штэмпель: 30 чэрвеня 1942 г. Купалы ўжо не было два днi, ён не прачытаў лiст ад Уладзiславы Францаўны.

— А чаму ён даслаў жонцы i лiст, i тэлеграму?

— Ён напiсаў лiст, а потым даслаў тэлеграму — з улiкам, што яна дойдзе адразу, хутка.

Уладзiслава Францаўна не магла прыехаць на пахаванне, i ўсё жыццё не магла сабе дараваць, што не паехала разам з мужам у Маскву з Пячышчаў, дзе яны жылi ў эвакуацыi ў Татарыi. Яна была для Купалы як анёл-ахоўнiк, яна заўсёды была побач... А для яе ён быў святлом у акенцы: i муж, i сябар, i дзiця (дзяцей жа ў iх не было).

У 1993 годзе апублiкаваны ўспамiны Паўлiны Мядзёлка пра пахаванне Янкi Купалы.

— Яна прысутнiчала на пахаваннi?

— Яна была ля труны. А на самiм пахаваннi — не. Бо прызначаны быў адзiн час, а пахавалi паэта ў iншы час. Яна адышла, а калi прыбегла... Паўлiна Мядзёлка ўспамiнае, што труна Купалы стаяла вельмi высока. Там былi Лынькоў, Машара, Кучар, Кузьма Чорны, іншыя. Яна падыходзiла да iх з пытаннем «Што здарылася? Як магло здарыцца такое?..» Хтосьцi адварочваўся, хтосьцi маўчаў, а хтосьцi гаварыў: у яго сардэчны прыступ, стала дрэнна, ён абапёрся на лесвiчныя парэнчы i перакулiўся.

...Калi Уладзiслава Францаўна прыехала ў Маскву, разам з Паўлiнай Мядзёлкай накiравалiся ў гатэль «Масква», паднялiся на 10-ы паверх — i спрабавалi ўявiць, як можна было перакулiцца праз парэнчы, нават калi чалавеку стала дрэнна...

— Ва ўспамінах ёсць звесткі, што на лесвiчнай пляцоўцы, калi здарылася трагедыя, застаўся адзін чаравiк Купалы?

— Так. Калi б чалавек «самастойна» перакінуўся, дык цi застаўся б яго чаравік?.. Але гэта ўсё пытанні. Даладнасці пакуль што няма.

Купала пайшоў у нябыт трагiчна, драматычна. Вось што галоўнае...

На выснове ўспамiнаў, усiх публiкацый сёння мы можам толькi выказваць нейкiя меркаваннi. Але афiцыйна нiчога не можам сцвярджаць, бо з дакументаў маем толькi згаданае спецпаведамленне і ўспаміны. А наведвальнiкi музея самi змогуць пабачыць прыступкi i парэнчы з гатэля «Масква»...

Купалу пахавалi ў Маскве. Урна з яго прахам захоўвалася ў крэматорыi ў белым мармуровым пастаменце (ён таксама экспануецца ў музеi).

У 1962 годзе, да 80-годдзя паэта, урну з яго прахам перавезлi ў Мінск, пахавалi на Вайсковых могiлках (вул. Казлова).

Штогод 28 чэрвеня, у дзень смерцi Янкi Купалы, традыцыйна праходзяць жальбiны. Вось i ў гэтым годзе на 8 гадзiн ранiцы ў касцёле Святога Роха замоўлена iмша. У 16.00 на магiле Янкi Купалы пройдзе ўшанаванне яго памяцi.

...Роўна стагоддзе назад у вершы «Я не паэта» малады Янка Купала напiсаў:

Нехта спытае:

хто ў гэтай магiле?

А надпiс адкажа:

Янка Купала.

Чалавек, якi «i сэрцам, i думамi» малiўся i молiцца за родную Беларусь.


Мая Вера

Не веру ідалам паганым.

Што выразаюць разьбяры,

Бажкам не веру маляваным,

Што мажуць фарбай маляры.

Не веру купленым прарокам,

Што з казальніц за грошы лгуць

І сочаць прагавітым вокам,

Скуль больш чырвонцаў

ім нясуць.

Не веру ў фокуснікаў цуды

Усіх народаў і вякоў,

Што ў ход пускаюць

хітра ўсюды

Туман не цёмных слепакоў.

Не веру ў каменны багоўні,

Ў людской асвенчаны крыві,

Дзе толькі вяжуць,

бы ў прыгоне,

Жывому духу ланцугі.

Ні за якую плату, меру

Не дамся гэтай варажбе...

Ў народ і край свой толькі веру

І веру ў самаго сябе.

1905 — 1916



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
65 гадоў назад, 28 чэрвеня 1942 года, у гасцiнiцы «Масква», трагiчна абарвалася жыццё народнага паэта Беларусi Янкi Купалы. За некалькi дзён да 60-гад
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика