Палкi ў колы
Барыс ПРАКОПЧЫК.
У пасёлку Наваельня спынена вытворчасць дызельнага бiяпалiва з выкарыстаннем рапсавага алею, хоць ад яго спажыўцоў не было нiводнай прэтэнзii на якасць новага айчыннага прадукту
Кожны дзень дырэктару Наваельненскага мiжрайаграснаба Аляксею Скiбе тэлефануюць з розных прадпрыемстваў Гродзеншчыны з пытаннем: «Калi адновяцца пастаўкi бiяпалiва?» Сiтуацыя парадаксальная. Беларусь вучыцца жыць ва ўмовах жорсткай эканомii, з апорай на ўласныя рэсурсы, распрацоўваюцца стратэгiчныя накiрункi забеспячэння энергетычнай бяспекi краiны. Тэма, як кажуць, на слыху. А ў гарадскiм пасёлку Наваельня Дзятлаўскага раёна, дзе за гэту тэму аднымi з першых ўзялiся не на словах, а на справе, спыняецца вытворчасць дызельнага бiяпалiва з выкарыстаннем не замежнага, а нашага, беларускага рапсавага алею — айчыннай распрацоўкi, якая ўкаранялася па даручэнню кiраўнiка дзяржавы i была падмацавана мерамi дзяржаўнай падтрымкi. Дык што ж адбываецца? Няўжо маюцца рэкламацыi на якасць гэтага палiва ад яго спажыўцоў? Можа, яно дрэнна ўплывае на стан палiўнай апаратуры транспартных сродкаў, пагражае паскораным зносам дэталяў рухавiка? Альбо занадта высокi расход, якi не кампенсуецца больш нiзкай цаной у параўнаннi са звычайнай саляркай? Карэспандэнт «Звязды» пабываў на прадпрыемстве «Наваельненскi мiжрайаграснаб» у якасцi, зразумела, не правяраючага (з красавiка мiнулага года тут адбылося больш за 40 (?!) праверак), а суразмоўцы яго дырэктара, iнiцыятара новай распрацоўкi, кандыдата эканамiчных навук Аляксея Скiбы. — Аляксей Паўлавiч, як з’явiлася iдэя гэтай распрацоўкi i ў чым яе сэнс? — У 2000 годзе ў Еўропе выпускалася ўжо 1,5 мiльёна тон дызельнага бiяпалiва. Адпаведныя даныя былi надрукаваныя i, хто жадаў, мог з iмi азнаёмiцца. I задац-ца пытаннем: а чаму мы ў гэтым плане нiчога не робiм? Сёння ўжо i для нас не сакрэт, што вырабам бiядызельнага палiва паралельна вырашаюцца дзве важнейшыя задачы. Па-першае, рапс — гэта, у адрозненне ад нафты i iншых карысных выкапняў, прадукт аднаўляемы. Не парушаючы севазвароту, ён можа займаць 10 —12 працэнтаў плошчаў, што даволi iстотна. Па-другое, пры перапрацоўцы насення рапсу ў алей утвараецца макуха — выдатная крынiца бялку для корму жывёле, што вельмi актуальна для Беларусi, якая купляе бялковыя дабаўкi за мяжой. Кiлаграм макухi эканомiць два—тры кiлаграмы зернесумесi. Паводле маiх падлiкаў, у нашай краiне можа вырабляцца каля 1 мiльёна тон рапсу, з якога рэальна атрымаць 650 тысяч тон макухi. А значыць, нам спатрэбiцца на жывёлагадоўлю як мiнiмум на 1 мiльён 300 тысяч тон збожжа менш. Вось яшчэ ў чым, акрамя выкарыстання раслiннай сыравiны для вырабу палiва, эканамiчная эфектыўнасць гэтага праекта ў дзяржаўным плане. Мы паспрабавалi пайсцi ў гэтым накiрунку, i ўсё атрымалася. У 2001—2005 гадах за кошт сродкаў фiнансава-гаспадарчай дзейнасцi на нашым прадпрыемстве з’яўляецца айчынная распрацоўка арыгiнальнай тэхналогii вытворчасцi дызельнага бiяпалiва з выкарыстаннем у якасцi дабаўкi (бiякампанента) рапсавага алею спецыяльнай ачысткi. Пасля неабходных выпрабаванняў былi распрацаваны i ва ўстаноўленым парадку зацверджаны тэхнiчныя ўмовы (ТУ BY 500048572.001-2006, доследная партыя) i арганiзаваны выпуск новага вiду бiядызеля. Гэты праект падтрымалi ў вышэйшых органах улады i, што вельмi важна, былi задзейнiчаны эфектыўныя дзяржаўныя прэферэнцыi: дызпалiва для вытворчасцi бiядызеля адпускалася з нулявой стаўкай акцызу, а мы прадаём канечны прадукт з паменшанай стаўкай. За кошт гэтага лiтр бiядызельнага палiва прыкладна на 200 рублёў таннейшы за, скажам так, класiчную салярку. Мая задумка была такая: «завязаць» на наша прадпрыемства пастаўкi рапсу з Дзятлаўскага, суседнiх Навагрудскага i Карэлiцкага раёнаў, каб яго перапрацаваць у алей (на бiяпалiва i харчовыя мэты), а макуху вяртаць гаспадаркам, забяспечваючы яе высокую якасць пры мiнiмальных транспартных расходах. Вiдавочна, што ў параўнаннi з адпраўкай рапсу на перапрацоўчае прадпрыемства ў Вiцебск i вяртаннем назад макухi гэты варыянт куды больш выгадны для сельгасвытворцаў нашай зоны. — I што з гэтай задумкi атрымалася? — Гэта схема цалкам рэалiзавана. На ўсiх этапах рэалiзацыi гэтага праекта нас падтрымлiвае Гродзенскi аблвыканкам. Прадпрыемства было забяспечана дзяржзаказам на сыравiну для вытворчасцi рапсавага алею, банкаўскiмi крэдытамi. У ААТ «Нафтан» мы па вышэйпамянёнай сiстэме дзяржаўнай падтрымкi набывалi дызельнае палiва. Аднак па прычыне яго адсутнасцi з 10 мая мы былi вымушаны спынiць вытворчасць бiядызеля. —? — Такое ўражанне, што на ўзроўнi кiраўнiка дзяржавы, урада гэты праект падтрымлiваецца, аднак на нiжэйшых узроўнях так «закруцяць»... Адбываюцца нейкiя, на мой погляд, абсурдныя рэчы. На нашым прадпрыемстве былi дзве ўстаноўкi па вытворчасцi дызельнага бiяпалiва на аснове рапсавага алею. На адной, як ужо сказана вышэй, бiякампанентам служыць рапсавы алей спецыяльнай ачысткi. На другой — тэхналогiя пераўтварэння рапсавага алею шляхам хiмапрацоўкi з дабаўленнем метанолу i атрыманнем на выхадзе гатовага прадукту — метылавага эфiру тлустых кiслот, альбо метыл-эфiру, якi будзе выкарыстоўвацца ў якасцi 5-працэнтнай дабаўкi да дызпалiва. Распрацоўка гэтай тэхналогii вучонымi НДI фiзiка-хiмiчных праблем БДУ i прадпрыемствам «Унiхiмпрам БДУ» вядзецца з 1994 года. Варта адзначыць, што метыл-эфiр — гэта даволi агрэсiўнае хiмiчнае злучэнне са шкодным уплывам на гумавыя (сальнiкавыя) пракладкi, асобныя пластмасы, лакафарбавыя пакрыццi i г.д. Яго цеплатворная здольнасць на 10—12 працэнтаў нiжэй дызпалiва нафтавага паходжання, што выклiкае неабходнасць адаптацыi (пераробкi канструкцыi) дызельных рухавiкоў. У адваротным выпадку перапал такога бiяпалiва складае 5—7 працэнтаў. Вытворчасць метыл-эфiру з’яўляецца шкоднай, бо ў тэхналогii выкарыстоўваецца метанол (да 10 працэнтаў), якi адносiцца да класа моцнадзейных ядавiтых рэчываў. Метыл-эфiр нельга назваць экалагiчна чыстым прадуктам, паколькi нават па iснуючых стандартах у iм дапускаецца рэшткавае ўтрыманне да 0,2 працэнта метанолу. Пры выкарыстаннi такога бiяпалiва, напрыклад, у аўтобусах на гарадскiх маршрутах у пасажыраў нярэдка ўзнiкаюць алергiчныя рэакцыi. Да таго ж, вытворчасць метыл-эфiру патрабуе высокiх капiтала- i энергазатрат, што ўплывае на кошт тэхналогii i канечнага прадукту. Па гэтых прычынах для захавання аптымальных эксплуатацыйных характарыстык дызельных рухавiкаў з 2005 года Еўрапейскiм стандартам ЕN-590.2004 дазволена дабаўляць у дызпалiва не больш за 5 працэнтаў метыл-эфiру, што мяркуецца рабiць i ў нас. У адрозненне ад гэтай тэхналогii, вытворчасць бiядызеля з дабаўкай не метыл-эфiру, а рапсавага алею спецыяльнай ачысткi не патрабуе выкарыстання моцнадзейных ядавiтых рэчываў, а таму з’яўляецца экалагiчна чыстай. Гэта вытворчасць энергазберагальная, паколькi выключаецца цыкл тэрмахiмiчнай рэакцыi пераўтварэння рапсавага алею ў метыл-эфiр. Сам прадукт таннейшы i адначасова больш эфектыўны, бо карыстальнiкi бiядызеля выкарыстоўваюць iснуючыя нормы расходу для дызпалiва нафтавага паходжання. Зрэшты, я зусiм не прэтэндую на iсцiну ў апошняй iнстанцыi, а выступаю за тое, каб выбраць правiльны шлях у вытворчасцi бiяпалiва з улiкам таго, што зроблена да нас. Няхай будзе адна тэхналогiя, другая, а мажлiва, i трэцяя (з выкарыстаннем не метанолу, а этанолу з адходаў спiртавой вытворчасцi), каб параўнаць эфектыўнасць. Тады стане зразумела, якое бiяпалiва патрэбна для Беларусi. Аднак замест здаровай канкурэнцыi, спаборнiцтва iдэй адбываецца нешта iншае. Здавалася б, на нашым прадпрыемстве маюцца дзве ўстаноўкi, дзве тэхналогii па выпуску бiядызельнага палiва i, паколькi выдаткi вытворчасцi аднолькавыя, можна параўноўваць. Не, «метыл-эфiрную» ўстаноўку забiраюць у ААТ «Гродна Азот», (хоць яна там пагоды не зробiць, паколькi разлiчана ўсяго на 2 тысячы тон у год — мiзэр у параўнаннi з запланаваным аб’ёмам). А работа нашага абсталявання па вытворчасцi бiядызеля з выкарыстаннем рапсавага алею спецыяльнай ачысткi паралiзавана спыненнем паставак дызельнага палiва. — У прэсе прыводзiлася меркаванне кiраўнiцтва НДI фiзiка-хiмiчных праблем БДУ наконт негатыўных уласцiвасцяў бiядызеля, што вырабляецца ў Наваельнi. Быццам бы яго выкарыстанне можа прывесцi да знiжэння рэсурсу работы рухавiка... — Пры эксплуатацыйных выпрабаваннях больш чым пяцi тысяч тон гэтага бiядызельнага палiва на тэхнiцы каля 90 прадпрыемстваў Гродзенскай вобласцi на працягу пяцi гадоў негатыўных уласцiвасцяў не выяўлена — нi закаксаванне фарсунак, нi зашлакаванне палiвапровадаў i бакаў, паскораны знос рухавiкоў i г.д. Адаптацыi дызельных рухавiкоў для выкарыстання такога бiядызеля не патрабуецца. «Шкодны прадукт» у выглядзе «мешанiны», як сабе дазваляюць выказвацца некаторыя спецыялiсты, вырабляецца не ў падпольным цэху, а згодна са станоўчым заключэннем экспертызы Дзяржстандарта Рэспублiкi Беларусь. У вынiку праведзеных даследаванняў i выпрабаванняў устаноўлена, што гэта палiва па ўсiх параметрах адпавядае патрабаванням i СТБ 1658-2006, i ЕN 590. Парушэнняў заканадаўства ў галiне нармавання i стандартызацыi шматлiкiмi праверкамi не выяўлена. Да таго ж, мы i самi адсочваем, як на нашым бiядызелi працуюць розныя вiды тэхнiкi — выязджаем на прадпрыемствы, вядзём карткi ўлiку, цiкавiмся меркаваннямi вадзiцеляў i рамонтнiкаў. Нiводнай прэтэнзii не было. Дык чым жа правiнiўся калектыў нашага прадпрыемства? Пры гэтым я зусiм не сцвярджаю, што наша тэхналогiя — нейкi iдэал, якi не патрабуе ўдасканалення. Тэма выкарыстання рапсавага алею ў якасцi бiякампанента да палiва, па вялiкаму рахунку, яшчэ нявывучаная. Упэўнены, што як толькi ёй глыбока, на высокапрафесiйным узроўнi зоймецца фундаментальная навука, то будуць знойдзены больш эфектыўныя спосабы выкарыстання гэтай сыравiны, чым мы робiм цяпер. Вось у гэтым накiрунку нам усiм i трэба аб’яднаць намаганнi. ...Першы намеснiк старшынi Гродзенскага аблвыканкама Васiль СЦЯПУРА ў гутарцы з карэспандэнтам «Звязды» пацвердзiў: рэкламацыi на якасць бiядызельнага палiва, што выпускаецца ў Наваельнi, адсутнiчаюць: «Нiводны кiраўнiк не стаў бы нiшчыць тэхнiку свайго прадпрыемства». Дык навошта тады перашкаджаць вырабу бiядызеля? «Павiнна быць сумленная канкурэнтная барацьба», — лiчыць В. Сцяпура. А вось меркаваннi кiраўнiкоў прадпрыемстваў — буйнейшых спажыўцоў наваельненскага бiяпалiва. Аляксандр БУХАЎКА, дырэктар ААТ «Гроднааграспецаўтатранс»: — На гэтым палiве ўжо не першы месяц стопрацэнтна працуе наш парк — i МАЗы, КамАЗы, ГАЗ-3309, i iмпартная тэхнiка. Калi б нешта было дрэннае, то ўсе хiбы ўжо даўно б «вылезлi наверх». На справе ж мы зрасходавалi ўжо каля 300 тон гэтага палiва, i нiводнай скаргi ад вадзiцеляў (на прадмет яго якасцi цi павелiчэння расходу) i работнiкаў рамонтных майстэрняў (па шкоднаму ўплыву на палiўную апаратуру) не было. Бiядызель зарэкамендаваў сябе добра. Да таго ж, ён нармальна змешваецца з дызпалiвам. Машыны запраўляюцца бiяпалiвам, iдуць у рэйс на Мiнск цi Гомель i пасля дазапраўкi звычайнай саляркай нiякiх збояў у рабоце рухавiка не бывае. А тое, што наваельненскаму бiядызелю ставяць палкi ў колы — гэта, на маю думку, каб ухiлiць канкурэнта. Iншай прычыны я не бачу. Андрэй КАЗЛОЎСКI, дырэктар ДРБУ-118, г. Зэльва: — Я не разумею, чаму ставяцца перашкоды наваельненскаму бiядызелю. Ён выгадны па цане, ды i нiякiх заўваг па якасцi амаль за год карыстання iм у нас не было. Нават нямецкi асфальтаўкладчык, у якога даволi «капрызны» рухавiк, працаваў на гэтым палiве выдатна. Аднак цяпер мы вымушаны вярнуцца да звычайнай саляркi. Сяргей СКОК, дырэктар аўтобуснага парка № 3, г. Слонiм: — Перш чым задзейнiчаць гэта палiва, мы пабывалi ў Наваельнi, азнаёмiлiся з працэсам яго выпуску. Купляць пачалi з невялiкiх партый i паступова павялiчылi спажыванне да 40 тон у месяц. Якую ж ацэнку можна зрабiць? Эканамiчнасць рухавiка не пацярпела, перапалу, павелiчэння расходу палiва не адбылося. У нас няма спецыяльнай апаратуры, каб зняць характарыстыкi рухавiка, але (па водгуках нашых лепшых вадзiцеляў) рухавiк магутнасцi не страчвае, дынамiка разгону аўтамабiля таксама не змяншаецца. Не пацвердзiлiся i апасеннi, што бiядызель можа пашкодзiць палiўную апаратуру, будуць нейкiя дадатковыя адкладаннi, нагар. Я асабiста падыходзiў да матарыстаў, якiя разбiралi рухавiк, i разам з iмi пераканаўся, што гэтага не адбылося. Магу сказаць адназначна: расход запчастак па палiўнай апаратуры не павялiчыўся. Важна i тое, што за кошт цаны бiядызеля мы зэканомiлi 55 мiльёнаў рублёў i фактычна толькi за кошт гэтага змаглi выйсцi на бясстратную работу. На жаль, пастаўкi гэтага палiва спынены, хоць мы былi гатовыя i ў далейшым яго купляць. На сёння ёсць «жывая», правераная практыкай тэхналогiя i тым, хто яе крытыкуе, трэба, на маю думку, не тармазiць выпуск гэтага палiва, а разам з яго вытворцамi i намi, спажыўцамi, працаваць над яго ўдасканаленнем. ...Да гэтых аргументаў трэба дадаць i наступны. Наваельня ўваходзiць у рэспублiканскую праграму развiцця малых гарадоў. I ад таго, як тут будуць развiвацца высокатэхналагiчныя вытворчасцi (ужо сёння ў вырабе бiядызеля задзейнiчаны лабаранты i майстры з вышэйшай i сярэдняй спецыяльнай адукацыяй), залежаць, па сутнасцi, перспектывы i тутэйшай моладзi, i ўсяго пасёлка. Дзятлаўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У пасёлку Наваельня спынена вытворчасць дызельнага бiяпалiва з выкарыстаннем рапсавага алею, хоць ад яго спажыўцоў не было нiводнай прэтэнзii на яка
|
|